Езярышча (возера)
Возера
Езярышча
Езярышча | ||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Езяры́шча — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Обалі. Знаходзіцца ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Паўночным берагам возера праходзіць дзяржаўная граніца з Расеяй. Плошча паверхні возера 15,39 км². Даўжыня 8,87 км, найбольшая шырыня 3,2 км, найбольшая глыбіня дасягае 11,5 м, сярэдняя складае 4,4 м. Даўжыня берагавой лініі 32,8 км.
На заходнім беразе возера стаіць мястэчка Езярышча.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Катлавіна возера выцягнутая ў кірунку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і мае складаную форму. Вышыня схілаў катлавіны дасягае 25 мэтраў у паўночнай і паўночна-заходняй частцы, астатнія паніжаюцца да 5 мэтраў. Берагавая лінія зьвілістая. Берагі на большай частцы зьліваюцца з схіламі катлавіны, на поўначы й паўночным захадзе высокія і абрывістыя. У паўднёвай частцы берагі нізкія, месцамі пераходзяці у абалону шырынёй да 50 м. Дно возера няроўнае, чаргуюцца ўпадзіны і мелі. Да глыбіні 4—6 мэтраў дно пясковае, глыбей — высланае крэменязёмістым сапрапелем.
Мае 20 астравоў. У возера ўпадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш, Дубаўка, Трызубка, выцякае рака Обаль.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Надводная расьліннасьць пашыраецца на адлегласьці 10—120 мэтраў ад берага возера (пераважаюць трысьнёг і чарот). Агульная плошча зарастаньня складае 10—12 %). Заліў, зь якога выцякае рака Обаль зарастае ўрэчнікам.
Уваходзіць у склад арніталягічнага заказьніка Езярышчанскі. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, плотка, язь, гусьцяра, краснапёрка, лінь, верхаводка, карась; ёсьць вугор[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 263.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
- Витебская область. Природа, туризм, спорт, отдых / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. — Витебск, 2005. — С. 201.
- Федотов В. Озеро Езерище // Паляўнічы і рыбалоў. № 7, 4-17 красавіка 2002. С. 7.