Вітольд Бялыніцкі-Біруля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вітольд Бялыніцкі-Біруля
1997. Stamp of Belarus 0221.jpg
Імя пры нараджэньні Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля
Дата нараджэньня 29 лютага 1872
Месца нараджэньня в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губэрня
Дата сьмерці 18 чэрвеня 1957
Месца сьмерці Масква, СССР
Месца пахаваньня Новадзявочыя могілкі
Занятак мастак
Жанры пэйзаж
Плынь рэалізм
Узнагароды

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (29 лютага 1872, в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласьці — 18 чэрвеня 1957, Масква) — беларускі жывапісец-пэйзажыст. Разьвіваў традыцыю лірычнага пэйзажа канца 19 стагодзьдзя.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 29 лютага 1872 году ў вёсцы Крынкі пад Бялынычамі. Па паходжаньні — беларус. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходзтве. Мастацкую адукацыю атрымаў спачатку ў Кіеве ў малявальнай школе Мікалая Мурашкі (1885—1889), пасьля ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідзтва ў Іларыёна Пранішнікава, Сяргея Каровіна, Мікалая Неўрава, Васіля Паленава (1889—1896). Пасьля вярнуўся на радзіму, дзе правёў восем плённых гадоў, шмат працуючы і выяжджаючы на выставы ў Санкт-Пецярбург, Маскву і Заходнюю Эўропу.

Яшчэ ў пэрыяд навучаньня, у 1890-я гг., творы В. Бірулі выклікалі сур’ёзную зацікаўленасьць у аматараў прыгожага мастацтва. Так, палатно «Навакольле Пяцігорска» (1892) было набыта Паўлам Трацьцяковым для яго галерэі.

Творчасьць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў Вітольду Бірулі ў выставачнай справе. З 1897 году мастак удзельнічае ў выставах Маскоўскага аб’яднаньня аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў. З 1899 году прадстаўляў працы разам з Таварыствам перасоўных мастацкіх выставаў, а ў 1904 стаў яго правадзейным чальцом.

Тройчы — у 1934, 1935, 1938 гг. — В. Біруля наведваў Запаляр’е (Кольскі паўвостраў). Пісаў Баранцава мора і Белае мора, раку Церыберку, горы Хібіны, возера Вуд’яр. Працаваў у мясьцінах, зьвязаных з творчасьцю Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна і Пятра Чайкоўскага. У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старажытнарускага драўлянага дойлідзтва XVi—XVII стагодзьдзяў.

У 1947 годзе В. Біруля вяртаецца на Беларусь. Тут быў створаны вялікі цыкль этудаў і шэраг карцінаў: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені», «Беларусь. Зноў зацьвіла вясна» і інш. Пра сваё дачыненьне да Беларусі В. Біруля пісаў:

Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосьць, навучыўся яе разумець.

Анатоль Кудравец. Трое ў адным пакоі. Эсэ // Дзеяслоў. — Мн: 2002. — № 1.

Памёр знакаміты пэйзажыст у 85 гадоў у 1957 годзе ў Маскве, пакінуўшы ў спадчыну вялікую колькасьць сваіх твораў. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палотны Бялыніцкага-Бірулі ўражваюць гледача эмацыйнасьцю, неабходнай мерай абагульненьня, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Пэйзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары году. Карціны і шматлікія этуды вылучаюцца асаблівай тонкасьцю, мяккасьцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрыманьня і перадачы жывой прыроды.

Творчасьць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасьць у выбітнага прадстаўніка расейскага рэалізму Ільлі Рэпіна:

На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асьвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасьці і свабоды. І... я заўсёды з новым і большым задавальненьнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі сьнегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы.

— Репин. И. Письма. Москва, 1969, Т. 2, С. 263

Найбуйнейшая калекцыя работаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (444 палотны) знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь. Таксама некаторыя зь яго твораў захоўваюцца ў Маскве (Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, прыватныя зборы), іншых гарадах Расеі, ва Ўкраіне і нават Кыргыстане.

Узнагароды і памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народны мастак Беларусі (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны чалец Акадэміі мастацтваў СССР (1947).

Пасьля сьмерці яго імем назвалі Бялыніцкі мастацкі музэй, У Магілёве працуе музэй Бялыніцкага-Бірулі — філія Нацыянальнага музэю, дзе найбольш шырока прадстаўлена творчая спадчына нашага суайчыньніка.

У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.

Галярэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аляксей Харак. Вітольд Бялыніцкі-Біруля // Роднае слова. — Мн: 2008. — № 1. — С. 105. — ISBN 0234-1360.
  • Віктар Карамазаў "Крыж на зямли и поўня на небе"

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Вітольд Бялыніцкі-Бірулясховішча мультымэдыйных матэрыялаў