Божае Нараджэньне
Хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | Нараджэньне Ісуса Хрыста ад Дзевы Марыі |
---|---|
Дата | 25 сьнежня [ст. ст. 7 студзеня] |
Нараджэ́ньне Хрысто́ва[1] — адно з найгалоўнейшых хрысьціянскіх сьвятаў, калі адзначаецца нараджэньне Ісуса Хрыста 25 сьнежня [ст. ст. 7 студзеня] . Іншыя назовы: Раство́ Хрыстова (пераважае ва ўжываньні), Бо́жае Нараджэ́ньне (сярод каталікоў), Нараджэ́ньне Госпада (Па́на),[1].
25 сьнежня Нараджэньне Хрыстова сьвяткуе большасьць хрысьціянаў сьвету: Каталіцкая Царква (у тым ліку і Беларуская грэка-каталіцкая царква), пратэстанцкія цэрквы і 10 зь 16 праваслаўных аўтакефальных цэркваў паводле новаюліянскага календара(uk)[2]. Паводле юліянскага календара, дзе 25 сьнежня прыпадае на 7 студзеня, Нараджэньне Хрыстова адзначаюць 6 зь 15 кананічных праваслаўных аўтакефальных цэркваў, у тым ліку Расейская праваслаўная царква з прыходамі ў Беларусі (Беларускі экзархат), шэраг грэка-каталіцкіх цэркваў і Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтая сэкцыя можа зьмяшчаць матэрыял неэнцыкляпэдычнага характару. Калі ласка, палепшыце яе згодна з правіламі афармленьня артыкулаў. |
Ісус Хрыстос нарадзіўся ў Прачыстае Дзевы Марыі падчас праўленьня рымскага імпэратара (кесара) Актавіяна Аўгуста. Дакладная дата нараджэньня Ісуса Хрыста невядомая, але зьвесткі з эвангельляў дазваляюць зрабіць выснову, што гэта адбылося не раней за 6 год да н. э. Паводле эвангельляў ад Мацьфея і эвангельля ад Лукаша Ісус нарадзіўся незадоўга да сьмерці Ірада Вялікага, які памёр у 4 годзе да н. э. Паводле загаду кесара ў імпэрыі праводзіўся ўсенародны перапіс. Палестына, якая была пад уладай цара Ірада, таксама падначальвалася Рыму, таму ўсе яе жыхары, згодна звычаю, павінны былі адправіцца ў вызначаныя кожнаму калену, племені й роду прабацькоўскія мясьціны, каб унесьці свае імёны ў сьпіс рымскіх падданых. Дзева Марыя і заручаны зь Ёю Сьвяты Язэп былі з роду цара Давіда і пайшлі з Назарэту ў Давідаў горад Бэтлеем (цяпер на тэрыторыі Палестыны). З прычыны сваёй беднасьці й вялікай колькасьці народу ў горадзе яны не змаглі спыніцца ў гасьцініцы і вымушаныя былі разьмясьціцца ў вапняковай пячоры, куды пастухі ў непагадзь заганялі скаціну. У такіх абставінах, ня маючы ня толькі зямной велічы, але звычайных умоваў, апоўначы па субоце (як апавядае царкоўнае паданьне) Прасьвятая Дзева нарадзіла Богадзіця. Яна сама спавіла Яго і паклала ў ясьлі, прызначаныя для кармленьня скаціны.
Першымі дазналіся пра Нараджэньне Збавіцеля бэтлеемскія пастухі. Раптам зьявіўся перад імі анёл Божы і сьвятло Гасподняе азарыла іх, яны ж разгубіліся. Анёл сказаў ім: «Ня бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям. Цяпер нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збавіцель, Хрыстос Гасподзь. І вось вам знак, па якім вы пазнаеце Яго: вы знойдзеце Дзіця спавітае ў ясьлях». І толькі анёл сказаў гэта пастухам, як нечакана зьявілася зь ім мноства воінства нябеснага, пяючы: «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у чалавеках благаваленьне» (у Каталіцкім Касьцёле: «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі»). Калі анёлы зьніклі, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і паглядзім, што там здарылася». Яны прыйшлі ў пячору і ўбачылі Марыю, Язэпа й Дзіця, што ляжала ў ясьлях. Пакланіўшыся Дзіцяці, пастухі расказалі, што ім было пра Яго абвешчана. Марыя ж захоўвала ўсе іхныя словы ў сваім сэрцы. Пасьля гэтага пастухі вярнуліся да сваіх статкаў, славячы і дзякуючы Бога за ўбачанае і пачутае.
Згодна закону, на восьмы дзень пасьля нараджэньня Дзіцяці, Маці Яго зь Язэпам далі Яму імя Ісус, як было ўказана Госпадам праз анёла (Ісус азначае «збавіцель», Хрыстос — Божы пасланец, «мэсія»). Усьлед за гэтым прыйшлі з усходу ў Ерусалім вешчуны-астролягі й пачалі пытацца: «Дзе Цар юдэйскі, які нарадзіўся? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе й прыйшлі пакланіцца Яму». Калі дазнаўся пра гэта цар Ірад, то надта ўсхваляваўся, бо думаў, што нованароджаны Цар адбярэ ў яго пасад. Ён сабраў першасьвятароў і вучоных-кніжнікаў і запытаўся: «Дзе мае нарадзіцца Хрыстос?» Тыя адказалі: «У Бэтлееме, як прадказана прарокам Міхеем». Тады Ірад, сабраўшы вешчуноў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі й сказаў ім: «Ідзіце, разьведайце пра Дзіцятка, а калі знойдзеце, то паведаміце мне, каб і я Яму пакланіўся». Сам жа надумаў загубіць Ісуса. Вешчуны падаліся ў Бэтлеем сьледам за зоркаю, якая рухалася перад імі і прывяла да месца, дзе было Дзіця. Яны ўвайшлі, убачылі Дзіця з Маці Яго, пакланіліся і паднесьлі Яму сымбалічныя дары: золата як Цару, ладан як Богу і сьмірну як прысуджанаму да пакараньня сьмерцю. Атрымаўшы затым у сьне папярэджаньне ад Бога не вяртацца да Ірада, вешчуны вярнуліся ў сваю краіну кружным шляхам. І паводле паданьня, вешчуноў звалі Мельхіёр, Гаспар і Бальтазар (Тры каралі), і былі яны прадстаўнікамі трох расаў роду чалавечага (нашчадкамі Сіма, Хама і Іафета). Пасьля яны прынялі хрысьціянства і прызнаныя сьвятымі.
Сьвяткаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праваслаўная традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да ўрачыстага сьвяткаваньня Ражджаства Хрыстовага праваслаўныя вернікі рыхтуюцца саракадзённым постам (28 лістапада — 6 студзеня па новым стылі), які называецца Піліпаўкай. Калядныя сьвяты («Сьвяткі») працягваюцца з 7 па 17 студзеня. У гатыя дні дазваляецца ўсё есьці, нават па серадах і пятніцах, па днях, у якія здычайна не ўжываецца скаромнае.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Раства Хрыстовага, глас 4
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раждаство Тваё, Хрысьце Божа наш,
азарыла сьвет сьвятлом ісьціны,
бо празь яго служыцелі зорак
зоркаю наву́чаны былі
пакланяцца Табе, Сонцу праўды,
і пазнаць у Табе Ўсход з вышыні.
Госпадзі, слава Табе.
Кандак сьвята Раства Хрыстовага, глас 3
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзева сёньня нараджае Вышэйшага за ўсялякую істоту,
і зямля вярцеп Непрыступнаму прыносіць;
ангелы з пастухамі славасловяць,
а валхвы з зоркаю падарожнічаюць;
бо дзеля нас нарадзілася Дзіцятка Малое — Спрадвечны Бог.
Задастойнік сьвята Раства Хрыстовага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Велічай, даша мая, Пачэсьнейшую і Слаўнейшую за нябесныя войскі Дзеву, Прачыстую Багародзіцу. Зручней нам захоўваць маўчаньне, якое не выклікае страх, бо зь любоўю да Цябе, Дзева, ствараць песьні, зладжана складзеныя, нялёгка; але, Маці, дай нам сілы, наколькі маем стараньня.
Каталіцкая традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвяту Божага Нараджэньня папярэднічае Адвэнт — літургічны пэрыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэньня. Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасьці Нараджэньня Пана, калі ўзгадваецца першае прыйсьце Хрыста, а таксама час, калі вернікі скіроўваюць свае думкі да другога прыйсьця Хрыста на сканчэньні вякоў. Такім чынам, адвэнт — гэта час радаснага чаканьня. Пэрыяд адвэнту падзяляецца на дзьве часткі: першая мае эсхаталягічны характар, а другая прысьвечаная непасрэднай падрыхтоўцы да Божага Нараджэньня. Дзень 17 сьнежня зьяўляецца мяжой гэтага падзелу. Адвэнт у сьціслым сэнсе не зьяўляецца постам, пэрыядам пакаяньня. Гэта — час радаснага чаканьня Езуса.
Адвэнт завяршае вігілійная вячэра, якая пачынаецца на зьмярканьні 24 сьнежня. У кожным доме рыхтуецца накрыты стол, за якім зьбіраецца ўся сям’я. На стале мусяць знаходзіцца найбольш смачныя посныя стравы, сярод якіх абавязковае мае быць крупяная каша — куцьця. Звычай вігілійнай вячэры зьявіўся ў Беларусі ў ХVІІІ ст.
Вігілійную вячэру распачынаюць зь дзяленьня аплаткай — прэсным белым хлебам, загадзя асьвечаным. Аплатка — гэта сымбаль Хрыста. Перад вячэрай пры сьвятле зьнічкі, што сымбалізуе бэтлеемскую зорку, чытаюць урывак з Эвангельля паводле сьвятога Лукі, у якім апісваецца нараджэньне Езуса ў Бэтлееме.
Пасьля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у касьцёл. Напярэдадні Божага Нараджэньня ў найбольш заўважным месцы кожнага каталіцкага храма ствараецца невялічкая кампазыцыя, якая ілюструе сцэну нараджэньня Хрыста. Над ясьлямі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, схіляецца ягоная маці і сьвяты Язэп. Ясьлі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме, на сьвяточным стале сымбалізуе жменя сена пад белым абрусам.
Сьвятая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка — ад лацінскага слова pastor (пастух). Бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясьцілі навіну пра Нараджэньне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі. Менавіта яны першымі прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам зь імі — іх жывёла.[4]
Народная традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля́ды (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлянаў) — народнае зімовае сьвята дахрысьціянскага паходжаньня, зьвязана зь першым павелічэньнем самага кароткага дня. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і сьвяткаваньняў займала 1-е месца. З усталяваньнем хрысьціянства прымеркаванае да рэлігійных сьвятаў Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысьціянскі рытуал сьвяткаваньня Калядаў шчыльна пераплецены з народнай сьвяточнай традыцыяй. Каляды працягваюцца з 24 сьнежня да 6 студзеня. Для Калядаў характэрныя тры абрадавыя вячэры (куцьці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м сьвяточным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) зь мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам, посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаваньне, варажба, шматлікія забавы, гульні; сьпявалі калядныя песьні.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Паляшчук, Натальля. Слова як сьвята // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2012. — № 34 (27149). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гацак, Максім.. Забудзьцеся пра «праваслаўны» і «каталіцкі» Вялікдзень // Крыніца.info, 11 красавіка 2016 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.
- ^ Царкоўныя сьвяты і пасты // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.
- ^ Як сустракаць Каляды згодна з традыцыяй // Наша Ніва, 22 сьнежня 2006
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Быль, Віталь. «Як шляхта каляды спраўляла» // ARCHE Пачатак: часопіс, 2 студзеня 2012
- Шчыры, Тарас. Сімвалы, напоўненыя сэнсам // Ігуменскі тракт. — 23 сьнежня 2014. — № 41 (100). — С. 10.
- Раство // Крыніца.info, 6 лютага 2016 г. Праверана 6 чэрвеня 2016 г.