Бізантыйскі абрад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
бізантыйскі абрад
літургія
Падкляса адусходні абрад, хрысьціянскі літургійны абрад Рэдагаваць
Частка больш агульнагаусходнія хрысьціянскія цэрквы Рэдагаваць
Названа ў гонарБізантый, Канстантынопаль Рэдагаваць
Выкарыстоўваеццаправаслаўная царква, грэка-каталіцкая царква, byzantine christian Рэдагаваць
Процілеглалацінскі абрад Рэдагаваць

Бізанты́йскі абра́д (грэ́цкі абра́д або чын) — адзін з усходніх літургічных абрадаў, які выкарыстоўваецца ў Праваслаўных і Грэка-Каталіцкіх Цэрквах, а таксама, хаця й вельмі рэдка, у рэлігійных арганізацыях, якія ня могуць быць аднесеныя ні да праваслаўя, ні да каталіцтва.

Разьвіцьцё абраду пачалося ў IV стагодзьдзі ў Канстантынопалі, і цяпер гэта самы распаўсюджаны абрад у згаданых Цэрквах (пасьля рымскага). Спачатку ў якасьці літургічнай мовы ў бізантыйскім абрадзе выкарыстоўвалася грэцкая мова, але пасьля распаўсюджваньня абраду на тэрыторыі пражываньня славянскіх народаў, а таксама дзякуючы дзейнасьці Кірыла й Мяфодзія, адначасова з грэцкай стала выкарыстоўвацца царкоўнаславянская мова. Пасьля Другога Ватыканскага Сабору (XXI Сусьветны Сабор у Каталіцкай Царкве) у бізантыйскім абрадзе актыўна пачалі выкарыстоўвацца нацыянальныя мовы.

Да абраду таксама маюць дачыненьне архітэктурныя й іканапісныя асаблівасьці, літургічныя музыка й адзеньне, парадак посту, традыцыі й г. д.

У бізантыйскім абрадзе больш строгі пост, чым у рымскім: у звычайны час пост ня толькі ў пятніцу, але й у сераду. У розных традыцыях і Цэрквах пост захоўваецца па-рознаму: дзесьці забараняецца толькі мяса, а дзесьці забараняецца ўся ежа жывёльнага паходжаньня. Таксама ёсьць чатыры посных пэрыяды: Вялікі, Пятроў, Усьпенскі й Філіпаў пост. На сёньняшні дзень, у бізантыйскім абрадзе практыкуюцца Літургіі Яна Залатавуснага, Васіля Вялікага, Апостала Якава й Раней асьвячаных Дароў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова на ўсходзе былі дзьве асноўныя традыцыі: антыяхійская ў Сырыі й александрыйская ў Эгіпце. Шмат літургістаў лічаць, што ў першыя стагодзьдзі з антыяхійскай традыцыі выдзелілася сіра-азіяцкая група, а ў ІV стагодзьдзі сфармаваўся асаблівы абрад, сучасную варыяцыю якога называюць бізантыйскім, ці грэцкім.

Грэка-каталіцкі архімандрыт Робэрт Тафт у сваёй працы «Бізантыйскі царкоўны абрад. Кароткі нарыс» вылучае пяць асноўных пэрыядаў у гісторыі абраду:

  1. Палеабізантыйская, ці «даканстантынавая», эра (?—325): практычна нічога не вядома.
  2. «Імпэрская» эра (325—610): асабліва яскравая з часоў кіраваньня імпэратара Юстыніяна І. У гэты час фарміруецца саборнае богаслужэньне.
  3. «Цёмныя стагодзьдзі» (610—850): абрад становіцца падобным да таго, што практыкуецца сёньня.
  4. Студыцкая эра (850—1204): адбываецца шмат рэформаў у дачыненьні да Эўхарыстычнага чыну.
  5. Неасаваіцкі сынтэз Лацінскай Імпэрыі (1204—1261): канчатковае фарміраваньне абраду.

Далейшыя рэформы абраду пасьля падзеяў, якія апісаў айцец Робэрт Тафт, былі не такімі значнымі, але ўсё жа трэба зьвярнуць увагу на тое, што абрады разьвіваліся й далей, асабліва ў XIX-XX стст., калі пачалі зьяўляцца новыя дзяржавы, якія атрымлівалі свае ўласныя Цэрквы. Напрыклад, ва Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царкве абрад адрозьніваецца ад Расейскай Грэка-Каталіцкай Царквы, дзе абрад такі ж самы, як і ў Расейскай Праваслаўнай Царкве.

У сярэдзіне XVII ст. на тэрыторыі сучаснай Расеі падчас рэформаў Нікана абрад быў падведзены да таго варыянту, што ў той момант існаваў на тэрыторыі сучаснай Грэцыі. Перадгісторыяй сытуацыі было тое, што, з прычыны канфлікту Праваслаўных Цэркваў у Расеі й Грэцыі, Расея пайшла ў ізаляцыю ад астатняга бізантыйскага рэлігійнага сьвету. Менавіта таму да рэформаў Нікана бізантыйскі абрад у Расеі выглядаў гэтак жа, як у Грэцыі некалькі стагодзьдзяў раней. Прыхільнікі старой маскальскай формы бізантыйскага абраду захаваліся й сёньня — гэта, так званыя, стараабрадцы, ці стараверы.

Адначасова рэформы адбываліся й у межах Грэка-Каталіцкіх Цэркваў: напрыклад, у 1720 годзе нашчадкі Берасьцейскай Царкоўнай Уніі правялі Замойскі Сынод, які ўніфікаваў грэка-каталіцкія богаслужэньні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Богаслужэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Боская Літургія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бізантыйскі абрад налічвае чатыры варыянты Боскай Літургіі:

  1. Літургія Яна Залатавуснага: зьяўляецца асноўнай формай Боскай Літургіі, якая адпраўляецца заўсёды, акрамя выпадкаў, калі служыцца іншая Літургія.
  2. Літургія Васіля Вялікага: адпраўляецца некалькі разоў на год у наступныя дні:
    • Дзень памяці Сьвятога Васіля Вялікага;
    • Вігілія й дзень перад Хрышчэньнем Гасподнім;
    • 1, 2, 3, 4 і 5 нядзелі Вялікага Посту.
    • Вялікі чацьвер і Вялікая субота.
  3. Літургія Раней Асьвячаных Дароў: па сутнасьці, зьяўляецца Вячэрняй, зьвязанай зь Эўхарыстыяй. На гэтай Літургіі адсутнічае Праскамідыя. Адпраўляецца ў час Вялікага Посту, акрамя суботы (Яна Залатавуснага) і нядзелі (Васіля Вялікага).
  4. Літургія Апостала Якава: сёньня зьяўляецца вельмі рэдкай Літургіяй, практычна нікім не адпраўляецца. Але калі дзесьці яна ёсьць, то служыцца ў Дзень Сьвятога Апостала Якава (23 кастрычніка), 26 сьнежня й 4 студзеня.

Сутачнае кола (гадзіны)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сутачнае богаслужэбнае кола ў бізантыйскім абрадзе складаецца зь некалькіх частак, якія служацца ў асаблівы час, але сучасная практыка не прытрымліваецца абавязковага выкананьня гэтых правіл. Так, у Маскальскай Праваслаўнай Царкве Ютрань ідзе адразу пасьля Вячэрні, увечары.

Назва богаслужэньня па-грэцку Назва па-беларуску Гістарычны час богаслужэньня Сэнс
Ἑσπερινός (Эспэрінос) Вячэрня На захадзе Сонца Праслаўленьне Бога, Стварыцеля сусьвету й Яго Провіду
Ἀπόδειπνον (Апóдзіпнон) Павячэр’е У час, калі ўсе засынаюць Вобраз сна, акрэсьлены Сыходжаньнем Хрыста ў Пекла пасьля Яго Сьмерці
Μεσονυκτικόν (Мэсанікцікон) Паўночніца Апоўначы Паўночная малітва ў Гефсіманіі; напамін быць гатовым да прыйсьця Жаніха апоўначы й да Апошняга Суду
Ὄρθρος (Артос) Ютрань Сьвітанак Госпад даў нам ня толькі дзённы сьвет, але й духоўны. Хрыстус — Збаўца.
Πρώτη Ὥρα (Проці Ора) Першая гадзіна 7 гадзін Хрыстус устаў перад Пілатам
Τρίτη Ὥρα (Трыці Ора) Трэцяя гадзіна 9 гадзін Суд на Хрыстом і Сашэсьце Сьвятога Духа ў дзень Пяцідзясятніцы
Ἕκτη Ὥρα (Экці Ора) Шостая гадзіна Апоўдні Расьпяцьце Хрыста
Ἐνάτη Ὥρα (Энаці Ора) Дзявятая гадзіна 15 гадзін Сьмерць Хрыста
Τυπικά (Ціпіка) Абедніца Можа быць пасьля шостай ці дзявятай гадзіны

Чыны Таінстваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чын Хрышчэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У звычайнай сытуацыі Таінства Хрышчэньня выконваецца праз трохразовае пагружэньне з галавой у купель з асьвячонай вадой — у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. У некаторых выпадках дазваляецца Хрышчэньне абліваньнем, калі так прынята ў мясцовай традыцыі. Распарадчыкам Таінства зьяўляецца япіскап ці прэсьвітар. Каб атрымаць Таінства Хрышчэньня, чалавек дарослы павінен прайсьці адпаведную падрыхтоўку — катэхізацыю. У выпадку зь немаўлятамі й малымі дзецьмі катэхізуюцца бацькі й хросныя бацькі. У пачатку чыну Хрышчэньня кандыдат ці хросныя бацькі павінны тры разы адмовіца ад сатаны й прачытаць Сымбаль Веры. Пасьля сьвятар прамаўляе Вялікую Літанію, дабраслаўляе ваду, потым робіць ялеапамазаньне вады й кандыдата, а падчас 31 (32 у іншай сыстэме нумарацыі) псалма робіць апусканьне чалавека ў ваду. Потым на ўжо ахрышчаную асобу апранаецца нацельны крыж і белае адзеньне. Калі чын Таінства зьдзяйсьняе япіскап, альбо прэсьвітар, які атрымаў на гэта дазвол япіскапа (у пераважнай большасьці выпадкаў так і бывае), адразу жа адбываецца пераход да Таінства Мірапамазаньня, пасьля чаго праводзіцца трохразовы абыход купелі с новаахрышчаным чалавекам і хроснымі бацькамі. Чытаецца Апостал (Рым. 6:3-11) і Эвангельле (Мц. 28:16-20). Што адметна, за апошнія 1500 гадоў форма Таінства Хрышчэньня ў бізантыйскім абрадзе практычна ніяк не зьмянілася, аб чым сьведчыць Сьвяты Кірыл Ерусалімскі ў творы «Размовы аб Таінстве Хрышчэньня».

У надзвычайнай сытуацыі, напрыклад, калі ёсьць пагроза сьмерці, зьдзяйсьняць Таінства Хрышчэньня над іншым чалавекам можа любая асобы. Для гэта трэба паліць любую частку цела чалавека, над якім чыніцца Хрышчэньне, вадой (любой, нават з лужы) і прамовіць: «Хрышчу цябе ў Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа». Калі ахрышчаны выжыве, ён павінен атрымаць Таінства Мірапамазаньня, бо ў бізантыйскім абрадзе, у адрозьненьні ад рымскага, гэта Таінства атрымліваецца адразу жа пасьля Хрышчэньня.

Чын Мірапамазаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таінства Мірапамазаньня выконвае ці прэсьвітар, ці япіскап. Распарадчык Таінства чытае малітву пра дараваньне людзям дароў Сьвятога Духа, а пасьля рытуальна мажа мірам крыжападобна лоб, вочы, ноздры, вусны, грудзі, вушы, рукі й ногі. У звычайных сытуацыях у бізантыйскім абрадзе Таінства Мірапамазаньня зьдзяйсьняецца адразу жа пасьля Таінства Хрышчэньня, прычым гэта практыка захоўваецца й у грэка-каталікоў, і ў праваслаўных. Што адметна, нават у межах Каталіцкай Царквы сакрамэнталягічнае вымярэньне Мірапамазаньня адрозьніваецца ў бізантыйскім і рымскім абрадах: і там, і там чалавек атрымлівае дары Сьвятога Духа, але ў рымскім абрадзе да гэтага дадаецца яшчэ і сацыяльна значны акт публічнага й сьвядомага вызнаньня каталіцкай веры (менавіта па гэтай прычыне Мірапамазаньне ў рымскім абрадзе праводзіцца толькі ў сьвядомым узросьце) — у бізантыйскім жа абрадзе дэклярацыйны аспэкт у гэтага Таінства адсутнічае ўвогуле (як у Грэка-Каталіцкіх, так і ў Праваслаўных Цэрквах).

Чын Мірапамазаньня можа праводзіцца й асобна ад Хрышчэньня, але такія сытуацыі не зусім звычайныя. Гэта робіцца тады, калі Хрышчэньне было зьдзейсьнена не япіскапам альбо прэсьвітарам, які меў бы ад япіскапа дазвол на правядзеньне чыну Таінства Мірапамазаньня. Таксама Мірапамазаньне праводзіцца над тымі хрысьціянамі, якія далучаюцца да Праваслаўных ці Грэка-Каталіцкіх Цэркваў з канфэсіяў, якія ўвогуле ня маюць Таінства Мірапамазаньня (з пунтку гледжаньня праваслаўнай і каталіцкай сакрамэнталёгіі).

Чын Эўхарыстыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па меркаваньні Каталіцкай і Праваслаўных Цэркваў, Эўхарыстыя зьяўляецца вяршыняй хрысьціянскага жыцьця. Большасьцю царкоўных супольнасьцей лічыцца, што лепш прымаць Сьвятое Прычасьце як мага часьцей. У адпаведнасьці з Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў і Катэхізісам Каталіцкай Царквы, прымаць Прычасьце трэба ня менш, чым адзін раз на год. У розных Праваслаўных Цэрквах падыход да гэтага пытаньня можа адрозьнівацца, у залежнасьці ад пастаноў мясцовай царкоўнай улады.

Таінства Эўхарыстыі праходзіць падчас Боскай Літургіі. Яно пачынаецца з падрыхтоўкі — анафары (за выключэньнем Літургіі Раней асьвячоных Дароў). У бізантыйскім абрадзе для Сьвятога Прычасьця выкарыстоўваюцца чырвонае віно й квасны хлеб, а само Таінства адбываецца, як правіла, пад двума відамі — і Целам, і Крывёю Хрыста. Выключэньне складае Прычасьце дзяцей, якое адбываецца пад адным відам — толькі Крывёю. Гэта асабліва кантрастуе з рымскім абрадам, дзе міранаў, у большасьці выпадкаў, прычашчаюць толькі Целам Хрыста.

Стандартнай для бізантыйскага абраду зьяўляецца Эўхарыстыя з выкарыстаньнем лжыцы, але ў некаторых царкоўных супольнасьцях, якія ўжываюць бізантыйскі абрад, ёсьць і іншыя практыкі: напрыклад, так званы, «мэлькіцкі чын» (выкарыстоўваецца ў Мэлькіцкай Грэка-Каталіцкай Царкве), дзе Цела Хрыста мачаецца распарадчыкам Таінства ў Кроў Хрыста й выдаецца верніку, які падыходзіць да Прычасьця.

Пакаяньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна ў бізантыйскім абрадзе Таінства Пакаяньня адбываецца перад крыжом, які трымае сьвятар ці перад аналоем з крыжом і Эвангельлем, але гэта не абавязкова ў адрознаньне ад таго, што сьвятар, для выкананьня сакрамэнтальнага дзеяньня, абавязаны быць апрануты ў епітрахіль (у лацінскім абрадзе — стула). Калі сьвятар адпускае грахі, ён прамаўляе тое, што ён зьяўляецца недастойным ярэям, які, уладай Госпада адпускае грахі, у адрознаньне ад рымскага абраду, дзе робіцца акцэнт на сьвятары: "і я адпускаю табе грахі ў імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога.

Шлюб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таінства шлюбу накіравана на тое, каб аб’яднаць мужчыну й жанчыну й узаконіць іх зьвяз перад Богам. Для гэтага Таінства патрэбныя сьведкі з боку як жонкі, так і мужа. Пад час Таінства муж і жонка трымаюць сьвечку, а іх сьведкі ці стаяць за шлюбуюшчыміся, ці трымаюць на іх галовамі вянкі ці кароны. У славянскай традыцыі ёсьць практыка трымаць вянок з кветак, некаторыя выкарыстоўваюць вялікія мэталічныя кароны, якія павінны трымаць сьведкі. Таксама распаўсюджваюцца румынскія кароны, памер якіх рэгулюецца й сьведкам ня трэба іх трымаць.

Бліжэй да канца Таінства муж і жонка трымаюцца за епітрахіль сьвятара й яны абыходзяць тэтрапод тры разы.

Таксама перад Шлюбам (напрыклад за некалькі дзён) адбываецца абрад абручэньня, такім чынам, на Таінстве Шлюба, шлюбуюшчыяся прыходзяць ужо абруччанымі.

Сабораваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таінства Сабораваньня праводзіцца вернікам, калі яны пакутуюць цялеснай ці душэўнай (непраходзячая роспач, маркота, смутак) хваробай.

Паводле трэбніку, Таінства адпраўляецца саборам сямі сьвятароў, ад чаго Таінства й атрымала назву, але калі няма магчымасьці так зрабіць, можно адправіць Таінства й аднаму сьвятару.

Чын пачынаецца с блаславеньня, чытаньня канона, екценьні аб хворам, асьвячэньня алея ярэем, чытаньнем сямі ўрыўкаў з Апостала й Эвангельля (пасьля кожнага чытаньня хворы памазваецца алеем). Пасьля апошняга, сёмага памазваньня, сьвятар кладзе Эвангельле на галаву хвораму й чытае разрашальная малітва.

Сьвятарства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таінства Пасьвячэньня адбываецца пад час Літургіі.

Хіратонія дыякана адбываецца пасьля асьвячэньня Дароў, што зьяўляецца сымбалям таго, што дыякан можа удзельнічаць пры зьдзяйсьненьні Таінств, але ня можа сам іх зьдзяйсьняць. Пад час Таінства Пасьвячэньня дыякан атрымлівае арарь.

Хіратонія прэсьвітара адбываецца Херувімскага сьпеву й перад асьвячэньнем Дароў, каб новы прэсьвітар мог прыняць удзел у зьдзяйсьненьні Таінства Эўхарыстыі. Пасьвяччаны прэсьвітар атрымлівае пад час Літургіі епітрахіль, фелонь, пояс, сьвятарскі крыж і служэбнік.

Хіратонія япіскапа адбываецца перад чытаньнем Апостала, што зьяўляецца сымбалям таго, што япіскап мае ўсю палнату Апостальскай улады. Япіскапы, якія рукапалагают новага япіскапа, кладут яму на галаву напрастольнае Эвангельле, якое адначасова трымаюць усе япіскапы, калі могуць. Япіскап атрымлівае мітру, амафор і сакас.

Ёсьць правіла, што рукапакладаць япіскапа могуць мінімум тры іншыя япіскапы, аднак гэтае правіла зьяўляецца неабавязковым. У Праваслауных Цэрквах гэта трэба абавязкова выконваць.

Літургічныя кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Эвангельле — галоўная богаслужбовая кніга, якая падзяляецца на спэцыяльныя часткі для больш зручнага літургічнага выкарыстоўваньня. Богаслужбовае Эвангельле ёсьць напрыстольным і трэбным.
  • Апостал — уключае ў сабе часткі зь Лістоў Сьвятых Апосталаў і Дзеяньняў для літургічнага выкарыстаньня. На Літургіі ідзе перад чытаньнем Эвангельля.
  • Псалтыр — літургічная кніга, якая ўключае ў сабе кнігу Бібліі Псалтыр, але ў літургічным варыянце ўсе псалмы падзелены на кафізмы.
  • Тыпікон — усталёўвае парадак богаслужэньня ці богаслужбовы статут. У ім таксама знаходзіцца каляндар з маркавымі главамі для рухомых і нерухомых богаслужбовых колаў.
  • Апракас — разнавіднасьць Эвангельля альбо Апостала, інакш названая «Тыднёвым Эвангельлем (Апосталам)» альбо «Богаслужбовым Эвангельлем (Апосталам)», у якой тэкст арганізаваны ў каляндарным парадку.
  • Мінэя — кніга, якая ўключае ў сабе рухомыя элемэнты для Ютрані, Вячэрні й Літургіі, напрыклад кафізмы на «Госпадзе, Цябе клічу», трапары Сьвятым, чытаньні са Сьвятога Пісаньня й г. д. Ёсьць Мінэя агульная, на кожны месяц і сьвяточная.
  • Актоіх — зьмяшчае ў сабе рухомыя часткі зь Вячэрні, Ютрані, Літургіі, Павячэр’я, Паўночніцы й г. д. на кожны глас, якіх разам восемь, адкуль выходзіць яшчэ адна назва кнігі «асьмігласьнік».
  • Ірмалёгій — уключае ў сабе богаслужбовыя тэксты для сьпеваў. Ірмалёгій падзяляецца на першы й другі: першы ўключае тэксты з нотамі; другі ўключае толькі тэксты.
  • Трыёдзь — зьмяшчае трохпесенныя каноны. Ёсьць трыёдзь постная (ад Тыдня мытара й фарызэя да Вялікай Суботы) і кветная (ад вялікдня да Дня ўсіх Сьвятых, што на наступны тыдзень пасьля Пяцідзясятніцы).
  • Трапарыён — уключае трапары, кандакі, багародзічны й інш.
  • Служэбнік (Эўхалёгій) — малітоўнік для прасьвітараў і дыяканаў.
  • Трэбнік — кніга з пасьледваньнем набажэнстваў, якія не ўваходзяць у сутачнае колу.
  • Часаслоў — богаслужбовая кніга, якая ўключае ў сабе тэксты малітваў сутачнага кола.
  • Каноньнік — уключае выбранныя каноны, акафісты, малітвы штодзённага манаскага малітоўнага правіла, а таксама малітвы ка Сьвятому Прычасьцю., з-за гэтага таксама мае такія назвы як Акафістнік, Поўны Малітоўнік, Правільнік і г. д.

Каляндар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэба разумець, што нават калі Царква бізантыйскага абраду карыстаецца грагарыянскім, ён мае адрозваньні ад грыгарыянскага каляндара Рыма-Каталіцкай Царквы. Так, напрыклад, беларускія грэка-каталікі 30 красавіка сьвяткуюць Дзень Сьвятога Апостала Якуба, брата Яна Багаслова, а рыма-каталікі ў гэты ж самы дзень сьвяткуюць Дзень Сьвятога Папы Пія V.

У бізантыйскім абрадзе выкарыстоўваецца тры каляндара: грыгарыянскі, юліянскі й новаюліянскі (прыклады даны толькі Цэркваў, якія прытрымліваюцца бізантыйскага абраду):

Грыгарыянскі каляндар, які ўвёў у 1582 годзе Папа Рымскі Грыгорый XIII, акрамя некаторых Цэркваў, выкарыстоўваецца практычна ва ўсім сьвецкім сьвеце (на постсавецкай прасторы яшчэ вядомы як новы стыль). Як літургічны каляндар, па большай частцы, выкарыстоўваецца ў праваслаў’і толькі ў Фінляндзкай Праваслаўнай Царкве, а ў Каталіцкай Царкве практыкуецца ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве (акрамя Полацка), Славацкай Грэка-Каталіцкай Царкве, Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царкве, Албанскай Грэка-Каталіцкай Царкве, Вугорскай Грэка-Каталіцкай Царкве й Італа-Албанскай Грэка-Каталіцкай Царкве.

Юліянскі каляндар, які на постсавецкай прасторы вядомы як стары стыль, распрацаваны александрыйскімі астраномамі й уведзены пры Юліі Цэзары (46 да н. э.). Раней выкарыстоўваўся практычна ўсімі хрысьціянамі, пакуль яго не замяніў, як больш дакладны, грыгарыянскі каляндар (напрыклад, празь недакладнасьць календара ў 2100 годзе прыхільнікі гэтага календара будуць сьвяткаваць Нараджэньне Хрыстовае 8 студзеня, а не 7, як цяпер). Сёньня юліянскі каляндар выкарыстоўваецца сярод Каталіцкіх Цэркваў у Грэка-Каталіцкай Царкве Харватыі й Сэрбіі, Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве (акрамя дыяспар), Македонскай Грэка-Каталіцкай Царкве, Маскальскай Грэка-Каталіцкай Царкве й Русінскай Грэка-Каталіцкай Царкве. Сярод Праваслаўных Цэркваў (якія практычна ўсе перайшлі на новаюліянскі каляндар) выкарыстоўваецца ў Маскальскай Праваслаўнай Царкве, Іерусалімскім патрыярхаце, Сэрбскай Праваслаўнай Царкве, Праваслаўнай Царкве Гары Сінай, Грузінскай Апостальскай Аўтакефальнай Царкве, Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве (з 2014 году, бо да гэтага яна прытрымлівалася новаюліянскага каляндара), у некаторых прыходах і манастырах ЗША і Эўропы, таксама выкарыстоўваецца на Афоне, Бэсарабскай (Малдова) епархіяй і Ўкраінскім вікарыятам Румынскай Праваслаўнай Царквы, а таксама некаторыя старастыльные Цэрквы, якія лічацца галоўнымі праваслаўнымі расколам.

Новаюліянскі каляндар — гэта мадыфікацыя юліянскага календара, распрацаваная сэрбскім астраномам Бялградзкага ўнівэрсытэта Мілуцінам Міланкавічам. Калі юліянскі каляндар адыходжыць ад грыгарыянскага на дзень кожныя 128 гадоў, то новаюліянскі за 10000 гадоў. Да 2800 году гэты каляндар будзе супадаць з грыгарыянскім, а яго асаблівасьць складаецца ў тым, што пасхалія захоўваецца александрыйская (юліянская), гэта значыць, што Вялікдзень і рухомыя сьвяты супадаюць зь юліянскім, а нерухомыя сьвяты, напрыклад Нараджэньне Хрыстовае, супадае з грыгарыянскім каляндаром. У Каталіцкай Царкве ім карыстаюцца Балгарская Грэка-Каталіцкая Царква, прыход Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Полацку, Грэцкай Каталіцкай Царкве й Румынскай Грэка-Каталіцкай Царкве. Сярод праваслаўных Цэркваў (якія практычна ўсе карыстаюцца гэтым каляндаром) новаюліянскі каляндар практыкуецца ў Праваслаўнай Царкве Ўкраіны, Праваслаўнай Царкве ў чэскіх зямлях і ў Славаччыны, Праваслаўнай Аўтакефальнай Царкве Албаньні, Эладзкай Царкве, Кіпрскай Царкве, Балгарскай Праваслаўнай Царкве, Эстонскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, Румынскай Праваслаўнай Царкве, у Антыяхійскім, Александрыйскім і Канстантынопальскім патрыярхатах, а таксама ў шматлікіх іншых арганізацый, называючых сабе праваслаўнымі.

Традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёсьць 2 асноўныя бізантыйскія (грэцкія) традыцыі: славянская й грэцкая. Ёсьць некаторыя адрознаньні зьнешняга выгляду ў розных традыцыях, напрыклад так званыя грэцкіе філоні, скуф’і, камілаўкі й інш., якія адрозьніваюцца ад маскальскіх, ці прыклад таго, што грэцкіея сьвятары не носяць наперстныя крыжы, а апранаюць іх толькі на багаслужэньні, у славянскай традыцыі наперстыя крыжы носяць сьвятары й пазамежамі Літургіі. Ёсьць такія грэцкія асаблівасьці ў грэцкай традыцыі як тое, што на Ўсьпеньне Найсьвяцейшай Багародзіцы ўшаноўваюцца ўсе цудатворныя й мясцовыя іконы Багародзіцы. Да славянскіх традыцый можно аднесьці некаторыя сьвяты, зьвязаныя з народнай культурай, напрыклад Радаўніца ці Масьленіца, якія сьвяткуюць толькі ўсходньня славяне. У грэкаў сьвятаў падобнага тыпу няма, бо хрысьціянская традыцыя грэкаў больш старая й яна змагла моцна замацавацца ў грамадзтве, а ў славян, пад час асыміляцыі паганскіх традыцый хрысьціянствам адбыўся сінтэз, з-за чаго ў славянскіх традыцый больш ёсьць такіх сьвятаў.

Агульна да бізантыйскай традыцыі больш адносяцца практыка памінаньня памёрлых, пасты, асьвячэньні й г. д.: у адрознаньні ад рымскага абраду, дзе памёрлага памінаюць на 3, 7, 30 дзень і на год, у бізантыйскім памінаюць на 3, 9, 40 дзень і на год. Гэтыя дні ў некаторымі праваслаўнымі зьвязваюцца з пэрыядамі, якія праходзіць душа пад час таго, як яна праходзіць мытарства (некаторыя праваслаўныя багасловы й эпіскапы адпрэчваюць гэта, бо ў праваслаў’і мытарства зьяўляецца тэалагуменам). Каталіцкая Царква адпрэчвае тэалагумен аб мытарствах як ерась, бо, па меркаваньню каталікоў, стан душы пасьля сьмерці канчатковы й её ня трэба праходзіць іспыт, каб трапіць у Каралества Нябеснае ці пекла, а сама душа адразу ў момант сьмерці адыходзіць у трансцэндзентнасьць. Грэка-каталікі й праваслаўныя, якія не вызнаюць цеалагумен аб мытарствах, даёць гэтым датам сэнс, што на 3 дзень пасьля сьмерці Хрыстус Уваскрос (супадае з рыма-каталікамі), 9 дзён зьвязваюцца зь дзевяцьцю ангельскімі чынамі, 40 дзень зьвязваецца з тым, што на 40 дзень пасьля Ўкрыжаваньня Езуса, Хрыстус Узьнёсься на Неба.

Пост у бізантыйскім абрадзе больш срогі, напрыклад, большасьць грэка-каталікоў і праваслаўных прытрымліваецца практыцы, што мяса нельга есьці па пятніцам і па серадам (у рымскім новага чыну толькі ў пятніцу), дзесьці ёсьць і больш строгія пасты. Пад час Вялікага Посту большая частка хрысьціян, прытрымліваючыхся бізантыйскага абраду, не спажываюць мяса яшчэ і ў панядзелак (напрыклад Украінская Грэка-Каталіцкая Царква), а ў некаторых традыцыях і з панядзелка па пятніцу/суботу. Дзесьці к забароненаму харчаваньню дадаюць яйкі, прадукты жывёльнага паходжаньня, алкаголь і г. д.; Паводле апостальскіх правілаў, забараняецца пасьціцца ў нядзелю нават пад час Вялікага Посту, выключэньне толькі Маскальская Праваслаўная Царква, дзе ёсьць складанная сыстэма посту. Зразумела, што да посту таксама адносяцца й устрымліваньні ад забаў, залежнасьцей і шмат чаго іншага.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тафт Роберт «Візантійський обряд. Коротка історія» пер. з англ. Р. Скакун, передмова М. Петровича. — Львів: Видавництво УКУ, 2011. — 136 с.