Ян Глябовіч (сын Яна)
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1544 |
Памёр | ліпень 1590 |
Род | Глябовічы |
Бацькі | Ян Глябовіч Ганна з Заслаўскіх |
Жонка | Кацярына з Кратоўскіх |
Дзеці | Ян, Мікалай |
Ян Глябовіч (1544 — ліпень 1590) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян менскі (1571—1585, выконваў абавязкі да 1587) і троцкі (1585—1586), адначасна падскарбі земскі і пісар вялікі літоўскі[1] (1580—1586), ваявода троцкі (з 1586).
Трымаў Анікштанскую (1571—1585) і Упіцкую (з 1584) дзяржавы, Анікштанскае (з 1575) і Радашкавіцкае (з 1576) староствы. Граф Сьвятой Рымскай імпэрыі на Дуброўне і Заслаўі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Глябовічаў гербу «Ляліва», сын Яна, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны з Заслаўскіх. Рана страціў бацьку, апекваўся гетманам вялікім літоўскім Мікалаем Радзівілам «Рудым». Сьпярша вызнаваў каталіцтва, пазьней перайшоў у кальвінізм.
Вывучаў вольныя мастацтвы ў адным з унівэрсытэтаў Заходняй Эўропы, пазьней быў пры двары імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, потым пры двары вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.
У 1563 у веку 19 рокаў паступіў на вайсковую службу — у полацкую залогу. Браў удзел у абароне места (1563) ад войскаў Маскоўскай дзяржавы, калі ўзначаліў абарону Запалоцьця. З уласным аддзелам ўдзельнічаў у вылазках, аднак паранены, трапіў у палон. Маскоўскі гаспадар Іван IV вёў зь ім дыскусіі пра рэлігію. У Маскве зьбіраў выведвальную інфармацыю і перапраўляў яе ў ВКЛ, па выкрыцьці чакаў сьмерці, але Іван IV памілаваў яго. Усходні гаспадар прапанаваў схіліць літоўскіх магнатаў да падтрымкі Маскоўскай дзяржавы. Паабяцаў паспрыяць гэтаму і ў 1566 выйшаў на волю, зьмяняны на маскоўскага палоннага.
Па вяртаньні ў ВКЛ паведаміў вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту пра намеры Івана IV. Вялікі князь апраўдаў ягоны ўчынак, але староста жамойцкі Я. Хадкевіч неаднакроць зьвінавачваў у дзяржаўнай здрадзе. Сварка з апошнім амаль не дайшла да двубою, прымірэньне адбылося толькі пры абраньні каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя (1576), калі абодва супрацьстаялі Радзівілам.
Па прызначэньні кашталянам, збудаваў у Менску кальвінскі збор. Быў адным з фундатараў збору ў Вільні. У 1576 узначальваў дэлегацыю ВКЛ з патрабаваньнямі да Стэфана Баторыя. Удзельнічаў у вызваленьні Полацку, у захопе Вялікіх Лукаў, аблозе Пскова. У 1577 збудаваў у Заслаўі кальвінскі збор, заснаваў друкарню, працу якой наладжваў Даніэль Ленчыцкі, вядомы друкар. Запрасіў у Заслаўе Сымона Буднага. У 1588 пры абраньні каралём і вялікім князям Жыгімонта Вазы ўзначальваў дэлегацыю ВКЛ, якая дамаглася зацьверджаньня Трэцяга Статуту (1588).
Ажаніўся з Кацярынай Кратоўскай, дачкой ваяводы інаўроцлаўскага. У шлюбе меў сыноў Яна і Мікалая.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Заяц Ю. Глябовічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 540.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4