Ордэн Virtuti Militari — самы ганаровы польскі ваенны ордэн, прысуджаецца за выдатныя баявыя заслугі. Заснаваны апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім22 чэрвеня1792 году ў гонар перамогі над расейскімі войскамі ў бітве пад Зяленцамі падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году, скасаваны ў тым жа годзе самім каралём па палітычных матывах. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн дзейнічаў у Варшаўскім княстве. У час існаваньня Царства Польскага называўся «Ордэн войска польскага», пасьля аднаўленьня польскай незалежнасьці ў 1918 годзе атрымаў назву «Ордэн ваенны Virtuti Militari». Уручаецца ў час вайны або ў пяцігадовы тэрмін пасьля яе заканчэньня прэзыдэнтам рэспублікі па прапанове капітула ордэна (дзеючы кіраўнік — Станіслаў Наленч-Камарніцкі). Пасьля 1989 году не ўручаецца. У 1945—1989 гадах узброеныя сілы Польшчы ўдзельнічалі толькі ў адным ўзброеным канфлікце, пасьля 1989-га — у трох (Вайна ў Пэрсыдзкім заліве, вайна ў Аўганістане і вайна ў Іраку).