Ян Юры Флемінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Юры Флемінг
Ян Юры Флемінг
Ян Юры Флемінг

Герб «Флемінг»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 траўня 1699
Памёр 12 сьнежня 1771
Род Флемінгі
Бацькі Генрых Гайн Флемінг
Даратэя Соф’я Флемінг
Жонка Антаніна з Чартарыйскіх
Канстанцыя з Чартарыйскіх
Кацярына дэ Сэгрыс дэ Бількен
Дзеці да 2-га шлюбу: Ізабэла
Дзейнасьць палітык

Ян Юры Дэтлаў Флемінг[a] (16 траўня 1699 — 12 сьнежня 1771) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Генэрал артылерыі Вялікага Княства Літоўскага (1738—1746), падскарбі вялікі літоўскі (1746—1764), ваявода паморскі (з 1766).

Быў старостам шарашоўскім і берасьцейскім (1752—1759). Кавалер ордэнаў Белага Арла і Сьвятога Станіслава (1765[1]).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Флемінгаў гербу ўласнага, сын Генрыха Гайна, прускага фэльдмаршала, і Даратэі Соф’і. Меў стрыечнага брата Якуба Генрыка, першага міністра Саксоніі.

З 1724 году жыў у Рэчы Паспалітай, камандаваў каралеўскім палком. Падтрымліваў абраньне каралём і вялікім князем Аўгуста Саса. У 1738 годзе стаў генэралам літоўскай артылерыі. Выконваў дыпляматычныя даручэньні ў Саксоніі і Расеі. У 1746 годзе атрымаў урад падскарбія вялікага літоўскага, у 1766 годзе — ваяводы паморскага.

Быў фінансава ўплывовай асобай у Рэспубліцы. Меў зьвязкі з Чартарыйскімі, арыентаваўся на Расею, варагаваў з Каралем Станіславам Радзівілам «Пане Каханку».

3 абраньнем на сталец Станіслава Аўгуста Панятоўскага дачыненьні з дваром пагоршыліся, а стварэньне Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага ў 1764 годзе паклала канец ягонай гаспадарчай усемагутнасьці.

Увесну 1764 году разам з Масальскімі і Агінскімі зладзіў у Вільні антырадзівілаўскую канфэдэрацыю. Варожа ставіўся да Барскай канфэдэрацыі.

У мястэчку Балоткаве каля Берасьця, якое перайменаваў у гонар жонкі ў Цярэспаль, уладкаваў галоўную рэзыдэнцыю з палацам[2].

13 лютага 1744 годe ажаніўся з князёўнай Антанінай (1728—1746), старэйшай дачкой канцлера вялікага літоўскага Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага (1699—1775) і графіні Элеаноры Монікі Вальдштайн (1710—1792). У 1747 годзе другі раз ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй (1729—1749), другой дачкой Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага. У гэтым шлюбе нарадзілася дачка Ізабэла (1746—1835), жонка з 1761 году генэральнага старосты падольскага князя Адама Казімера Чартарыйскага (1734—1823). У трэці раз ажаніўся з Кацярынай дэ Сэгрыс дэ Бількен, у шлюбе зь якой ня меў дзяцей.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт-мініятура пэндзля невядомага мастака, створаны па 1800 годзе.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Таксама Ян Ежы Дэтлаў Флемінг

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Świętego Stanisława. Warszawa, 2006. S. 178.
  2. ^ Казлоў Л. Флемінгі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 704.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Юры Флемінгсховішча мультымэдыйных матэрыялаў