Зыгмунт Мінейка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мінейка.
Зыгмунт Мінейка
Zygmunt Mineyko
ZMineyko.jpg
Зыгмунт Мінейка падчас навучаньня ў Санкт-Пецярбургу, 1858
Род дзейнасьці грамадзкі дзяяч, вайсковец, навуковец, рэвалюцыянэр
Дата нараджэньня 1840(1840)
Месца нараджэньня Балванішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 27 сьнежня 1925
Месца сьмерці Атэны, Грэцыя
Месца вучобы
Занятак вайсковец, інжынэр, класічны археолаг, журналіст, палітык, палітычны актывіст, інжынэр цывільнага будаўніцтва, афіцэр
Навуковая сфэра палітычная дзейнасьць[d][1], вайсковая служба[1], civil engineering[d][1], водная гаспадарка[d][1] і тапаграфія[d][1]
Бацька Станіслаў Ежы Мінейка[d][2]
Маці Cecylia Chrzczonowicz[d][2]
Дзеці Соф’я Мінейка[d]
Узнагароды

Зыгмунт Станіслававіч Мінейка-Газдава (псэўданім Баравы; 1840, Балванішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласьць — 27 сьнежня 1925, Атэны, Грэцыя) — грамадзкі дзяяч, вайсковец, навуковец, рэвалюцыянэр, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Ягонае імя носіць адна з вуліцаў у Ашмянах.

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1840 годзе. З шляхецкага роду Мінейкаў гербу Газдава, сын Станіслава й Цацыліі са Шчановічаў. У 1852—1858 гадах Зыгмунт вучыўся ў гімназіі ў Вільні (у тыя ж гады вучнем гімназіі быў Францішак Багушэвіч[3]).

Удзел у вызваленчым руху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1858 годзе паступіў у Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. Па вяртаньні на Беларусь далучыўся да вызвольнага руху. Пераапрануўшыся селянінам, разносіў па вёсках «Гутарку старога дзеда». Быў змушаны выехаць у Італію, ад 1861 году выкладаў правілы фартыфікацыі ў Польскай вайсковай школе ў Генуі (заснаваная Джузэпэ Гарыбальдзі). З пачаткам паўстаньня ў 1863 годзе вярнуўся дадому. 18 сакавіка 1863 году пад кіраўніцтвам Мар’яна Лангевіча ўзяў удзел у бітве пад Граховішкамі. Хоць бітва была выйграная, кампанія была няўдалая. Праз Прусію Зыгмунт зноў прыбыў на Беларусь, дзе зарганізаваў аддзел з 28 партызанаў. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павету. Але аддзел у першым жа баі 3 чэрвеня 1863 году з расейскімі рэгулярнымі войскамі ля Расолішкаў (цяпер у Іўеўскім раёне Гарадзенскай вобласьці[4][5]) быў разьбіты. Зыгмунт мусіў хавацца, але быў здраджаны. Ён быў арыштаваны й пасоджаны ў віленскі астрог. Суд прыгаварыў яго да павешаньня. Але Весялецкі й Мураўёў, падкупленыя 9000 рублёў маці Зыгмунта Цацыліяй, замянілі павешаньне на 12 гадоў катаргі ў Сыбіры.

Ссылка ў Сыбір[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На шляху паміж Табольскам і Томскам, памёр сябар Зыгмунта Струміла, які меў найменшы тэрмін адбыцьця й быў звонку вельмі падобны да яго. Скарыстаўшыся гэтым, Мінейка выдаў сябе за Струмілу й застаўся ў Томску як вольны пасяленец. Тут ён пачаў гандляваць, вырабляючы шапкі, падушкі й штучныя кветкі, а неўзабаве пачаў аздабляць дамы гораду. Набыўшы на заробленыя грошы вазы, коняў і правіянт, Зыгмунт разам зь вязьнямі Вашкевічам і доктарам Акінчыцам уцёк у Санкт-Пецярбург, адкуль зьехаў у Заходнюю Эўропу, узяўшы прозьвішча графа фон Мэбэрта.

На эміграцыі ў Эўропе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку жыў у Галяндыі, адкуль перабраўся ў Парыж. Тут ён сустрэўся з імпэратарам Напалеонам ІІІ, якому расказаў пра французаў-удзельнікаў паўстаньня 1863, што адбывалі пакараньне ў Сыбіры. Пасьля сустрэчы ў 1868 годзе Напалеона ІІІ і Аляксандра ІІ вязьні былі вызваленыя, а Мінейка атрымаў ува ўзнагароду магчымасьць дармавога навучаньня ў Вайсковай акадэміі. У 1870 годзе ўдзельнічаў у франка-прускай вайне, пасьля ў часе Парыскае камуны змагаўся на баку камунараў. Пасьля перабраўся ў Турэччыну, а адтуль у Грэцыю. Будаваў масты й чыгункі ў Баўгарыі, Турэччыне й Грэцыі.

У Грэцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаўся археалёгіяй, у 1878 годзе знайшоў храм Зэўса ў Дадоне. Склаў этналягічную карту Эпіру, напісаў шматлікія работы па тапаграфіі, за што грэцкі парлямэнт у 1910 годзе надаў яму званьне ганаровага грамадзяніна краіны. У 1891 годзе пераехаў у Атэны, дзе ўзначаліў дэпартамэнт пры міністэрстве публічных работ Грэцыі. Дакладна вядома, што ўдзельнічаў у будаўніцтве і ўзнаўленьні алімпійскіх аб’ектаў, у тым ліку легендарнага Мармуровага стадыёну — сымбалю Алімпійскіх гульняў. У 1896 годзе падчас Алімпіяды ў Атэнах быў спартовым карэспандэнтам «Dziennika Polskiego» і «Czasu».

Удзельнічаў у грэка-турэцкіх войнах у 1896, 1897 і 1912 гадах, падрыхтаваў пляны здабыцьця Салёнікаў і Яніны. За гэта атрымаў узнагароды ад караля Канстантына І у 1917 і 1922 гадах (у т. л. і Залаты крыж заслугі). Працаваў у дзяржаўнай адміністрацыі, быў кіраўніком інжынэрнага аддзелу грэцкае арміі.

Першы раз пасьля ўцёкаў з Сыбіры наведаў радзіму ў 1911 годзе[6]. У 1922 і 1923 гадах наведаў Польшчу, дзе сустрэўся з маршалам Пілсудзкім і атрымаў узнагароды за ўдзел у паўстаньні 1863 году[7].

Масонская дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў актыўным масонскім дзеячом. Уваходзіў у склад лёжаў Grand Orient de France, Grand Orient d’Italie і лёжаў Panhellenion і Pythagoras (належылі да Grande Loge de Grece). Уваходзіў у кіраўніцтва грэцкіх лёжаў Massonic Old and Accepted Scottish Rites. На ягонае пахаваньне прыбыло шмат масонаў[8].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1880 годзе ажаніўся з Празэрпінай Манарыс, дачкой дырэктара гімназіі ў Яніне. Меў 9 дзяцей: Андрамаху (жонка Караля Патоцкага), Зоф’ю (жонка будучага прэм’ер-міністра Грэцыі Георгіяса Папандрэў), Станіслава, Марыю, Ядзьвігу (жонка Станіслава Ябланоўскага), Вітольда (памёр малым падчас землятрусу), Цацылію (жонка Джона Ўільяма Кўіна), Альдону Сафо, Эўтыміяса Касіміра.

Сын Георгіяса — Андрэас Папандрэу (1919—1996) быў стваральнікам PASOK, прэм’ерам Грэцыі ў 1981—1989 і 1993—1996 гадах. Праўнукам Зыгмунта Мінейкі зьяўляецца вядомы грэцкі палітык, кіраўнік Усягрэцкага сацыялістычнага руху (PASOK), прэм’ер-міністар Грэцыі ў 2009—2011 гадах Георгіяс Папандрэў-малодшы[9].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры амбасадзе Польшчы ў Атэнах[10] і вуліца ў Ашмянах[11].

Зыгмут Мінейка згадваецца ў рамане Тадэвуша Канвіцкага «Польскі комплекс» (1977)[12].

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Zygmunt Mineyko Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848—1868 / Oprac.: Eligiusz Kozłowski i Kazimierz Olszański. Przedm. i przypisy Eligiusz Kozłowski.. — Warszawa: Pax, 1971. — 551 с.
  • Зыгмунт Мінейка З тайгі пад Акропаль: успаміны з 1848—1866 гадоў / пераклад, укладанне, прадмова, каментары Марыны Запартыкі. — Мінск: Лімарыус, 2017. — 568,[2] с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 ас. — ISBN 978-985-6968-65-8

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  3. ^ Кастусь Лашкевіч (2009-04-02) TUTэйшыя ў свеце. Ліцвінскі элін — герой Грэцыі TUT.BY Праверана 2021-01-24 г. Архіўная копія ад 2021-01-18 г.
  4. ^ Мінейка 2017. С. 533.
  5. ^ Эдвард Зайкоўскі За зямлю і за волю Культурна-асветнiцкi клуб «Спадчына» Праверана 2021-03-24 г. Архіўная копія ад 2020-12-03 г.
  6. ^ Борис Клейн (2010) Олимпийский мятеж. Окончание(рас.) Русский глобус Праверана 2021-03-24 г. Архіўная копія ад 2020-01-27 г.
  7. ^ {{{аўтар}}} 2001. С. 162—163.
  8. ^ Information about Members of the Family(анг.) Праверана 2021-03-24 г. Архіўная копія ад 2020-09-27 г.
  9. ^ Праўнук беларускага паўстанца стане прэм’ер-міністрам Грэцыі. Наша Ніва (2009-10-04). Праверана 2021-05-21 г. Архіўная копія ад 2009-10-10 г.
  10. ^ Historia szkoły(пол.) Zespol Szkół przy Ambasadzie RP w Atenach Праверана 2021-03-25 г. Архіўная копія ад 2019-05-21 г.
  11. ^ Алина Санюк (2011-08-28) Как наш земляк стал национальным героем Греции?(рас.) Ошмяны.info Праверана 2021-03-25 г. Архіўная копія ад 2021-02-25 г.
  12. ^ The Mineyko Genealogy(анг.) Праверана 2021-03-24 г. Архіўная копія ад 2020-01-30 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Клейн Б. Фамильный портрет // Клейн Б. Время выбора. — Мн., 1987;
  • Орлов В. Почетный гражданин Эллады // Дело (Восток + Запад). 1995, № 5;
  • PSB;
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
  • Mineyko Zygmunt // Inżynierowie polscy XIX i XX wieku / Pod red. J. Piłatowicza. — Warszawa: Retro-Art., 2001. — Т. VII. 100 najwybitniejszych polskich twórców techniki. — С. 160—163. — 285 с. — ISBN 83-87992-15-1

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]