Гісторыя Бялынічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Бялынічымагдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся барокавы касьцёл Маці Божай Шкаплернай пры кляштары кармэлітаў, зруйнаваны савецкімі ўладамі ў 1960-я. Цудоўны абраз Маці Божай, што захоўваўся ў касьцёле, зьнік з Магілёўскага музэю ў Другую сусьветную вайну.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маці Божая Бялыніцкая

Упершыню Бялынічы ўпамінаюцца ў XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва[1]. З 1577 яны знаходзіліся ў складзе маёнтку Цяцерын, якім валодалі князі Збараскія. Стэфан Збараскі заснаваў тут замак (Белагародак) і мястэчка[1]. Па сьмерці С. Збараскага ў 1591 Бялынічы перайшлі ў распараджэньне Льва Сапегі, апякуна маладой уладальніцы Барбары Збараскай. У 1603 ён набыў у валоданьне частку мястэчка. На 1620 тут быў 331 вулічны і 16 гандлёвых пляцаў[1].

У 1624 Леў Сапега заснаваў у Бялынічах кляштар кармэлітаў — адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысьціянамі розных канфэсіяў. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай» (абраз зьнік у Другую сусьветную вайну з Магілёўскага краязнаўчага музэю). У 1624 коштам Казімера Льва Сапегі алтар касьцёла аздобілі срэбрам, а абраз Маці Божай — каштоўнымі камянямі. Ён жа заснаваў у мястэчку друкарню[2].

З 1627 Бялынічы сталі цэнтрам маёнтку. У мястэчку знаходзіўся Рынак, вакол якога месьціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад Рынку адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апроч таго, за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад Рынку да «кладовішчаў жыдоўскіх» (юдэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, зь якіх 4 былі ўласнасьцю царквы Сьвятога Ільлі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валокаў ля балота Бушкарова ўтварылася яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час зьмяшчалі 361 двор і маглі лічыцца даволі значным паселішчам[3]. На 1630 тут налічвалася 513 дымоў[1]. 4 кастрычніка 1634 згодна з прывілеем караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.

У вайну Маскоўская дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) 24 жніўня 1654 непадалёк ад Бялынічаў адбылася бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам і маскоўскімі захопнікамі (Бітва пад Шапялевічамі), у якой колькасна большае маскоўскае войска ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў атрымала перамогу над невялікім літоўскім войскам. На 1667 у Бялынічах засталося 327 дамоў, за часамі вайны яны страціла 2/3 насельніцтва. У 1685 мясьціна перайшла да Радзівілаў.

Праект разбудовы касьцёл, 1860

У Вялікую Паўночную вайну (17001721) 14 ліпеня 1708 непадалёк ад Бялынічаў (каля Галоўчына) адбылася бітва паміж расейцамі і швэдамі, якая скончылася перамогай апошніх. З 1733 мястэчка знаходзілася ў валоданьні Агінскіх. На 1734 тут было 180 двароў. Па вялікім пажары (1742), у выніку якога згарэў драўляны кляштарны комплекс, пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла ў гонар Ушэсьця Маці Божай, якое завяршылася ў 1760. 13 красавіка 1756 Папа Рымскі падпісаў Булу аб каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай. У 2-й пал. XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў невялікі кляштар марыявітак, пры якім існаваў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхцянак[1]. Апроч таго, у гэты час працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Беларускай, з 1801 Магілёўскай губэрні. На 1785 у мястэчку было 108 двароў, працаваў млын, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 18031832 дзеля вяртаньня сабе правоў жыхароў вольнага мястэчка бялынічане накіравалі спачатку ў Магілёўскі павятовы суд, а потым у Сэнат арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбурскае права — фундацыйны (1634) і канфірмацыйны (1703). Аднак расейскія ўлады назвалі гэтыя дакумэнты «несапраўднымі». Каб адбіць у местачкоўцаў ахвоту бараніць свае законныя правы, найбольш актыўных бялынічанаў залічылі ў прыгонныя, як «летуценьнікаў пра ўяўную вольнасьць» (рас. «возмечтавших о мнимой вольности»), а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сыбір[4]. Паводле інвэнтару, у 1825 у мястэчку Бялынічы было 287 дымоў, у аднайменным фальварку — 71 дым. На 1845 налічвалася 992 двары ў мястэчку і 89 — у фальварку. з 1855 працавала піваварня.

У 1864 улады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі краю адкрылі ў Бялынічах народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. У 1876 яны гвалтоўна зачынілі касьцёл і кляштар кармэлітаў і перадалі іх у валоданьне Маскоўскага патрыярхату. На 1880 у мястэчку было 279 драўляных будынкаў; дзейнічалі 2 царквы, працавалі лякарня, аптэка, бровар, крупадзёрка. У 1909 адкрылася бібліятэка, у 1913 утварылася таварыства цьвярозасьці.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бялынічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Бялынічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 Бялынічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй.

У 1960-я савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры барока — касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў. 23 сьнежня 2009 да Бялынічаў далучылі вёску Міхайлоў[5].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Насевіч В. Бялынічы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 363.
  2. ^ Насевіч В. Бялынічы // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 166.
  3. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бялыніцкага р-на. — Менск: Вышэйшая школа, 2000.
  4. ^ Карпечанка М. Вольнае мястэчка Бялынічы // «Бялыніцкая даўніна» № 1 (15), кастрычнік 2007. С. 2—3.
  5. ^ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Бялынічаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў