Гальшаны
Гальшаны лац. Halšany | |||||
Панарама вёскі | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1280 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Ашмянскі | ||||
Сельсавет: | Гальшанскі | ||||
Вышыня: | 202 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 981 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1593 | ||||
Паштовы індэкс: | 231120 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°15′20.758″ пн. ш. 26°0′51.394″ у. д. / 54.25576611° пн. ш. 26.01427611° у. д.Каардынаты: 54°15′20.758″ пн. ш. 26°0′51.394″ у. д. / 54.25576611° пн. ш. 26.01427611° у. д. | ||||
± Гальшаны | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гальша́ны[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Гальшанкі. Цэнтар сельсавету Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 981 чалавек. Знаходзяцца за 20 км ад Ашмянаў, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў; на шашы Ашмяны — Валожын.
Гальшаны — даўняе места гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка Сапегаў, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Яна Хрысьціцеля і прыдарожная капліца, помнікі архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Аліш
Алюш (Alusch) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова ал- (імёны ліцьвінаў Алігут, Альмін, Аламунт; германскія імёны Algut, Almin, Alamunt) паходзіць ад гоцкага alls 'увесь, кожны'[3]. Этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Halsz (Alsz, Alisz)[4]: Halsch (1383, 1460, 1466 і 1468 гады), Holsch (1469 год)[5][6].
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Гальшаны ўтварыўся ад назвы дрэва — алешыны[7].
Назва мястэчка — як і прозьвішча роду Гальшанскіх — традыцыйна пісалася празь неўласьцівае для летувіскай мовы Г (H)[8].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мітычны заснавальнік Гальшанаў — Гольша, які паводле легенды пра Палямонавічаў, заклаў горад на рацэ Карабелі, пачаў там княжыць і назваўся князем Гальшанскім. Гісторыкі XIX ст. лічылі, што гэта адбылося каля 1280 году. Гальшаны ўпамінаюцца таксама ў Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай, у Наўгародзкім летапісе пад 1387 і 1406 годам. Да сярэдзіны XVI ст. яны знаходзіліся ў валоданьні князёў Гальшанскіх. Адсюль паходзіла Соф’я Гальшанская, жонка вялікага князя Ягайлы — пачынальніца дынастыі Ягелонаў.
У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў Гальшаны мелі статус места. Тут быў цэнтар гандлю і рамёстваў, у тым ліку вытворчасьці кафлі зь мясцовай гліны. У 1440 і 1492 гадох у Гальшанскім замку зьбіраліся сходы ўплывовых фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага[9].
З XV ст. у Гальшанах дзеяў касьцёл, з 1536 году ўпамінаецца царква, у XVI ст. адкрыўся кальвінскі збор. У сярэдзіне XVI ст. места перайшло ў валоданьне Сапегаў, якія збудавалі тут вялізны замак, а таксама новы касьцёл (у 1618 годзе) і жылы корпус кляштару францішканаў. Апроч таго, яны заснавалі паперню (існавала да канца XVII ст.), якая выпускала вялікую колькасьць паперы высокай якасьці.
У XVIII ст. розныя часткі Гальшанаў знаходзіліся ў валоданьні Кунцэвічаў, Масевічаў, Пацаў і іншых. У 1746 годзе маёнтак перайшоў да Жабаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гальшаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка, цэнтру воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні.
У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі кляштар францішканаў, у ягоных будынках разьмясьціўся вайсковы гарнізон. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня адзін зь ягоных кіраўнікоў З. Мінейка плянаваў зрабіць Гальшаны цэнтрам паўстаньня ў павеце. У 1871 годзе адбылося выступленьне сяляняў супраць мясцовага зямяніна і расейскіх уладаў. У канцы ХIХ ст. Гальшанскім замкам валодаў расейскі вайсковец Гарбанёў, на загад якога большую частку старажытнай фартэцыі разабралі на цэглу. На мяжы ХIХ—ХХ стагодзьдзяў у мястэчку працавалі 4 невялікія заводы, некалькі майстэрняў, крамы і млыны, дзеялі касьцёл, царква, 2 капліцы, сынагога і 4 юдэйскія малітоўныя дамы. Апрача штотыднёвых, некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы. Спэцыфічным заняткам местачкоўцаў было вязаньне рукавіцаў, панчохаў, «гальшанскіх каптаноў».
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Гальшаны занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Замак. Невядомы мастак, каля 1800 г.
-
Замак. А. Адам, 1812 г.
-
Руіны замка. В. Дмахоўскі, 1853 г.
-
Замак. Н. Орда, 1876 г.
-
Мястэчка і замак. Н. Орда, 1876 г.
-
Панарама мястэчка, 1896 г.
-
Замкавая вуліца, 1896 г.
-
Касьцёл і кляштар францішканаў, 1896 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гальшаны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[10]. У пачатку 1919 году Гальшаны занялі бальшавікі. У ваколіцах мястэчка дзеялі антыбальшавіцкія ўзброеныя фармаваньні. У канцы красавіка 1919 году Гальшаны занялі польскія войскі, улетку 1920 году — зноў бальшавікі, пазьней зноў палякі. У 1920 годзе Гальшаны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 году — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут існавалі польская і 2 юдэйскія школы, касьцёл, царква, сынагога, суд, крэдытна-ашчадная каса, заезны двор, карчма, пошта, тэлефонная станцыя на 10 абанэнтаў, аптэка, паліцэйскі пастарунак, жыдоўскі банк. У мястэчку быў разьвіты гандаль[11].
У 1939 годзе Гальшаны ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Ашмянскага раёну. На 1970 год тут было 425 двароў, на 1993 год — 487, на 1996 год — 495. У 2006 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус «аграгарадку», пры разбудове якога зьнішчылі некалькі даўніх камяніцаў, помнікаў гісторыі XIX ст.[12]
-
Замак, капліца
-
Панарама з боку Ашмянскай вуліцы
-
Вуліца Барунская
-
Вуліца Трабская
-
Сынагога
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1882 год — 2679 чал. (1040 муж. і 1639 жан.)[13]; 1897 год — 2883 чал.
- XX стагодзьдзе: 1926 год — 1702 чал., 1970 год — 1745 чал.; 1993 год — 1277 чал.; 1996 год — 1260 чал.[14]; 1999 год — 1172 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1075 чал.; 2010 год — 981 чал.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З урбананімічнай спадчыны Гальшанаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Ашмянская, Барунская, Замкавая, Кляштарная, Трабская і Школьная. Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гальшаны — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня. Вёска ўваходзіць у турыстычныя маршруты: «Легенды Вялікага Княства Літоўскага» і «Дойлідзтва Налібоцкага краю»[15].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Гальшанах, на левым беразе ракі, знаходзіцца паселішча XV—XVIII стагодзьдзяў, за 1,5 км на ўсход ад мястэчка — гарадзішча і паселішча (XII—XIV стагодзьдзі).
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Замак Сапегаў, руіны (XVII ст.)
- Капліца прыдарожная (XVIII ст.)
- Капліца-пахавальня Барановічаў (1858)
- Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар францішканаў (1618)
- Млын (XIX ст.)
- Могілкі юдэйскія
- Царква Сьвятога Юрыя (1901; мураўёўка)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Інтэр’ер касьцёла
-
Забудова Замкавай вуліцы
-
Вадзяны млын
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Вярсоцкі (1888—1937) — беларускі грамадзкі і рэлігійны дзяяч
- Язэп Гэрмановіч (літаратурны псэўданім — Вінцук Адважны; 1890 — 1978) — беларускі каталіцкі сьвятар-, пісьменьнік, паэт і вязень Гулагу
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 89.
- ^ Reichert H. Die deutschen Familiennamen: nach breslauer quellen des 13. und 14. Jahrhunderts. — Breslau, 1908. S. 30, 37, 58.
- ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 52.
- ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 3.
- ^ Słownik staropolskich nazw osobowych. T. 2. — Wrocław, 1968—1970. S. 247.
- ^ Słownik staropolskich nazw osobowych. T. 7. — Wrocław, 1984. S. 81.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 76.
- ^ Литовская метрика. Т. 1. — Петербург, 1903. С. 36.
- ^ Грынявецкі В. Гальшаны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 493.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Корзун Э. Гальшаны // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 463.
- ^ Аграгарадок замест габрэйскага банку // Наша Ніва. 23 жніўня 2006 г.
- ^ Wejssenhof J. Holszany // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 102.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 6.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гальшаны , Radzima.org
- Гальшаны — парафія сьв. Яна Хрысьціцеля, Catholic.by
- Гальшаны (рас.), Глёбус Беларусі
- Мястэчка Гальшаны
- Фотаархіў Гальшанаў
|