Выдрыца (заказьнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Выдрыца»
Рака Выдрыца ў заказьніку (2019 год)
Рака Выдрыца ў заказьніку (2019 год)
Плошча 17 560 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 52° пн. ш. 29° у. д. / 52° пн. ш. 29° у. д. / 52; 29Каардынаты: 52° пн. ш. 29° у. д. / 52° пн. ш. 29° у. д. / 52; 29
Месцазнаходжаньне Гомельская вобласьць
Утварэньне 14 кастрычніка 1999 (24 гады таму)
«Выдрыца» на мапе Беларусі
«Выдрыца»
«Выдрыца»
«Выдрыца»

«Выдрыца» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў кастрычніку 1999 году на поўначы Гомельскай вобласьці.

Быў найбольшым паводле плошчы заказьнікам у Гомельскай вобласьці плошчай звыш 175 кв.км. Месьціўся на поўдні Жлобінскага раёну і поўначы Шацілавіцкага раёну ў паплавах ракі Бярэзіны і яе левых прытокаў Выдрыцы і Алы. Быў заснаваны для аховы краявідаў Беларускага Палесься. З поўначы на поўдзень рэльеф пераходзіў ад узвышшаў да плоскай і слабахвалістай раўніны ў нізіну. У паплавах месьціліся прырэчышчавыя валы і грывы. У заказьніку знаходзілася 26 старыцавых азёраў і 23 балоты. Пераважна сустракаліся пясчаныя глебы, падасланыя суглінкам, а таксама супясчаныя і сугліністыя, тарфяністыя і тарфяна-балотныя глебы. Каля 79 % земляў займалі хваёвыя лясы і дубровы. Расьлінны сьвет налічваў 670 відаў судзінкавых расьлінаў, зь якіх 14 было ў Чырвонай кнізе Беларусі: звычайны баранец, нямецкі жаўтазель, клубняносная зубніца, сібірскі касач, горны купальнік, яйцападобны тайнік і чарапіцавы шпажнік. Жывёльны сьвет улучаў 142 віды птушак і 41 від сысуноў, 10 відаў земнаводных і 6 відаў паўзуноў. Сярод іх 19 відаў было ў Чырвонай кнізе: барсук, чорны бусел, малая паганка, звычайная пустальга, арэшнікавая соня, скапа і балотная чарапаха[1].

Заказьнік быў часткай важнай для птушак тэрыторыі міжнароднай значнасьці паводле Рамсарскай канвэнцыі аб водна-балотных угодзьдзях. Даліна Бярэзіны мела шырыню да 8 км, у тым ліку на левабярэжжы да 5 км. У веснавую паводку і пры восеньскіх дажджах поплаў Бярэзіны затапляўся на тэрмін да 90 дзён з павышэньнем узроўню вады да 3,5 мэтраў. Агульная плошча балотаў складала каля 65 кв.км, зь іх найбольшымі былі Макушкі, Уюноў, Гачава, Сакаловічы, Доўгі, Антонаўскае і Дзедна. Каля 22 кв.км лясоў заказьніка ўваходзіла ў зялёны пояс Шацілавічаў на поўначы, зь іх 213 га належала да лесапаркаў[2]. Кіраўніцтва заказьніка месьцілася ў шацілавіцкім мікрараёне Палесьсе, д. 46. Таксама заказьніку належала падарожніцкая база «Ўрэчча» ў Судавіцы (Парыцкі пасялковы савет)[3]. У склад заказьніка «Выдрыца» ўваходзілі ў:

Сярод іншага, у заказьніку месьцілася былая вёска Ала з помнікам загінулым жыхарам. З паўднёвага захаду на паўночны ўсход заказьнік перасякала асфальтаваная аўтадарога Р149, якая злучала Шацілавічы і Жлобін. На поўдзень ад заказьніка «Выдрыца» знаходзілася здраўніца «Срэбраныя ключы» (на поўнач ад Чыркавічаў). На поўдні заказьнік перасякала чыгунка Шацілавічы—Жлобін.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ П.І. Лабанок. Выдрыца // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. — С. 365. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  2. ^ С.В. Левы. Выдрыца // Партал «Дзікая прырода побач», 2022 г. Праверана 12 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Сувязныя зьвесткі (рас.) // Заказьнік «Выдрыца», 2022 г. Праверана 12 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Пра заказьнік (рас.) // Заказьнік «Выдрыца», 2022 г. Праверана 12 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]