Дэтройт
| Дэтройт | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Дэвіз | Speramus Meliora; Resurget Cineribus | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Краіна | ЗША | ||||
| Штат | Мічыган | ||||
| Першыя згадкі | 24 ліпеня 1701 | ||||
| Дата заснаваньня | 1701[1] | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| Mayor of Detroit, Michigan[d] | Mary Sheffield[d] | ||||
| Заканадаўчы орган | Detroit City Council[d] | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 9453 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 183 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 42°19′53″ пн. ш. 83°02′45″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 886 675 чал. | ||||
| Этнахаронімы | Detroiter, Detroiterin, Detroiterinnen, Detroitčan і Detroitčanka | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | 313 | ||||
| Паштовы індэкс | 48201, 48202, 48204, 48205, 48206, 48207, 48208, 48209, 48210, 48211, 48213, 48214, 48215, 48216, 48217, 48219, 48221, 48222, 48223, 48224, 48226, 48227, 48228, 48231, 48232, 48233, 48234, 48235, 48238, 48242, 48243, 48244, 48255, 48260, 48264, 48265, 48266, 48267, 48268, 48269, 48272, 48275, 48277, 48278, 48279 і 48288 | ||||
| Сайт | ci.detroit.mi.us | ||||
| Дэтройт на мапе ЗША ± Дэтройт | |||||
Дэтро́йт (па-ангельску: Detroit [dɪˈtrɔɪt], ад францускага: de’troit — «пратока», мянушка: Горад матораў) — горад на поўначы ЗША, у штаце Мічыган. Месьціцца на рацэ Дэтройт, на мяжы з Канадай. Насельніцтва 951,3 тысячы жыхароў (2000), з прыгарадамі 4,4 мільёну жыхароў. Заснаваны 24 ліпеня 1701 году францускімі гандлярамі. Зьяўляецца буйным аўтапрамысловым цэнтрам.
Дэтройт і яго навакольле — адзін з найважнейшых цэнтраў расьсяленьня амэрыканцаў арабскага паходжаньня. У аддзяленьні Ўнівэрсытэту штату Мічыган у дэтройцкім прыгарадзе Дырбарн працуе цэнтар па араба-амэрыканазнаўстве[2]. Сярод мусульманскага насельніцтва Злучаных Штатаў, ды і іншых аматараў усходніх прысмакаў, Дэтройт — і асабліва Дырбарн — славіцца сваёй баклавой.[3]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэтройт быў названы ў гонар ракі Дэтройт, якая злучае возера Сэн-Клер з возерам Эры. Назва паходзіць ад францускага слова détroit, якое азначае «пратока», бо горад месьціцца на вузкім пярэсмыку, які злучае два возеры.
Індзейскае панаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Палеоіндзейцы засялялі раёны паблізу Дэтройта яшчэ 11 тысяч гадоў таму[4]. Да XVII стагодзьдзя ў гэтым рэгіёне жылі гуроны, одава, патаватамі і іракезы[5]. Першыя эўрапейцы не траплялі ў гэты рэгіён да моманту пакуль тут не зьявіліся францускія місіянэры і гандляры. Гуроны і ды іншыя народы ўтрымлівалі паўночны бок возера Эры да 1650-х гадоў, але затым іх пачалі выціскаць адтуль іракезы, распачаўшы гэтак званыя Бабровыя войны 1649—1655 гадоў. Да 1670-х гадоў аслабленыя вайной іракезы заявілі пра свае правы на паляўнічыя ўгодзьдзі ажно да даліны ракі Агаё ў паўночным Кентукі. Цягам наступных ста гадоў практычна аніякія дзеі Вялікабрытаніі ці Францыі не рабіліся без кансультацыяў з іракезамі або з улікам іхняй верагоднай рэакцыі.
Францускі і брытанскі час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
24 ліпеня 1701 году францускі дасьледнік Антуан дэ ля Мот Кадыльяк і больш чым сотняй іншых францускіх пасяленцаў рушылі ў гэты рэгіён з Квэбэку ўздоўж даліны ракі Сьвятога Лаўрэнція да раёну Вялікіх азёраў. У гэтым рэгіёне яны ўзьвялі невялікі форт на паўночным беразе ракі Дэтройт. Кадыльяк назваў паселішча як Форт Паншартрэн-дзю-Дэтройт[6] у гонар Люі Фэліпо графа дэ Паншартрэна, які займаў пасаду дзяржаўнага сакратара флёту пры каралі Людовіку XIV[7]. Францыя прапаноўвала каляністам дармовыя надзелы зямлі, каб прыцягнуць сем’і далей на захад углыб паўночнаамэрыканскага кантынэнта. Места стала найбуйнейшым эўрапейскім паселішчам паміж Манрэалем і Новым Арлеанам, якія таксама былі францускімі паселішчамі, у былых калёніях Новая Францыя і Луізыяна[8]. Тагачасная каляніяльная эканоміка рэгіёну базавалася на прыбытковым гандлі футрам, у якім шматлікія карэнныя амэрыканскія народы адыгрывалі важную ролю.
Падчас Францускай і індзейскай вайны 1753—1763 гадоў, якая паводле сутнасьці была паўночнаамэрыканскім фронтам Сямігадовай вайны ў Эўропе, брытанскія войскі атрымалі кантроль над паселішчам празь некалькі гадоў пасьля пачатку канфлікту. Яны скарацілі ягоную назву да назову Дэтройт. У адказ некалькі мясцовых індзейскіх плямёнаў пачалі вайну супраць ангельцаў і ў 1763 годзе аблажылі форт, але ня здолелі яго захапіць. Зазнаўшы паразу, Францыя па вайне саступіла Вялікабрытаніі сваю тэрыторыю ў Паўночнай Амэрыцы[9]. Брытанцы склалі ўгоду з іракезамі, у выніку чаго пасяленцам з Трынаццаці калёніяў было забаронена ствараць паселішчы на поўдзень і ніжэй за Вялікія азёры і на захад ад Апалачаў. Аднак, многія каляністы і першапраходцы ігнаравалі гэтае пагадненьне. Да 1773 году, па павелічэньні колькасьці ангельска-амэрыканскіх пасяленцаў, насельніцтва Дэтройта павялічылася да 1400 чалавек. Падчас вайны за незалежнасьць ЗША набегі карэннага насельніцтва і ляялістаў 1778 году паўплывалі на на большую эміграцыю на захад, бо многія спрабавалі ўцячы далей ад войнаў на ўсходзе.
Па амэрыканскай рэвалюцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вялікі пажар у Дэтройце 1805 году зьнішчыў большую частку драўляных будынкаў места, пакінуўшы цэлым толькі каменны форт, рачны склад і цагляныя коміны ад былых дамоў[10]. Не зважаючы на значную шкоду, аніхто з 600 жыхароў Дэтройта не загінуў[11]. З 1805 па 1847 гады Дэтройт быў сталіцай Мічыганскай тэрыторыі, а пазьней ён стаў першай сталіцай штату ў студзені 1837 году, калі Мічыган далучыўся да ЗША. Дэтройт афіцыйна набыў статус гораду ў 1815 годзе, і ягоны гарадзкі плян быў натхнёны вялікімі бульварамі Вашынгтона[12]. Перад Грамадзянскай вайной у ЗША разьмяшчэньне Дэтройта ўздоўж мяжы паміж Канадай і ЗША зрабіла яго жыцьцёва важным прыпынкам на чыгуначных шляхах. Тысячы паняволеных мурынаў уцякалі ў Канаду праз горад[12][13][14]. Унёсак Дэтройта ў намаганьні фэдэральных войскаў таксама быў значным, многія жыхары добраахвотна запісваліся ў войска. 24-ы Мічыганскі пяхотны полк, які быў сфармаваны з жыхароў места, уваходзіў у склад знакамітай Жалезнай брыгады, якая панесла цяжкія страты ў бітве пры Гетысбэргу[15].
Прамысловы бум
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У канцы XIX стагодзьдзя Дэтройт значна пашырыў прамысловы сэктар. Заможнасьць гораду выявілася ў будаўніцтве раскошных маёнткаў прамысловых магнатаў уздоўж вялікіх праспэктаў. Дэтройт атрымаў мянушку «Парыж Захаду» за сваю архітэктурную прыгажосьць[12]. Да 1896 года ў горадзе быў пабудаваны першы аўтамабіль Гэнры Форда. У 1903 годзе Форд заклаў уласную кампанію Ford Motor Company. Разам зь іншымі піянэрамі аўтамабілебудаваньня ён заснаваў «Вялікую тройку» аўтавытворцаў, умацаваўшы статус Дэтройта як сусьветнай аўтамабільнай сталіцы пачатку XX стагодзьдзя[12]. Насельніцтва места хутка павялічылася, што паставіла яго на чацьверты радок велічыні ў ЗША да 1920 году[16]. У часы сухога закона ў ЗША рака Дэтройт стала асноўным маршрутам кантрабанды нелегальнага алькаголю з Канады. З хуткім ростам колькасьці прамысловых рабочых на аўтамабільных заводах, паўсталі і ўмацаваліся прафэсійныя зьвязы, як то Амэрыканская фэдэрацыя працы і Аб’яднаньне аўтамабільных работнікаў. Яны змагаліся за арганізацыю рабочых, каб дамагчыся лепшых умоваў працы і заробкаў. Яны ініцыявалі страйкі і іншыя тактычныя дзеі ў падтрымку такіх паляпшэньняў, у выніку чаго дамагліся 8-гадзіннага працоўнага дня і 40-гадзіннага працоўнага тыдня, павышэньня заробкаў, большых ільготаў і паляпшэньня ўмоваў працы агулам. Дэмаграфічныя зрухі, выкліканыя індустрыялізацыяй, прывялі да значнай расавай напружанасьці ў Дэтройце. У месьце ўзьнік Ку-клукс-клан, прыхільнікі якога атакавалі мурынаў, а таксама каталіцкія і габрэйскія супольнасьці. Адваротны гвалт таксама быў пашыраны і павязаны зь дзейнасьцю Чорнага легіёну[17]. Расавая напружанасьць у горадзе выбухнула падчас расавых беспарадкаў у Дэтройце ў 1943 годзе. Выкліканыя пратэстам на заводзе Packard, гвалт спрычыніў 34 сьмерцяў, 433 раненьняў і вялікай шкоды маёмасьці[18][19].

Прамысловыя зьліцьці ў 1950-х гадах, асабліва ў аўтамабільным сэктары, павялічылі алігаполію ў амэрыканскай аўтамабільнай прамысловасьці. У 1950 годзе ў горадзе пражывала блізу траціны ад усяго насельніцтва штату. За наступныя 60 гадоў колькасьць жыхароў гораду скарацілася, у выніку чаго было эквівалентна менш чым 10 адсоткам насельніцтва штату. Як і ў іншых буйных амэрыканскіх гарадах паваеннага часу, зьмены ў гарадзкім плянаваньні і інфраструктуры таксама паўплывалі на расавую дынаміку Дэтройта. Будаўніцтва шашэйных дарог і аўтамагістралей стала чыньнікам высяленьня многіх супольнасьцей мурынаў, такіх як Блэк-Ботам і Парадайз-Вэлі. Горад таксама перажыў зьмены ў сваёй транспартнай сыстэме, бо апошняя лінія электрычнага трамвая Дэтройта была замененая аўтобусамі ў 1956 годзе[20][21]. Гэтыя зьмены поруч з ростам субурбанізацыі і перамяшчэньнем прамысловасьці на ўскраіны, спрыяла аўтамабільнаму разьвіцьцю зь нізкай шчыльнасьцю. Дэтройцкі марш за грамадзянскія правы «Шлях да свабоды» адбыўся ў чэрвені 1963 году[22]. Мартын Лютэр Кінг выступіў з важнай прамовай, якая папярэднічала ягонай знакамітай прамове «Я маю мару» ў Вашынгтоне. Даўняя напружанасьць у Дэтройце дасягнула кульмінацыі ў беспарадках на Дванаццатай вуліцы ў ліпені 1967 году. Губэрнатар Джордж Ромні загадаў Нацыянальнай гвардыі Мічыгану ўвайсьці ў горад, а прэзыдэнт Ліндан Б. Джонсан увёў войскі арміі ЗША. У выніку загінулі 43 чалавекі, былі параненыя 467 чалавек, арыштаваныя больш за 7200 чалавек і зьнішчаныя больш за 2 тысячы будынкаў, пераважна ў жылых і бізнэсовых раёнах, дзе жылі афраамэрыканцы. Тысячы малых прадпрыемстваў былі канчаткова зачыненыя або перамешчаныя ў больш бясьпечныя раёны, а пацярпелы раён стаяў у руінах дзесяцігодзьдзямі[23].
Заняпад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На тле гэтых праблемаў у 1973 годзе Дэтройт абраў Коўлмана Янга сваім першым чарнаскурым мэрам. Янг засяродзіўся на павелічэньні расавай разнастайнасьці ў гарадзкіх службах і паляпшэньні транспартнай сыстэмы Дэтройта, але рэгіянальная напружанасьць зь лідэрамі прадмесьцяў захоўвалася[24]. Праблемы гораду пагоршыліся нафтавымі крызісамі 1973 і 1979 гадоў, якія нанесьлі шкоду аўтамабільнай прамысловасьці і прывялі да звальненьняў і закрыцьця заводаў, што яшчэ больш паменшыла падатковую базу гораду[25]. Адток сярэдняй клясы, высокі ўзровень беспрацоўя і рост злачыннасьці пагоршылі ўмовы жыцьця ў горадзе, а закінутыя будынкі і кварталы яшчэ больш спрыялі ягонаму заняпаду. У чэрвені 2013 году Дэтройт абвесьціў дэфолт па запазычанасьці ў памеры 2,5 мільярдаў даляраў, то бок ён стаў найбуйнейшым горадам ЗША, які абвесьціў сябе банкрутам[26][27][28]. Пасьля гэтага места пачало паволі выбірацца з эканамічнага заняпаду. У некаторых раёнах гораду пачаўся рост джэнтрыфікацыі[29]. Напрыклад, у цэнтры гораду будаўніцтва Літл-Сызарз-Арэны прывяло да зьяўленьня элітных крамаў і рэстаранаў уздоўж Ўудўард-авэню. Будаўніцтва офісных вежаў і кандамініюмаў прывяло да прыбыцьця заможных семьяў, але таксама да выцясьненьня даўніх жыхароў і культурных аб’ектаў[30][31]. Пераабсталяваньне офісных, гандлёвых і гасьцінічных памяшканьняў выклікала заўважны рост насельніцтва ў цэнтры Дэтройта, і ў 2024 годзе ён апярэдзіў усе іншыя гарады Мічыгану[32].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Паводле зьвестак Бюро перапісу насельніцтва ЗША, горад мае агульную плошчу 370,03 км², зь якіх 359,36 км² займае сухазем’е, а 10,67 км² прыпадае на водную паверхню[33]. Дэтройт уважаецца за галоўны горад у паўднёва-ўсходнім Мічыгане. Ён разьмешчаны на Сярэднім Захадзе ў раёне Вялікіх азёраў[34]. Міжнародны запаведнік дзікай прыроды ракі Дэтройт ёсьць адзіным запаведнікам дзікай прыроды ў Паўночнай Амэрыцы, які мае ўнікальнае разьмяшчэнне ў самым цэнтры буйнога мэгаполісу. Запаведнік улучае астравы, прыбярэжныя забалочаныя тэрыторыі, багны, мелкаводзьдзе і прыбярэжныя землі ўздоўж 77 км ракі Дэтройт і заходняга ўзьбярэжжа возера Эры[35].
Горад мае пакаты схіл з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход па раўніне, якая складаецца перадусім зь ледавіковай і азёрнай гліны. Найбольш прыкметнай тапаграфічнай асаблівасьцю места ёсьць Дэтройцкая марэна, то бок шырокі гліністы сьцяг, на якім стаяць старыя раёны Дэтройту і канадзкага места Ўіндзар. Ён узвышаецца прыкладна на 19 мэтраў па-над ракою ў найвышэйшым сваім пункце[36]. Найвышэйшым пунктам места ёсьць мясцовасьць беспасярэдне на поўнач ад папку Горэм на паўночным захадзе Дэтройту, прыкладна за тры кварталы на поўдзень ад 8-й Майл-Роўд, на вышыні ад 206 да 207 мэтраў[37]. Найніжэйшы пункт Дэтройту знаходзіцца ўздоўж ракі Дэтройт, дзе вышыня паверхні ўзвышаецца па-над узроўнем мора на 174 мэтры[38].

Парк Бэл-Айл ёсьць астраўным паркам плошчаю 397 га, які стаіць ля ракі Дэтройт, паміж Дэтройтам і Ўіндзарам. Ён злучаны з супрацьлеглым берагам мостам Макартура. У парку Бэл-Айл ёсьць такія славутасьці, як мэмарыяльны фантан Джэймза Скота, кансэрваторыя Бэл-Айл, яхтавы клюб Дэтройту на суседнім востраве, пляж даўжынёю ў 800 мэтраў, поле для гольфа, прыродны цэнтар, помнікі і сады. Горад месьціцца на поўначы ад Ўіндзара, у выніку чаго ён уважаецца за адзіны буйны горад на мяжы Канады і ЗША, празь які можна пераехаць на поўдзень, каб трапіць з ЗША ў Канаду[39]. У Дэтройце налічваюцца пяць памежных пераходаў, сярод якіх мост Гордзі-Гаў, мост Амбасадар, аўтамабільны тунэль Дэтройт-Ўіндзар, чыгуначны тунэль. Пятым памежным пераходам ёсьць паром Дэтройт-Ўіндзар для цяжкавікоў, разьмешчаны недалёка ад саляной шахты Ўіндзар і вострава Зуг. Дэтройцкая саляная шахта, якой кіруе Дэтройцкая саляная кампанія, мае больш за 160 км дарог[40][41].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэтройт і астатняя частка паўднёва-ўсходняга Мічыгану маюць гарачы летні вільготны кантынэнтальны клімат, які, як і іншыя месты ў штаце, мае ўплыў Вялікіх азёраў[42][43][44]. Зіма тут халодная, зь мернымі сьнегападамі і тэмпэратурай, якая не ўздымаецца вышэй за нуль у сярэднім 44 дні на год, апускаючыся да −18 °C або ніжэй у сярэднім 4,4 дні на год. Лета цёплае або сьпякотнае з тэмпэратурай, якая перавышае 32 °C цягам 12 дзён. Цёплы сезон доўжыцца з траўня па верасень. Сярэдняя штомесячная тэмпэратура вагаецца ад −3,6 °C у студзені да 23,1 °C у ліпені. Афіцыйныя экстрэмальныя тэмпэратуры вагаюцца ад 41 °C, што было зафіксавана 24 ліпеня 1934 году, да −29 °C, калі такі паказьнік быў занатаваны 21 студзеня 1984 году.
Колькасьць ападкаў мерная і разьмеркаваная даволі аднамерна ўсьцяж усяго году, хоць у цёплыя месяцы, як то ў траўні і чэрвені, у сярэднім большая. Звычайна колькасьць ападкаў роўная 850 мм у год, але гістарычна яна вагаецца ад 520 мм у 1963 годзе да 1212 мм у 2011 годзе. Сьнегапад, які звычайна выпадае ў вымерных колькасьцях з 15 лістапада па 4 красавіка, але часам у кастрычніку і вельмі зрэдку ў траўні, складае ў сярэднім 108 см за сэзон, хоць гістарычна гэты паказьнік вагаецца ад 29 см у 1881—1882 гадах да 241 см у 2013—2014 гадах. Тоўсты пляст сьнежнага покрыва ёсьць даволі рэдкай зьвявай. Частымі ёсьць навальніцы, якія звычайна надыходзяць на горад увесну і ўлетку[45].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У горадзе месьцяцца офісы некалькіх буйных карпарацыяў, у тым ліку тры кампаніі зь сьпісу Fortune 500. Найбольш прадстаўленымі сэктарамі ёсьць вытворчасьць (асабліва аўтамабільная), фінансы, тэхналёгіі і ахова здароўя. Сярод найбольш значных кампаніяў, разьмешчаных у Дэтройце, вылучаюцца General Motors, Rocket Mortgage, Ally Financial, Compuware, Shinola, American Axle, Little Caesars, DTE Energy, Lowe Campbell Ewald, Blue Cross Blue Shield of Michigan і Rossetti Architects.

У цэнтры Дэтройту працуе блізу 80 тысяч чалавек, што складае адную пятую частку ад занятага насельцнітва места[46][47]. Акрамя шматлікіх уласна дэтройцкіх кампаніяў у цэнтры гораду маюцца буйныя офісы Comerica, Stellantis, Fifth Third Bank, HP Enterprise, Deloitte, PricewaterhouseCoopers, KPMG і Ernst & Young. Сядзіба Ford Motor Company разьмешчаная ў суседнім Дырбарне, а ў Обэрн-Гілз месьціцца адна зь дзьвюх штаб-кватэраў DaimlerChrysler, у той час як іншая знаходзіцца ў нямецкім Штутгарце. Яшчэ тысячы супрацоўнікаў працуюць у Мідтаўне, разьмешчанага на поўнач ад цэнтральнага бізнэсоавага раёну. Эканамічнымі апірышчамі, то бок найбуйнейшымі працадаўцамі, цэнтральнага раёну ёсьць Дэтройцкі мэдычны цэнтар, Унівэрсытэт Ўэйна і Сыстэма аховы здароўя імя Гэнры Форда. Тут таксама знаходзіцца гадзіньнікавая кампанія Shinola і шэраг малых кампаніяў і стартапаў. Таксама ў цэнтры быў разбудаваны дасьледчы цэнтар і бізнэсовы інкубатар, які ёсьць часткай Унівэрсытэту Ўэйна[48].
Шмат якія працадаўцы ў цэнтрыльных частках места ёсьць адносна новымі, бо назіраецца прыкметная тэндэнцыя пераезду кампаніяў з прадмесьцяў-спадарожнікаў у цэнтар Дэтройту[49]. Compuware завяршыла будаўніцтва сваёй сядзібы ў цэнтры гораду ў 2003 годзе. OnStar, Blue Cross Blue Shield і HP Enterprise Services месьцяцца ў Рэнэсанс-Цэнтры. Офісы PricewaterhouseCoopers знаходзяцца побач з Форд-Філд, а Ernst & Young завяршыла будаўніцтва свайго офіснага будынка на пляцы Кенэдзі ў 2006 годзе. У 2010 годзе фінансавая ўстанова Quicken Loans перамясьціла сваю сядзібу і 4 тысячы супрацоўнікаў у цэнтар места, аб’яднаўшы такім чынам свае офісы. У ліпені 2012 году Ведамства па патэнтах і таварных знаках ЗША адкрыла свой спадарожнікавы офіс у раёне Рывэртаўн[50].
Улады Дэтройту ў спалучэньні зь дзяржаўна-прыватнай супрацай спрабавалі каталізаваць рост рэгіёну, садзейнічаючы будаўніцтву і гістарычнай рэканструкцыі жылых вышынных будынкаў у цэнтры, стварыўшы зону з падатковымі ільготамі, а таксама разбудоўваючы зоны адпачынку, як то дэтройцкая набярэжная Рывэрўок, парк Кампус-Мартыюс ды іншыя паркі і алеі. Горад расчысьціў вучасткі зямлі, захаваўшы пры гэтым некаторыя гістарычна значныя закінутыя будынкі, каб стымуляваць рэканструкцыю[51]. Не зважаючы на фінансавыя цяжкасьці, горад выпусьціў у абарачэньне аблігацыі ў 2008 годзе дзеля забесьпячэньня фінансаваньня бягучых работ па зносе занядбанай нерухомасьці[52]. За два гады да таго гарадзкія ўлады паведамілі аб вылучэньні 1,3 мільярдаў даляраў на рэстаўрацыю і новае будаўніцтва, што павялічыла колькасьць будаўнічых працоўных месцаў у горадзе[53]. За дзесяцігодзьдзе да 2006 году гарадзкі цэнтар атрымаў больш за 15 мільярдаў даляраў новых інвэстыцыяў з прыватнага і дзяржаўнага сэктараў[54]. Мідтаўн уважаецца за адзін з самых пасьпяховых раёнаў Дэтройту, дзе ўзровень запаўняльнасьці жыльля складае 96%[55]. Тут была завершаная рэканструкцыя будынка Дэйвіда Ўітні коштам 82 мільёнаў даляраў, адбылася забудова Ўудўард-Гардэн-Блок, пераўтварэньне вежы Дэйвіда Бродэрыка пад жылыя памяшканьні, рэканструкцыя гатэля Бук-Кадылак і гатэля Форт-Шэлбі, а таксама розныя іншыя меншыя праекты[53][56].
У 2013 годзе сетка раздробнага гандлю на Сярэднім Захадзе Meijer адкрыла свой першы гіпэрмаркет у Дэтройце[57]. Гэта была крама коштам 20 мільёнаў далараў у паўночнай частцы гораду, які таксама ёсьць цэнтральным элэментам новага гандлёвага цэнтра Гейтўэй-Маркетплэйс коштам 72 мільёны даляраў[58].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У цэнтральных раёнах Дэтройту расьце колькасьць маладых адмыслоўцаў, мастакоў і іншых перасяленцаў, а таксама пашыраецца раздробны гандаль[59]. Гэтая дынаміка прыцягвае новых жыхароў і былых жыхароў, якія вяртаюцца зь іншых гарадоў, у цэнтар места, а таксама ў адноўленыя раёны Мідтаўн і Нью-Цэнтар[59][60].
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Жывая музыка была адметнай рысай начнога жыцьця Дэтройту з канца 1940-х гадоў, што дало гораду мянушку «Матаўн»[61]. У горадзе маюцца шмат вядомых на нацыянальным узроўні пляцовак з жывой музыкай. Канцэрты, якія арганізуе кампанія Live Nation, ладзяцца ва ўсім Дэтройце. Тэатральная сцэна Дэтройту ўважаецца за другую паводле велічыні ў ЗША, тут таксама ставяцца спэктаклі з Брадўэйскага тэатру[62][63]. Горад мае багатую музычную спадчыну і цягам дзесяцігодзьдзяў горад зрабіў унёсак у многія жанры музыкі[64]. Важныя музычныя падзеі ўлучаюць Дэтройцкі міжнародны джазавы фэстываль, Дэтройцкі фэстываль электроннай музыкі, Музычную канфэрэнцыю Мотар-Сіці (MC2), Гарадзкую арганічную музычную канфэрэнцыю, Канцэрт колераў і гіп-гоп фэстываль Summer Jamz[64].
У 1940-х гадах дэтройцкі блюзавы выканаўца Джон Лі Гукер надоўга пасяліўся ў раёне Дэлрэй. Ён, сярод іншых важных блюзавых музыкаў, эміграваў з свайго дома ў Місысыпі, прывёзшы з сабою ў Дэтройт дэльта-блюз. Гукер запісваўся для Fortune Records, найбуйнейшага блюз і соўл-лэйбла да зьяўленьня лэйблу гуказапісу Motown. У 1950-х гадах горад стаў цэнтрам джазу[12]. Сярод вядомых маладых джазавых музыкаў таго часу былі трубач Дональд Бэрд і саксафаніст Пэпэр Адамз, які займаўся сольнай кар’ерай і часам акампанаваў Бэрду на некалькіх альбомах. Міжнародны джазавы музэй Грэйстоўна задакумэнтаваў джаз у Дэтройце[65]. Іншымі вядомымі зоркамі рытм-энд-блюзу з Дэтройту ў 1950-х і пачатку 1960-х гадоў былі Нолан Стронг, Андрэ Ўільямз і Натаніел Маер, якія запісвалі свае гіты на лэйбле Fortune Records. Паводле словаў Смокі Робінсана, Стронг зрабіў галоўны ўплыў на ягоны стыль сьпеву ў падлеткавым веку. Лэйбл Fortune Records належыў мужу і жонцы Джэку Браўну і Дэвары Браўн. На гэтай студыі выпускаліся музыкі жанраў кантры, госпэл і ракабілі, дзякуючы чаму стаў самым легендарным лэйблам места[66]. Бэры Гордзі-малодшы заснаваў Motown Records, які стаў вядомым у 1960-х і пачатку 1970-х гадоў дзякуючы такім выканаўцам, як Стыві Ўандэр, The Temptations, The Four Tops, Smokey Robinson & the Miracles, The Supremes, The Jackson 5, Martha and the Vandellas, The Spinners, Gladys Knight & the Pips, The Marvelettes, The Elgins, The Monitors, The Velvelettes і Марвін Гэй.
Мясцовыя артысты і гурты набылі вядомасьць у 1960-х і 70-х гадах, сярод іншых у тым ліку MC5, Глен Фрай, The Stooges, Боб Сыгер, Amboy Dukes, Rare Earth, Эліс Купэр і Сьюзі Кватра. Гурт Kiss падкрэсьліў сувязь гораду з рокам у песьні «Detroit Rock City» і фільме, зьнятым у 1999 годзе. У 1980-х гадах Дэтройт быў важным цэнтрам гардкор-панк-рок андэграўнду, і з гораду і ягоных прадмесьцяў паходзіць шмат вядомых на нацыянальным узроўні гуртоў, як то Necros, Meatmen і Negative Approach[66]. У 1990-я і 2000-я гады горад даў жыцьцё многім уплывовым гіп-гоп выканаўцам, у тым ліку Эмінэму, гіп-гоп выканаўцу з самым высокім сукупным аб’ёмам продажаў, ягонаму рэп-гурту D12, Кід Року, Біг Шону і Дэні Браўну. У горадзе таксама актыўна разьвіваецца гаражны рок, дзякуючы такім музычным калектывам, як то White Stripes, Von Bondies, Detroit Cobras, Dirtbombs, Electric Six і Hard Lessons[64]. Дэтройт уважаецца за месца нараджэньня тэхна-музыкі ў пачатку 1980-х гадоў[67]. Таксама гэта радзіма дэтройцкага тэхна. Дэтройцкі фэстываль электроннай музыкі, цяпер вядомы як Movement, штогод ладзіцца ў канцы траўня ў выходныя Дня памяці на пляцы Гарт.
Выканальніцкае мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сярод буйных тэатраў Дэтройту вылучаюцца тэатар Фокс, Цэнтар выканальніцкіх мастацтваў «М’юзік-Хол», тэатар Джэм, тэатар Масонскі храм, опэрны тэатар Дэтройту, тэатар Фішэра, тэатар Філмар Дэтройт, заля Сьвятога Андрэя, тэатар Маджэстык і заля Аркестар-Хол, дзе выступае знакаміты сымфанічны аркестар Дэтройту. Кінастудыя Матаўн плошчаю 49 700 м² здымае фільмы ў Дэтройце і навакольлі ў бізнэсовым кампусе Пантыак Цэнтарпойнт дзеля кінаіндустрыі, якая, як чакаецца, будзе працаўладкоўваць больш за 4 тысячы чалавек[68].
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэтройт зьяўляецца адным зь некалькіх гарадоў ЗША, у якім ёсьць каманды чатырох галоўных спартовых лігаў Паўночнай Амэрыкі (НХЛ, НБА, НФЛ, МЛБ).
| Клюб | Ліга | Стадыён | Заснаваны | Перамогі |
|---|---|---|---|---|
| Дэтройт Лаянз | NFL Амэрыканскі футбол | «Ford Field» | 1930 | 4 (НФЛ), 0 (Супэр Боўл) |
| Дэтройт Пістанз | NBA Баскетбол | «Little Caesars Arena» | 1941 | 2 (НБЛ), 3 (НБА) |
| Дэтройт Рэд Ўінгс | NHL Хакей | «Little Caesars Arena» | 1926 | 10 |
| Дэтройт Шок | WNBA Баскетбол | «The Palace of Auburn Hills» | 1998 | 2 |
| Дэтройт Тайгерз | MLB Бэйсбол | «Comerica Park» | 1894 | 4 |
Гарады-пабрацімы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://www.britannica.com/place/Detroit
- ↑ Center for Arab American Studies (CAAS)
- ↑ soc.culture.lebanon FAQ, part 3/5
- ↑ Lemke, Ashley Great Lakes Rangifer and Paleoindians: Archaeological and Paleontological Caribou Remains from Michigan // PaleoAmerica. — 2015. — Т. 1. — № 3. — С. 277. — DOI:10.1179/2055557115Y.0000000003
- ↑ Teasdale, Guillaume Old Friends and New Foes: French Settlers and Indians in the Detroit River Border Region // Michigan Historical Review. — 2012. — Т. 38. — № 2. — С. 35—62. — DOI:10.5342/michhistrevi.38.2.0035
- ↑ Woodford, Arthur M. This is Detroit, 1701–2001. — Wayne State University Press. — С. 15. — ISBN 0814329144
- ↑ Riley, John L. The Once and Future Great Lakes Country: An Ecological History. — McGill-Queen's University Press, 2013. — ISBN 978-0-7735-4177-1
- ↑ French Ontario in the 17th and 18th centuries – Detroit. Archives of Ontario. Архіўная копія ад 08.2004 г.
- ↑ Ross, Marc (01.2017) Why Detroit is Built to Succeed: Looking at Detroit's Past to See Its Future. Global Affairs Media. Архіўная копія ад 02.2020 г.
- ↑ Ste. Anne of Detroit. Ste. Архіўная копія ад 09.2011 г.
- ↑ Great Fire of 1805 | Detroit Historical Society. detroithistorical.org. Архіўная копія ад 09.2021 г.
- 1 2 3 4 5 Woodford, Arthur M. This is Detroit 1701–2001. — Wayne State University Press, 2001. — ISBN 0-8143-2914-4
- ↑ Chadwick, Bruce Traveling the underground railroad: a visitor’s guide to more than 300 sites. — Secaucus, NJ: Carol Pub. Group, 1999. — ISBN 0806520930
- ↑ US Department of Interior, National Park Service, Denver Service Center, Underground Railroad. — DIANE Publishing, 1995.
- ↑ Rosentreter, Roger (July/August 1998). «Come on you Wolverines, Michigan at Gettysburg». Michigan History.
- ↑ Biggest US Cities in 1920 – Historical Population Data. www.biggestuscities.com. Архіўная копія ад 07.2025 г.
- ↑ Bak, Richard (02.2009) The Dark Days of the Black Legion. Hour Detroit. Архіўная копія ад 01.2021 г.
- ↑ Dominic J. Capeci, Jr., and Martha Wilkerson, "The Detroit Rioters of 1943: A Reinterpretation. Dominic J. Архіўная копія ад 01.2020 г.
- ↑ The 1943 Detroit race riots – Michigan History. The Detroit News. Архіўная копія ад 10.2013 г.
- ↑ Gavrilovich, Peter; McGraw, Bill (2000). «The Detroit Almanac: 300 Years of Life in the Motor City». — С. 232.
- ↑ News+Views: Back track. Metro Times. Архіўная копія ад 03.2012 г.
- ↑ Freedom North: Black Freedom Struggles Outside the South, 1940-1980. — Palgrave Macmillan, 2003. — С. 166–168. — ISBN 9780312294670
- ↑ Fine, Sidney (1989). «Violence in the Model City: The Cavanaugh Administration, Race Relations, and the Detroit Riot of 1967».
- ↑ Detroit Police Department. Detroit Historical Society. Архіўная копія ад 05.2015 г.
- ↑ Risen, James. Poletown Becomes Just a Memory: GM Plant Opens, Replacing Old Detroit Neighborhood // Los Angeles Times, 09.1985 г. Архіўная копія ад 11.2025 г.
- ↑ Debt default by Detroit city rocks bondholders. Detroit Star. Архіўная копія ад 11.2013 г.
- ↑ Creditors to fight Detroit insolvency claim // The Detroit News, 07.2013 г. Архіўная копія ад 08.2013 г.
- ↑ Lichterman, Joseph; Woodall, Bernie. In largest-ever U.S. city bankruptcy, cuts coming for Detroit creditors, retirees // Reuters, 12.2013 г. Архіўная копія ад 09.2015 г.
- ↑ Mondry, Aaron. Trends that defined Detroit in the 2010s // Detroit Curbed, 11.2019 г. Архіўная копія ад 09.2023 г.
- ↑ Mondry, Aaron. 10 redevelopments that shaped Detroit over the last 10 years // Curbed Detroit, 11.2019 г. Архіўная копія ад 09.2023 г.
- ↑ Carlisle, John (05.2020) Detroit neighborhood group sees gentrification as the enemy. Detroit Free Press. Архіўная копія ад 04.2023 г.
- ↑ Living in Downtown Detroit Is Back // The New York Times, 30.07.2025 г. Архіўная копія ад 09.2025 г.
- ↑ US Gazetteer files 2010. United States Census Bureau. Архіўная копія ад 07.2012 г.
- ↑ Figure 3.1: Map showing the location of Detroit in Michigan, USA. ResearchGate. Архіўная копія ад 05.2022 г.
- ↑ About the Refuge. Detroit River. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Perkins, Almon The Historical Geography of Detroit. Michigan Historical Commission. Архіўная копія ад 05.2013 г.
- ↑ Detroit High Point. Peakbagger.com. Архіўная копія ад 07.2013 г.
- ↑ Great Lakes, Connecting Channels and St. Lawrence River Water Levels and Depths. United States Army Corps of Engineers – Detroit District. Архіўная копія ад 01.2013 г.
- ↑ D’Amours, Andrew (07.2020) In Which Direction Must You Drive To Enter Canada If You Are In Detroit?. Flytrippers. Архіўная копія ад 11.2022 г.
- ↑ The ghostly salt city beneath Detroit. The Detroit News. Архіўная копія ад 07.2012 г.
- ↑ The Detroit Salt Company --Explore the City under the City Архіўная копія ад 04.2009 г.
- ↑ Detroit, Michigan Climate Detroit, Michigan Temperatures Detroit, Michigan Weather Averages. Detroit.climatemps.com. Архіўная копія ад 03.2020 г.
- ↑ Muller, M. J. Selected climatic data for a global set of standard stations for vegetation science. — Springer Science & Business Media. — ISBN 978-94-009-8040-2
- ↑ Michigan - Climate. Encyclopedia Britannica. Архіўная копія ад 04.2020 г.
- ↑ Articles | Encyclopédie du patrimoine culturel de l’Amérique française — histoire, culture, religion, héritage. Ameriquefrancaise.org (05.1941). Архіўная копія ад 05.2013 г.
- ↑ Downtown Detroit in Focus: A Profile of Market Opportunity. The Social Compact Inc. Архіўная копія ад 08.2011 г.
- ↑ Henion, Andy (March 22, 2007). City puts transit idea in motion. The Detroit News.(About 80,500 people work in downtown Detroit which is 21% of the city's employment base). Retrieved on May 14, 2007.
- ↑ WSU economic development leader named TechTown president and CEO – Wayne State University Архіўная копія ад 03.2015 г.
- ↑ Muller, David (03.2013) While companies move into Downtown Detroit, suburbs continue to suffer. Mlive.com. Архіўная копія ад 08.2017 г.
- ↑ Press Release, 12–41. Uspto.gov (07.2012). Архіўная копія ад 06.2014 г.
- ↑ Planting community in fallow fields. American Institute of Architects. Архіўная копія ад 07.2011 г.
- ↑ Next Detroit Архіўная копія ад 05.2008 г.
- 1 2 Development and Growth. City of Detroit Partnership. Архіўная копія ад 06.2008 г.
- ↑ Downtown Detroit In Focus: A Profile of Market Opportunity. Inc. Архіўная копія ад 09.2011 г.
- ↑ Lawrence Tech anchoring Midtown Detroit development, joining neighborhood's boom. MLive. Архіўная копія ад 10.2013 г.
- ↑ Sands, David. Detroit Development Projects, Real Estate Investments Are Booming in 2013 // HuffPost, 06.2013 г. Архіўная копія ад 11.2025 г.
- ↑ First Meijer super center store opens in Detroit Архіўная копія ад 06.2014 г.
- ↑ New $20M Meijer Store Opens In Detroit Архіўная копія ад 12.2013 г.
- 1 2 DEGA enlists help to spur Detroit retail Архіўная копія ад 05.2011 г.
- ↑ Detroit Neighborhood Market Drill Down. Report. Архіўная копія ад 09.2011 г.
- ↑ Searching for "Motown" within on Discogs. Discogs.com. Архіўная копія ад 01.2018 г.
- ↑ Firsts and facts Архіўная копія ад 05.2008 г.
- ↑ Arts & Culture. Detroit Economic Growth Corporation. Архіўная копія ад 04.2005 г.
- 1 2 3 Gavrilovich, Peter; Bill McGraw The Detroit Almanac. — Detroit Free Press, 2006. — ISBN 978-0-937247-48-8
- ↑ The Graystone Online. Internet Public Library of the University of Michigan. Архіўная копія ад 09.2009 г.
- 1 2 Carson, David A. Noise, and Revolution: The Birth of Detroit Rock 'n' Roll. — University of Michigan Press, 2005. — ISBN 0-472-11503-0
- ↑ High Tech Soul. Plexifilm. Архіўная копія ад 12.2013 г.
- ↑ Gallaher, John; Gray, Kathleen; Christoff, Chris (3.02.2009). «Pontiac film studio to bring jobs». Detroit Free Press.