Будслаўскі абраз Маці Божай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Будслаўскі абраз Маці Божай

Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Знаходзіцца ў Касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будславе[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз бяз шатаў

Падараваны ў 1598 годзе папам рымскім Клімэнтам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасьля сьмерці Паца абраз перайшоў да капэляна Ісака Салакая, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бэрнардынаў. Шату для абраза ў 1-й палове XVII ст. падараваў віленскі гвардыян бэрнардынаў Ф. Калецкі. Абраз праславіўся цудамі вылечваньня, якія апісаў пробашч Э. Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бэрнардыны Літоўскае правінцыі прапагандавалі культ абразу, ад пачатку ХІХ ст. друкавалі зь яго гравюры. Пасьля скасаваньня кляштару ў 1859 вядомасьць абразу зьменшылася.

Ад пачатку 1990-х гадоў аднаўляецца культ абразу. Ад 1990 штогод адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 19911992 абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі абвясьціў папскае пасланьне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. У 1998 кардыналам Казімерам Сьвёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-эўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі зьвесткамі аб гісторыі абраза й аўтара. Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнэсансу. Маці Божая намаляваная да поясу, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму сьветлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у сьветлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая багаслаўляе, а левай Езус Хрыстус як бы падае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцьця, а таксама Хрысьціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон высьветлены, салатава-шэрага адценьня, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі. На абразе — срэбны аклад, арнаментаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнамэнтам у стылі позьняга Рэнэсансу, у арнамэнт упісаная постаць сьвятога Казімера і, магчыма, сьвятой Ядзьвігі. Усе гэтыя ўпрыгожваньні належаць да найлепшых узораў ювэлірнага мастацтва ў Беларусі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Будслаўскі абраз Маці Божай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 353.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Багдзевіч І. Жывая вада з-пад каменю граху // Рэспубліка. № 155—156 19/07/2002
  • Брама да неба: Спеўнік пілігрыма Мінск-Будслаў. — Мн., 2008.
  • Будслаўская базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі / Рэд. Ю. Паўлюкевіч. — Мн., 2005.
  • Высоцкі А. У Будславе будзе два фэсты // Рэгіянальная газета.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Жарнасек І. Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будсласкай // Ave Maria 1995 № 7-8 (9-10).
  • Жарнасек І. Мы Твае дзеці // Ave Maria 1998 № 8-9 (46-47).
  • Кавальчык Е. Старажытны алтар // Pro Christo. 2001.
  • Калевіч Г. З гарачым сэрцам зімою — у Будслаў // Ave Maria 2001 № 1 (68).
  • Клешчук А. У Будславе — уся Беларусь // Звязда № 125 (23976) 8/07/2000.
  • Падарожжа ў Будслаў: зборнік. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002.
  • Русецкі І OFM. Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай // Pro Christo. 2001.
  • Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
  • Шык У. Да Маці Божай Будслаўскай // Народная Воля № 135 11/07/2002.
  • Ярашэвіч А. Цудадзейны і старажытны // Наша вера. 2001 № 16, 2.
  • Ярашэвіч А. Роспісы Будслаўскага касцёла // Наша вера. 2001 № 16, 2.
  • Бут-Гусаим И. Заступница Полесья белорусского // Белорусская деловая газета. № 797 08/07/2000.
  • В Будслав — поклониться иконе // Витебский Курьер. № 50 05/07/2002
  • Варавва А. Путеводитель / Дороги ведут в Будслав // Путешественник. № 4(164) 2001.
  • Грынь В. Будслав // Газета Автобизнес — Weekly № 17 (214) 4/05/2000.
  • Корона для покровительницы Беларуси // Белорусская деловая газета. № 481 06/07/1998.
  • Кс. Владислав Завальнюк. История Будславской базилики // Pro Christo. 1998.
  • Надольская О. Будслав. История белорусской Ченстоховы // Белорусская деловая газета. № 811 02/08/2000.
  • Надольская О. В Беларуси возрождается паломничество // Газета ИМЯ № 209 15/07/1999.
  • Потоцкий А. Будславский ружанец // Советская Белоруссия № 312 (20796) 9/12/2000.
  • Селицкая Л. Пришли пилигримы на будславский фест // Советская Белоруссия. № 179 11/07/1998.