Перайсьці да зьместу

Зьдзецел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 14:44, 21 сакавіка 2018. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Дзятлава
трансьліт. Dziatlava
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Дзятлава Сьцяг Дзятлава
Першыя згадкі: 1498
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Дзятлаўскі
Вышыня: 163 м н. у. м.
Насельніцтва: 7631 чал. (2017)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1563
Паштовы індэкс: 231460
СААТА: 4223501000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°27′0″ пн. ш. 25°24′0″ у. д. / 53.45° пн. ш. 25.4° у. д. / 53.45; 25.4Каардынаты: 53°27′0″ пн. ш. 25°24′0″ у. д. / 53.45° пн. ш. 25.4° у. д. / 53.45; 25.4
Дзятлава на мапе Беларусі ±
Дзятлава
Дзятлава
Дзятлава
Дзятлава
Дзятлава
Дзятлава
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дзя́тлава, Зьдзе́цел — места ў Беларусі, на рацэ Зьдзецелцы. Адміністрацыйны цэнтар Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 7631 чалавек[1]. Знаходзіцца за 165 км на паўднёвы ўсход ад Горадні, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Баранавічы — Ліда). Аўтамабільныя на Слонім, Ліду і Наваградак.

Зьдзецел — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, і палац Радзівілаў, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Назва

Паходжаньне тапоніму «Зьдзецел» упершыню спрабаваў патлумачыць географ В. Жучкевіч. Ён прыйшоў да высновы, што паселішча атрымала назву ад ракі Зьдзецелкі (Дзятлаўкі), на якой яно знаходзіцца, а рака — ад віду птушак[2]. Паводле вэрсіі У. Данільчыка, айконім Здзечало мог утварыцца ад таго ж корня, што і слова «сядло» ці «сяло», бо ва ўсходніх славянаў гуказлучэньне «дл» перайшло ў адзін гук «л» (мыдла — мыла). Апроч гэтага, назву Дзянцёл паселішча магло атрымаць праз прозьвішча або мянушку чалавека, які ў сваю чаргу мог набыць мянушку або прозьвішча ад свайго прафэсійнага занятку — дзяўбленьня калодаў для пчолаў, начовак, карытаў, чаўноў (дзёўб, як дзяцел), або яго нашчадкаў. Украінскі мовазнавец А. Непакупны дасьледаваў лінгвістычную аснову назвы Зецела — імя ракі і места. Ён палічыў, што яно ўтварылася ад назвы возера, якое знаходзілася ля вытокаў, альбо ў рэчышчы ракі, бо толькі ў гэтым выпадку ўжываецца суфікс «ело». Рэшткі старажытнага возера захавадіся да нашага часу[3].

Варыянты назвы места на розных мовах: Зьдзецел[3][4] або Зьдзя́цел[5] (старабел. Здетел) — гістарычная беларуская назва, прысутнічае ў дакумэнтах часоў Вялікага Княства Літоўскага; Zdzięcioł — польская назва; Zietil — жыдоўская назва на мове ідыш; Zietela — летувіская назва; Дятлово — расейская назва; Дзятлава — наркамаўская назва, калькаваньне з расейскай.

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Здзенцел, Здзечаль, Здзенцель, Здэтэль, Зэтэль, Зэтэля, Зецял, Дзенцёл, Дзенцёлкі, Дзенцел, Зецел, Здзечало. На такое разыходжаньне, магчыма, паўплывалі мясцовыя жыды. На мове ідыш няма спалучэньня «дз», што магло прывесьці да яго замены на «з» і замест «Зьдзецел» атрымалася «Зецел», пагатоў на ідыш «тэль» — гэта места[3].

У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага склалі сьпіс населеных пунктаў, назвы якіх «перакруцілі ў час польскага панаваньня ў краі» (рас. подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае) і якім неабходна надаць «тутэйшыя расейскія назвы» (рас. местные русские названия). Адным з пунктаў гэтага сьпісу было перайменаваньне Зьдзецелу ў Дзятлава[6]. Такім чынам, назва Дзятлава пачала ўжывацца адносна нядаўна[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню Зьдзецел упамінацецца ў 1440—1450-х гадох. У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва. Каля 1492 году вялікі князь Казімер фундаваў тут будаваньне касьцёла. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандар перадаў воласьць Зьдзецел гетману вялікаму Канстантыну Астроскаму ў вечнае карыстаньне з правам заснаваньня мястэчка[7]. Апошні ў пачатку XVI ст. збудаваў у мястэчку драўляны замак, які некаторы час меў важнае абарончае значэньне (у дакумэнтах упамінаецца як двор Здетело).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Зьдзецел увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. На 1580 год тут было 118 двароў і 5 вуліцаў[7]. У пачатку XVIІ ст. Зьдзецел перайшоў у валоданьне Сапегаў. У 1624—1646 гадох Леў Сапега збудаваў у мястэчку касьцёл, пры якім дзейнічаў шпіталь. З 1655 году Зьдзецелам валодалі князі Палубінскія, з 1685 году — Радзівілы. На 1689 год тут было 126 двароў і 9 вуліцаў[7].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у студзені 1708 году ў ваколіцах Зьдзецелу некаторы час знаходзілася асноўная групоўка расейскіх войскаў. У самім мястэчку на працягу тыдню кватараваў маскоўскі гаспадар Пётар I. Пазьней Зьдзецел занялі швэды, якія спалілі яго разам з замкам. У 1743 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1751 годзе Радзівілы збудавалі ў Зьдзецеле палац. На 1784 год тут было 176 двароў, 5 вуліцаў і 3 завулкі; працавалі 3 млыны, школа і шпіталь[7]. У канцы XVIII ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Солтанаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Зьдзецел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Апошні ўладальнік мястэчка Станіслаў Солтан браў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў, за што расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

На 1878 год у Зьдзецеле было 118 двароў; дзейнічалі мураваны касьцёл, драўляная царква і 2 сынагогі; працавалі народная вучэльня, паштовая станцыя, валасная ўправа, магазын, крамы, 6 заезных двароў, корчмы; у аўторкі праводзіліся кірмашы. На 1914 год — працавалі ватная фабрыка, 5 мёдаварняў, лесапільня, цагельня і 2 гарбарныя заводы. У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1915 году мястэчка занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зьдзецел абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[8]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Зьдзецел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Зьдзецел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 8 студзеня 1954 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 30 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 25 сьнежня 1962 году Дзятлаўскі раён расфармавалі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Слонімскага, Наваградзкага і Лідзкага раёнаў. 6 студзеня 1965 году раён аднавілі ў складзе Гарадзенскай вобласьці.

21 чэрвеня 1990 году Зьдзецел атрымаў статус места. 1 сьнежня 2004 году афіцыйна зацьвердзілі мескія герб і сьцяг.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVII стагодзьдзе: 1689 год — 1 тыс. чал.[7]
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 564 муж., зь іх шляхты 8, духоўнага стану 7, мяшчанаў-юдэяў 444, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 102, жабракоў 3[9]; 1893 год — 3233 чал.[10]; 1897 год — 3155 чал.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1971 год — 4,5 тыс. чал.; 1973 год — 5,3 тыс. чал.; 1991 год — 8,1 тыс. чал.; 1993 год — 8,7 тыс. чал.; 1997 год — 8,6 тыс. чал.[11]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,3 тыс. чал.; 2006 год — 8,2 тыс. чал.; 2009 год — 7,8 тыс. чал.; 2009 год — 7853 чал.[12] (перапіс); 2015 год — 7764 чал.[13]; 2016 год — 7706 чал.[14]; 2017 год — 7631 чал.[1]

Адукацыя

У месьце працуюць 3 сярэднія школы і школа-інтэрнат.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.

Выдаецца раённая газэта «Перамога».

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
1 мая вуліца Памарайская вуліца
Памарайскі завулак
17 верасьня плошча Рынак пляц 11 лістапада пляц
Кастрычніцкая вуліца Савіцкая вуліца
Леніна вуліца Замкавая вуліца Касьцельная вуліца
Савецкая вуліца Гальшанская вуліца
Беліцкая вуліца[15]
Гарадзенская вуліца
Фрунзэ вуліца Дварэцкая вуліца
Чырвонаармейская вуліца Слонімская вуліца[16]

З урбананімічнай спадчыны Зьдзецелу да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Наваградзкая.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Працуе гістарычна-краязнаўчы музэй[17]. Спыніцца можна ў гатэлях «Ліпічанка», «Дзядзя Ваня».

Славутасьці

Камяніцы на Рынку
Камяніцы на Рынку

Страчаная спадчына

  • Царква могілкавая (ХІХ ст.)

Галерэя

Асобы

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 115.
  3. ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1997.
  4. ^ а б Шаблюк В. Дзятлава // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 256.
  5. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 340—341.
  6. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 377.
  7. ^ а б в г д Ярашэвіч А. Дзятлава // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 590.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  10. ^ Witanowski M. Zdzięcioł // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 556.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 164.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  14. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Красюк Ф. Мястэчкі. Частка 3 // «Перамога» №53, ліпень 2011.
  16. ^ Красюк Ф. Мястэчкі. Частка 3 // «Перамога» №47, чэрвень 2011.
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Зьдзецелсховішча мультымэдыйных матэрыялаў