Перайсьці да зьместу

Астафей Валовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Астафі Валовіч»)
Астафей Валовіч
лац. Astafiej Vałovič
Астафей Валовіч
Астафей Валовіч

Герб Багорыя
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1520
Памёр 20 лістапада 1587(1587-11-20)[1]
Пахаваны
Род Валовічы
Бацькі Багдан Валовіч
Таміла з Міцутаў[d][3]
Жонка Фядора з Сапегаў
Дзеці Рэгіна
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Валовіч.

Астафей Валовіч (27 лютага 1520[4], Гарадзенскі павет — 20 лістапада 1587) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (1551—1566), маршалак гаспадарскі (1553—1561) і дворны літоўскі (1561—1569), падскарбі земскі (1561—1566), падканцлер вялікі літоўскі (1566—1579), кашталян троцкі (1569—1579), канцлер вялікі літоўскі і кашталян віленскі (з 1579).

Астафей Валовіч, XVII ст.

З шляхецкага роду Валовічаў гербу Багорыя, сын Багдана. Меў брата Рыгора.

Герб Астафея Валовіча, 1585 г.

Атрымаў хатнюю адукацыю, імаверна, навучаўся ў адным зь нямецкіх пратэстанцкіх унівэрсытэтаў. У 1540-я гады служыў сакратаром ваяводы віленскага Яна Глябовіча. Урад маршалка дворнага (1552 год) даў яму права ўвайсьці ў склад Паноў-Рады.

Быў падстаростам берасьцейскім з 1550 году, дзяржаўцам медніцкім у 1552—1561 гадох, старостам магілёўскім у 1554—1556 гадох, азярышчанскім у 1563 годзе, берасьцейскім у 1565—1587 гадох, кобрынскі у 1567—1587 гадох і рэчыцкім з 1576 году[5].

Подпіс Астафея Валовіча

Колькі разоў езьдзіў паслом у Маскву, у тым ліку ў 1553 годзе дзеля складаньня мірнай умовы, калі адмовіўся назваць Івана Тырана «царом усяе Русі». Замірэньне падпісалі 12 верасьня 1553 году, ва ўзнагароду атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста Магілёўскае староства.

Браў удзел у Інфлянцкай вайне. Камандаваў харугвай пры вызваленьні Полацку (1579 год), у 1580 годзе з уласным аддзелам вызваліў Усьвяты.

Адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статуту ВКЛ 1566 году. Спрыяў улучэньню ў яго прагрэсіўных нормаў. Зь яго ініцыятывы ў Статуце зьявіўся артыкул, паводле якога «загранічнікам» забаранялася набываць землі і займаць урады ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Браў актыўны ўдзел у аграрных рэформах 1550—1560-х гадоў[6], за гэтую службу атрымаў ад Боны Сфорцы Ўсьвяцкае і Азярышчанскае староствы.

Адзін зь лідэраў апазыцыі пры складаньні Люблінскай уніі. Разам зь ваяводам віленскім і канцлерам Мікалаем Радзівілам «Рудым», старостам жамойцкім Янам Хадкевічам, падскарбіем Мікалаем Нарушэвічам, прапанаваў г.зв. «Праект уніі» з 15 артыкулаў, які гарантаваў Вялікаму Княству Літоўскаму адносную незалежнасьць, аднак праект адхілілі. Разам зь іншымі магнатамі — супраціўнікамі аб’яднаньня Вялікага Княства з Каронаю пакінуў Люблінскі сойм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі. За гэта яго пазбавілі каралеўшчынаў на Падляшшы. Аднак пазьней, па прыняцьці уніі, падпісаў яе, у выніку чаго вярнуў канфіскаванае.

Разам зь Янам Геранімам Хадкевічам быў супраціўнікам абраньня вялікім князем Стэфана Баторыя, падтрымліваў Эрнэста Габсбурга, але па абраньні Стэфана Баторыя перайшоў на ягоны бок. У 1587 годзе пратэставаў супраць абраньня Жыгімонта Вазы без удзелу прадстаўнікоў ад ВКЛ.

Паводле веры спачатку быў праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм, у канцы жыцьця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Падтрымліваў Васіля Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, Сымона Буднага. Апошні прысьвяціў яму кнігу «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясьвіж, 1562 год)[7].

На сродкі Астафея Валовіча ў 1559 годзе выйшаў пераклад твору швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера «Пра праўдзівае прыняцьце цела і крыві Ісуса Хрыста».

У тэстамэнце наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных і залежных людзей і перадаць іх пад дзяржаўную юрысдыкцыю[8].

У шлюбе зь Фядорай Сапяжанкай меў дачку Рэгіну.

  1. ^ Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. (белар.) // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. ЯнушкевічМінск: 2014. — С. 59. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
  2. ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 183. — ISBN 978-83-65880-89-5
  3. ^ Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. (белар.) // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. ЯнушкевічМінск: 2014. — С. 34–35. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
  4. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2014. — № 37 (27647). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 382.
  6. ^ Саверчанка І. Хто такі Астафей Валовіч? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 35.
  7. ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 383.
  8. ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафі Багданавіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 209.