Астафей Валовіч
Астафей Валовіч | |
Герб Багорыя | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1520 |
Памёр | 20 лістапада 1587[1] |
Пахаваны | |
Род | Валовічы |
Бацькі | Багдан Валовіч Таміла з Міцутаў[d][3] |
Жонка | Фядора з Сапегаў |
Дзеці | Рэгіна |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Валовіч.
Астафей Валовіч (27 лютага 1520[4], Гарадзенскі павет — 20 лістапада 1587) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (1551—1566), маршалак гаспадарскі (1553—1561) і дворны літоўскі (1561—1569), падскарбі земскі (1561—1566), падканцлер вялікі літоўскі (1566—1579), кашталян троцкі (1569—1579), канцлер вялікі літоўскі і кашталян віленскі (з 1579).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Валовічаў гербу Багорыя, сын Багдана. Меў брата Рыгора.
Атрымаў хатнюю адукацыю, імаверна, навучаўся ў адным зь нямецкіх пратэстанцкіх унівэрсытэтаў. У 1540-я гады служыў сакратаром ваяводы віленскага Яна Глябовіча. Урад маршалка дворнага (1552 год) даў яму права ўвайсьці ў склад Паноў-Рады.
Быў падстаростам берасьцейскім з 1550 году, дзяржаўцам медніцкім у 1552—1561 гадох, старостам магілёўскім у 1554—1556 гадох, азярышчанскім у 1563 годзе, берасьцейскім у 1565—1587 гадох, кобрынскі у 1567—1587 гадох і рэчыцкім з 1576 году[5].
Колькі разоў езьдзіў паслом у Маскву, у тым ліку ў 1553 годзе дзеля складаньня мірнай умовы, калі адмовіўся назваць Івана Тырана «царом усяе Русі». Замірэньне падпісалі 12 верасьня 1553 году, ва ўзнагароду атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста Магілёўскае староства.
Браў удзел у Інфлянцкай вайне. Камандаваў харугвай пры вызваленьні Полацку (1579 год), у 1580 годзе з уласным аддзелам вызваліў Усьвяты.
Адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статуту ВКЛ 1566 году. Спрыяў улучэньню ў яго прагрэсіўных нормаў. Зь яго ініцыятывы ў Статуце зьявіўся артыкул, паводле якога «загранічнікам» забаранялася набываць землі і займаць урады ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Браў актыўны ўдзел у аграрных рэформах 1550—1560-х гадоў[6], за гэтую службу атрымаў ад Боны Сфорцы Ўсьвяцкае і Азярышчанскае староствы.
Адзін зь лідэраў апазыцыі пры складаньні Люблінскай уніі. Разам зь ваяводам віленскім і канцлерам Мікалаем Радзівілам «Рудым», старостам жамойцкім Янам Хадкевічам, падскарбіем Мікалаем Нарушэвічам, прапанаваў г.зв. «Праект уніі» з 15 артыкулаў, які гарантаваў Вялікаму Княству Літоўскаму адносную незалежнасьць, аднак праект адхілілі. Разам зь іншымі магнатамі — супраціўнікамі аб’яднаньня Вялікага Княства з Каронаю пакінуў Люблінскі сойм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі. За гэта яго пазбавілі каралеўшчынаў на Падляшшы. Аднак пазьней, па прыняцьці уніі, падпісаў яе, у выніку чаго вярнуў канфіскаванае.
Разам зь Янам Геранімам Хадкевічам быў супраціўнікам абраньня вялікім князем Стэфана Баторыя, падтрымліваў Эрнэста Габсбурга, але па абраньні Стэфана Баторыя перайшоў на ягоны бок. У 1587 годзе пратэставаў супраць абраньня Жыгімонта Вазы без удзелу прадстаўнікоў ад ВКЛ.
Паводле веры спачатку быў праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм, у канцы жыцьця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Падтрымліваў Васіля Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, Сымона Буднага. Апошні прысьвяціў яму кнігу «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясьвіж, 1562 год)[7].
На сродкі Астафея Валовіча ў 1559 годзе выйшаў пераклад твору швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера «Пра праўдзівае прыняцьце цела і крыві Ісуса Хрыста».
У тэстамэнце наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных і залежных людзей і перадаць іх пад дзяржаўную юрысдыкцыю[8].
У шлюбе зь Фядорай Сапяжанкай меў дачку Рэгіну.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. (белар.) // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. Янушкевіч — Мінск: 2014. — С. 59. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 183. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ^ Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. (белар.) // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. Янушкевіч — Мінск: 2014. — С. 34–35. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2014. — № 37 (27647). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 382.
- ^ Саверчанка І. Хто такі Астафей Валовіч? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 35.
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 383.
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафі Багданавіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 209.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Мяснікоў А. Гуманіст, мецэнат, асветнік(недаступная спасылка) // Звязда. № 264 (24115), 27 сьнежня 2000 г.
- Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біяг. нарыс). — Менск: «Голас Радзімы», 1992.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Нарадзіліся ў 1520 годзе
- Памерлі 20 лістапада
- Памерлі ў 1587 годзе
- Памерлі ў Польшчы
- Пахаваныя ў Падляскім ваяводзтве
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Падканцлеры вялікія літоўскія
- Падскарбіі вялікія літоўскія
- Маршалкі надворныя літоўскія
- Валовічы
- Пісары вялікія літоўскія
- Маршалкі гаспадарскія
- Кашталяны троцкія
- Кашталяны віленскія