Васіль Русак
Васіль Русак | |
Васіль Русак. Прага, 1930-я | |
Род дзейнасьці | беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец, прадпрымальнік |
---|---|
Дата нараджэньня | 4 красавіка 1896 |
Месца нараджэньня | Ячава, Слуцкая воласьць, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 23 жніўня 1954 (58 гадоў) |
Месца сьмерці | ГУЛАГ |
Занятак | грамадзкі дзяяч, палітычны актывіст, фальклярыст, выдавец, прадпрымальнік, сельскагаспадарнік, публіцыст |
Навуковая сфэра | выдавецкая справа[1], прадпрымальніцтва[1], публіцыстыка[1] і аграномія[1] |
Сябра ў | Беларуская вайсковая камісія, Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, Беларускае культурнае таварыства імя Францішка Скарыны і Беларускі нацыянальны камітэт |
Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (4 красавіка 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[2]) — беларускі нацыянальны дзяяч, выдавец, прадпрымальнік. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 4 красавіка 1896 году ў вёсцы Ячава Слуцкае воласьці.
Прымаў удзел у Першай сусьветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 сябра Беларускае сацыялістычнае грамады, адзін зь лідэраў Беларускае рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага зьезду ў Віцебску. Удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску (сьнежань 1917)[3].
У пачатку 1918 году працуе ў Беларускім камітэце Воршы, пазьней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасьць культурніцкае арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 году ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, уваходзіць у ейны ЦК. Увосень таго ж году арыштаваны немцамі, пасьля вызваленьня ў сьнежні — адзін з арганізатараў «Саюзу абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павету як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[3].
У сакавіку 1919 году арыштаваны бальшавікамі, але празь месяц без выстаўленьня абвінавачаньня выпучаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкае вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам зь ейнай драматычнай дружынай езьдзіў па павеце з спэктаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псэўданімам Базыль Карусь.
У ліпені 1920 году, зь вяртаньнем савецкае ўлады, мабілізаваны ў чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920, у час зьезду Случчыны, абраны ягоным старшынём, увайшоў у склад прэзыдыюму Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстаньні 1920 году — камандзір Другога Грозаўскага палку[3].
У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёну БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павету[3].
Ратуючыся ад польскае дэфэнзывы, у траўні 1922 году ў Коўне (Летува), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, зьвязаны зь летувіскімі стралецкімі арганізацыямі[3].
У канцы 1922 году з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выяжджае на вучобу ў Чэхаславаччыну, дзе ўвосень 1923 году паступае ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У час вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асьветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часапісам «Перавясла» ды інш. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі застаецца жыць у Празе[3].
Узяўшы шлюб з чэскай дзяўчынай, пасьпяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы на францускай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народу. У 1934 годзе выдаў на лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданьне часапісу «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнае песьні. Улетку 1939 году выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай мапай Беларусі[3].
У 1941 годзе паводле асабістага праекту з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка й імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[3].
У час нацысцкае акупацыі Прагі хаваў у сябе дзьве жыдоўскія сям’і, дапамог ім атрымаць пасьведчаньні, што яны беларусы[2][3]. Быў запрошаны на Другі Ўсебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візыту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[4].
2 чэрвеня 1945 арыштаваны ў Празе савецкіай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасьць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 10 гадоў лягераў[3]. Памёр у лягеры 23 жніўня 1954 году[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Rusak, Vasìl‘ // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в Міхась Скобла (28 лістапада 2014) Уладзімер Ляхоўскі: У Слуцкім паўстаньні сацыяльны чыньнік супаў з нацыянальным. Радыё Свабода. Праверана 4 сьнежня 2014 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 295—296. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
- ^ Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 268. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Спадчына 6-1995, Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.