Перайсьці да зьместу

Стафан Збараскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Стэфан Збараскі»)
Стафан Збараскі
лац. Stafan Zbaraski

Герб Збараскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1518
Памёр 1585 або 1586[1]
Род Збараскія
Бацькі Андрэй Збараскі
Алена з Гербуртаў
Дзеці Пётр Збаражскі[d][2] і Барбара са Збаражскіх[d]
Дзейнасьць дыплямат

Стафан Андрэевіч Збараскі[a] (каля 1518—1586[3]) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода віцебскі (1555—1564), кашталян троцкі (з 1564) і ваявода троцкі (1566—1585). Аўтар «Дзёньніка літоўскіх паслоў»

З княскага роду Збараскіх гербу ўласнага, сын Андрэя Сямёнавіча і Алены з Гербуртаў. Быў дзедзічам суміліскіх, жосьлінскіх, рудніцкіх і дарсуніскіх маёнткаў. Стаў князем збараскім па 1528 годзе. З 1543 году быў прыдворным караля і вялікага князя.

У 1556 ачольваў пасольства ў Маскву, дзе склаў мірную ўмову на шэсьць гадоў. Падзеі пасольскага падарожжа апісаў у «Дзёньніку літоўскіх паслоў». За часам Стафана Баторыя браў удзел у вайне з Іванам Тыранам і пад Полацкам, разам з Астафіем Валовічам, камандаваў пяхотаю.

Выступаў на карысьць складаньня Люблінскай уніі. Быў адным з рускіх магнатаў, якія засталіся ў Любліне па ад’езьдзе зь места літоўскіх паслоў у ноч на 28 лютага 1569 году, пастанавіўшы перайсьці зь літоўскага на польскае падданства. 22 траўня сын Стафана — Пётар Збараскі — быў адным зь першых рускіх князёў, які прысягнуў на вернасьць каралю польскаму. Сам Стафан склаў яе 26 траўня.

У час безкаралеўя 1574 году, перадаў мястэчка Міжрэчча Падляскае, якое належала Кароне Польскай, да Берасьцейскага ваяводзтва, так што прыбыткі зь яго належалі Вялікаму Княству Літоўскаму.

Пабіраўся шлюбам тройчы: першы раз з княгіняй Ганнай Забярэзінскай, другі — з княгіняй Анастасіяй Мсьціслаўскай, трэці — з Даротай Фірлей, кальвінсткай, дачкой люблінскага кашталяна. Ад першай жонкі меў сына Пятра. Сваю дачку Варвару аддаў за кузэна, Габрыеля Тышчынскага.

Стафан Збараскі быў ахрышчаны праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм. У 1552 годзе спрыяў заснаваньню кальвінскага збора ў Віцебску. Выступаў адным з галоўных пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Спрыяючы пашырэньню кальвінізму на сваіх землях, адначасна выдаткоўваў сродкі на будаваньне і падтрымку праваслаўных манастыроў. Перад сваёй сьмерцю ў 1585 годзе, прыняў каталіцтва.

  1. ^ Таксама: Стэфан Збараскі
  1. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 59.
  2. ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 120.
  3. ^ Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 174.