Дзьвінск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дынабург»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дзьвінск
лат. Daugavpils
Лютэранскі і каталіцкі храмы
Лютэранскі і каталіцкі храмы
Coat of arms of Daugavpils.svg Flag of Daugavpils.svg
Герб Дзьвінску Сьцяг Дзьвінску
Гімн Дзьвінску: Latgola bys breiva
Першыя згадкі: 1275
Магдэбурскае права: 1582
Былыя назвы: Дынабург, Барысаглебск
Краіна: Латвія
Мэр: Рыхардс Эйгімс
Плошча: 72,48 км²
Вышыня: 105 м н. у. м.
Насельніцтва (2019)
колькасьць: Red Arrow Down.svg 91 913 чал.[1]
шчыльнасьць: 1268,12 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +371 654
Паштовыя індэксы: LV-540(1-22); LV-5465
Геаграфічныя каардынаты: 55°53′ пн. ш. 26°32′ у. д. / 55.883° пн. ш. 26.533° у. д. / 55.883; 26.533Каардынаты: 55°53′ пн. ш. 26°32′ у. д. / 55.883° пн. ш. 26.533° у. д. / 55.883; 26.533
Дзьвінск на мапе Латвіі
Дзьвінск
Дзьвінск
Дзьвінск
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.daugavpils.lv

Дзьвінск, Дынабург (па-латыску: Аўдыё Daugavpils , [ˈdaʊɡaʊpils]; па-латгальску: Daugpiļs) — места на паўднёвым усходзе Латвіі, на рацэ Дзьвіне. Адміністрацыйны цэнтар Дзьвінскага краю (не ўваходзіць у ягоны склад). Насельніцтва — 95 467 жыхароў (2016). Знаходзіцца за 232 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі, побач зь межамі Беларусі (33 км) і Летувы (25 км). Буйны чыгуначны вузел.

Дзьвінск — культурны, адукацыйны, прамысловы цэнтар гістарычнага рэґіёну Латгалія, другое паводле велічыні места краіны.

Назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Храналягічны парадак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дынабург (1275—1656)
  • Барысаглебск (1656—1667)
  • Дынабург (1667—1893)
  • Дзьвінск (1893—1920)
  • Даўгаўпілс (з 1920)

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на рацэ Даўгаве, за 25 км ад летувіскай і за 33 км ад беларускай мяжы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Першы летапісны ўспамін пра паселішча датаваны 1275 рокам, калі крыжакі збудавалі фартэцыю Дынабург. У 1278 войскі пад кіраўніцтвам Трайдзеня безвынікова спрабавалі ўзяць умацаваньне. У 1315 вялікі князь Віцень разбурыў замак, але ў хуткім часе ён зноў быў адбудаваны.

Вітаўт захапіў і зьнішчыў места ў 1403 року, ўзяўшы шмат здабычы і палонных. У 1481 року замак здабыў маскоўскі цар Іван III.

Гістарычны герб места (1582 год)

Ратуючыся ад Масковіі, 30 жніўня 1559 Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага; і адпаведна з дамоваю замак і места Дынабург былі перададзеныя ВКЛ як кампэнсацыя вайсковых стратаў на абарону супраць маскоўскіх войскаў[2]. Кіраваў гэтай калёніяй губэрнатар, які прызначаўся вялікім князем літоўскім[3][4].

У 1561 року паводле ўмоваў Віленскай уніі Дынабург зрабіўся адміністрацыйным цэнтрам Інфляндзкага (Задзьвінскага) княства[5]. У 1569 року ў зьвязку з утварэньнем Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Інфлянты (разам з Дынабургам) абвешчаныя супольным уладаньнем (канданіміюмам) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[6].

У 1577 у ходзе Лівонскай вайны маскоўскі цар Іван Жахлівы захапіў Дынабург; як толькі маскоўскія войскі адышлі, пакінуўшы невялікую залогу, мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам В. Плятэра перабілі акупантаў і вызвалілі места[2]. У зьвязку з моцнымі разбурэньнямі на загад Стафана Батуры Дынабург перанесьлі на новае месца, а 26 сакавіка 1582 места атрымала Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі тры скрыжаваныя сьпіжы» (герб «Еліта»). У 1621 року Дзьвінск стаў адміністрацыйным цэнтрам створанага Інфлянцкага ваяводзтва.

У 1625 швэдзкі кароль Густаў Адольф падпарадкаваў Дынабург, але праз год смаленскі ваявода Аляксандар Гансеўскі вярнуў яго.

Мескі герб з Пагоняй (1781 год)

У 1635—1655 Дзьвінск знаходзіўся пад швэдзкай акупацыяй. У 1656 яго заваявалі маскоўцы, тады маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч перайменаваў места ў Барысаглебск. Па выніках Андрусаўскага замірэньня 1667 року Маскоўская дзяржава вярнула Дзьвінск Рэчы Паспалітай.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дзьвінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзьвінскай правінцыі Пскоўскай губэрні (1772—1776), пасьля ў складзе Полацкай губэрні (1776—1778) і намесьніцтва (1778—1796). Падчас паўстаньня 1794 року места занялі аддзелы Міхала Клеафаса Агінскага.

З 1796 року Дзьвінск уваходзіў у склад Беларускай губэрні, у 1802—1917 — Віцебскай губэрні. У 1799 у месьце было два касьцёлы — адзін мураваны, а другі драўляны, кляштар, езуіцкая вучэльня.

У 1810 расейцы пачалі пабудову новай цьвердзі. У другой палове XIX стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Санкт-Пецярбург — Варшава, а таксама лініі да Віцебску і Рыгі, што зрабіла Дынабург значным чыгуначным вузлом. У 1893 перайменаваны ў Дзьвінск.

У Першую сусьветную вайну празь Дзьвінск праходзіла лінія фронту. 18 лютага 1918 року пасьля бальшавіцкага перавароту ў Расеі Дзьвінск занялі нямецкія войскі. У 1918 року ўвайшоў у склад абвешчанай Беларускае Народнае Рэспублікі. У сьнежні 1918 яго заняла Чырвоная армія, у 1919 годзе ўключаны ў склад Беларускай ССР[2]. У студзені 1920 у часе польска-бальшавіцкай вайны заняты войскамі Эдварда Сьміглага-Рыдза. 11 жніўня 1920 бальшавікі перадалі места Латвіі; з гэтае пары яно атрымала назву Даўгаўпілс.

У 1940—1941 і 1944—1991 Дзьвінск знаходзіўся ў складзе Латвійскай ССР. У пэрыяд з 26 ліпеня 1941 да 27 ліпеня 1944 знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй; тут было створанае гета.

У 1956 да места далучанае разьмешчанае на левым (сямігальскім) беразе мястэчка Грыва.

Места на старых фатаздымках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмяненьне колькасьці насельніцтва места

Рэґіён вакол Дзьвінску мае найменшую ў Латвіі долю этнічнага латыскага насельніцтва. Расейскамоўныя (у асноўным беларусы і расейцы) складаюць да 70—80% насельніцтва краю.

  • XVIII стагодзьдзе: 1799 год — 1603 чал., у тым ліку 1262 вайскоўцаў расейскага гарнізону, 15 духоўнага стану.[2]
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 52 173 чал. (28 985 мужчынаў і 23 188 жанчын), зь іх паводле стану — купцоў 553, мяшчанаў 34 723, вайскоўцаў 9679, жонак і дачок вайскоўцаў 1952, замежны падданых 748, ганаровых грамадзянаў 209, сялянаў 323, асабоўцаў 856, шляхты 631, праваслаўнага духавенства 19, каталіцкіх ксяндзоў 3, пратэстанцкіх сьвятароў 1, сьвятароў-стараабрадцаў 2, юдаісцкіх рабінаў 16, іншых 439; паводле вызнаньня — 10 799 праваслаўных, 10 320 каталікоў, 6245 пратэстантаў, 1135 стараабрадцаў, сэктантаў 4500, юдаістаў 19 163, караімаў 7, магамэтанаў 4.[7]; 1892 год — 73 177 чал., у тым ліку 10 511 праваслаўных, 24 580 каталікоў, 5447 пратэстантаў, 3385 стараабрадцаў, 29 191 юдаістаў.[8]
  • XX стагодзьдзе: 1913 год — 112 848 чал.[9]; 1914 год — 112 837 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 108 260 чал., зь іх паводле нацыянальнасьці: расейцы — 53,96% (58 414), латышы — 17,3% (18 725), палякі — 14,9% (16 126), беларусы — 8,22% (8897), украінцы — 2,23% (2417), летувісы — 0,96% (1041), габрэі — 0,45% (492), эстонцы — 0,03% (30), іншыя — 1,96% (2118); 2016 год — 95 467 чал[10].; 2019 год — 91 913 чал[11].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 22 базавыя і сярэднія школы, чатыры прафэсійныя вучэльні, мастацкая школа. Вышэйшую адукацыю забясьпечваюць Дзьвінскі ўнівэрсытэт і мясцовая філія Рыскага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Дзейнічае таксама польская гімназія.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большая частка жыхароў — беларусы, расейцы, украінцы, частка латышоў — адносяцца да Латвійскай праваслаўнай царквы ў складзе РПЦ. Латгалы, летувісы і палякі адносяцца да Рыма-каталіцкай царквы, хоць уся Латвія збольшага эвангельская краіна.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ВА «Хімвалакно»; заводы: «Электраінструмэнт», прывадных ланцугоў і інш.; лёгкая, харчовая прамысловасьць, мэблевы камбінат; вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзьвінскі тэатар, кінатэатар, Дзьвінскі краязнаўчы і мастацкі музэй.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць старажытнага Дзьвінску была зьнішчаная пры пабудове крэпасьці. Таму гістарычны цэнтар Дзьвінску складаюць будынкі XIX стагодзьдзя і сама крэпасьць, матэрыяламі для якой сталі разбураныя будынкі. Найбольш маляўнічая вуліца старога места — Рыская (лат. Rīgas iela), якая вядзе ад чыгуначнага вакзалу ў кірунку ракі. На ёй знаходзяцца камяніцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, касьцёл сьвятога Пятра 1848 року, шэраг рэстарацыяў, гатэляў, банкаў і крамаў.

Варта ўбачыць сакральныя аб’екты некалькіх веравызнаньняў:

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць аўтобусныя і трамвайныя гарадзкія маршруты. Чыгуначная станцыя на чыгунцы да Рыгі.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Футбольныя клюбы найвышэйшай лігі «Даўгава» і «Дзьвінск» гуляюць хатнія матчы на стадыёне Цэлтніекс. Хакейны клюб «Латгале» выступае ў нацыянальным чэмпіянаце.

З 2006 року Дзьвінск арганізуе адзін з этапаў чэмпіянату сьвету па сьпідвэі — Гран-пры Латвіі

Сувязь зь Беларусяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля рэвалюцыі 1905 року беларускі рух Дзьвінску дасягнуў росквіту. Тут дзейнічалі Эпімах-Шыпілы, Гаронскія, Ігнат Буйніцкі, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Еўдакім Раманаў. Перад Першай сусьветнай вайной Дзьвінск выйшаў на другое месца паводле колькасьці насельніцтва беларускіх гарадоў (120 тыс. чалавек) пасьля Вільні (200 тыс.)[5].

У 1920-я — пачатку 1930-х рокаў у Дзьвінску дзейнічалі беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына», «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства. Сярод вынікаў працы «Бацькаўшчыны» было заснаваньне Дзьвінскай беларускай гімназіі. У 1924—1925 роках латвійская паліцыя сфабрыкавала матэрыялы пра «спробы далучэньня Латгаліі да БССР», пасьля чаго былі арыштаваныя ды зьвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе многія настаўнікі, сябры таварыства «Бацькаўшчына». Хоць суд і апраўдаў беларусаў, але пасьля гэтага былі ліквідаваныя многія беларускія культурніцка-адукацыйныя ўстановы. Неўзабаве латвійскі ўрад закрыў усе беларускія адукацыйныя ўстановы Дзьвіншчыны[2].

Падчас нямецкай акупацыі выходзіў часопіс «Новы шлях»

У незалежнай Латвіі ў Дзьвінску зьявіліся культурна-асьветніцкае аб’яднаньне «Ўздым» і беларуская нядзельная школа. У 1999 року пры Дзьвінскай гарадзкой думе створаны Цэнтар беларускай культуры[12].

Беларускі кансулят[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак кансуляту Беларусі

Адрас: вуліца 18 лістапада, 44[13].

Адкрыўся 7 кастрычніка 1994 году. Пачаткова месьціўся ў мескай Думе, кабінэт № 203.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās pagastu dalījumā»
  2. ^ а б в г д Дзьвінск // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  3. ^ Ракіцкі, Вячаслаў Ракіцкі (22 лютага 2005) Беларускія калёніі на беразе Балтыйскага мора — Інфляндзкае княства і Курляндыя Беларуская Атлянтыда. «Радыё Свабода»,. Праверана 10 лютага 2020 г.
  4. ^ Алег Трусаў. Беларускія калоніі // «Наша Слова». — 13 верасня 2006 г.. — № 37 (773).
  5. ^ а б Ракіцкі, Вячаслаў (5 кастрычніка 2007) Беларускі Дзьвінск Беларуская Атлянтыда. Радыё «Свабода». Праверана 10 лютага 2020 г.
  6. ^ Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта. Інфлянты // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 669.
  7. ^ Dyneburg // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 254
  8. ^ Двинск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  9. ^ Вторая половина XIX в.(рас.) История. Latgales Centrālā bibliotēka. Праверана 10 лютага 2020 г.
  10. ^ Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās(лат.). Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі (1 студзеня 2016). Праверана 10 лютага 2020 г.
  11. ^ Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās(лат.). Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі (1 студзеня 2019). Праверана 10 лютага 2020 г.
  12. ^ Пра нас. Цэнтар беларускай культуры. Праверана 10 лютага 2020 г.
  13. ^ Генеральнае консульства ў Даўгаўпілсе. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай рэспубліцыПраверана 10 лютага 2020 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дзьвінсксховішча мультымэдыйных матэрыялаў