Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
У Вікіпэдыі ёсьць артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Богуш.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Невядомы мастак, XVIII ст.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Невядомы мастак, XVIII ст.
POL COA Siestrzencewicz.svg
Герб «Сестранцэвіч»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 3 верасьня 1731
Сьвіслацкі раён
Памёр 1 сьнежня 1826
Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Пахаваны Санкт-Пецярбург і Касцёл Святога Станіслава[d]
Род Богуш-Сестранцэвічы
Дзейнасьць пісьменьнік і ксёндз

Станісла́ў Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасьня 1731, маёнтак Занкі Ваўкавыскага павету[1] — 1 сьнежня 1826) — беларускі[1] рэлігійны дзяяч, літаратар, навуковец.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік пратэстанцкага шляхецкага роду Богуш-Сестранцэвічаў гербу ўласнага, сын Івана, старадубскага кусташа, і Карнэліі з Адзінцовых, каталічкі паводле веры.

Родным дзядзькам пісьменьніка быў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будучы кальвіністам, скончыў Слуцкую гімназію, працягваў навучаньне ва ўнівэрсытэтах Караляўца, Франкфурта, Амстэрдама і Лёндана.

Служыў у пяхоце прускага войска, у літоўскай кавалерыі. У 1761 годзе пайшоў у адстаўку ў чыне капітана. За час службы ў войску не нажыў багацьця, таму ўладкаваўся настаўнікам да Радзівілаў. У гэты час ён зьмяніў сваю веру і прыняў каталіцтва. Паспрыяць гэтаму маглі розныя прычыны: магчыма, гэта вяртаньне да веры маці; альбо няўдалае каханьне, калі дзяўчына не пажадала выйсьці замуж за кальвініста, але і не дачакалася, пакуль ён зьменіць веру[1]; або цікавасьць каталіцкага ордэна піяраў да вельмі адукаванага маладога чалавека; або звычайна жаданьне зрабіць кар’еру.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Сьв. Станіслава, збудаваны ў Маляцічах С. Богуш-Сестранцэвічам

У 1762 годзе праслухаў курс багаслоўя ў галоўнай калегіі піяраў у Варшаве, у наступным годзе пасьвечаны ў духоўнае званьне. Пробашч у Бабруйскскай і Гомельскай парафіяў.

3 кастрычніка 1773 — тытулярны біскуп Малінскі (Mallus), атрымаў празначэньне на Беларускую суфраганію Віленскай арцыдыяцэзыі.

У 1780 годзе Кацярына II зьвярнулася да папы Піюса VI па дазвол на стварэньне на Беларусі каталіцкага арцыбіскупства са сталіцай у Магілёве на чале з С. Богуш-Сестранцэвічам.

8 сьнежня 1783 году атрымаў прызначэньне на афіцыйна ўтвораную Ватыканам Магілёўскую арцыдыяцэзыю. Арцыбіскупства складалася з касьцёлаў у Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губэрнях, а таксама ў цэнтральнай частцы Расейскай імпэрыі.

Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу

Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), у якой выдавалася духоўная і сьвецкая літаратура, урадавыя пастановы. З 1780 году жыў у Магілёве, дзе ў 1783 годзе адкрыўся заснаваны ім тэатар, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі.

З 1801 году і да канца сваіх дзён жыў у Пецярбургу. Апекваўся навукай і сам працаваў у галіне гісторыі, філялёгіі, мэдыцыны і інш. У 1813 годзе прэзыдэнт Вольнага эканамічнага таварыства і часова — прэзыдэнт Расейскай Акадэміі навук.

Вёў пасьпяховую гаспадарчую дзейнасьць: заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі друкары і дываноўшчыкі, меў цудоўную аранжарэю ў Буйнічах.

Да канца жыцьця заставаўся арцыбіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расеі, адміністратарам Віленскай вакантнай эпархіі, старшынём рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Кавалер ордэнаў Андрэя Першазваннага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзімера Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла сьвятога Станіслава і Яна Ерусалімскага.

Уласную маёмасьць пакінуў сваякам; бібліятэку (3 тысячаў тамоў), грашовыя сродкі (20 тысячаў рублёў), розныя навуковыя рэчы і прылады — касьцёлу сьвятога Станіслава ў Пецярбургу; дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансысторыі. Ягоных слугаў нашчадкі мусілі вызваліць з прыгону.

Памёр на 96 годзе жыцьця, і быў пахаваны ў касьцёле сьвятога Станіслава ў Пецярбургу.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыхільнік ідэяў гуманізму і асьветніцтва, спрыяў адкрыцьцю школаў на Беларусі, разьвіцьцю кнігадрукаваньня.

Аўтар вершаў, казаньняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788).

У 1793 годзе ў Магілёве была выйшла кніга С. Богуш-Сестранцэвіча «Аб Заходняй Русі» (на польскай мове). Пазьней напісаў «Гісторыю Таўрыі» (1800), «Аб паходжаньні славян і сарматаў» (1812). Апроч таго, у рукапісах пакінуў паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцьці Ачакава». Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч склаў «Граматыку літоўскаю» са слоўнікам (не публікавалася, рукапіс ня знойдзены) — Адам Мальдзіс, а за ім Генадзь Каханоўскі, мяркуюць, што пад «літоўскай» мовай, мабыць, мелася на ўвазе беларуская, аднак Сяргей Запрудзкі паказаў, што ў разьдзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян...» (1812) С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то бок пад «літоўскай» мовай разумее летувіскую[2].

Захапляўся помнікамі старажытнасьці, зьбіраў манускрыпты.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 52.
  2. ^ Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22.
  • Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  • Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 сьнежня 1992.
  • Stanislaus Bohush v. Siestrzencewicz, ein polnischer Malev// Shein werfer (Wilna). - №34. - 2 Gilbhart 1916.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Станіслаў Богуш-Сестранцэвічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў