Віт (наваградзкі біскуп)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Бласлаўлёны Віт». Невядомы мастак, XVII ст.

Віт (па-лацінску: Vitus, Veit; ? — 1269) — дамініканін, першы (разам з Хрысьціянам) дакумэнтальна засьведчаны легітымны біскуп на беларускіх землях[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў, відаць, зь земляў, дзе быў пашыраны культ сьвятога Віта (Саксонія, Вэстфалія, Чэхія, Польшча). Вучань сьвятога Яцка Адрованжа, заснавальніка Закону дамініканаў у Польшчы. Магчыма, што да зьяўленьня на беларускіх землях удзельнічаў у місіянэрскай працы ў Прусіі (ад 1240 году ёй кіраваў даміканскі правінцыял Гайдэнрык, пазьней прызначаны першым Кульмскім біскупам).

У 1251 годзе годзе біскуп Гайдэнрык атрымаў даручэньне ад папы Інакенцыюса IV знайсьці адпаведную асобу й пасьвяціць у біскупы для караля Міндоўга й яго дзяржавы. Не выключана, што Віт прыкладна ў гэты час ужо працаваў на беларускіх землях у складзе місіі ці на яе чале. У 1253 годзе гнезьненскі арцыбіскуп Пэлка высьвяціў у вёсцы Казлоў каля Сахачава на Мазовіі Віта на біскупа Літвы (in Littoviam). Як вынікае зь некаторых гістарычных крыніц, гэтае пасьвячэньне адбылося на ініцыятыву й, магчыма, пры ўдзеле біскупа Гайдэнрыка, які меў на гэта адпаведныя паўнамоцтвы ад папы. У крыніцах узгадваецца як «episcopus Lubusensis (Lubecensis, Lubuzensis, Lubozanus)» — біскуп Любчанскі (Любецкі), а таксама як «episcopus Litovie (Lithoviensis, Littoviensis, Lithwaniensis, Lithomiriensis, Luthomiriensis)» — біскуп Літвы (Літоўскі). Гэта дало падставу лякалізаваць першую рэзыдэнцыю біскупа ў Любчы на Новагародчыне, а зьмену тытулу на іншы зьвязаць зь пераносам сялібы біскупа ў іншы населены пункт або з узвышэньнем статусу дыяцэзіі да дзяржаўнага ўзроўню. Паводле некаторых зьвестак, Віт не дагадзіў Міндоўгу й не паладзіў зь мясцовым насельніцтвам, таму быў выгнаны з краю й нават паранены. У 1255 годзе папрасіў у папы Аляксандра IV вызваленьня ад свае пасады. Звольнены зь яе паскім лістом ад 1 сакавіка 1255 году з захаваньнем тытулу (на яго месца быў прызначаны Хрысьціян).

Выконваў абавязкі біскупа-суфрагана Ўроцлаўскае, пасьля Пазнанскае дыяцэзіі. Апошнія гады жыцьця правёў у Кракаве, дзе быў спавядальнікам князя Баляслава Сарамлівага. Пахаваны ў кракаўскім дамініканскім касьцёле побач з сваім настаўнікам сьвятым Яцкам Адрованжам.

Пасьля бэатыфікацыі сьвятога Яцка ў 1543 годзе парэшткі Віта былі перапахаваныя пад аўтаром сьвятога Пятра. Пасьля кананізацыі сьвятога Яцка ў 1594 годзе кардынал і кракаўскі біскуп Юры Радзівіл выставіў рэліквіі Віта для публічнага ўшанаваньня. Яны зьмяшчаліся ў саркафагу сьвятога Яцка пад ягонай алябастравай статуяй. У ХХ ст. рэліквіі Віта былі перанесеныя ў капліцу сьвятога Крыжа, дзе яны захоўваюцца й сёньня ў сьценным аўтары.

Афіцыйнае бэатыфікацыі Віта не было, тым ня менш ён вельмі шанаваўся, а многія аўтары агіяграфічных твораў называлі яго «блаславённым». Дамінікане верылі ў ягоную сьвятасьць і зьвязвалі зь ім шматлікія цуды. У дамініканскім кляштары захоўваўся пэргамэнтны рукапіс, напісаны Вітам: «De christianorum in Lithovia conditione deplorabii, ad sanctissimum et beatissimum patrem dominum Innocentum papam quatrum, fratris Viti de Ordine Praedicatorum episcopi Litoviensis, epistola» («Пра гаротны стан хрысьціянаў у Ліцьве ліст да сьвятога й блаславённага айца папы Інацэнта IV ад брата Закону абвяшчальнікаў Віта, біскупа літоўскага»). Твор загінуў падчас пажару 1850 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Жлутка, Марак Мілавіцкі. Віт // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 446.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віт (наваградзкі біскуп)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў