Iskry Skaryny

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Iskry Skaryny
Краіна Чэхаславаччына Чэхаславаччына
Адрас Прага
Выдавец Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны
Дата заснаваньня 1931
Дата закрыцьця 1935
Мова беларуская

«Iskry Skaryny» («Іскры Скарыны») — гісторыка-публіцыстычны часопіс, які выдаваўся ў Празе беларускай мовай Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францыска Скарыны ў 1931—1935 роках[1]. Друкаваўся лацінкай. Выйшла 5 нумароў[2]. У аснову выданьня пакладзены ідэі пераемнасьці духоўнай спадчыны Францішка Скарыны з сучаснымі праблемамі палітычна-дзяржаўнага і культурнага разьвіцьця, нацыянальнай кансалідацыі беларускага народу, асэнсаваньня суб’ектна-творчай ролі беларусаў у гістарычным працэсе, імкненьня да самастойнага і самабытнага шляху разьвіцьця[3].

У артыкуле Тамаша Грыба «Інтэлігенцыя і народ» праводзілася думка пра вялікае значэньне нацыянальнай культуры як першаасновы агульначалавечай, акцэнтавалася ўвага на праблемах нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, асабліва ва ўмовах асыміляцыі з боку расейскага і польскага народаў, на ролі інтэлігенцыі як выразьніка і гаранта духоўнай жыцьцяздольнасьці нацыі. Выступаў з прапановай агульнабеларускага яднаньня на аснове гуртаваньня розных палітычных кірункаў дзеля карэнных нацыянальных інтарэсаў, найперш нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. У артыкуле Тамаша Грыба «На два франты!» сьцьвярджалася, што «кожны беларус, хто б ні быў па сваіх поглядах і перакананьнях, павінен выканаць сваю павіннасьць: адважна стаць у шэрагі змагароў за волю і незалежнасьць Беларусі»[4].

Выданьне асьвятляла пытаньні беларускай гістарыяграфіі, геральдыкі, нацыянальных традыцый. У артыкуле Васіля Захаркі «На шляху беларускіх старадаўнасьцей» зьвернута ўвага на крыніцазнаўчую каштоўнасьць Густынскага летапісу і «Хронік зь летапісаў старадаўніх» у вывучэньні беларускай мінуўшчыны. Крытычна ацэньвала нацыянальную палітыку ў БССР. Камплект выданьня захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі (Прага)[4]. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася карэспандэнцыя і матэрыялы часопіса[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А. К. Каўка. «Іскры Скарыны» // БЭ. Т. 7. — Менск, 1998. — С. 331.
  2. ^ М. Чмарова. О белорусских студенческих изданиях в межвоенной Чехословакии (рас.) // Opera Slavica : часопіс. — 2001. — Т. 11. — № 1. — С. 27. — ISSN 1211-7676.
  3. ^ А. Каўка. «Іскры Скарыны» // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. — С. 505.
  4. ^ а б А. Каўка. «Іскры Скарыны» // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. — С. 506.
  5. ^ В. У. Коваль. Роля студэнцкіх і прафесійных арганізацый у працэсе сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі беларускіх эмігрантаў у Чэхаславакіі (1918—1939 гг.) // Труды БГТУ. Серия 6. — 2018. — № 2. — С. 43.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]