Перайсьці да зьместу

Бельск Падляскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бельск Падляскі
лац. Bielsk Padlaski
Населены пункт
Меская ратуша
Меская ратуша
Герб
Краіна Польшча
Ваяводзтва Падляскае
Павет Бельскі
Першыя згадкі 1252
Магдэбурскае права 18 лістапада 1495
Геаграфія
Плошча 26,88 км²
Вышыня НУМ 140 м
Часавы пас
Каардынаты 52°46′ пн. ш. 23°12′ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 26 493 чал. (2009)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +48 85
Паштовыя індэксы 17-100
Нумарны знак BBI
Сайт bielsk-podlaski.pl (пол.)
Бельск Падляскі на мапе Польшчы
Бельск Падляскі
Бельск Падляскі
Бельск Падляскі

Бельск Падля́скі (польск. Bielsk Podlaski, падляск.: Biêlśk Pudláśki) — места ў Польшчы, на рацэ Белай. Адміністрацыйны цэнтар Бельскага павету Падляскага ваяводзтва. Плошча 26,88 км². Насельніцтва на 2009 год — 26 493 чалавекі. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад Беластоку.

Бельск — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася капліца Сьвятога Мікалая і цэрквы Раства Багародзіцы, Сьвятога Міхала Арханёла і Сьвятой Тройцы, збудаваныя ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры[a], а таксама меская ратуша, Фарны касьцёл, комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай з Гары Кармэль і царква Ўваскрасеньня Хрыстова[b], помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Мікалая, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Тапонім «Бельск» утварыўся ад назвы ракі Белай паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) зьяўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак)[1].

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Першы пісьмовы ўпамін пра Бельск датуецца 1252 годам, калі ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства[2]. У 1-й палове XIV ст. Бельск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1377 годзе тутэйшы замак вытрымаў крыжацкую аблогу. 2 верасьня 1391 году[2] кароль польскі Ягайла перадаў Бельск мазавецкаму князю Янушу I, які надаў месту Хэлмінскае права.

У пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт вярнуў Дарагічынскую зямлю разам зь Бельскам у склад Літвы. У 1430 годзе места атрымала прывілеі ад Вітаўта, які збудаваў тут касьцёл Панны Марыі. У гэты час Бельск уваходзіў у склад Дарагічынскага павету. У 2-я палове XV ст. ён стаў цэнтрам Бельскага павету. 18 лістапада 1495 году вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права.

У 1501 годзе Бельск атрымаў герб «у срэбным полі выява чырвонага зубра з залатымі рагамі на зялёнай зямлі»[3]. У 1507 годзе места перайшло ў валоданьне Алены Іванаўны, удавы вялікага князя Аляксандра. У XVI ст. тут дзеялі цэрквы Богаяўленская, Раства Багародзіцы, Сьвятой Тройцы, Васкрасенская, манастыр Сьвятога Мікалая; пры касьцёле Сьвятога Марціна існаваў шпіталь для бедных. У 1513 годзе Бельск увайшоў у склад Падляскага ваяводзтве. 1 ліпеня 1564 году ў месьце на сойме Вялікага Княства Літоўскага абвясьцілі Бельскі прывілей і зацьвердзілі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Бельск перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1570 годзе вялікі пажар зьнішчыў замак. У 1636 годзе цэрквы Раства Багародзіцы і Сьвятой Тройцы прынялі Берасьцейскую унію. У 1641 годзе Адам і Альжбэта Казаноўскія збудавалі ў Бельску касьцёл Сьвятога Міхала для кляштару кармэлітаў абутых. У 1710 годзе места спустошыла эпідэмія. У 1783 годзе Ян Клемэнс Браніцкі збудаваў у Бельску касьцёл.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Бельску і ваколіцаў ліцьвінамі: шляхціч Станіслаў Будлеўскі ў 1746 годзе азначаўся як Nobilis Lithuanus ex terra Bielscensi districtus Branscensis[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бельск апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1807 году — у Расейскай імпэрыі. У 1808 годзе ён стаў цэнтрам павету Беластоцкай вобласьці (з 1842 году ў Гарадзенскай губэрні). На 1857 год у Бельску былло 10 мураваных і 216 драўляных будынкаў, дзеяла 5 цэркваў, працавала 5 прадпрыемстваў; пад юрысдыкцыяй места знаходзіліся вёскі Відава, Сьпічкі, Шасталы, Стрыкі, Парцэва, Аўгустава і Пасечнікі[5].

Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[6].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бельск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бельск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Бельск акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Бельск увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Бельск Польскай Народнай Рэспубліцы.

Бельск разьмяшчаецца на Бельскай раўніне і займае 1,94% паверхні Бельскага павету.

Клімат мерна кантынэнтальны, характарызуецца мерна цёплым летам і мерна халоднай зімой. Колькасьць ападкаў складае 550 мм.

 Кліматычныя зьвесткі для Бельску Падляскага 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −3 −3 4 11 17 20 21 21 16 11 4 1 11
Сярэдні мінімум t, °C −6 −6 −2 2 7 10 12 11 8 4 0 −4 3
Крыніца: Weatherbase
  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 2788 чал.[7]; 1878 год — 5810 чал. (2756 муж. і 3054 жан.), зь іх 940 праваслаўных, 895 каталікоў, 7 эвангелістаў і 3968 юдэяў[8]; 1889 год — 7012 чал. (3583 муж. і 3428 жан.), зь іх паводле стану: шляхты нашчадкавай і асабістай 65, праваслаўнага духавенства 22, каталіцкага 1, юдаісцкага 2, грамадзянаў нашчадкавых і асабістых 14, купцоў 60, мяшчанаў 5942, цэхавых 110, вайскоўцаў (з радзінамі) 781, замежных падданых 15; паводле веры: праваслаўных 2870, каталікоў 1883, пратэстантаў 27, юдэяў 2222, мусульманаў 10[9]
  • XXI стагодзьдзе: 2009 год — 26 493 чал.
Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча

У Бельску дзее Комплекс школаў з дадатковай беларускай мовай навучаньня імя Яраслава Кастыцэвіча. Агулам у 2 школах комплексу — больш за 700 вучняў. Апроч таго, у месьце працуе Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова зьяўляецца абавязковым прадметам.

Бельская школа іканапісу

У Бельску знаходзіцца адзіная ў Польшчы школа іканапісу.

Бельск — адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Дзейнічаў Бельскі павятовы аддзел БГКТ. Тут штогод праводзіцца фэст беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень»[10], дзеюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы. З 1993 году дзейнічае Музэй малой Бацькаўшчыны.

У Бельску працуюць прадпрыемствы па вытворчасьці прамысловага абсталяваньня, зборачных вузлоў, будаўнічых матэрыялаў (мэталічных вырабаў і інш.). Існуе льноапрацоўчае прадпрыемства «Lenpol», вырабляецца трыкатаж, ёсьць значныя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўваньні сельскай гаспадаркі. Разьмешчане ў Бельску-Падляскім малочнае прадпрыемства «Mlekovita-Bielmlek» пастаўляе прадукцыю ў розныя рэгіёны Польшчы. Бельскі аддзел прадпрыемства «Netter» прапануе мяса і разнастайныя мясапрадукты, фірма «Hoop» буйны вытворца, экспартэр напояў і водаў.

Бельск — значны вузел аўтамабільных шляхоў: № 19 (Беласток — Бельск Падляскі — Люблін — Жэшаў, № 66 (Замбраў — Бельск Падляскі — Палоўцы), № 689 (Бельск Падляскі — Гайнаўка — Белавежа)

Празь места праходзіць чыгунка Беласток — Чарэмха — Берасьце.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Дзее Музэй малой айчыны ў Бельску — Студзіводах, ініцыятарам стварэньня якога быў вядомы краязнавец, галоўны рэдактар часопісу «Бельскі гостінэць» Дарафей Фёнік.

  • Гарадзішча (XIII ст.)
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Капліца Сьвятога Мікалая (1678; адноўлена ў 1996)
  • Капліца Сьвятога Юрыя (1900)
  • Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Мікалая (1783)
  • Касьцёл Маці Божай з Гары Кармэль (1641)
  • Кляштар кармэлітаў (1641)
  • Могілкі: вайсковыя часоў 1-й сусьветнай вайны; каталіцкія, капліца Сьвятога Вінцэнта (1859); праваслаўныя, царква Сьвятой Тройцы (кан. XVIII ст.)
  • Ратуша (пасьля 1776)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Смульскіх (XIX ст.)
  • Царква Раства Багародзіцы (Замкавая або Прачысьценская; XVII ст.)
  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1789, 1914)
  • Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1716, 1912—1913)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Царква Сьвятога Мікалая
Пералік местаў-сяброў Бельску
  1. Мастацкае аблічча цэркваў пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў
  2. Таксама пацяпела ад маскоўскай перабудовы
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  2. 1 2 3 Грынявецкі В. Бельск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 308.
  3. Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119.
  4. Czapiewski P. Stosunki narodowościowe w Kartuzji Pomorskiej // Księga pamiątkowa 75-lecia Towarzystwa Naukowego w Toruniu. — Toruń, 1952. S. 23.
  5. Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 120.
  6. Czarkowski L. Powiat Bielski w gub. Grodzieńskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 1, 1907. S. 97—98.
  7. Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119—120.
  8. Sulimierski F. Bielsk // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 215.
  9. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  10. Фестываль «Бардаўская восень» святкуе 20-годдзе

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]