Перайсьці да зьместу

Торвальд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Торвальд, сын Кодрана (па-ісьляндзку: Thorvaldr Kodransson, Þorvaldr Kodránsson; нарадзіўся каля 950 году, Кефлявік — памёр пасьля 1002, Полацак) — ісьляндзкі падарожнік і місіянэр, адзін зь першых апосталаў хрысьціянства ў Ісьляндыі і Беларусі.

Нарадзіўся Торвальд на поўначы Ісьляндыі ля затокі «Скага» (Skagafjоrd) у найбольш вульканічнай зоне краіны. У маладосьці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна «Вілабародага». Кароль Даніі (960—1014) і Ангельшчыны (1013—1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях ўсходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешка I. Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірляндыю і Валію. Ужо пад час паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда — усю сваю здабычу ён меняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дахаты. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна. У Ірляндыі Торвальд упершыню сутыкнуўся зь верай Хрыстовай. Багацьце і глыбіня новага вучэньня так ўразілі вікінга, што ён кінуў рыцарскія ўчынкі і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад тамтэйшага біскупа Фрэдрыка.

Спроба хросту Ісьляндыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разам зь біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся на Радзіму, «каб прывесьці сваіх братоў у сьвятло праўдзівай веры». Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, «бо біскуп Фрэдрык ня ведаў мовы краіны». У той 981 год ісьляндцы на чале з Эрыкам «Рудабародым» адкрылі Грэнляндыю. Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысьціянства прынялі родзічы й суседзі Торвальда. Упершыню праз 106 гадоў ад часу засяленьня ў Ісьляндыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Надзейнай зброяй стаў жарт. Юнакі стваралі абразьлівыя плёткі пра прапаведнікаў, якія сьпявалі на кірмашах. Напрыклад: «Біскуп 9 дзетак нарадзіў/Торвальд быў бацькам ім». Разьюшаны Торвальд забіў двух пасьмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысьціянаў. Прапаведнікі мусілі ўцякаць. Менавіта тады Торвальд даў абяцаньне: «ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесьці да сьвятла веры Хрыстовай хаця б адзін народ». Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы. У 1000 годзе, аднак, хрысьціянства было прынятае ў Ісьляндыі ў якасьці афіцыйнай рэлігіі.

У 985 годзе празь Ерусалім Торвальд прыехаў у Царград (Канстантынопаль). Тут знаны вікінг, да таго ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імпэратарам Васілём II па мянушцы «Забойца баўгараў» і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імпэратар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся «паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі». Князі (мелася на ўвазе Полацку, Ноўгараду і Пскову) мусілі выконваць усе парады Торвальда. Заўважым, што менавіта ў часы Васіля II Бізантыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасьці. Пад яе кантроль трапілі Баўгарыя, Армэнія, Грузія, паўднёвая Італія і, нарэшце, Кіеўская Русь. У 988 годзе вялікі князь кіеўскі Ўладзімер Вялікі прызнаў сябе васалам імпэратара, прыняў хрост, прызнаў духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся зь сястрой Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да полацкага князя выглядае цалкам лягічна. Гэтым полацкім князем быў Рагвалод — скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў «изь заморья имаше власть свою в Полотьске».

У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх варагаў дапамагаў місіянэрам зь перакладам казаньняў на беларускаю мову. Місія была настолькі пасьпяховай, што Торвальд вырашыў ня рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар Сьв. Яна «недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн». У Полацку адбылася сустрэча Торвальда зь іншым вікінгам-хрысьціянінам Улавам Трыгвасанам (969—1000). Гэты скандынаў з шляхетнага нарвэскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Улава была дачка польскага караля Баляслава Харобрага. Пасьля спатканьня ў Полацку Ўлаў адправіўся на Бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысьціў нарвэжцаў, і быў прызнаны першым сьвятым ў Нарвэгіі. Нацыянальны рух нарвэжцаў 19 стагодзьдзя пачаўся са сьвяткаваньняў Дня сьвятога Улава. Торвальд застаўся намесьнікам створанага ім кляштара Сьвятога Яна і памёр у Полацку пасьля 1002 году.

Месцазнаходжаньне «высокай гары ў Дрофне», дзе быў пахаваны Торвальд, дакладна не лякалізаванае. Некаторыя дасьледчыкі ідэнтыфікуюць яе з полацкім Верхнім замкам, насупраць якога на востраве, які, магчыма, раней называўся «Травен», знаходзіўся манастыр Сьвятога Яна. Не выключана, аднак, што яна знаходзілася на паўночным усходзе ад Полацка, дзе сустракаюцца падобныя па гучаньні тапонімы (напрыклад, Дрэтунь). Магчымая яе ідэнтыфікацыя з «гарой Рагнеды» на паўвостраве Перавоз паміж вусьцем ракі Ушчы пры яе ўпадзеньні ў возера Дрыса і вытокам ракі Дрысы. Паводле народнага паданьня, тут быў забіты князь Рагвалод ударам каменнага молата, а потым тут жа пахаваная княгіня Рагнеда. Як на самой гары, так і ў возеры Дрыса, паводле Адама Кіркора і Аляксандра Семянтоўскага, часта знаходзілі каменныя молаты і паліцы, што можа сьведчыць аб кульце Тора і існаваньні тут у старажытнасьці скандынаўскага пасяленьня. Зьвесткі пра Торвальда пацьвярджаюць існаваньне цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй у IX—X стагодзьдзях.

Беларускі скандынавіст і перакладнік Яўген Папакуль у камэнтары да беларускамоўнага перакладу «Пасмы пра Торвальда Вандроўніка» (з урыўкамі з «Кнігі Пляскатай Выспы» і «Сагі пра хрост») прапануе ўласную гіпотэзу наконт месца пахаваньня Торвальда:

«Пра тое, што Торвальд памёр і быў пахаваны менавіта ў Полацку, гаворыцца толькі ў «Сазе пра хрост», прычым большая частка гэтага ўрыўка — віса якогась Бранда Вандроўніка:

Hefk þar komіt,

es Þorvaldі

Koðránssynі

Krіstr hvíldar lér.

Þar es hann grafіnn

í há fjallі

upp í Drafnі

at Jóhanneskіrkju.

Я дайшоў да месца,

дзе славуты Торвальд,

Кодранаў нашчадак,

сьвет жывых пакінуў.

Там ён пахаваны

на гары высокай

над ракой бурлівай

ля царквы Прадцечы.

Самы цікавы тут радок — «upp í Drafnі», які ў «Пасьме» называецца гарой «Dröfn». Аднак «Dröfn» — гідронім. І ня толькі таму, што рака з аналягічнай назвай згадваецца ў «Туле імёнаў» у «Эдзе» Сноры Стурлусана. Гэта яшчэ й імя адной зь дзевяці дачок Эгіра, якое азначае «вялікую хвалю», «вал». Па сутнасьці, імем любой дачкі Эгіра маглі назваць абсалютна любы водны аб’ект. Таму ў дадзенай вісе, на наш погляд, «Dröfn» — не што іншае, як хэйці воднага аб’екта каля Полацка «зь вялікімі хвалямі». А ўлічваючы, што першапачаткова Полацак знаходзіўся на правым беразе Палаты, у якой хвалі не такія ўжо й вялікія, лепшым прэтэндэнтам на званьне «Dröfn» выступае Заходняя Дзьвіна. І «upp í Drafnі», такім чынам, можа перакладацца як «зьверху высокай хвалі», то бок «над Дзьвіной» (у тэксьце для захаваньня хэйці радок перакладзены як «над ракой бурлівай»).

Дык дзе ж тады пахаваны Торвальд? У нас ёсьць высокая гара над Дзьвіной непадалёк ад Полацка (які, як ужо згадвалася, у тыя часы знаходзіўся на правым беразе Палаты). Адзіны варыянт — Верхні замак. Што ж магло адбыцца? Торвальд прыбыў у Полацк, збудаваў блізу горада царкву (хутчэй за ўсё, невялічкую драўляную капліцу) на тэрыторыі Верхняга замка. Па сьмерці яго пахавалі каля гэтай капліцы. Празь некалькі год капліца згарэла. А трохі пазьней праўнук скандынава Рагвалода Ўсяслаў Чарадзей загадаў збудаваць на ўжо «намоленым» месцы (прычым намоленым таксама скандынавам) Сафійскі сабор.

А як жа быць з апісаньнем кляштара на гары Дрофн з «Пасмы» — «Það klaustur stendur undіr hábjargі er heіtіr Dröfn»? Насамрэч, уся гэтая частка, нават калі не браць у разьлік, што Полацак у ёй наогул не згадваецца, выглядае надта непраўдападобна. І наконт «гары, што завецца Дрофн» — хутчэй за ўсё, перапісчык (ужо адарваны ад скальдычнай традыцыі) проста не «расчытаў» хэйці ў вісе.

Але ўлічваючы, што «Пасма» была створаная значна пазьней за апісаныя там падзеі, у яе маглі трапіць і больш позьнія рэаліі. Таму згадка сабора (höfuðkіrkja) з кляштарам можа тычыцца менавіта Сафійскага сабора, які, безумоўна, бачылі скандынавы-вандроўнікі (а хутчэй за ўсё й Бранд), і ля якога на той час захавалася магіла Торвальда. У такім выпадку ўзьнікае яшчэ адно пытаньне: чаму ж тады Сафійскі сабор названы саборам у гонар Яна Хрысьціцеля? Пры гэтым усе цэрквы на тэрыторыі Ісландыі, пра якія гаворыцца ў дадзеных тэкстах і якія, безумоўна, маглі бачыць і наведваць перапісчыкі, — проста безназоўныя цэрквы (kіrkja). Уся справа можа быць у спэцыфіцы гэтых твораў, бо яны, кажучы сучаснай мовай, — прапагандысцкія. І іхняя галоўная мэта, асабліва «Пасмы», — паказаць усе перавагі новай веры над старой. А таму ў творы так шмат апісаньняў цудаў і столькі хрысьціянскага сымбалізму. Што ж да апошніх гадоў жыцьця Торвальда — дык перад намі стоадсоткавае апісаньне, якое можна сустрэць у многіх «жыціях», дзе абавязкова мусіць быць наведваньне сьвятых мясьцінаў Ерусаліма (у дадзеным кантэксьце можна згадаць «Жыціе прападобнай Ефрасіньні Полацкай»).

У сувязі з гэтым назва сабора таксама можа мець сымбалічную мэту, каб у нейкай ступені параўнаць Торвальда, першага прапаведніка Ісландыі й земляў Усходняй Эўропы, зь Янам Прадцечам. Таму й спрабаваць атаясамляць кляштар Торвальда зь Янавым манастыром на Востраве — наўрад ці варта. Дый полацкі Востраў — занадта адметная лякацыя, каб яе наўпрост не назваць у вісе «востравам». Такім чынам, Торвальд, сын Кодрана, калі ён у свой час усё ж дабраўся да Полацка, верагодней за ўсё пахаваны дзесь каля Сафійскага сабора. А сам сабор, хутчэй за ўсё, стаіць на месцы Торвальдавай капліцы»[1].

  • Алесь Белы, Вера Рыч, Андрэй Катлярчук // . — Мн.: .
  • Rafn C. C. Antiquites russes d’apres les monuments historiques des Islandais et des anciens Scandinaves. T. 2. Copenhague, 1852.
  • Hauksbok. Ed. J. Helgason. (Ser. Manuscripta Islandica. Vol. 5). Copenhagen, 1960.
  • Рыч В. Раньняя сьвятыня на Беларусі // Божым шляхам. № 1, 1965.
  • Легенды і паданні. Мн., 1983. с. 281.
  • Киркор А. К. Белорусское Полесье // Живописная Россия. Репринтное воспроизведение изд. 1882 г. Мн., 1993. с. 248.
  • Struminski B. Linguistic Interrelations in Early Rus’. Northmenn, Finns, and East Slavs (Ninth to Eleventh Centuries). Rome, 1996.
  • Катлярчук А. Швэды ў гісторыі і культуры Беларусі. Вільня, 2007
  • Эда. Забытыя песні / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Яўгена Папакуля. — Мінск : Тэхналогія, 2023. — С. 235-238.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Эда. Забытыя песні / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Яўгена Папакуля. — Мінск : Тэхналогія, 2023. — С. 235-238.