Бостан
| Бостан анг. Boston | |||
| Населены пункт | |||
| |||
| Краіна | ЗША | ||
|---|---|---|---|
| Дата заснаваньня | 7 (17) верасьня 1630[1] | ||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||
| Мэр | Мішэль Ву[d][2] | ||
| Заканадаўчы орган | Boston City Council[d] | ||
| Геаграфія | |||
| Плошча | 232,14 км² | ||
| Тып клімату | humid continental climate[d] | ||
| Вышыня НУМ | 43 м | ||
| Часавы пас | |||
| Каардынаты | 42°21′29″ пн. ш. 71°03′49″ з. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць | 667 137 чал. (2015) | ||
| Этнахаронімы | Bostonian, Bostoniens, Bostoner, Bostonerin, Bostonerinnen, bostończyk[3], bostonka[4], bostonano, Bostonienne[5], Bostonien[5], bostondar, Bostoniani, Bostončan, Bostončanka і بُسْطُنِيٌّ | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | 617 | ||
| Паштовы індэкс | 02108, 02109, 02110, 02111, 02112, 02113, 02114, 02115, 02116, 02117, 02118, 02123, 02133, 02163[6], 02196[6], 02199[6], 02201[6], 02203, 02204, 02205, 02206, 02210, 02211, 02212, 02215[6], 02217[6], 02222[6], 02241[6], 02283, 02284, 02293[6], 02297 і 02298 | ||
| Сайт | boston.gov (анг.) | ||
| Бостан на мапе ЗША ± Бостан | |||
Бо́стан (па-ангельску: Boston) — найбуйнейшы горад штату Масачусэтс у ЗША. Горад таксама зьяўляецца неафіцыйнай сталіцай рэгіёну, вядомага пад назвай Новая Ангельшчына, а таксама адным з найстарэйшых і самых багатых гарадоў ЗША. Паводле перапісу 2011 году, насельніцтва самога гораду — каля 626 тыс. Бостан з прадмесьцямі ўваходзіць у дзясятку найвялікшых гарадоў у ЗША і ў пяцьдзясят найвялікшых гарадоў сьвету. Мянушка гораду — «Beantown».
Бостан ёсьць даволі кампактным горадам, з агульнай плошчай у 232,1 км². Вялікая частка яго тэрыторыі знаходзіцца на вышыні 5—7 м над узроўнем мора, а найвышэйшы пункт Бэліўю-Гіл разьмешчаны на вышыні 101 м.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Да эўрапейскай калянізацыі рэгіён вакол сучаснага Бостану быў заселены народам масачусэт, які меў некалькі сэзонных паселішчаў на тэрыторыі сучаснага Бостану[7]. У 1630 годзе прыбылі эўрапейскія пасяленцы на чале з Джонам Ўінтрапам і выявілі, што паўвостраў Шомут амаль не заселены. Большасьць з тубыльцаў памерла ад эўрапейскіх хваробаў, якія зьявіліся тут зь першымі пасяленцамі і гандлярамі[8][9].
Першым эўрапейцам, які жыў на тэрыторыі, якая пазьней стала часткай Бостанам, быў англіканскі сьвятар на імя Ўільям Блэкстан, які атрымаў адукацыю ў Кембрыдзкім унівэрсытэце. Менавіта ён запрасіў сюды пурытанскіх каляністаў на чале з Айзэкам Джонсанам[10][11][12]. Пурытанская этыка і іхняя засяроджанасьць на адукацыі паўплывалі на раньнюю гісторыю гораду. У 1635 годзе ў Бостане была заснаваная першая ў Амэрыцы дзяржаўная школа, вядомая як Бостанская лацінская школа[13]. Бостан быў найбуйнейшым горадам у Трынаццаці калёніях, пакуль Філадэлфія не пераўзвысіла яго ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя[12]. Разьмяшчэньне Бостану на беразе акіяна зрабіла яго ажыўленым портам, таму горад канцэнтраваўся на суднаходзтве і рыбалавецтве ў каланіяльны час. Бостан быў галоўным прыпынкам на Карыбскім гандлёвым шляху, празь які імпартавалася вялікая колькасьць мэлясы[14]. Эканоміка Бостану трапіла ў стагнацыю ў апошнія дзесяцігодзьдзі да Амэрыканскай рэвалюцыі. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя Нью-Ёрк і Філадэлфія пераўзышлі Бостан па багацьці. У гэты час Бостан сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі, нават калі іншыя гарады Новай Ангельшчыны таксама хутка разьвіваліся[15][16].

Бостан адыграў цэнтральную ролю ў Амэрыканскай рэвалюцыі. Шмат якія важныя ейныя падзеі і наступнай Амэрыканскай вайны за незалежнасьць адбыліся ў Бостане або паблізу яго, бо рэвалюцыйны дух места супраць каляніяльнага кіраваньня Вялікабрытаніі быў відавочным і ў канчатковым выніку натхніў астатнія калёніі на супраціў[15]. Калі брытанскі парлямэнт ухваліў Закон аб гербавым зборы ў 1765 годзе, дамы Эндру Олівэра, чыноўніка, адказнага за выкананьне закону, і Томаса Гатчынсана, тагачаснага віцэ-губэрнатара калёніі Масачусэцкай затокі, былі разгромленыя бостанскім натоўпам[15][17]. Брытанцы адказалі, выправіўшы ў Бостан два палкі ў 1768 годзе ў спробе здушыць паўстаньне, але павелічэньне брытанскай вайсковай прысутнасьці ў Бостане толькі яшчэ больш распаліла бостанскіх каляністаў. У 1770 годзе, падчас Бостанскай разьніцы, брытанскія войскі адкрылі агонь у бостанскі натоўп, які пратэставаў супраць іхнай прысутнасьці. Гэты гвалт змусіў брытанцаў вывесьці свае войскі, што паспрыяла ўзмацненьню рэвалюцыйных настрояў у калёніях[16].
У траўні 1773 году парлямэнт зацьвердзіў Закон аб гарбаце, які многія каляністы ўспрынялі як спробу Вялікабрытаніі прымусіць іх плаціць дадатковыя падаткі. Гэта прывяло да гэтак званага Бостанскага чаяваньня, вызначальнай падзеі Амэрыканскай рэвалюцыі, калі разьюшаныя бостанцы скінулі ўсю партыю гарбаты, адпраўленую ад Ост-Індзкай кампаніі, у Бостанскую гавань. Брытанская манархія адказала люта, прасунуўшы Невыносныя законы і запатрабаваўшы кампэнсацыю за гарбату, зьнішчаную падчас Бостанскага чаяваньня[15]. Гэтая яшчэ больш раззлавала каляністаў, што прывяло да бітваў пры Лексынгтане і Канкордзе 19 красавіка 1775 году, першых бітваў вайны за незалежнасьць ЗША, якія адбыліся ля Бостану ў калёніі Масачусэцкай затокі[15][18]. З 19 красавіка 1775 году па 17 сакавіка 1776 году трывала аблога места.

Па рэвалюцыі даўняя марская традыцыя Бостана дапамагла яму стаць адным з самых ажыўленых партоў краіны як для ўнутранага, гэтак і для міжнароднага гандлю. Дзейнасьць бостанскага порта была значна абмежаваная Законам аб эмбарга 1807 году, які быў ухвалены ў час напалеонаўскіх войнаў і ангельска-амэрыканскай вайны 1812 году. Замежны гандаль аднавіўся пасьля войнаў, але бостанскія купцы тым часам знайшлі альтэрнатывы для сваіх капіталаўкладаньняў. Вытворчасьць стала важным кампанэнтам эканомікі места, і да сярэдзіны XIX стагодзьдзя прамысловая вытворчасьць гораду абышла міжнародны гандаль у эканамічнай значнасьці. У гэты час Бостан таксама квітнеў у культурным пляне, маючы разгалінаванае літаратурнае жыцьцё і шчодрую мастацкую падтрымку[19][20]. Прадстаўнікі старажытных бостанскіх сем’яў, якіх пазьней пачалі называць «бостанскімі брагманамі», сталі лічыцца сацыяльнай і культурнай элітай краіны. Іх часта асацыююць з амэрыканскай найвышэйшай клясай, Гарвардзкім унівэрсытэтам[21] і Эпіскапальнай царквой[22][23]. У 1820-х гадах насельніцтва Бостану хутка павялічвалася, а таксама значна зьмяняўся этнічны склад гораду. Ірляндзкія імігранты дамінавалі ў першай хвалі прыбылых у гэты час, асабліва пасьля Вялікага голаду. Да 1850 году ў Бостане налічвалася блізу 35 000 ірляндцаў[24]. У другой палове XIX стагодзьдзя ў горадзе павялічылася колькасьць ірляндцаў, немцаў, лібанцаў, сырыйцаў[25], франкаканадцаў, а таксама габрэяў зь земляў Расейскай імпэрыі. Ірляндзкія і італьянскія імігранты прынесьлі з сабою каталіцтва. У цяперашні час католікі складаюць найбуйнейшую рэлігійную супольнасьць Бостану[26], а ірляндцы гуляюць важную ролю ў палітыцы места з пачатку XX стагодзьдзя.
Да пачатку і сярэдзіны XX стагодзьдзя Бостан эканамічна заняпаў, бо фабрыкі састарэлі, а прадпрыемствы пераехалі з рэгіёну ў іншыя месцы з больш таннай працоўнай сілай. Улады адказалі на гэта ініцыяваньнем рознымі праектамі па аднаўленьні гораду, якія былі замацаваныя за Ўправай па перабудове Бостану, створанай у 1957 годзе. Да 1970-х гадоў эканоміка горада пачала аднаўляцца пасьля 30 гадоў эканамічнага спаду. У гэты час у бізнэсовым раёне і ў бостанскай затоцы Бэк-Бэй была пабудаваная вялікая колькасьць гмахаў. Гэты бум трываў да сярэдзіны 1980-х гадоў, але аднавіўся пасьля некалькіх перапынкаў. Бостан таксама перажыў джэнтрыфікацыю ў другой палове стагодзьдзя[27], прычым цэны на жыльлё рэзка ўзрасьлі з 1990-х гадоў, калі рэжым кантролю арэнднай платы ў горадзе быў адменены ў выніку прапанаванага галасаваньня на ўзроўні ўсяго штату[28].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Плошча Бостану складае 232,1 км². З гэтай плошчы 125,4 км², або 54%, займае сухазем’е, а на 106,7 км², або 46%, прыпадае вадная паверхня. Вышыня, вымераная ў міжнародным аэрапорце Логан, складае 5,8 мэтраў над узроўнем мора[29]. Найвышэйшым пунктам места ўважаецца Бэліўю-Гіл вышынёю 100 мэтраў над узроўнем мора, а найніжэйшы пункт акурат знаходзіцца на ўзроўні мора. Побач з горадам месьціцца Бостанская гавань, якая ёсьць рамям Масачусэцкай затокі, якая, адпаведна, злучаецца з Атлянтычным акіянам.
На ўсходзе Бостан мяжуе з горадам Ўінтрап і астравамі Бостанскай гавані, на паўночным усходзе — з гарадамі Рэвір, Чэлсі і Эвэрэт, на поўначы — з гарадамі Самэрвіл і Кембрыдж, на паўночным захадзе — з Ўотэртаўнам, на захадзе — з горадам Ньютанам і Бруклайнам, на паўднёвым захадзе — з горадам Дэдэм і часткамі Нідэма і Кантона, а на паўднёвым усходзе — з горадам Мілтанам і горадам Кўінсі. Рака Чарлз аддзяляе бостанскія раёны Олстан-Брайтан, Фэнўэй-Кенмар і Бэк-Бэй ад Ўотэртаўна і Кембрыджа, а большую частку Бостану — ад уласнага раёну Чарлзтаўн. Рака Нэпансэт утварае мяжу паміж паўднёвымі бостанскімі раёнамі Кўінсі і Мілтанам. Рака Містык аддзяляе Чарлзтаўн ад Чэлсі і Эвэрэта, а Чэлсі-Крык і Бостанская гавань аддзяляюць Усходні Бостан ад цэнтру места, Норт-Энда і марскога порта[30].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна, Бостан мае гарачы летні вільготны кантынэнтальны клімат[31]. Лета цёплае, а часам гарачае і вільготнае. Зіма халодная і штармавая, з рэдкімі пэрыядамі моцных сьнегападаў. Вясна і восень звычайна прахалодныя і мяккія, з рознымі ўмовамі ў залежнасьці ад кірунку ветра і стану струменнай плыні. Пераважныя вятры, якія дзьмуць зь берага, мінімізуюць уплыў Атлянтычнага акіяна. Узімку ў раёнах паблізу ўзьбярэжжа часта выпадае больш дажджу, чым сьнегу, бо цёплае паветра часам выцягваецца з Атлянтыкі[32]. Атрымліваючы больш за 2600 сонечных гадзінаў на год, Бостан ёсьць адным з самых сонечных акіянічных гарадоў, разьмешчаных на той жа шыраце, у сьвеце.
Самым цёплым месяцам уважаецца ліпень, маючы сярэднюю тэмпэратуру роўную 23,4 °C. Самым прахалодным месяцам ёсьць студзень, зь сярэдняй тэмпэратурай −1,2 °C. Пэрыяды, калі тэмпэратура вышэй за 32 °C улетку, і ніжэй за нуль зімой, не выключнасьць, але гэтыя прамежкі часу даволі кароткія, то бок блізкія да 13 і 25 дзён у годзе адпаведна[33]. Не зважаючы на сярэднюю зімовую тэмпэратуру блізкую да нуля, у Бостане могуць быць цэлыя зімы без працяглых пэрыядаў замаразкаў удзень. Узімку 2001—2002 гадоў было зафіксавана толькі два дні, калі ажно содні тэмпэратура трымалася ніжэй за нуль, прычым ані ў адзін дзень максымальная дзённая тэмпэратура не апускалася ніжэй за −2 °C[33]. Узімку 2023—2024 гадоў мінімальная гадавая тэмпэратура не апускалася ніжэй за −10 °C[33]. Паказьнікі тэрмомэтраў ніжэй за −18 °C звычайна назіраюцца кожныя 3—5 гадоў[34]. Гэтак 4 лютага 2023 году тэмпэратура апусьцілася да −23 °C. Гэта быў найніжэйшы паказьнік тэмпэратуры ў Бостане з 1957 году[33]. Сярэдні час замаразкаў у Бостане пачынаецца 9 лістапада і цягнецца да 5 красавіка[33].
У Бостане ў сярэднім выпадае 1110 мм ападкаў на год, пры гэтым за сэзон звычайна выпадае 125 см сьнегу[33]. Большая частка сьнегападаў трапляе на час зь сярэдзіны лістапада да пачатку красавіка. Сьнег зрэдку бывае ў траўні і кастрычніку[35][36]. Штогод інтэнсіўнасьць сьнегападаў звычайна розьніцца ад папярэдніх гадоў. Гэтак узімку 2011—2012 гадоў выпала толькі 23,6 см сьнегу, але ў папярэднюю зіму адпаведны паказьнік сягаў 2,06 м[33]. Прыбярэжнае разьмяшчэньне Бостану робіць горад вельмі схільным да паўночна-ўсходніх вятроў, якія могуць выклікасьць вялікую колькасьць сьнягоў і дажджоў[32].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Бостан мае шмат агульных культурных каранёў з Новай Ангельшчынай, у тым ліку праз усходне-новаангельскую гаворку, вядомую як бостанскі акцэнт[37], і рэгіянальную кухню зь вялікай колькасьцю морапрадуктаў, сольлю і малочных прадуктаў[38]. Бостан таксама вылучаецца ўласнай калекцыяй нэалягізмаў, вядомых як бостанскі слэнг і сарданічны гумар[39]. У пачатку 1800-х гадоў Ўільям Т’юдар пісаў, што Бостан быў, магчыма, самай дасканалай і, безумоўна, найлепш рэгуляванай дэмакратыяй, якая калі-небудзь існавала[40]. Праз гэта Бостан быў названы Амэрыканскім Атэнамі, аднак гэтая мянушка таксама стасуецца Філадэлфіі[41], за сваю літаратурную культуру, заслужыўшы рэпутацыю інтэлектуальнай сталіцы ЗША[42]. У XIX стагодзьдзі Ралф Ўолда Эмэрсан, Гэнры Дэйвід Тора, Натаніель Готарн, Маргарэт Фулер, Джэймз Расэл Лоўэл і Гэнры Ўодсўарт Лонгфэлаў пісалі ў Бостане. Некаторыя лічаць кнігарню «Олд Корнэр» калыскай амэрыканскай літаратуры, то бок месцам, дзе сустракаліся гэтыя пісьменьнікі і дзе ўпершыню быў выдадзены часопіс The Atlantic[43]. У 1852 годзе Бостанская грамадзкая бібліятэка стала першай публічнай у краіне[42]. Літаратурная культура Бостану жыве і сёньня, дзякуючы шматлікім унівэрсытэтам і Бостанскаму кніжнаму фэстывалю[44][45].

Музычная сцэна гораду таксама мае свае традыцыі. Бостанскі сымфанічны аркестар уваходзіць у лік Вялікай пяцёркі, то бок групу найвялікшых амэрыканскіх аркестраў, а часопіс клясычнай музыкі Gramophone назваў яго адным з найлепшых у сьвеце аркестраў[46]. Сымфані-хол ёсьць домам для гэтага аркестра і павязанага зь ім Бостанскага моладзевага сымфанічнага аркестра, які ўважаецца за найбуйнейшы моладзевы аркестар у краіне[47], а таксама для Бостанскага поп-аркестра. Іншыя канцэрты ладзяцца ў Джордан-холе кансэрваторыі Новай Ангельшчыны. Бостанскі балет выступае на сцэне Бостанскага опэрнага тэатра. Сярод іншых арганізацыяў выканальніцкага мастацтва ў горадзе вылучаюцца Бостанская лірычная опэрная кампанія, Бостанская опэра, Бостанскі барочны аркестар[48] і Таварыства Гэндэля і Гайдна, якая ёсьць адной з найстарэйшых харавых кампаніяў у ЗША[49]. Некалькі тэатраў знаходзяцца ў Тэатральным раёне на поўдзень ад Бостан-Коман або паблізу яго[50].

Штогод ладзіцца некалькі буйных імпрэзаў, як то Першая ноч, якая адбываецца ў навагоднюю ноч, Бостанскі фэстываль старажытнай музыкі, штогадовы Бостанскі фэстываль мастацтваў у парку Хрыстафора Калюмба на набярэжнай, італьянскія летнія сьвяты ў Норт-Эндзе ў гонар каталіцкіх сьвятых[51]. Горад ёсьць месцам правядзення некалькіх імпрэзаў падчас Дня незалежнасьці. Сярод іх тыднёвыя сьвяты Гарбарфэст[52] і канцэрт Бостан-Попс, які суправаджаецца фаервэркам на беразе ракі Чарлз[53]. Некалькі гістарычных месцаў, павязаных з часам Амэрыканскай рэвалюцыі, захаваліся ў Бостанскім нацыянальным гістарычным парку праз важную ролю гораду. Многія зь іх знаходзяцца ўздоўж Сьцежкі Свабоды[54], межы якой вырабленыя з чырвонай цэглы, умураванай у зямлю[55].
У горадзе ёсьць некалькі мастацкіх музэяў і галерэяў, у тым ліку Музэй выяўленчых мастацтваў і Музэй Ізабэлы Ст’юарт Гарднэр[56]. Інстытут сучаснага мастацтва разьмешчаны ў сучасным будынку ў раёне марскога порта[57]. Бостанскі раён мастацтва і дызайну Саўт-Энд і вуліца Ньюбэры ёсьць месцам, дзе маюцца шмат мастацкіх галерэяў[58][59]. У Калюмбія-Пойнт знаходзяцца Масачусэцкі ўнівэрсытэт у Бостане, Інстытут Эдўарда М. Кенэдзі для Сэнату ЗША, Прэзыдэнцкая бібліятэка-музэй імя Джона Ф. Кенэдзі, а таксама Масачусэцкі архіў і Музэй Садружнасьці. У межах гораду месьціцца Бостанскі атэнэўм, то бок адная з найстарэйшых незалежных бібліятэк у ЗША[60], а таксама ў месьце разьмешчаныя Бостанскі дзіцячы музэй, паб Bull & Finch[61], Музэй навукі і акварыюм Новай Ангельшчыны[62].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Бостанскі мэтрапалітэн
- Бостанскі ўнівэрсытэт
- Czolgosz — музычны гурт з Бостану
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Drake S. A. Old Landmarks and Historic Personages of Boston — С. 6.
- ↑ https://www.boston.gov/departments/mayors-office
- ↑ https://sjp.pwn.pl/so/bostonczyk;4416747.html
- ↑ https://sjp.pwn.pl/so/bostonka;4416745.html
- 1 2 http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 https://tools.usps.com/zip-code-lookup.htm
- ↑ Native Americans in Jamaica Plain. Jamaica Plains Historical Society (04.2005). Архіўная копія ад 12.2017 г.
- ↑ Bilis, Madeline (09.2016) TBT: The Village of Shawmut Becomes Boston. Boston Magazine. Архіўная копія ад 12.2023 г.
- ↑ The History of the Neponset Band of the Indigenous Massachusett Tribe – The Massachusett Tribe at Ponkapoag Архіўная копія ад 12.2023 г.
- ↑ Morison, Samuel Eliot English University Men Who Emigrated to New England Before 1646: An Advanced Printing of Appendix B to the History of Harvard College in the Seventeenth Century. — Cambridge, MA: Harvard University Press, 1932. — С. 10.
- ↑ Morison, Samuel Eliot The Founding of Harvard College. — Cambridge, Mass: Harvard University Press, 1963.
- 1 2 Banks, Charles Edward Topographical dictionary of 2885 English emigrants to New England, 1620–1650. — The Bertram press, 1937. — С. 96.
- ↑ BPS at a Glance. Boston Public Schools (03.2007). Архіўная копія ад 04.2007 г.
- ↑ Boston. Encyclopedia Britannica (04.2023). Архіўная копія ад 04.2023 г.
- 1 2 3 4 5 Smith, Robert W. Encyclopedia of the New American Nation. — Detroit, MI: Charles Scribner's Sons, 2005. — С. 214–219. — ISBN 978-0684313467
- 1 2 Bunker, Nick An Empire on the Edge: How Britain Came to Fight America. — Knopf. — ISBN 978-0307594846
- ↑ Morgan, Edmund S. Thomas Hutchinson and the Stamp Act // The New England Quarterly. — 1946. — Т. 21. — № 4. — С. 459—492. — DOI:10.2307/361566
- ↑ Frothingham, Richard Jr. History of the Siege of Boston and of the Battles of Lexington, Concord, and Bunker Hill. — Little and Brown, 1851.
- ↑ Home page. The Trustees of Boston College (07.2012). Архіўная копія ад 02.2021 г.
- ↑ An Interactive Map of Literary Boston: 1794–1862. The Trustees of Boston College (07.2012). Архіўная копія ад 05.2012 г.
- ↑ B. Rosenbaum, Julia Visions of Belonging: New England Art and the Making of American Identity. — Cornell University Press, 2006. — ISBN 9780801444708
- ↑ C. Holloran, Peter Boston’s Wayward Children: Social Services for Homeless Children, 1830-1930. — Fairleigh Dickinson Univ Press, 1989. — ISBN 9780838632970
- ↑ J. Harp, Gillis Brahmin Prophet: Phillips Brooks and the Path of Liberal Protestantism. — Rowman & Littlefield Publishers, 2003. — ISBN 9780742571983
- ↑ People & Events: Boston's Immigrant Population. WGBH/PBS Online (American Experience). Архіўная копія ад 10.2007 г.
- ↑ Immigration Records. The National Archives. Архіўная копія ад 01.2009 г.
- ↑ Faith, Spirituality, and Religion. American College Personnel Association. Архіўная копія ад 02.2021 г.
- ↑ Hampson, Rick. Studies: Gentrification a boost for everyone // USA Today, 04.2005 г. Архіўная копія ад 06.2012 г.
- ↑ The Greater Boston Housing Report Card. Center for Urban and Regional Policy (CURP), Northeastern University. Архіўная копія ад 11.2006 г.
- ↑ Elevation data – Boston. U.S. Geological Survey. Архіўная копія ад 11.2023 г.
- ↑ Kings Chapel Burying Ground, USGS Boston South (MA) Topo Map. TopoZone. Архіўная копія ад 06.2012 г.
- ↑ High-resolution (1 km) Köppen-Geiger maps for 1901–2099 based on constrained CMIP6 projections // Scientific Data. — 2023.
- 1 2 Weather. City of Boston Film Bureau. Архіўная копія ад 02.2013 г.
- 1 2 3 4 5 6 7 NowData — NOAA Online Weather Data. National Oceanic and Atmospheric Administration
- ↑ Boston - Lowest Temperature for Each Year. Current Results. Архіўная копія ад 03.2023 г.
- ↑ May in the Northeast. Intellicast.com. Архіўная копія ад 04.2007 г.
- ↑ Wangsness, Lisa. Snowstorm packs October surprise // The Boston Globe, 10.2005 г. Архіўная копія ад 03.2016 г.
- ↑ Vorhees 2009. С. 52.
- ↑ Vorhees 2009. С. 148—151.
- ↑ Baker, Billy. Wicked good Bostonisms come, and mostly go // The Boston Globe, 05.2008 г. Архіўная копія ад 03.2016 г.
- ↑ Vennochi, Joan. NAACP report shows a side of Boston that Amazon isn’t seeing // The Boston Globe, 10.2017 г. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ LCP Art & Artifacts. Library Company of Philadelphia. Архіўная копія ад 05.2021 г.
- 1 2 Bross, Tom; Harris, Patricia; Lyon, David Boston. — London, England: Dorling Kindersley, 2008.
- ↑ Bross, Tom; Harris, Patricia; Lyon, David Boston. — London: Dorling Kindersley.
- ↑ About Us. Boston Book Festival. Архіўная копія ад 08.2024 г.
- ↑ Tilak, Visi. Boston’s New Chapter: A Literary Cultural District // U.S. News & World Report, 05.2019 г. Архіўная копія ад 05.2019 г.
- ↑ The world’s greatest orchestras. Gramophone. Архіўная копія ад 02.2013 г.
- ↑ There For The Arts. The Boston Foundation. Архіўная копія ад 12.2023 г.
- ↑ Hull 2011. С. 175.
- ↑ Who We Are. Handel and Haydn Society. Архіўная копія ад 04.2007 г.
- ↑ Hull 2011. С. 53—55.
- ↑ Hull 2011. С. 207.
- ↑ Boston Harborfest – About. Boston Harborfest Inc.. Архіўная копія ад 05.2013 г.
- ↑ Our Story: About Us. Boston 4 Celebrations Foundation. Архіўная копія ад 02.2013 г.
- ↑ 7 Fun Things to Do in Boston in 2019 Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Start the Freedom Trail, Boston National Historical Park. National Park Service (09.2021). Архіўная копія ад 09.2021 г.
- ↑ Hull 2011. С. 104—108.
- ↑ Ouroussoff, Nicolai. Expansive Vistas Both Inside and Out // The New York Times, 12.2006 г. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Art Galleries. SoWa Boston. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ Art Galleries on Newbury Street, Boston. www.newbury-st.com. Архіўная копія ад 03.2021 г.
- ↑ History of The Boston Athenaeum. Boston Athenæum. Архіўная копія ад 04.2021 г.
- ↑ Hull 2011. С. 164.
- ↑ 145 Best Sights in Boston, Massachusetts. Fodor’s Travel (2024). Архіўная копія ад 05.2024 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Hull, Sarah The Rough Guide to Boston. — Penguin, 2011. — ISBN 978-1-4053-8247-2
- Vorhees, Mara Lonely Planet Boston City Guide. — Lonely Planet, 2009. — ISBN 978-1-74179-178-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт гораду (анг.)
- Мапы Бостану (анг.)
- Турыстычнае бюро Бостану (анг.)
- Бостанскае гістарычнае таварыства (анг.)
- About.com пра Бостан (анг.)