Шацілавічы
Шацілавічы лац. Šaciłavičy | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1560 | ||||
Горад з: | 1961 | ||||
Былыя назвы: | Шацілкі | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Шацілавіцкі | ||||
Плошча: | 25 км² | ||||
Вышыня: | 131 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 67 453 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 2698,12 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2342 | ||||
Паштовы індэкс: | 24743х | ||||
СААТА: | 3250501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°38′0″ пн. ш. 29°44′0″ у. д. / 52.63333° пн. ш. 29.73333° у. д.Каардынаты: 52°38′0″ пн. ш. 29°44′0″ у. д. / 52.63333° пн. ш. 29.73333° у. д. | ||||
± Шацілавічы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
svetlogorsk.by (рас.) |
Шаці́лавічы[2] (з 1961 году — Сьветлаго́рск[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 25 км². Насельніцтва на 2018 год — 67 453 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 110 км на захад ад Гомелю; чыгуначная станцыя Сьветлагорск-на-Бярэзіне на лініі Жлобін — Каленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Рачная прыстань.
Шацілавічы — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная назва паселішча — Шацілавічы[3][4][5], якую пазьней дзеля спрашчэньня перарабілі ў Шацілкі[6]. Існуе меркаваньне, што форма Шацілкі зьяўляецца размоўным скаротам ад Шацілавічаў[7] і не адпавядае мясцовай тапанімічнай традыцыі[8].
Тапонім Шацілавічы мае патранамічнае паходжаньне ад прозьвішча Шаціла[9]. Тым часам прозьвішча, імаверна, паходзіць ад беларускага слова «шаць» — добрае, прыгожае месца, у слоўніку расейскай мовы Ўладзімера Даля — «гара сярэдняй велічыні». Таксама адзначалася старажытнае германскае імя Шацела (Scazelo), пазьнейшае Шэцэль (Schätzel)[10].
29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілкі ў Сьветлагорск[11]. Новую афіцыйную назву зьвязваюць з пабудовай электрастанцыі (цяпер — цеплаэлектрацэнтраль), якая выпрацоўвае сьвятло, што з сымбалічнай вяршыні (гары) асьвятляе краіну. Назва «Сьветлагорск» не зьяўляецца ўнікальнай: места з такой жа назвай існуе ў Калінінградзкай вобласьці Расеі, аднайменныя пасёлкі — у Краснаярскім краі, Ніжагародзкай і Чалябінскай абласьцях Расеі.
У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію за вяртаньне месту гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову[12]. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Шацілавічы (Шацілкі) у якасьці афіцыйнай[13].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 ліпеня 1560 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на маёнтак Шацілінскі Востраў[14] (польск. Ostrow Szatylinski), які па папярэднім ўладальніку Рамане Шаціле перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[15]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў вёска ўвайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.
25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч ўпамінаецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету мае несьці службу ў замку Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[16].
Паводле археалягічных зьвестак, у канцы XVI — XVII стагодзьдзях паселішча пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і разьмяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту. У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў езуітам пляц, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[3] (раней заснаваньне касьцёла датавалі 1638 годам[17], але гэта не пацьвердзілася[18]). У 1639 годзе сяло Шацілавічы ўпамінаецца ў вопісе Парыцкага двара Бабруйскага староства, у гэтым час тут было 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[19]. У вопісе 1684 году ў Шацілавічах існаваў шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[20].
У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[21]. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[22].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шацілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гадох называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[23]. У 1800 годзе ў Шацілавічах 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары. Праваслаўны прыход адносіўся да царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Чыркавічах (1879 год)[24]. У 1890 годзе ў Шацілавічах было 49 двароў, працавала прыстань[25]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 62 двары, дзейнічаў касьцёл, працавалі кузьня і крупаршука. Побач існавала аднайменная гаспадарчая сядзіба.
У пачатку XX стагодзьдзя існавалі аднайменныя ваколіца (70 двароў) і маёнтак (1 двор). На 1908 год — вёска (70 двароў) і фальварак. У 1915 годзе побач з Шацілавічамі прайшла чыгунка, пачала працаваць чыгуначная станцыя Шацілкі[26]. У 1916 годзе ў Шацілавічах упамінаецца аднаклясная народная вучэльня[27]. Паводле перапісу 1917 году, на чыгуначнай станцыі Шацілках было 13 двароў.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шацілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[28], з 27 лютага 1919 году — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У час савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў з 6 сакавіка да 9 ліпеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі[29].
З 31 ліпеня 1920 году Шацілавічы зноў у адноўленай БССР, дзе яны 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету (да 1960 году) ў новаўтвораным Парыцкім раёне[30], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а потым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначную станцыю Шацілкі ўлучылі ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну. На 1926 год у Шацілавічах працавалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады мястэчка было адным з цэнтраў лесасплаву на рацэ Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні ўтварылася суднабудаўнічая арцель, потым пераўтвораная ў вэрф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). На 1930 год у Шацілавічах было 155 двароў. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі.
У Другую сусьветную вайну з 7 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году Шацілавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У час вайны на суднавэрфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі савецкія падпольныя групы.
У 1954—1958 гадох у Шацілавічах збудавалі Васілевіцкую ДРЭС[b] (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году Шацілавічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[31], з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году савецкія ўлады перайменавалі Шацілавічы (на той час — афіцыйна Шацілкі) у Сьветлагорск і надалі ім статус гораду раённага падпарадкаваньня, Парыцкі раён перайменавалі ў Сьветлагорскі[32]. З 7 сакавіка 1963 да 4 студзеня 2002 году Шацілавічы мелі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня.
-
Касьцёл, 1918 г.
-
Аднаўленьне чыгуначнага моста, 1919 г.
-
Аднаўленьне чыгуначнага моста, 1921 г.
-
Касьцёл, 23.04.1920 г.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца на раўніне Гомельскага Палесься, за 110 км на захад ад Гомля (адлегласьць да Гомля аўтамабільнымі шляхамі — 113 км (праз Рэчыцу)[33]), за 220 км ад Менску.
Стаіць на рацэ Бярэзіне (прытока ракі Дняпра). На поўнач, за ракой знаходзіцца выспа Востры Рог і краявіды заказьнік «Выдрыца», на ўсход — азёры Глухое і Дзеравянка.
Клімат мерна кантынэнтальны, сярэдняя тэмпэратура паветра студзеня — −6,6 ºС, ліпеня — 18,4 ºС, сярэдняя колькасьць ападкаў — 602 мм у год.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ХIХ стагодзьдзе: 1897 год — 406 чал.
- ХХ стагодзьдзе: 1908 год — 680 чал. у ваколіцы Шацілках і 33 чал. у маёнтку Шацілках; 1917 год — 685 чал. у ваколіцы Шацілках, 6 чал. у маёнтку Шацілках і 66 чал. на чыгуначнай станцыі Шацілках[23]; 1930 год — 734 чал.[34]; 1953 год — 2170 чал.[35]; 1956 год — 2280 чал. у вёсцы Шацілках, 685 чал. у пасёлку Васілевіцкай ДРЭС, 290 чал. у пасёлку 2-й Парыцкай МТС; 1959 год — 5772 чал. (2737 муж. і 3035 жан.)[36]; 1961 год — 11,5 тыс. чал.[37]; 1970 год — 40,3 тыс. чал.; 1973 год — 48,7 тыс. чал.[23]; 1975 год — 55 тыс. чал.[38]; 1993 год — 74 тыс. чал.; 1 студзеня 2000 году — 73,3 тыс. чал.[39]
- ХХI стагодзьдзе: 2001 год — 73,4 тыс. чал.; 2004 год — 71,7 тыс. чал.[40]; 2006 год — 70,2 тыс. чал.; 2008 год — 69,5 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 69,3 тыс. чал.; 2009 год — 69 995 чал.[41] (перапіс); 2016 год — 69 011 чал.[42]; 2017 год — 68 550 чал.[43]; 2018 год — 67 453 чал.[1]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзейнічаюць 2 праваслаўныя царквы, касьцёл, новаапостальская царква.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шацілавічах працуюць 11 агульнаадукацыйных школ, гімназія (былая школа № 7), міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат; вечаровая сярэдняя школа. Дзейнічаюць цэнтар карэкцыйнага разьвіцьця; дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, цэнтар пазашкольнай працы, міжшкольны экалягічны цэнтар; 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (1 зь іх — алімпійскага рэзэрву); дзіцячая музычная школа, дзіцячая школа мастацтваў. Ёсьць аўтамабільная школа. Працуюць 2 прафэсійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы; індустрыяльны каледж.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шацілавічах дзейнічаюць 8 бібілятэка, дом культуры, музэй гісторыі места, мастацкая галерэя імя Г. Пранішнікава. У месьце ўтварыліся рок-гурты Органы сну (1996 год) і Relikt (2001 год).
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдаюцца газэты «Ранак-плюс», «Сьветлагорскія навіны», «Светлогорский бизнес».
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шацілавічах ёсьць дзьве спартовыя школы (ДЮСШ1, ДЮСШ «Алімп»). ДЮСШ1 мае наступныя аддзелы: грэцка-рымскае барацьбы, тхэквандо, боксу, баскетболу, плаваньня. ДЮСШ «Алімп» спэцыялізуецца на лёгкай атлетыцы.
У месьце ёсьць наступныя спартовыя збудаваньні і пляцоўкі: стадыёны (3), лёгкаатлетычны манэж (1), спартовыя залі (49), плавальныя басэйны (1), міні-басэйны ў дзіцячых садох (10), іншыя залі і пляцоўкі (школьныя спартовыя залі і г. д.) (202).
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чыгунка, аўтамагістралі і лясныя масівы падзяляюць Шацілавічы на 3 плянавальныя раёны: паўночны і паўднёвы, забудаваныя шматпавярховымі дамамі, і заходні з забудовай сядзібнага тыпу. У цэнтры 2—3- і 5—9-павярховыя будынкі. Яго галоўнай вышыннай дамінантай зьяўляецца 16-павярховы жылы дом. Існуюць 7 мікрараёнаў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод прамысловых прадпрыемстваў — вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», Шацілавіцкі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), цеплаэлектрацэнтраль, завод жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў, завод жалезабэтонных вырабаў будаўнічага трэсту, завод зборнага жалезабэтону, управа буравых работ, фабрыка мастацкіх вырабаў, друкарня, хлебазавод.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Каленкавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Каленкавічы, ёсьць аўтобусная станцыя. Праз Шацілавічы праходзіць чыгуначная магістраль Санкт-Пецярбург — Кішынёў.
Працуе аўтобусны парк № 5, аўтобусы якога ходзяць па 17 мескіх маршрутах, а таксама маршрутныя і легкавыя таксі.
У месьце — грузавая прыстань (Бабруйскага рачнога порта) на рацэ Бярэзіне.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шацілавічах працуюць музэй гісторыі места, дом рамёстваў (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.
Помнікі: помнік-звон воінам, якія загінулі пры вызваленьні Шацілавічаў ад нацысцкіх акупантаў (усталяваны ў 2005 годзе на месцы ранейшага помніка); Алея герояў — помнікі воінам, якія атрымалі званьні Герояў пры вызваленьні раёну ад нацысцкіх акупантаў; помнік землякам, якія загінулі ў розных войнах — на гарадзкой набярэжнай; помнік Раману Шацілу — заснавальніку і першапасяленцу Шацілавічаў (усталяваны ў 2006 годзе).
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На ўсходняй ускраіне Шацілавічаў захавалася тэрыторыя былога баярскага (шляхецкага) двара «Шацілінскі востраў» (XIII — канец XVIII стагодзьдзя).
- Чыгуначная станцыя (пачатак XX ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Сьвятога Крыжа (1818). Знаходзіўся насупраць старых могілак, якія і цяпер існуюць на Горвальскім тракце.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Музэй
-
Вадацяжная вежа
-
Чыгуначная станцыя
-
Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа
-
Саборная царква
-
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
-
Жылы раён
-
Лесапарк
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Шацілавічаў |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман Шаціла — першы жыхар Шацілавічаў, вядомы паводле пісьмовай крыніцы (1560 год), меў у карыстаньні маёнтак Шацілінскі Востраў. У 2006 годзе ў цэнтры Шацілавічаў паставілі помнік, правобразам якога зьяўляецца Р. Шаціла. Скульптура ўвасабляе ў сябе заснавальнікаў і першапасяленцаў Шацілавічаў (першы ў Беларусі помнік заснавальнікам паселішча).
Ураджэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алег Астроўскі — неаднаразовы чэмпіён сьвету па радыёспорце, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (Шацілавічы)
- Дзьмітры Банькоўскі — 2-разовы чэмпіён сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1990, 1991 гады, байдарка-чацьвёрка, 10 км), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
- Генадзь Блізьнюк — 4-разовы чэмпіён (2003, 2006—2008) і двойчы ўладальнік Кубка (2002, 2006) Беларусі па футболе, майстар спорту міжнароднай клясы Рэспублікі Беларусь
- Аляксандра Борціч(be) — выканаўца роляў у мастацкіх фільмах (Масква)[44]
- Аляксандар Гронскі(be) — гісторык, кандыдат гістарычных навук
- Дзьмітры Жукоўскі — 2-разовы ўладальнік Кубка сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ 1997 году (каноэ-чацьвёрка 200, 500 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
- Надзея Кірычэнка(ru) — 2-разовая срэбраная прызэрка чэмпіянатаў сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1975, 1979 — байдарка-чацьвёрка 500 м), 4-разовая чэмпіёнка СССР (1975 — байдарка-адзіночка ў эстафэце 4×500 м, 1975, 1978, 1979 — байдарка-чацьвёрка 500 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы (м. Растоў-на-Доне, Расея)
- Валянціна Ліпская — чэмпіёнка СССР па мотацыклетным спорце 1956 году (іпадром), заслужаны трэнэр Расеі
- Уладзімер Мерынаў(ru) — 3-разовы чэмпіён сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ (1989 г. — 500, 1000 м, 1997 г. — 200 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы
- Уладзімер Патупчык — сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
- Віктар Раманцоў — публіцыст, краязнаўца (Шацілавічы)
- Тацяна Рынейская — фотамадэль, уладальніца тытула «Міс фота» конкурсу «Міс Беларусь-2008»
- Алег Ціханаў(ru) — музычны прадусар
- Ігар Хулуп — чэмпіён СССР па веславаньні на байдарках і каноэ 1989 году, майстар спорту СССР міжнароднай клясы (Шацілавічы)
- Ганна Шавяленка — абсалютная чэмпіёнка сьвету па хуткаснай радыётэлеграфіі (2009), майстар спорту (Шацілавічы)
- Міхаіл Шыкаў(be) — дызайнэр, аўтар навучальных дапаможнікаў па дызайне
Жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вадзім Болбас — літаратар, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
- Яўген Бузіньнікаў — іншадумца, палітычны вязень
- Алесь Бяляцкі — праваабаронца, намесьнік старшыні Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека; скончыў сярэднюю школу № 5 м. Шацілавічаў
- Ігар Гермянчук (1961—2002) — журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 скліканьня (ад акругі ў м. Менску); выпускнік Шацілавіцкай школы-інтэрната
- Валянцін Голубеў — гісторык, доктар гістарычных навук; да 1976 году працаваў плітачнікам-абліцоўшчыкам у будаўнічым трэсьце Шацілавічаў
- Уладзімер Зінкевіч(be) — мастак, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь
- Зінаіда Кіжнерава — Герой Сацыялістычнай Працы
- Юры Захаранка (1952—1999(?)) — міністар унутраных справаў Рэспублікі Беларусь у 1994—1995 гадох, палкоўнік міліцыі, затым апазыцыйны палітык, зьнік у 1999 годзе[45]; працаваў сьледчым у Шацілавіцкім раённа-гарадзкім аддзеле ўнутраных справаў
- Андрэй Мельнікаў — выканаўца аўтарскай песьні (гітара), літаратар; раней працаваў у Шацілавічах (прадпрыемства «Цэнтрэнэргамантаж»)
- Пётар Петрыкаў(be) (1927—2007) — гісторык, сябар-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі; у 1956—1958 гадох — настаўнік, намесьнік дырэктара ў сярэдняй школе Шацілак.
- Сьцяпан Сухарэнка — скончыў тэхнічную вучэльню № 50 м. Шацілавічаў; Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Армэнія (з 2008 году), генэрал-маёр
- Іван Хмарун (1916—1998) — Герой Сацыялістычнай Працы
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
- ^ Назва ад радовішча торфу каля места Васілевічаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 754.
- ^ Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён: Дадат. да 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». — Мн.: БелЭн, 2004. — 160 с. — ISBN 985-11-0290-3 С. 23, 31, 42, 45.
- ^ Слоўнік перайменаваных паселішчаў Беларусі / А. В. Кавалёва; пад. рэд. В. В. Шура. — Мінск: Права і эканоміка, 2013. — 140 с. ISBN 978-985-552-166-3. С. 95
- ^ Вячорка В.Пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен // Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2016 г.
- ^ Масьлюкоў Т.З гісторыі Шацілавічаў // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына — старонкі мінулага» (15—16 лютага 1996 г.). — Гомель: ГДУ, 1996.
- ^ Мухін В. Спрадвечныя назовы // «Студэнцкая думка» №?
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 336.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1306.
- ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. С. 253.
- ^ Болбас В. Мой сьветлы горад // Наша Ніва. № 35 (156), 20 — 26 сьнежня 1999 г.
- ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы // Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
- ^ Маслюкоў Т. З гісторыі Шацілавічаў // Гомельшчына: старонкі мінулага. ІІ выпуск. — Гомель, 1996. С. 23.
- ^ Маслюкоў Т. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 47—49.
- ^ Маслюкоў Т. Студэнт са Светлагорска выявіў невядомыя звесткі па гісторыі свайго горада // Светлагорск — рэгіянальны партал. 2008. 3 кастрычніка.
- ^ Блінова, Т. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 255.
- ^ Маслюкоў Т. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. С. 38—49.
- ^ Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. — Менск, 1931.
- ^ Рассадзін С. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011.
- ^ Diecezja Wilenska, 1744 (пол.), Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego.
- ^ Доўнар А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765—1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. — Гомель, 2005. С. 220—225.
- ^ а б в Дулеба Г., Курыловіч Г. Светлагорск // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 741—742.
- ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 77—85.
- ^ Jelski A. Szaciłki // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 755.
- ^ Киштымов А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны альманах. Т. 7. 2002
- ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 112—113.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Краўцоў І., Хоміч А. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 121—133.
- ^ Камінскі М. І., Пятросава А. Ю. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Менск, 1985. С. 334.
- ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
- ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
- ^ Гомельская область. Общегеографический атлас. — Мн., 2005. С. 1.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 380.
- ^ Хоміч А., Рабянок П. Светлагорск у рыштаваннях // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003.
- ^ Численность наличного населения городов и других поселений, районов, районных центров и крупных сельских населённых мест на 15 января 1959 года по республикам, краям и областям. Белорусская ССР.
- ^ Краткая географическая энциклопедия. Т. 3. — М., 1962.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 257.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 378.
- ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ураджэнка Светлагорска здымецца ў некалькіх мастацкіх фільмах // Гомель гражданский. — 2014. — 01.22
- ^ «Мой муж наіўным не быў. Ён разумеў, што творыцца ў краіне». Юрыю Захаранку сёння споўнілася б 60 гадоў(недаступная спасылка) // Наша ніва. — 2012. — 4 студзеня
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асташкевіч І. 50 заўтра ці 450 сёння? — або таямніцы жыцця маладога горада, які сталее на вачах // Звязда. — 2010. — 21 мая.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — ISBN 985-11-0238-5
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Лук’янаў П. Р. З гісторыі Светлагорска // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1979. № 3. С. 42—43.
- Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн.: Беларусь, 2000. — 511 с. ISBN 985-01-0254-3.
- Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. — 750 с.: іл. ISBN 985-01-0255-1.
- Рассадзін С., Міхальчанка А. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Менск, 2005.
- Сцепук У., Савасценка Я. Светлагорск. — Менск, 1966.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэгіянальны партал «Сьветлагорск»
- Сьветлагорск (Шацілкі), Radzima.org
- Гормаш Ю. М. Шацілкі: далёкая мінуўшчына і першыя археалагічныя даследванні // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны
- Масьлюкоў Т. Продкі сьветлагорцаў супернічалі са славутым Карлам I Сьцюартам // Радыё Свабода. 2009. 4 жніўня
- Махмудава Л. С. Я. Рассадзін аб пісьмовых крыніцах сучаснага Светлагорска // Светлагорскія навіны. 2010. 28 красавіка