Перайсьці да зьместу

Шацілавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Шацілкі»)
Шацілавічы
лац. Šaciłavičy
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Шацілавічаў Сьцяг Шацілавічаў
Першыя згадкі: 1560
Горад з: 1961
Былыя назвы: Шацілкі
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Шацілавіцкі
Плошча: 25 км²
Вышыня: 131 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 67 453 чал.[1]
шчыльнасьць: 2698,12 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2342
Паштовы індэкс: 24743х
СААТА: 3250501000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°38′0″ пн. ш. 29°44′0″ у. д. / 52.63333° пн. ш. 29.73333° у. д. / 52.63333; 29.73333Каардынаты: 52°38′0″ пн. ш. 29°44′0″ у. д. / 52.63333° пн. ш. 29.73333° у. д. / 52.63333; 29.73333
Шацілавічы на мапе Беларусі ±
Шацілавічы
Шацілавічы
Шацілавічы
Шацілавічы
Шацілавічы
Шацілавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
svetlogorsk.by (рас.)

Шаці́лавічы[2] (з 1961 году — Сьветлаго́рск[a])  — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 25 км². Насельніцтва на 2018 год — 67 453 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 110 км на захад ад Гомелю; чыгуначная станцыя Сьветлагорск-на-Бярэзіне на лініі ЖлобінКаленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Рачная прыстань.

Шацілавічы — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Гістарычная назва паселішча — Шацілавічы[3][4][5], якую пазьней дзеля спрашчэньня перарабілі ў Шацілкі[6]. Існуе меркаваньне, што форма Шацілкі зьяўляецца размоўным скаротам ад Шацілавічаў[7] і не адпавядае мясцовай тапанімічнай традыцыі[8].

Тапонім Шацілавічы мае патранамічнае паходжаньне ад прозьвішча Шаціла[9]. Тым часам прозьвішча, імаверна, паходзіць ад беларускага слова «шаць» — добрае, прыгожае месца, у слоўніку расейскай мовы Ўладзімера Даля — «гара сярэдняй велічыні». Таксама адзначалася старажытнае германскае імя Шацела (Scazelo), пазьнейшае Шэцэль (Schätzel)[10].

29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілкі ў Сьветлагорск[11]. Новую афіцыйную назву зьвязваюць з пабудовай электрастанцыі (цяпер — цеплаэлектрацэнтраль), якая выпрацоўвае сьвятло, што з сымбалічнай вяршыні (гары) асьвятляе краіну. Назва «Сьветлагорск» не зьяўляецца ўнікальнай: места з такой жа назвай існуе ў Калінінградзкай вобласьці Расеі, аднайменныя пасёлкі — у Краснаярскім краі, Ніжагародзкай і Чалябінскай абласьцях Расеі.

У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію за вяртаньне месту гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову[12]. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Шацілавічы (Шацілкі) у якасьці афіцыйнай[13].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 ліпеня 1560 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на маёнтак Шацілінскі Востраў[14] (польск. Ostrow Szatylinski), які па папярэднім ўладальніку Рамане Шаціле перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[15]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў вёска ўвайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.

Прывілей Жыгімонта Аўгуста на Шацілінскі Востраў

25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч ўпамінаецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету мае несьці службу ў замку Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[16].

Паводле археалягічных зьвестак, у канцы XVI — XVII стагодзьдзях паселішча пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і разьмяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту. У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў езуітам пляц, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[3] (раней заснаваньне касьцёла датавалі 1638 годам[17], але гэта не пацьвердзілася[18]). У 1639 годзе сяло Шацілавічы ўпамінаецца ў вопісе Парыцкага двара Бабруйскага староства, у гэтым час тут было 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[19]. У вопісе 1684 году ў Шацілавічах існаваў шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[20].

У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[21]. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[22].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шацілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гадох называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[23]. У 1800 годзе ў Шацілавічах 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары. Праваслаўны прыход адносіўся да царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Чыркавічах (1879 год)[24]. У 1890 годзе ў Шацілавічах было 49 двароў, працавала прыстань[25]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 62 двары, дзейнічаў касьцёл, працавалі кузьня і крупаршука. Побач існавала аднайменная гаспадарчая сядзіба.

У пачатку XX стагодзьдзя існавалі аднайменныя ваколіца (70 двароў) і маёнтак (1 двор). На 1908 год — вёска (70 двароў) і фальварак. У 1915 годзе побач з Шацілавічамі прайшла чыгунка, пачала працаваць чыгуначная станцыя Шацілкі[26]. У 1916 годзе ў Шацілавічах упамінаецца аднаклясная народная вучэльня[27]. Паводле перапісу 1917 году, на чыгуначнай станцыі Шацілках было 13 двароў.

Чыгуначная станцыя, да 1941 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шацілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[28], з 27 лютага 1919 году — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У час савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў з 6 сакавіка да 9 ліпеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі[29].

З 31 ліпеня 1920 году Шацілавічы зноў у адноўленай БССР, дзе яны 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету (да 1960 году) ў новаўтвораным Парыцкім раёне[30], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а потым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначную станцыю Шацілкі ўлучылі ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну. На 1926 год у Шацілавічах працавалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады мястэчка было адным з цэнтраў лесасплаву на рацэ Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні ўтварылася суднабудаўнічая арцель, потым пераўтвораная ў вэрф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). На 1930 год у Шацілавічах было 155 двароў. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі.

У Другую сусьветную вайну з 7 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году Шацілавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У час вайны на суднавэрфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі савецкія падпольныя групы.

У 1954—1958 гадох у Шацілавічах збудавалі Васілевіцкую ДРЭС[b] (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году Шацілавічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[31], з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілавічы (на той час — афіцыйна Шацілкі) у Сьветлагорск і надалі ім статус гораду раённага падпарадкаваньня, Парыцкі раён перайменавалі ў Сьветлагорскі[32]. З 7 сакавіка 1963 да 4 студзеня 2002 году Шацілавічы мелі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня.

Знаходзіцца на раўніне Гомельскага Палесься, за 110 км на захад ад Гомля (адлегласьць да Гомля аўтамабільнымі шляхамі — 113 км (праз Рэчыцу)[33]), за 220 км ад Менску.

Стаіць на рацэ Бярэзіне (прытока ракі Дняпра). На поўнач, за ракой знаходзіцца выспа Востры Рог і краявіды заказьнік «Выдрыца», на ўсход — азёры Глухое і Дзеравянка.

Клімат мерна кантынэнтальны, сярэдняя тэмпэратура паветра студзеня — −6,6 ºС, ліпеня — 18,4 ºС, сярэдняя колькасьць ападкаў — 602 мм у год.

  • ХIХ стагодзьдзе: 1897 год — 406 чал.
  • ХХ стагодзьдзе: 1908 год — 680 чал. у ваколіцы Шацілках і 33 чал. у маёнтку Шацілках; 1917 год — 685 чал. у ваколіцы Шацілках, 6 чал. у маёнтку Шацілках і 66 чал. на чыгуначнай станцыі Шацілках[23]; 1930 год — 734 чал.[34]; 1953 год — 2170 чал.[35]; 1956 год — 2280 чал. у вёсцы Шацілках, 685 чал. у пасёлку Васілевіцкай ДРЭС, 290 чал. у пасёлку 2-й Парыцкай МТС; 1959 год — 5772 чал. (2737 муж. і 3035 жан.)[36]; 1961 год — 11,5 тыс. чал.[37]; 1970 год — 40,3 тыс. чал.; 1973 год — 48,7 тыс. чал.[23]; 1975 год — 55 тыс. чал.[38]; 1993 год — 74 тыс. чал.; 1 студзеня 2000 году — 73,3 тыс. чал.[39]
  • ХХI стагодзьдзе: 2001 год — 73,4 тыс. чал.; 2004 год — 71,7 тыс. чал.[40]; 2006 год — 70,2 тыс. чал.; 2008 год — 69,5 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 69,3 тыс. чал.; 2009 год — 69 995 чал.[41] (перапіс); 2016 год — 69 011 чал.[42]; 2017 год — 68 550 чал.[43]; 2018 год — 67 453 чал.[1]

Дзейнічаюць 2 праваслаўныя царквы, касьцёл, новаапостальская царква.

У Шацілавічах працуюць 11 агульнаадукацыйных школ, гімназія (былая школа № 7), міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат; вечаровая сярэдняя школа. Дзейнічаюць цэнтар карэкцыйнага разьвіцьця; дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, цэнтар пазашкольнай працы, міжшкольны экалягічны цэнтар; 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (1 зь іх — алімпійскага рэзэрву); дзіцячая музычная школа, дзіцячая школа мастацтваў. Ёсьць аўтамабільная школа. Працуюць 2 прафэсійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы; індустрыяльны каледж.

У Шацілавічах дзейнічаюць 8 бібілятэка, дом культуры, музэй гісторыі места, мастацкая галерэя імя Г. Пранішнікава. У месьце ўтварыліся рок-гурты Органы сну (1996 год) і Relikt (2001 год).

Выдаюцца газэты «Ранак-плюс», «Сьветлагорскія навіны», «Светлогорский бизнес».

У Шацілавічах ёсьць дзьве спартовыя школы (ДЮСШ1, ДЮСШ «Алімп»). ДЮСШ1 мае наступныя аддзелы: грэцка-рымскае барацьбы, тхэквандо, боксу, баскетболу, плаваньня. ДЮСШ «Алімп» спэцыялізуецца на лёгкай атлетыцы.

У месьце ёсьць наступныя спартовыя збудаваньні і пляцоўкі: стадыёны (3), лёгкаатлетычны манэж (1), спартовыя залі (49), плавальныя басэйны (1), міні-басэйны ў дзіцячых садох (10), іншыя залі і пляцоўкі (школьныя спартовыя залі і г. д.) (202).

Чыгунка, аўтамагістралі і лясныя масівы падзяляюць Шацілавічы на 3 плянавальныя раёны: паўночны і паўднёвы, забудаваныя шматпавярховымі дамамі, і заходні з забудовай сядзібнага тыпу. У цэнтры 2—3- і 5—9-павярховыя будынкі. Яго галоўнай вышыннай дамінантай зьяўляецца 16-павярховы жылы дом. Існуюць 7 мікрараёнаў.

Прамысловы краявід Шацілавічаў

Сярод прамысловых прадпрыемстваў — вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», Шацілавіцкі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), цеплаэлектрацэнтраль, завод жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў, завод жалезабэтонных вырабаў будаўнічага трэсту, завод зборнага жалезабэтону, управа буравых работ, фабрыка мастацкіх вырабаў, друкарня, хлебазавод.

Вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Каленкавічы, ёсьць аўтобусная станцыя. Праз Шацілавічы праходзіць чыгуначная магістраль Санкт-Пецярбург — Кішынёў.

Працуе аўтобусны парк № 5, аўтобусы якога ходзяць па 17 мескіх маршрутах, а таксама маршрутныя і легкавыя таксі.

У месьце — грузавая прыстань (Бабруйскага рачнога порта) на рацэ Бярэзіне.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Камень з крыжом, музэй Шацілавічаў

У Шацілавічах працуюць музэй гісторыі места, дом рамёстваў (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.

Помнікі: помнік-звон воінам, якія загінулі пры вызваленьні Шацілавічаў ад нацысцкіх акупантаў (усталяваны ў 2005 годзе на месцы ранейшага помніка); Алея герояў — помнікі воінам, якія атрымалі званьні Герояў пры вызваленьні раёну ад нацысцкіх акупантаў; помнік землякам, якія загінулі ў розных войнах — на гарадзкой набярэжнай; помнік Раману Шацілу — заснавальніку і першапасяленцу Шацілавічаў (усталяваны ў 2006 годзе).

На ўсходняй ускраіне Шацілавічаў захавалася тэрыторыя былога баярскага (шляхецкага) двара «Шацілінскі востраў» (XIII — канец XVIII стагодзьдзя).

  • Чыгуначная станцыя (пачатак XX ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Касьцёл Сьвятога Крыжа (1818). Знаходзіўся насупраць старых могілак, якія і цяпер існуюць на Горвальскім тракце.
Пералік местаў-сяброў Шацілавічаў

Раман Шаціла — першы жыхар Шацілавічаў, вядомы паводле пісьмовай крыніцы (1560 год), меў у карыстаньні маёнтак Шацілінскі Востраў. У 2006 годзе ў цэнтры Шацілавічаў паставілі помнік, правобразам якога зьяўляецца Р. Шаціла. Скульптура ўвасабляе ў сябе заснавальнікаў і першапасяленцаў Шацілавічаў (першы ў Беларусі помнік заснавальнікам паселішча).

  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  2. ^ Назва ад радовішча торфу каля места Васілевічаў
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  3. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 754.
  4. ^ Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён: Дадат. да 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». — Мн.: БелЭн, 2004. — 160 с. — ISBN 985-11-0290-3 С. 23, 31, 42, 45.
  5. ^ Слоўнік перайменаваных паселішчаў Беларусі / А. В. Кавалёва; пад. рэд. В. В. Шура. — Мінск: Права і эканоміка, 2013. — 140 с. ISBN 978-985-552-166-3. С. 95
  6. ^ Вячорка В.Пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен // Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2016 г.
  7. ^ Масьлюкоў Т.З гісторыі Шацілавічаў // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына — старонкі мінулага» (15—16 лютага 1996 г.). — Гомель: ГДУ, 1996.
  8. ^ Мухін В. Спрадвечныя назовы // «Студэнцкая думка» №?
  9. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 336.
  10. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1306.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. С. 253.
  12. ^ Болбас В. Мой сьветлы горад // Наша Ніва. № 35 (156), 20 — 26 сьнежня 1999 г.
  13. ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы // Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
  14. ^ Маслюкоў Т. З гісторыі Шацілавічаў // Гомельшчына: старонкі мінулага. ІІ выпуск. — Гомель, 1996. С. 23.
  15. ^ Маслюкоў Т. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 47—49.
  16. ^ Маслюкоў Т. Студэнт са Светлагорска выявіў невядомыя звесткі па гісторыі свайго горада // Светлагорск — рэгіянальны партал. 2008. 3 кастрычніка.
  17. ^ Блінова, Т. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 255.
  18. ^ Маслюкоў Т. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. С. 38—49.
  19. ^ Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. — Менск, 1931.
  20. ^ Рассадзін С. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011.
  21. ^ Diecezja Wilenska, 1744 (пол.), Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego.
  22. ^ Доўнар А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765—1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. — Гомель, 2005. С. 220—225.
  23. ^ а б в Дулеба Г., Курыловіч Г. Светлагорск // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 741—742.
  24. ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 77—85.
  25. ^ Jelski A. Szaciłki // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 755.
  26. ^ Киштымов А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны альманах. Т. 7. 2002
  27. ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 112—113.
  28. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  29. ^ Краўцоў І., Хоміч А. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 121—133.
  30. ^ Камінскі М. І., Пятросава А. Ю. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Менск, 1985. С. 334.
  31. ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
  32. ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
  33. ^ Гомельская область. Общегеографический атлас. — Мн., 2005. С. 1.
  34. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 380.
  35. ^ Хоміч А., Рабянок П. Светлагорск у рыштаваннях // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003.
  36. ^ Численность наличного населения городов и других поселений, районов, районных центров и крупных сельских населённых мест на 15 января 1959 года по республикам, краям и областям. Белорусская ССР.
  37. ^ Краткая географическая энциклопедия. Т. 3. — М., 1962.
  38. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  39. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 257.
  40. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 378.
  41. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  42. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  43. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  44. ^ Ураджэнка Светлагорска здымецца ў некалькіх мастацкіх фільмах // Гомель гражданский. — 2014. — 01.22
  45. ^ «Мой муж наіўным не быў. Ён разумеў, што творыцца ў краіне». Юрыю Захаранку сёння споўнілася б 60 гадоў(недаступная спасылка) // Наша ніва. — 2012. — 4 студзеня

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]