Лебедзева

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лебедзева (Маладэчанскі раён)»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Лебедзева
трансьліт. Liebiedzieva
Каталіцкая капліца-пахавальня
Каталіцкая капліца-пахавальня
Першыя згадкі: 25 красавіка 1387
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Маладэчанскі
Сельсавет: Лебедзеўскі
Насельніцтва: 1047 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1773
Паштовы індэкс: 222315
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°18′41″ пн. ш. 26°42′29″ у. д. / 54.31139° пн. ш. 26.70806° у. д. / 54.31139; 26.70806Каардынаты: 54°18′41″ пн. ш. 26°42′29″ у. д. / 54.31139° пн. ш. 26.70806° у. д. / 54.31139; 26.70806
Лебедзева на мапе Беларусі ±
Лебедзева
Лебедзева
Лебедзева
Лебедзева
Лебедзева
Лебедзева
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ле́бедзева[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Нявежы. Цэнтар сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 1047 чал. (2010). Знаходзіцца за 12 км на захад ад Маладэчна, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Пруды; на шашы Менск — Вільня і на аўтамабільнай дарозе, якая злучае вёску з Крэвам.

Лебедзева — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Лебедзева

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Лебедзева зьмяшчаецца ў даравальнай грамаце Ягайлы, якую ён падпісаў на Троцкае, Мінскае і Полацкае княжаньні брату князю Скіргайлу «пад нашею печатью завесистою», і датуецца 25 красавіка 1387 году. Пры гэтым прысутнічалі «чесные люди» пан Храшчэнька Зяглоўскі і доктар Сьвятаслаў. Сярод розных пералічаных месцаў названа «так жь село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет, и то Лебедевская волостка, люди все и села, тая околица»[2]. Гэта адзначае, што Лебедзева у 14 стагодзьдзі было валасным цэнтрам, і знаходзілася ў валоданьні адной асобы. Хутчэй за ўсё яно ў той час цягнулася да княскага цэнтру — Крэва.

Згодна з археалягічнымі дасьледаваньнямі ў Лебедзеве існавала гарадзішча, што адносіцца да 1 тысячагодзьдзя да н. э. Мясцовая назва — Царковішча. Знаходзілася за 1,5 км на захад ад вёскі, за 0,5 км зьлева ад дарогі ў вёску Маркава. Разбуранае ў часе будаваньня дарогі. Дасьледнікі канца XIX стагодзьдзя ў сваіх працах, што цяпер захоўваюцца ў Вільні, зазначалі:

« М. Лебедзева, Лебедзеўскай воласьці, Вялейскага павету. За 1,5 вярсты на захад ад мястэчка знаходзіцца сярод поля ўзвышэньне ў форме капнападобнай горкі, няшмат большай за 20 саж. у акружыне, паверхня плоская. Перавозячы адтуль каменьне для будаваньня царквы ў 1866 годзе, сяляне знайшлі камень з выдаўбленым углыбленьнем усярэдзіне. Такія камяні звычайна ставілі на ўваходзе ў касьцёл для вады. Месца гэта завуць Царковішча, ці старое месца. Паводле легендаў, тут была царква, што зьнікла пад зямлю». »

У XV ст. Лебедзева знаходзілася ў валоданьні князёў Гальшанскіх. У 1476 годзе яны збудавалі тут касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. У 15191557 гадох паселішча — уладаньне вялікіх князёў, шляхецкае мястэчка. Паводле інвэнтару ад 7 чэрвеня 1535 году ў Лебедзеве былі млын, возера, дзе гадавалі рыбу. Возера было аб’ектам судовых спрэчак. Адзначаецца, што паселішча мела «Ловы зьвярыныя, пташныя і рыбныя, гоны бабровыя і ўсякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі путнымі, валаснымі з парабкамі, з чэлядзьдзю нявольнай…»

У 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст з мэтаю падрыхтоўкі да падпісаньня уніі склікаў ў Лебедзеве 30 тысячаў літоўскай шляхты. Магнаты Вялікага Княства Літоўскага прапаноўвалі гэтак званы «мяккі» варыянт Рэчы Паспалітай, які адкідаў далучэньне да Каралеўства Польскага і прадугледжваў захаваньне асобнага Сойму. На вусным шляхецкім рэфэрэндуме тут далі згоду на скліканьне агульнага з палякамі Сойму, дзе мусіла вырашыцца пытаньне уніі.

Лебедзева — колішняе ўладаньне князёў Радзівілаў. Яны збудавалі тут мураваны кальвінскі збор, апякункай якога была П. К. Радзівіл, маркграфіня брандэнбурская. З 1704 году збор ня меў свайго настаяцеля, таму сюды прыяжджаў пастар з Жупранаў для адпраўленьня службы. У 1754 годзе тутэйшы збор быў прыпісаны да жупранскага. Падтрыманы матэрыяльна Радзівіламі, ён праіснаваў да канца XVIII ст., адзін з нямногіх у ВКЛ перажыў контррэфармацыю. Нават калі не было пастара, мясцовая супольнасьць сама сабою працягвала дзейнічаць.

Паводле інвэнтару 1579 году, у Лебедзеве існавалі вуліцы Вялікая, Віленская, Хажоўская, Вялікасадзкая. У канцы Віленскай да паселішча далучаліся Старое сяло (з чатырма шнурамі), і Асанаўшчына. Пры рэчцы Нявежы быў вялікі «двор» з 14 гаспадарчымі пабудовамі (піваварня з 14 бочкамі, саладоўня, стадола, аборы, гумно, хлявы і інш.). У маёнтку налічвалася 29 «дымоў», а ў мястэчку 134 дымоў. Для параўнаньня ў суседняй вёсцы Мароські тады было 52 «дымы». Сярод залежных ад Лебедзеўскага двара адзначаюцца фальваркі і засьценкі — Маліноўшчына, Тарашкова, Хвашчоўка, Кухмістрава, Іваноўшчына, Паташня, Уша, Слабодка, Даманава, Татаршчына, Зубкова, Азярышча, Лабачоўка, Высокаўшчына, Ярашова, Рудоўка, Марозкі (Мароські), Старая і Новая Боркаўшчына.

У 1588 годзе Альбрэхт Радзівіл прадаў Лебедзева Юзэфу Галаўню. У пачатку XVII ст. тут павялічыўся гандаль. Ухіл рабіўся на продаж алькагольных напояў. У мястэчку тым часам на 149 дамоў прыходзілася 48 корчмаў і заезных двароў. Дакумэнты захавалі імёны і прозьвішчы тагачасных жыхароў Лебедзева: Антон Мацулевіч, Сымон Глод, Рыгор Блін, Сымон Корсак, Лявон Харлап, Казімер Шчасны, Мацей Габрыновіч, Язэп Тамашэвіч, Лявон Жыр, Юрка Сулела. У XVI ст. на палях маёнтку вырошчвалі: ячмень, авёс, грэчку, жыта, каноплі, лён, боб і інш. Апроч розных палявых работ (паншчыны), лебедзеўцы выходзілі на «гвалты»: будавалі масты, пракладалі грэблі і інш. Згодна з археалягічнымі раскопкамі у цэнтры мястэчка была пракладзена каналізацыя.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) у 1655 годзе Лебедзева зьнішчылі маскоўскія захопнікі. 8 траўня 1667 году ў мястэчку адбыўся сялянскі бунт. У Вялікую Паўночную вайну (17001721) у 1708 годзе празь Лебедзева праходзілі швэдзкія войскі. У 1751 інвэнтары зафіксавалі тут 125 сядзібаў, прытым 60 іх уладальнікаў мелі па паўвалокі (валока — 21,3 га) і трохі больш зямлі, астатнія — значна меней. Паводле інвэнтару 1762 году Лебедзева належала кашталяну Тадэвушу Агінскаму. У мястэчку тады было 29 дымоў і 233 чалавекі. Бровар і саладоўня давалі гадавы прыбытак у 600 злотых. Існавала кузьня з майстрамі-кавалямі. Побач — пушча, багатая зьверам і інш. жыўнасьцю. Так было да канца XVIII ст., калі ўладальнік пушчы Якуб Саковіч не прадаў яе генэралу Паўлу Равінскаму, які пачаў прамысловую высечку, што ў выніку прычынілася да зьнікненьня лесу. У 1766 годзе ў Лебедзеве налічвалася 20 крамак і свіранкаў[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лебедзева апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце. У Вайну 1812 году 4 сьнежня празь мястэчка праяжджаў Напалеон на сустрэчу са сваім генэралам Гогендорпам у Беніцу. У 18301831 і 18631864 гадох тут фармаваліся аддзелы паўстанцаў. У 1831 годзе мястэчка вызваліў аддзел Міхала Ходзька, пры гэтым жыхары мястэчка сабраліся на галоўным пляцы і абвясьцілі пра стварэньне паўстанцкага аддзелу, які будзе вясьці барацьбу за вольнасьць роднай зямлі. Лебедзеўскі паўстанцкі аддзел пратрымаўся дастаткова доўга, не абмяжоўваў сваёй дзейнасьцю толькі Лебедзева, але даходзіў і да Маладэчна, і да Беніцы.

У першай палове XIX ст. у Лебедзеве існаваў шпіталь пры касьцёле. У мястэчку працавалі вольнапрактыкуючыя лекары: Рамуальд Шмідт, Бэнціян Задзінскі, Лейба Блумбэрг, Дзьмітры Саковіч (у маёнтку Агароднікі), зубны лекар — Ісак Цукерман. Існавала аптэка Іцкі Цукермана.

З 1860 году ў Лебедзеве працавала народная пачатковая вучэльня. Апроч таго, дзейнічаў тэатар. У сярэдзіне XIX ст. у мястэчку было каля 1100 жыхароў. Узгорыстая мясцовасьць не дазвалялі мець доўгіх вуліцаў, апроч Віленскай. У 1861 у Лебедзеве было 182 хаты. 3 29 чэрвеня да 9 ліпеня штогод зьбіраўся кірмаш. Наяжджала да 2 тыс. купцоў зь Вільні, Смаргоні, Крэва, Менску, Маладэчна, Гарадку. Прадавалі сукно, керамічныя вырабы, кажухі, дзіцячыя цацкі, ласункі. Тут складаліся гандлёвыя дамовы. Акрамя кірмашоў, кожны панядзелак у мястэчку праводзіліся так званыя «таргі».

Зь Лебедзевам зьвязаны стары шляхецкі род Цівінскіх. Іван Цівінскі арганізаваў таварыства філянтропіі. Зянон Цівінскі ў XIX ст. быў вядомым акулістам. У розныя часы мясьцінай валодалі Гарбоўскія, Давідовічы, Капытоўскія, Міцкевічы, Радзішэўскія. У канцы XIX ст. у Лебедзева было каля 1290 жыхароў, 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. У гэты час мястэчкам валодалі Сьвентажэцкія.

У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 году Лебедзева занялі кайзэраўскія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лебедзева абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Маладэчанскім павеце Віленскага ваяводзтва. За польскім часам у 1937 годзе ўтварылася Лебедзеўская харавая капэла.

У 1939 годзе Лебедзева ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 17 верасьня 1941 да 5 ліпеня 1944 Лебедзева знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У гэты час у вёсцы існавала гета, дзе нацысты зьнішчылі больш за 600 жыдоў. 24 чэрвеня 1942 апошніх сагналі пад відам вываду на працу у хлеў, які знаходзіўся за 1 км ад Лебедзева ў бок вёскі Маркава і належаў А. Субачу. Тамака іх расстралялі і спалелі разам з хлявом. На месцы трагедыі паставілі памятны знак — помнік з савецкай сымболікай.

На 1997 у Лебедзеве было 472 двары. У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лебедзеве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Рынак (Рынкавы пляц)[7].

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца-пахавальня (1910-я)
  • Царква Сьвятой Тройцы (1869)
  • Могілкі: старыя каталіцкія; юдэйскія

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (1840-я)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Генадзь Каханоўскі, беларускі гісторык. Навучаўся ў Лебедзеўскай школе.
  • Барыс Кіт, беларускі грамадзкі дзяяч, матэматык. У 1941 годзе з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазьбегнуць арышту, некаторы час жыў у Лебедзеве, дзе пазьней настаўнічаў у мясцовай народнай школе.
  • Ёсіф Сушко, Заслужаны артыст БССР. Працаваў у Лебедзеве[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 286.
  2. ^ Грамата вялікага князя Ягайлы ад 28 красавіка 1387 году яго брату Скіргайлу; надрукаваная: Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z 1387 r. // Przegląd Historyczny. 1907. T.V. Z.1. S. 44—46.
  3. ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (А. Вабішчэвіч і інш.); рэдкал. М. Касцюк (гал. рэдактар і інш. - Менск: Экаперспектыва, 2004. С. 206.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 111.
  6. ^ ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 343.
  7. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 32.
  8. ^ Атрошчык Г. Карціны студэнта з Лебедзева трапілі ў Траццякоўку // «Рэгіянальная газета», 1 кастрычніка 2012.
  9. ^ Хруцкая З. Іосіф Сушко — заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ // «Рэгіянальная газета», 4 сьнежня 2013.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Лебедзевасховішча мультымэдыйных матэрыялаў