Цеплаэлектрацэнтраль
Цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ) — прадпрыемства, якое вырабляе электрычную і цеплавую энэргіі.
Цеплавыя электрастанцыі, як і ўсе цеплавыя рухавікі, падчас працы выкідваюць у навакольнае асяродзьдзе цеплату (гл. другі закон тэрмадынамікі). На ЦЭЦ гэтую цеплату перадаюць спажыўцам, пры гэтым эканоміцца паліва, якое ў адваротным выпадку было б спалена ў кацельнай. Цеплата ад ЦЭЦ да спажыўцоў звычайна падаецца ў выглядзе пары або гарачай вады.
Выдзяляюць прамысловая (для цеплазабясьпячэньня прамысловых прадпраемстваў) і ацяпляльныя (для ацяпленьня і забесьпячэньня гарачай вадой жылых і грамадзкіх памяшканьняў) ЦЭЦ. Існуюць таксама прамыслова-ацяпляльныя ЦЭЦ.
ЦЭЦ могуць быць на арганічным або ядзерным паліве. Апошнія называюцца атамнымі цеплаэлектрацэнтралямі (АЦЭЦ) і шырокага ўжытку не атрымалі, у першую чаргу з-за неабходнасьці знаходжаньня ядзернага рэактару ў раёне вялікага цепласпажываньня, а значыць — у месцы пражываньня вялікай колькасьці людзей.
На ЦЭЦ могуць выкарыстоўвацца розныя тыпы рухавіка для прывада электрагенератара: паравая, газавая турбіны, рухавік унутранага згараньня.
Патрэбнасьць у цяпле ад ЦЭЦ на працягу году звычайна нераўнамерная, таму, дзеля зьніжэньня выдаткаў на абсталяваньне, максымум цепласпажываньня пакрываюць не за кошт камбінаванага спосабу, а з дапамогай спэцыяльных танных пікавых крыніцаў цеплаты: воданагравальных, паравых катлоў. Адносіна колькасьці цеплаты, якая выпрацоўваецца на ЦЭЦ камбінаваным спосабам, да ўсяго цяпла, якое выпрацоўвае ЦЭЦ, называецца каэфіцыентам цеплафікацыі.
Адлегласьць, на якую рацыянальна транспартаваць цеплавую энэргію ад ЦЭЦ, абмяжоўваецца некалькімі кілямэтрамі — пры перадачы цяпла парам і да 20 — 30 км — для вадзяных цеплавых сетак. Таму магутнасьць ЦЭЦ абмежавана.
ЦЭЦ невялікай магутнасьцью (да некалькі мэгават) называюць міні-ЦЭЦ.