Будслаў
Будслаў лац. Budsłaŭ | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі | |
Першыя згадкі: | 1504 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Мядзельскі |
Сельсавет: | Будслаўскі |
Вышыня: | 177 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 561 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1797 |
Паштовы індэкс: | 222510 |
СААТА: | 6240806016 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°47′0″ пн. ш. 27°27′0″ у. д. / 54.78333° пн. ш. 27.45° у. д.Каардынаты: 54°47′0″ пн. ш. 27°27′0″ у. д. / 54.78333° пн. ш. 27.45° у. д. |
± Будслаў | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бу́дслаў[1] (таксама Будслаўе[2][3]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Сэрвачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 561 чалавек. Знаходзіцца за 56 км на паўднёвы ўсход ад Мядзелу, за 18 км на поўнач ад Даўгінава і за 16 км на паўночны ўсход ад Крывічаў; за 12 км на поўнач ад шашы Р29, за 6 км на ўсход ад чыгуначнай станцыі Будслаў.
Будслаў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў рэгіёну. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, у якім захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, адна з найбольш шанаваных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. Таксама побач зь мястэчкам захавалася сядзіба Аскеркаў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Будслаў утварыўся ад адпаведнай славянскай мянушкі Будслаў, што ў сэнсавым значэньні адпавядае 'майстру-будаўніку'. Паводле паданьня, мястэчка сьпярша мела назву Слаўная Буда.
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Буда, Буцлаў, Будцлаў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Будслаў датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў паселішча віленскім манахам-бэрнардынам. У 1560 годзе яны пакінулі Будслаў, аднак у 1589 годзе вярнуліся сюды і збудавалі драўляны касьцёл, асьвечаны ў 1591 годзе пад тытулам Наведваньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Ваявода менскі Ян Пац ахвяраваў бэрнардынам абраз Маці Божай, падараваны яму Папам Клімэнтам VIII[4].
28 жніўня 1633 году, дзякуючы ахвяраваньням а. Фларыяна Калецкага, гвардыяна Віленскага кляштару бэрнардынаў, а таксама сродкам гетмана польнага Яна Кішкі і радзіны Далмат-Ісакоўскіх, у Будслаўскай рэзыдэнцыі заклалі першы камень мураванага касьцёла. 9 ліпеня 1643 году адбылося асьвячэньне новай сьвятыні.
6 кастрычніка 1732 году кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка. У 1756 годзе пры кляштары бэрнардынаў адкрылася музычная школа на 25 вучняў. 29 ліпеня 1767 году ў мястэчку заклалі першы камень новай мураванай базылікі, урачыстае асьвячэньне якой адбылося 7 верасьня 1783 году. У 1790 годзе на сродкі кляштару збудавалі цагляны шпіталь для бедных, у 1793 годзе адкрылася 2-клясная пачатковая школа на 40 вучняў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Будслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце[5] Менскай, з 1843 году Віленскай губэрні. З 1848 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Аскеркаў. На 1859 тут было 68 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі кляштар бэрнардынаў. На 1868 год — 48 двароў, на 1885 год — 50. Штуршком да разьвіцьця Будслава паслужыла пракладаньне ў 1907 годзе чыгуначнай лініі паміж Полацкам і Маладэчна, што выклікала адкрыцьцё аднайменнай чыгуначнай станцыі. У гэты час у мястэчку быў 61 двор.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў Будславе разьмяшчаўся штаб 2-й расейскай арміі Заходняга фронту, якая рэалізоўвала асноўныя задачы пры правядзеньні Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Касьцёл, 1650 г.
-
Касьцёл, 1769 г.
-
Кляштар бэрнардынаў, XVIII ст.
-
Касьцёл, 1938 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Будслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Будслаў увайшоў у склад Беларускай ССР[7]. У 1917—1919 гадох у мястэчку дзеяла Будслаўская беларуская гімназія, зачыненая польскай акупацыйнай адміністрацыяй. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Будслаў апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 116 двароў. За польскім часам тут працавалі гмінная ўправа, млын, лесапільня, аптэка, банк, карчма; у панядзелкі праводзіліся кірмашы.
У 1939 годзе Будслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам сельсавету Крывіцкага, з 1962 году Мядзельскага раёнаў. На 1970 году тут было 318 двароў, на 1996 год — 300, на 1997 год — 302.
2 ліпеня 1992 году адбылася першая адноўленая пілігрымка да абраза Маці Божай Будслаўскай. 2 ліпеня 1996 году арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася патронкай Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, г.зн. Беларусі. У 1998 годзе кардынал Казімер Сьвёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. У 2000-я гады Будслаў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Красны пляц
-
Касьцёл, бакавы фасад
-
Касьцёл, фрагмэнт
-
Вежа касьцёла
-
Палац Аскеркаў
-
Палац Аскеркаў
-
Каплічкі
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1859 год — 485 чал.[8]; 1865 год — 127 душ рэвізорскіх; 1868 год — 259 чал.; 1885 год — 327 чал.
- XX стагодзьдзе: 1907 год — 435 чал.; 1921 год — 626 чал.[9]; 1970 год — 859 чал.; 1996 год — 721 чал.[10]; 1997 год — 718 чал.[11]; 1999 год — 643 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 561 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Будславе працуюць лясьніцтва, сярэдняя школа, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўваньня, пошта.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Савецкая вуліца | Зосінская вуліца |
У цэнтры Будслава разьмяшчаецца Красны пляц, які захаваў сваю гістарычную назву. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Рынкавы пляц і Парадная вуліца[12].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Будславе захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі, да якога штогод ладзяцца пілігрымкі. У мястэчку ў першыя выходныя ліпеня праводзіцца «Будслаўскі фэст».
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца (ХІХ ст.)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1767—1783)
- Абраз Найсьвяцейшай Панны Марыі
- Алтар XVII ст.
- Млын вадзяны (1930-я)
- Плябанія (ХІХ ст.)
- Сядзібна-паркавы комплекс Аскеркаў (XVIII—XX стагодзьдзі)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Палац Аскеркаў (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл з боку апсыды
-
Інтэр’ер касьцёла
-
Галоўны алтар
-
Капліца
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іван Васілевіч (1894—1937) — дзяржаўны дзяяч БССР
- Іахім Глінскі (1853—1898) — сьпявак, арганіст і кампазытар
- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1903—1989) — старшына Рады БНР
- Паўліна Мядзёлка (1893—1974) — пісьменьніца і Заслужаная дзяячка культуры Беларусі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 331.
- ^ Сянькевіч В. Да пытаньня геаграфічных назоваў Беларусі // Беларус. № 288. — Нью-Ёрк, 1981. С. 3.
- ^ Станкевіч Я. Да ґеоґрафных назоваў вялікалітоўскіх із спачатным нарасьням -ьй-е // Веда. Tom V, Nr. 1. С. 15.
- ^ Князева В. Будслаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 115.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 442.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 261.
- ^ Князева В. Будслаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 116.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 316.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 18.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Будслаў, Radzima.org
- Будслаў, Globus.tut.by
- Прагноз надвор’я ў в. Будславе
- Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе, Catholic.by
- Алесь Высоцкі, Паўлінка з Будслава: успамінае сваячка, Рэгіянальная газета
|