Перайсьці да зьместу

Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Каталіцкая царква ў Беларусі»)
Архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі

Каталіцтва ў Беларусі ёсьць другой па колькасьці вернікаў канфэсіяй. На 31 сакавіка 2013 году налічвалася 4 дыяцэзіі, у якія ўваходзіла 621 парафія, больш за 450 каталіцкіх храмаў. У парафіях працавала 407 сьвятароў, зь якіх 168 (41%) — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). Дзейнічалі 2 вышэйшыя духоўныя сэмінарыі(en) ў Горадні і Пінску (Берасьцейская вобласьць), а таксама катэхетычны каледж(en) у Баранавічах (Берасьцейская вобл.)[1]. Таксама існавала рымска-каталіцкая мітраполія і 6 біскупаў. Агульная колькасьць каталікоў лацінскага абраду — 1,4 млн[2], бізантыйскага — каля 3 тыс., што складае 15% насельніцтва краіны.

Раньняе Сярэднявечча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае пранікненьне хрысьціянства дасьледчыкі зьвязваюць са зьяўленьнем варагаў, якія ўсталявалі гандлёвы «шлях з варагаў у грэкі». Верагодна, у канцы ІХ стагодзьдзя адкрыўся яшчэ адзін шлях для пранікненьня хрысьціянства на Беларусь — зь Вялікае Маравіі. У 992 годзе яно было ўведзенае на беларускіх землях у яго ўсходняй форме яшчэ да афіцыйнага падзелу на праваслаўе й каталіцтва. Заходнехрысьціянскія ўплывы пранікалі на тэрыторыю Беларусі празь місіянэраў, гандлёвыя й эканамічныя стасункі з заходнеэўрапейскімі краінамі.

«Крыстнісага» (Сага пра хрышчэньне), падзеі якое адносяцца да часу каля 1000 году, паведамляе пра падарожжа ў Ерусалім і Канстантынопаль Торвальда, які абвяшчаў хрысьціянства ў Ісьляндыі. На зваротным шляху Торвальд апынуўся ў Полацкіх землях, дзе неўзабаве памёр і быў пахаваны (пры храме сьвятога Яна ў Полацку). У іншай скандынаўскай сазе распавядаецца пра тое, што Торвальд заснаваў пры храме манастыр і памёр у ім.

Сьмерць сьвятога Бруна Квэрфурцкага

На захадзе Беларусі хрысьціянства абвяшчаў Бруна Квэрфурцкі, забіты ў 1009 годзе паганцамі «на мяжы Літвы й Русі». Амаль адначасова з гэтым каля 1010—1013 гадоў у Тураў прыбыла місія калобжэскага біскупа Рэйнбэрна, запрошанага мясцовым князем Сьвятаполкам, жанатым з дачкой польскага караля Баляслава. Дыпляматычную падтрымку ў папы Рыгора VII шукаў скінуты ў 1068 годзе вялікі князь кіеўскі й князь тураўскі Ізяслаў Яраславіч, а ягоны сын Яраполк 17 красавіка 1075 году атрымаў ад Рыгора VII булу на вялікае княжаньне ў Кіеве (падзеі 1075 году адлюстраваныя ў мініятурах Трырскага псалтыру).

Узаемнае адасабленьне Рымскай і Канстантынопальскай Царквы ў ХІ—ХІІ стагодзьдзях істотна не адбілася на беларускіх землях. Гэтак, калі ксёндз Мэйнард, які прыбыў з Брэмэнскае дыяцэзіі, у 1186 годзе папрасіў дазволу на абвяшчэньне хрысьціянства сярод ліваў ў полацкага князя Ўладзімера, той ня толькі даў дазвол, але й абдорыў Мэйнарда шматлікімі падарункамі.

Заснаваная напачатку ХІІІ стагодзьдзя Рыская дыяцэзія аказвала моцны ўплыў на рэлігійныя адносіны ў рэгіёне. У 1240—1260-я (ці нават яшчэ раней) у полацкіх уладаньнях ужо існавалі дзьве дыяцэзіі, падначаленыя мітрапалічай ад 1255 году катэдры ў Рызе: Рускае біскупства ў Полацку й Сэлёнскае — у залежнай ад Полацку Сэлёнскай зямлі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Каталіцкі катэхізм на беларускай мове, надрукаваны ў Вільні ў 1585 годзе[3]

У 1250-я адбылося першае прызначэньне рымска-каталіцкага біскупа для беларускіх земляў, калі вялікі князь Міндоўг прыняў хрышчэньне паводле лацінскага абраду й каралеўскую карону. Разам зь ім хрысьціліся ягоная жонка Марта й 600 падданых. Навастворанаму каралеўству надаваўся прывілей на падначаленьне біскупства непасрэдна Папе Рымскаму. Межы бікупства адпавядалі дзяржаўным межам ВКЛ, біскупамі ж былі прызначаныя Віт і Хрысьціян. Пры Міндоўгу былі створаныя й іншыя біскупскія катэдры, быў заснаваны шэраг касьцёлаў, распачалі дзейнасьць законы дамініканаў і францішканаў. Але напачатку 1260-х дыяцэзія спыніла сваё існаваньне, а біскуп Хрысьціян зьехаў у Нямеччыну. Да 1387 году ў ВКЛ не было тэрытарыяльнае арганізацыі Рымска-Каталіцкай Царквы.

У 1320-я нямецкія дамінікане й францішкане мелі ў Вільні й Наваградку па адным кляштары. Каталіцкія манахі былі пры дварох вялікіх князёў Віценя й Ґедзіміна. У 1360-я каталіцтва прыняў сын вялікага князя Кейстута Таўцівіл.

Трывала Каталіцкая Царква замацавалася ў ВКЛ за вялікім князем Ягайлам. У 1386, згодна з дамовай з Польшчай, ён прыняў хрост у Каталіцкай Царкве і прыняў імя Ўладзіслаў, стаўшы такім чынам каралём Польшчы. Апроч таго рыма-каталікамі сталі ахрышчаныя паганцы, было заснавана 7 рыма-каталіцкіх парафіяў (у тым ліку ў Вільні, Абольцах, Гайне, Крэве). У 1387 была заснаваная Віленская дыяцэзія, якая ў 1388 была зацьверджаная Папам. Тэрыторыя біскупства ахоплівала балцкія й большую частку беларускіх земляў, апроч паўднёва-заходніх зь Берасьцем і Пінскам, што ўваходзілі ў склад Уладзімерскае дыяцэзіі з цэнтрам ува Ўладзімеры-Валынскім. У 1-й чвэрці XV стагодзьдзе Віленскае і Жамойцкае біскупствы (утворанае ў 1417) былі падпарадкаваныя гнезьненскаму архібіскупу ў Польшчы, а Ўладзімерскае біскупства ў 1425 аб’ядналася з Луцкім. Ад 1613 на ўсходніх землях існавала Смаленскае біскупства (кананічна ў 1636—1798). Да 1430 узьнікла яшчэ 20 парафіяў, у 1772 у Віленскай дыяцэзіі іх было 429, філіяльных касьцёлаў і публічных капліцаў — 192. Галоўным патронам Віленскага біскупства быў абвешчаны сьвяты княжыч Казімер.

У канцы XV—XVI стагодзьдзяў Каталіцкая Царква на тэрыторыі Беларусі перажывала крызу й часткова страціла свае пазыцыі ў пэрыяд Рэфармацыі. Для пераадоленьня крызы была праведзеная царкоўная рэформа, што зарадзілася ў манаскім асяродзьдзі, была падтрыманая Ватыканам і санкцыянаваная Трыдэнцкім саборам. Галоўная ўвага аддавалася павышэньню адукацыі сьвятарства й дысцыпліны. У парафіях ад ксяндзоў патрабавалася весьці мэтрычныя кнігі, зьдзяйсьняць пілігрымкі, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пачатковыя школы, бібліятэкі. У 1596 была заключаная Берасьцейская унія. На беларускіх землях галоўную ролю ў пашырэньні каталіцтва адыгралі манаскія ордэны. Ордэнскае сьвятарства перавышала дыяцэзіяльнае, прадстаўляла ўсе групы манаскіх арганізацыяў. У 1772 на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (19 мужчынскіх і 8 жаночых), найбольш манахаў было ў жабрацкіх ордэнах (аўгустыны, цыстэрцыяны, дамінікане, кармэліты, францішкане). У XVI—XVIII стагодзьдзях зьявіліся новыя ордэны: баніфраты, езуіты, марыяне, місіянэры, піяры, трынітарыі й іншыя. Бальшыня кляштараў знаходзілася ў гарадох. Дзейнічала каля 160 рымска-каталіцкіх кляштараў, а таксама каля 150 уніяцкіх базылянскіх манастыроў. Значным манаскім асяродкам была Вільня, якая ў 1772 займала 1-е месца ў Рэчы Паспалітай паводле колькасьці ордэнскага сьвятарства (774 чалавекі) і 3-е паводле колькасьці кляштараў (22). У канцы XVIII ст. Беларусь была каталіцкай: каля 15% насельніцтва краіны былі рыма-каталікамі, а яшчэ каля 80% — уніятамі.

Касьцёл сьв. Францішка Ксаверыя — катэдра Гарадзенскага біскупа

Дзейнасьць Рымска-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі прыносіла заходнеэўрапейскі ўплыў і пакінула прыкметны сьлед у яе гісторыі й культуры, спрыяла разьвіцьцю навучальных устаноў і кнігадрукаваньня, фармаваньню навуковых кадраў, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, культывавала традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх сьпеваў, вакальна-інструмэнтальнае музыкі. З манаскага асяродзьдзя паходзілі навукоўцы й дзеячы культуры: Францішак Багамолец, Ян Хрызастом Багамолец, Бэнэдыкт Дабшэвіч, Альбэрт Каяловіч, Зыгмунт Лаўксьмін, Казімер Нарбут, Францішак Міліконт Нарвойш, Марцін Пачобут-Адляніцкі, Мацей Сарбеўскі, Геранім Страйноўскі, Станіслаў Шадурскі, Станіслаў Баніфацый Юндзіл і іншыя.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Расейскае імпэрыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тысячаў рыма-каталікоў. 22 лістапада 1773 расейская імпэратрыца Кацярына II без узгадненьня з Рымам стварыла Беларускую дыяцэзію з цэнтрам у Магілёве, паставіўшы на чале яе біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Гэтай дыяцэзіі былі падначаленыя ўсе рымска-каталіцкія парафіі Расейскае імпэрыі. У выніку доўгачасовых перамоваў з Рымскім Апостальскім Пасадам замест Беларускае дыяцэзіі 17 студзеня 1783 была ўтвораная Магілёўская архідыяцэзія (зацьверджаная буляй папы Пія VI ад 15 красавіка 1783).

Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—1798 замест скасаванае Віленскае дыяцэзіі дзейнічала Інфлянцкая дыяцэзія з цэнтрам у Вільні, у 1798 Віленская дыяцэзія была адноўленая, у яе юрысдыкцыю ўваходзілі заходнебеларускія землі. У 1795—1798 рабілася спроба стварэньня Пінскае дыяцэзіі (скасаваная папскім нунцыем Л. Літам як некананічна ўтвораная). У 1798 была створаная Менская архідыяцэзія. У агуле на 1798 у Расейскай імпэрыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзіяў, зь іх 3 (Віленская, Магілёўская, Менская) ахоплівалі тэрыторыю Беларусі.

26 лютага 1797 для кіраваньня Рымска-Каталіцкай Царквой створаны дэпартамэнт для каталіцкіх справаў пры Юстыц-калегіі Ліфляндзкіх, Эстляндзкіх і Фінляндзкіх справаў, які 26 студзеня 1798 быў вылучаны асобна. У 1801 замест дэпартамэнту заснаваная Рымска-каталіцкая духоўная калегія — вышэйшая рымска-каталіцкая ўстанова Расейскае імпэрыі, якой былі падпарадкаваныя ўсе начальнікі, установы й сьвятарства. Супраць паўнамоцтваў калегіі выступалі біскупы й Ватыкан, адзначаючы, што такая ўстанова звужае правы біскупаў і супярэчыць вучэньню Каталіцкай Царквы. У 1847 паводле канкардату паміж Расеяй і Сьвятым Пасадам былі зацьверджаныя межы й колькасьць дыяцэзіяў, правы Рымска-каталіцкае калегіі звужаліся да ўстановы-пасярэдніцы паміж урадам і біскупамі й кіраўніка маёмаснымі справамі.

Сучасны стан касьцёлу сьвятых апосталаў Пятра й Паўла ў Бабруйску, перароблены за Расеяй у цэйхгаўз

Удзел каталіцкіх сьвятароў у антырасейскіх паўстаньнях спрычыніўся да рэпрэсіяў супраць Каталіцкай Царквы. У пэрыяд 1830—1870 былі зачыненыя амаль усе каталіцкія кляштары і навучальныя ўстановы па абвінавачваньні манахаў і сьвятароў у неляяльнасьці. Кляштары, што заставаліся, былі выведзеныя з падпарадкаваньня правінцыялаў і непасрэдна падначаленыя мясцовым біскупам (жаночыя) ці візытатарам зь белага сьвятарства, якія зацьвярджаліся міністрам унутраных справаў паводле прадстаўленьня біскупаў (мужчынскія, ад 1842). У 1839 была зьліквідаваная унія. Пачаўся прымусовы перавод насельніцтва ў праваслаўе, усе каталікі былі абвешчаныя «палякамі», а праваслаўныя — «расейцамі». Колькасьць каталіцкага насельніцтва лацінскага абраду трохі павялічылася (да 20%) за кошт пераходу ў яго грэка-каталікоў.

У 1866 расейскі ўрад перастаў выконваць умовы канкардату: правы калегі былі зноў пашыраныя (хоць ранейшае становішча адноўленае не было). У 1869 была зьліквідаваная Менская дыяцэзія (ейная тэрыторыя была далучаная да Віленскае, а ў 1883 — да Магілёўскае), скасаваная была й Камянецкая дыяцэзія. Беларускія губэрні ўвайшлі ў склад 2 дыяцэзіяў — Віленскае (Віленская й Гарадзенская губэрні) і Магілёўскае, у якую акрамя Віцебскае, Магілёўскае, Менскае й Смаленскае губэрняў увайшлі ўсе вялікарасейскія губэрні (за выключэньнем Саратаўскае, Самарскае й Астраханскае), Вялікае княства Фінляндзкае й Астзэйскі край (за выключэньнем Курляндзкае губэрні).

Рымская курыя не пагадзілася з такім падзелам, лічачы яго незаконным. У 1875 Сьвяты Пасад прызнаў Рымска-каталіцкую духоўную калегію, але толькі як установу, што загадвае адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Яна складалася з 2 сябраў (пад кіраўніцтвам магілёўскага архібіскупа) і 12 засядацеляў. У 1883 Папа Рымскі заключыў новае пагадненьне з расейскім урадам і даручыў кіраваньне касьцёламі былое Менскае дыяцэзіі магілёўскаму архібіскупу.

Духоўную адукацыю ў канцы XVIII — 1-й палове XIX стагодзьдзя рымска-каталіцкае сьвятарства Беларусі атрымлівала ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, сэмінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Менску. У 2-й палове ХІХ ст. у Расейскай імпэрыі дзейнічала 1 вышэйшая навучальная ўстанова — Рымска-каталіцкая духоўная акадэмія (у Санкт-Пецярбургу) і сярэднія — па адной сэмінарыі ў кожнай дыяцэзіі. Магілёўская архідыяцэзіяльная сэмінарыя знаходзілася таксама ў Санкт-Пецярбургу. У 1881 сярод яе выхаванцаў было 48 палякаў, 26 летувісаў, 10 беларусаў, 1 немец. У 1872 у Менску ксёндз Ф. Сенчыкоўскі адчыніў вучэльню для касьцёльных арганістых. Традыцыйная дзейнасьць каталіцкага сьвятарства — выхаваньне цывільнае моладзі — паступова выцясьнялася са скасаваньнем у ХІХ ст. езуіцкіх установаў, школаў і калегіюмаў піяраў і дамініканаў. 10 сьнежня 1892 на загад імпэратара ўсе вучэльні, што яшчэ засталіся пры касьцёлах, былі перададзеныя Міністэрству народнае асьветы на агульных падставах. Выдавецкая дзейнасьць Каталіцкай Царквы абмяжоўвалася выданьнем казаньняў для абвяшчэньня іх у касьцёлах і г. зв. рубрыцеляў на лацінскай мове (ад 1860-х улады рабілі захады, каб зрабіць іх расейскамоўнымі).

Пасьля 1905 ва ўмовах адноснае лібэралізацыі канфэсійных адносінаў наступіла пэўнае ажыўленьне ў дзейнасьці Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Імкліва пачаў узрастаць беларускі нацыянальны рух, якому спрыяла й частка каталіцкага сьвятарства. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня напачатку ХХ стагодзьдзя былі каталікамі.

Зыгмунт Лазінскі

Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году Савецкі ўрад прыняў шэраг заканадаўчых актаў пра адмену ўсялякіх нацыянальна-рэлігійных абмежаваньняў і прывілеяў, пра пазбаўленьне Царквы зямельнае ўласнасьці, дзяржаўных датацыяў, права кантраляваць школу й сямейнае жыцьцё. Ва ўмовах неўмяшаньня дзяржавы ўва ўнутрыцаркоўныя справы ў лістападзе 1917 была ўзноўленая Менская дыяцэзія. Але дзяржава новым заканадаўствам фактычна выключыла рэлігію й Царкву (у тым ліку Каталіцкую Царкву) са сфэры грамадзка-палітычнага жыцьця й пачала шырокую атэістычную прапаганду. У сваю чаргу Каталіцкая Царква варожа сустрэла новую ўладу, зь незадавальненьнем успрыняла яе сацыяльныя пераўтварэньні. Ва ўмовах падзелу Беларусі паміж Польшчай і БССР, узмацненьня антырэлігійнае палітыкі ў БССР дзейнасьць Магілёўскае архідыяцэзіі й Менскае дыяцэзіі былі амаль цалкам спаралізаваныя.

У 1920-я-1930-я Каталіцкая Царква перажыла шэраг антырэлігійных кампаніяў. У 1921 быў вымушаны выехаць у Заходнюю Беларусь біскуп Зыгмунт Лазінскі, там у 1925 ён узначаліў наваствораную Пінскую дыяцэзію. У 1922 у сувязі з голадам у Паволжы праводзілася канфіскацыя касьцёльнага майна, на патрэбы індустрыялізацыі канфіскаваліся званы. Праводзіліся судовыя працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага сьвятарства, якім інкрымінаваліся контррэвалюцыйная дзейнасьць і шпіянаж на карысьць Польшчы. Гэтак, у Менску адбыўся суд над групай ксяндзоў (Я. Васілеўскі, Адам Лісоўскі, М. Тамашэўскі), якія былі асуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня. У 1923 у Маскве прайшоў працэс над 14 сьвятарамі, двое зь іх былі асуджаныя да расстрэлу — ксёндз Канстанты Рамуальд Будкевіч і архібіскуп Ян Цепляк (апошні быў памілаваны й высланы з СССР). Вялікую ролю ў атэістычнай рабоце адыграў Саюз ваяўнічых бязбожнікаў, унутры якога была антыкаталіцкая польская сэкцыя. На 1939 у БССР былі зачыненыя амаль усе каталіцкія касьцёлы, а ў 10, што фармальна дзейнічалі, не было аніводнага сьвятара. Была фізычна зьнішчаная бальшыня каталіцкіх сьвятароў.

Заходняя Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы Каталіцкая Царква знаходзілася ў спрыяльных умовах і займала прывілеяванае становішча. Канстытуцыі 1921 і 1935 прызнавалі роўнасьць рэлігіяў і права на вольнае выкананьне культаў, аднак польскі ўрад разглядаў Каталіцкую Царкву як апірышча ў правядзеньні сваёй палітыкі на «крэсах усходніх». Царква не была аддзеленая ад школы, і яна мела вялікі ўплыў на адукацыю. Касьцёлы й кляштары адчынялі школы, апекавалі дзіцячыя дамы, выхоўвалі дзяцей і моладзь у духу каталіцтва й адданасьці польскай дзяржаве. Амаль уся тэрыторыя Заходняе Беларусі ўваходзіла ў Віленскую мітраполію, што складалася зь Віленскае архідыяцэзіі, Пінскае й Ломжынскае дыяцэзіяў.

У сярэдзіне 1920-х у Пінску й Драгічыне адчыніліся рымска-каталіцкія духоўныя сэмінарыі, адраджаліся кляштары. Актыўна будаваліся новыя касьцёлы, гэтак у 1914 ў Нваградзкім павеце было 9 касьцёлаў, а ў 1939 — 37. Нерухомая маёмасьць Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беластоцкім, Віленскім, Наваградзкім і Палескім ваяводзтвах складала 14 565 га ворнае зямлі (бязь земляў, што належылі віленскаму архібіскупу й пінскаму біскупу). Касьцёлам належалі і вытворчыя прадпрыемствы — невялікія фабрыкі, заводы, тартакі, млыны й г. д. Пад уплывам Рымска-Каталіцкай Царквы знаходзіліся масавыя арганізацыі, створаныя з мэтай умацаваньня каталіцтва, выхаваньня ў духу непрыманьня бальшавізму й камуністычных ідэяў, змаганьня з рэвалюцыйным рухам: «Каталіцкая акцыя», «Зухі», Каталіцкія саюзы жаночае й мужчынскае моладзі, «Стральцы», «Таварыства каталіцкай моладзі», «Харцэры» й г. д.

Прыхільнікі беларускага нацынальнага руху сярод каталіцкага сьвятарства й вернікаў аб’ядноўваліся ў «Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю», дзейнасьць і лідэры якой, аднак, перасьледаваліся польскімі ўладамі.

Рыма-Каталіцкая Царква мела свой масавы друк, для Заходняе Беларусі ў асноўным прызначаліся «Nowo życie», «Słowo», «Gazeta kartuzka». Францішкане пад кіраўніцтвам Максіміліяна Кольбэ выдавалі ў Горадні часопіс «Rycerz Niepokalanej» і газэту «Mały dziennik». Пасьля ўваходу Заходняе Беларусі ў склад БССР савецкае заканадаўства пра культы было пашыранае на новыя тэрыторыі, уплыў Каталіцкай Царквы рэзка скараціўся, ксяндзы і манахі падвяргаліся рэпрэсіям.

Другая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Блаславёны Юры Кашыра
Блаславёны Антоні Ляшчэвіч

У час Другое сусьветнае вайны нямецкія акупацыйныя ўлады (асабліва Вільгельм Кубэ) праводзілі ў дачыненьні да Каталіцкай Царквы ў Беларусі палітыку лавіраваньня. На пачатку яны дазволілі адраджць рэлігійнае жыцьцё з мэтай выкарыстаць антысавецкія настроі вернікаў і каталіцкага сьвятарства ў сваёй прапагандзе, аднак баяліся прапольскіх памкненьняў. Беларускія каталікі ў 1942 у лісьце да Кубэ прасілі дазволу, каб правесьці беларусізацыю Каталіцкай Царквы. Частка беларускіх ксяндзоў (напрыклад, Вінцэнт Гадлеўскі) спрабавала ў гэтым супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, але няўдала. Многія ксяндзы ўдзельнічалі ў антыфашыстоўскім руху, асабліва актыўным было польскае сьвятарства ў Арміі Краёвай, якая для капэлянаў і афіцэраў мела нават падпольны часопіс «Sursum corda». За ўдзел у антыфашыстоўскім руху (ці паводле абвінавачваньня ў гэтым) акупантамі было загублена больш за 100 каталіцкіх сьвятароў (у тым ліку Юры Кашыра, Антон Ляшчэвіч, сёстры-назарэтанкі). На 1945 у БССР захвалася 325 касьцёлаў, 90 былі разбураныя ў вайну.

Пасьля вайны пачалася новая хваля скасаваньня парафіяў і абмежаваньня дзейнасьці Каталіцкай Царквы, сьвятары масава выяжджалі ў Польшчу, шмат зь іх было рэпрасавана. На 1 студзеня 1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб’яданьне з 102 сьвятарамі, на 1985 — 96 аб’яднаньняў з 52 сьвятарамі. Біскупы ў дыяцэзіі не прызначаліся. Сувязі Каталіцкай Царквы ў Беларусі з Ватыканам былі парушаны (зьдзяйсьняліся нелегальна празь эпіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся ад 1975 у Рыскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі.

У сувязі зь перабудовай у СССР і ўсталяваньнем дыпляматычных адносінаў з Ватыканам палепшылася сытуацыя й на Беларусі. 25 ліпеня 1989 папа Ян Павал II рукапаклаў у біскупы й прызначыў Апостальскім адміністратарам Менску й усяе Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. Такім чынам была адроджаная Менская дыяцэзія. У 1990 у Горадні была створаная рыма-каталіцкая сэмінарыя. У 1991 была ўтвораная Менска-Магілёўская архідыяцэзія (мітраполія, у межах Менскае й Магілёўскае абласьцёў) з падпарадкаваньнем апошняй Пінскае дыяцэзіі (у межах Берасьцейскае й Гомельскае абласьцёў). 13 траўня 1991 замест Тадэвуша Кандрусевіча, які быў прызначаны Апостальскім адміністратарам эўрапейскае часткі Расеі, Менска-Магілёўскім архібіскупам быў прызначаны Казімер Сьвёнтак. 13 красавіка 1991 у межах Гарадзенскае вобласьці была створаная Гарадзенская дыяцэзія, на чале якой стаў Аляксандар Кашкевіч. 27 ліпеня 1991 была абвешчаная незалежнасьць Беларусі.

Сучасная Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будслаўскі абраз Маці Божай — адна з галоўных сьвятынь Беларусі

У 1994 былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю й Ватыканам. Першым нунцыем 18 траўня 1994 быў прызначаны архібіскуп Агастына Маркета. 5 ліпеня 1992 створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнае літаратуры на беларускую мову, дзякуючы якой падрыхтаваны да выданьня асноўныя літургічныя тэксты і шэраг іншых матэрыялаў. 26 лістапада 1994 Казімер Сьвёнтак быў менаваны кардыналам. 15 красавіка 1996 Апостальскім нунцыем для Беларусі быў прызначаны архібіскуп Дамінік Грушоўскі.

1998—1999 Апостальскай Сталіцаю былі менаваныя дапаможныя біскупы для Гарадзенскае й Пінскае дыяцэзіяў, а таксама для Менску-Магілёўскае архідыяцэзіі (Антоні Дзям’янка, Казімер Велікаселец, Кірыл Клімовіч). 25 студзеня 1999 была створаня Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі на чале з Казімерам Сьвёнткам (ад чэрвеня 2006 яе ўзначальвае біскуп Аляксандар Кашкевіч). 13 кастрычніка 1999 у межах Віцебскае вобласьці была ўтвораная Віцебская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Уладзіслаў Блін.

30 верасьня 2000 завяршыў сваю працу Сынод Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, Віцебскае і Пінскае дыяцэзіяў — першы Сынод за ўсе пасьляваенныя гады, які працягваўся чатыры гады. Сынод выпрацаваў Статуты Рымска-Каталіцкай Царквы па ўсіх галоўных кірунках яго дзейнасьці. 22 лістапада 2001 Апостольскім нунцыем у Беларусі быў акрэдытаваны архібіскуп Іван Юркавіч, 15 верасьня 2004 — Марцін Відавіч. 14 чэрвеня 2006 быў вызвалены са сваіх пасадаў (апроч пасады пінскага біскупа) кардынал Сьвёнтак, выканаўцам абавязкаў быў прызначаны Антоні Дзям’янка. 21 верасьня 2007 архібіскупам-мітрапалітам Менска-Магілёўскім быў прызначаны Тадэвуш Кандрусевіч. У 18—22 чэрвеня 2008 году адбыўся візыт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 26 лютага 2009 абраны намесьнікам старшыні Кансультатыўнае міжканфэсійнай рады пры Ўпаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. У траўні 2009 адбыўся першы ў гісторыі візыт прэзыдэнта Беларусі ў Ватыкан, дзе ён сустрэўся з Рымскім папам Бэнэдыктам XVI.

За апошнія 20 гадоў колькасьць парафіяў Рымска-Каталіцкай Царквы павялічылася ў чатыры разы, па стане на 1 студзеня 2009 у Рэспубліцы Беларусь налічваецца 467 парафіяў (у тым ліку ў 2008 зарэгістравана 10 новых парафіяў, у 2007 — 17). У краіне дзейнічаюць 9 рымска-каталіцкіх місіяў і 9 манаскіх супольнасьцяў (у тым ліку 1 манаская супольнасьць зарэгістраваная ў 2009), 451 касьцёлы (яшчэ 35 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва). У 2008 завершанае будаўніцтва 2 новых касьцёлаў. Узровень забясьпечанасьці рымска-каталіцкіх парафіяў культавымі будынкамі складае больш за 96% і зьяўляецца самым высокім сярод усіх канфэсіяў у краіне. За пэрыяд з 1988 да 2008 дзяржавай было перададзена Каталіцкай Царкве каля 300 аб’ектаў пад рэлігійныя мэты.

У рымска-каталіцкіх парафіях краіны працуюць 407 сьвятароў, зь якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). Адной з праблем РКЦ зьяўляецца значны недахоп кадраў сьвятароў. З 1990 гады працуе Вышэйшая духоўная сэмінарыя Гарадзенскае дыяцэзіі, якой падрыхтавана і выпушчана 168 чалавек. З 2001 працуе Пінская духоўная сэмінарыя, якой у 2007—2008 выпушчана 12 сьвятароў. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь таксама накіроўваюцца для навучаньня ў духоўных установах замежных краінаў. Для працы ў парафіях на 2009 запрошана з-за межы на 12 сьвятароў і 4 законьнікі менш, чым у 2008 (у параўнаньні з 2007 лік запрошаных паменшыўся на 26 сьвятароў і 15 законьнікаў). Навучэнцы духоўных сэмінарыяў маюць адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу. У адпаведнасьці з Загадам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2008 адтэрміноўка нададзеная 56 навучэнцам і сьвятарам, у 2009 — 44.

Падчас сьвята Найсьвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай у 2008 годзе

Рымска-Каталіцкая Царква шырока ажыцьцяўляе выдавецкую дзейнасьць. Сёньня ў Беларусі выдаюцца наступныя каталіцкія пэрыядычныя выданьні: часопісы «Наша вера» (ад 1995; Менск), «Дыялог» (ад 1994; Баранавічы), «Ave Maria» (ад 1994; часопіс Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Менск), «Misericordia» (Горадня), газэты «Слова Жыцця» (Горадня), «Odkupiciel» (Горадня), «Каталіцкія навіны» (ад 1995; Менск-Магілёў), «Голас Душы» (Менск), «Любите друг друга» (Менск). Функцыянуе каталіцкае выдавецтва «Pro Christo», якое выпускае рэлігійную літаратуру на беларускай мове. Беларускае радыё па нядзелях трансьлюе імшы на беларускай мове з архікатэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску, рэспубліканскае тэлебачаньне паказвае сьвяточныя калядныя і велікодныя богаслужэньні з касьцёлаў краіны, у шэрагу выпадкаў забясьпечваецца ўключэньне прамой трансьляцыі фрагмэнтаў сьвяточных богаслужэньняў з Ватыкану. Рымска-Каталіцкая Царква ў Беларусі прыняла ўдзел у правядзеньні 1 сакавіка 2008 прысьвечанага VI Эўрапейскаму Дню студэнта тэлемосту моладзі з 14 краінаў сьвету з удзелам Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI.

Штогод ладзяцца шматлікія пілігрымкі, перш за ўсё ў м. Будслаў Мядзелскага раёну. Ладзіцца штогадовы міжканфэсійны фэст духоўнае музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве. У Віцебскай дыяцэзіі ад 2005 году праводзіцца міжнародны фэст каталіцкага кіно «Магніфікат», 17 траўня 2008 году ў Віцебску праведзеная IV Міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя «Праблемы мэдычнае этыкі ў сучасным сьвеце».

Каталіцкая Царква актыўна займаецца дабрачыннасьцю. У Гомлі створаны прытулак на 50 чалавек, які абслугоўваецца сёстрамі міласэрнасьці ордэна Маці Тэрэзы. Пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі і ўва ўсіх дыяцэзіях дзейнічаюць дабрачынныя арганізацыі «Карытас», якія аказваюць значную дабрачынную дапамогу дзецям і людзям у нястачы.

Каталіцкая Царква адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцьці краіны, зьяўляючыся другой па колькасьці вернікаў канфэсіяй у нашай краіне. Яна падтрымлівае канструктыўныя адносіны зь Беларускай Праваслаўнай Царквой і іншымі канфэсіямі і рэлігійнымі кірункамі. Прызнаньне духоўнае, культурнае і гістарычнае ролі Каталіцкай Царквы ў Беларусі адзначана ў прэамбуле прынятага ў кастрычніку 2002 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб волі сумленьня і рэлігійных арганізацыях». У 2005 прэміяй Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» была адзначаная дзейнасьць пробашча парафіі Сьвятой Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага раёну ксяндза Юзэфа Булькі, у 2007 году — дзейнасьць біскупа Віцебскае дыяцэзіі Ўладзіслава Бліна. У ноч на Раство Хрыстова 25 сьнежня 2013 году калядныя набажэнствы ў каталіцкіх храмах Беларусі наведалі каля 83 000 чалавек[4]. На студзень 2014 году ў Беларусі служылі 449 каталіцкіх сьвятароў, зь якіх 314 (70 %) былі грамадзянамі Беларусі[5].

Крыніца: Алесь Жлутка, «Католическая энциклопедия»
  • Abraham W. Powstanie organizacji Kościoła łacinskiego na Rusi. Lwów, 1904. T. 1.
  • Stankiewič A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia, 1929.
  • Długosz I. Dzieje diecezji Smoleńskiej. Lwów, 1937.
  • Гарошка Л. Зара хрысьціянства на Беларусі // Божым шляхам. 76 — 81 (1957), 21 — 38.
  • Чубатий М. Історія християнства на Русі-Україні. Рим — Ню-Йорк, 1965. Т. 1.
  • Гребенников Р. В., Таратунский Ф. С. Католицизм в Западной Белоруссии // Католицизм в СССР и современность: материалы научной конференции. Вильнюс, 1971.
  • Мараш Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Минск, 1971.
  • Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
  • Мараш Я. Н. Очерки экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Минск, 1974.
  • Рапов О. М., Ткаченко Н. Г. Документы о взаимоотношениях папской курии с великим киевским князем Изяславом Ярославичем и польским князем Болеславом ІІ Смелым в 1075 г. // Вестник Московского университета. История. 1975. № 5.
  • Kumor B. Ustrój i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.
  • Мараш Я. Н. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Минск, 1983.
  • Куроедов В. А. Религия и церковь в советском обществе. 2 издание. Москва, 1984.
  • Докторов В. Г. Католицизм сегодня: некоторые вопросы идеологии. Минск, 1984.
  • 600 lat (Archi)diecezji Wileńskiej // Studia Teologiczne. 1987—1988. # 5—6.
  • Брайчевский М. Ю. Утверждение христианства на Руси. Киев, 1989.
  • Dzwonkowski R., Pałyga I. Za wschodnią granicą. 1917—1993: O Polakach i kościele w dawnym ZSSR. Warszawa, 1993.
  • Жлутка А. Лацінская літаратура як феномен беларускай культуры // Спадчына. 1993, № 2.
  • Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.
  • Hlebowicz A. Kościoł odrodzony: Katolicyzm w państwie sowieckim, 1944—1992. Gdańsk, 1994.
  • Жлутка А. Заходняе хрысціянства на Беларусі // Наша вера. 1997. № 1; 1998. № 1; 1999. № 2—3.
  • Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-ХХ ст.). Мінск, 1998.
  • Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1939: Martyrologium. Lublin, 1998.
  • Kościoł w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892—1926). Kraków, 1999.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001.
  • Маслюкоў Т. В. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ навукова-практычнай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011, с. 38—50.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]