Саюз ваяўнічых бязбожнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Саю́з ваяўні́чых бязбо́жнікаў БССР — масавая добраахвотная грамадзкая арганізацыя ў Беларускай ССР у 1925—1947 роках, створаная для барацьбы з рэлігіяй ва ўсіх відах і формах. Рэспубліканскае аддзяленьне Саюзу ваяўнічых бязбожнікаў СССР.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утвораны ў лютым 1926 року як Саюз бязбожнікаў Беларусі на базе беларускіх ячэек і гурткоў «Таварыства сяброў газэты «Безбожник». У 1929 року перайменаваны ў Саюз ваяўнічых бязбожнікаў БССР, тады ж у Менску адбыўся ягоны 1-ы зьезд, у якім удзельнічала больш за 200 дэлегатаў. Паводле статуту, прынятага на зьезьдзе, сяброўства ў Саюзе было індывідуальным, нізавыя ячэйкі ствараліся на прадпрыемствах і ўстановах, у калгасах, па месцы жыхарства. Кожны сябра СВБ павінен быў весьці антырэлігійную прапаганду сярод насельніцтва і змагацца зь непісьменнасьцю. Аднак на практыцы ў рабоце СВБ мелі месца і гвалтоўныя мэтады. Напрыклад, восеньню 1929 року ў раёнах масавай калектывізацыі сябры СВБ на заклік мясцовых уладаў правялі акцыі па закрыцьці храмаў і малітоўных дамоў. Дзеяньні сябраў саюзу суправаджаліся актамі вандалізму і дэманстратыўнымі абразамі пачуцьцяў вернікаў.

На 2-м Усесаюзным зьезьдзе СВБ СССР (чэрвень 1929) у дакладзе Мікалая Бухарына «Рэканструктыўны пэрыяд і барацьба з рэлігіяй» дзейнасьць СВБ БССР была падвергнутая рэзкай крытыцы. У ЦВК БССР было накіравана пісьмо камісіі ЦВК СССР з патрабаваньнем нармалізаваць становішча і супакоіць насельніцтва. Сябрам СВБ БССР было рэкамэндавана засяродзіць увагу на культурна-асьветніцкай рабоце, ліквідацыі непісьменнасьці і адмовіцца ад радыкальных мэтадаў. Да работы ў саюзе былі прыцягнутыя вядомыя беларускія нявукоўцы: Сямён Вальфсон, І. В. Герчыкаў, Мікалай Нікольскі, Уладзімер Пічэта й інш. 3 1931 року ў рэспубліцы пачаліся рэгулярныя радыёперадачы Ўсесаюзнага антырэлігійнага ўнівэрсытэту. 3 1929 року пры Белдзяржвыдавецтве існавала сэкцыя выданьняў СВБ БССР, якая выпускала атэістычную літаратуру на беларускай, польскай, расейскай, летувіскай, латыскай мовах. 3 сярэдзіны 1937 року ў выніку палітычных рэпрэсіяў шэраг кіраўнікоў і актывістаў СВБ падвергся арыштам і ганеньням. Стыль дзейнасьці саюзу стаў набываць усё больш фармальны, бюракратычны характар. 3 СВБ пачаўся адток членаў, у 1940 року з 2 тысячаў ячэек засталася толькі палова. 3 пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 року дзейнасьць СВБ БССР (як і ўсяго СВБ СССР) спыненая. У 1947 року саюз фармальна быў распушчаны, а ягоныя сродкі і функцыі перададзеныя Таварыству па пашырэнні палітычных і навуковых ведаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Атеизм в СССР: становление и развитие / [Г. В. Воронцов, В. И. Гараджа, С. Г. Денисов и др.]; Академия общественных наук при ЦК КПСС, Институт научного атеизма. — М.: Мысль., 1986. — 235, [3] с.
  • Барменков, А. И. Свобода совести в СССР. — 2-е изд. — М.: Мысль, 1986. — 222, [2] с.
  • Вольфсон, С. Я. Аб ленінскім этапе ваяўнічага атэізму / С. Я. Вольфсон. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, Партмассектар, 1932. — 74, [1] с.
  • Вольфсон, С. Я. Сучасная рэлігійнасць: Паводле матэрыялаў даследаванняў ў БССР / С. Я. Вольфсон. — Мн.: Выдавецтва Беларускай акадэміі навук, 1930. — 118, [1] с. — (Працы Беларускай акадэміі навук, Кафедра марксізму-ленінізму; Вып. 1).
  • Галін, У. Антырэлігійная работа на прадпрыемстве і на вёсцы / Перапрац. М. Лучаніна. — Мн.: Белдзяржвыд, 1930. — 79, [1] с.
  • Круглов, А. А. Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 годы). — Мн.: Беларусь, 1989. — 365, [2] с.
  • Рубен, Р. Против оппортунизма в антирелигиозной работе. — М.: Московский рабочий, 1930. — 31 с.
  • Чарнякевіч, І. Саюз ваяўнічых бязбожнікаў БССР / Ігар Чарнякевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 249. — ISBN 985-11-0214-8.