Вярэйскія
Вярэйскія | |
Прызнаныя ў: | ВКЛ |
Першы з роду: | Дзьмітры Іванавіч Данскі |
Адгалінаваньні ад роду: | Рурыкавічаў |
Вярэйскія — малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў (Рурыкавічаў), прадстаўнікі якой жылі ў ВКЛ. Паходзяць і вядуць радаслоўную ад вялікага князя маскоўскага Дзьмітрыя Іванавіча, па мянушцы Данскі.
Прозьвішча сваё атрымалі ад места Вярэя (у 1389—1432 гг. Вярэя уваходзіла ў склад Мажайскага княства, а ў 1432—1486 гг. была цэнтрам Вярэйскага княства, у 1445 г. была разрабавана літвінамі, цяпер места раённага падпарадкаваньня ў Нара-Фамінскім раёне Маскоўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі), якое ім належала. Перад сьмерцю Дзьмітры Данскі ў тастамэнце адпісаў ва ўдзел свайму трэцяму сыну Андрэю Дзьмітрыевічу (1382—1432) Мажайскае (куды ўваходзіла і Вярэйская воласьць) і Белазерскае княствы. Пасьля сьмерці Андрэя Дзьмітрыевіча гэты ўдзел быў падзелены: старэйшы сын Іван Андрэевіч (з 1432 по 1454, князь Мажайскі, пасьля 1454, князь Чарнігаўскі, пасьля 1454, князь Гомельскі, з 1454, князь Любечскі, пасьля 1454, князь Старадубскі), зрабіўся прадаўжальнікам роду князёў Мажайскіх, а ўзьнікшае ў 1432 г. Вярэйскае княства разам зь Белазерскім княствам атрымаў ягоны малодшы сын Міхаіл Андрэевіч (? — 1486) — родапачынальнік князёў Вярэйскіх. Падчас вайны за пасад Маскоўскага вялікага княства паміж вялікім князем маскоўскім Васілём II і князем зьвянігарадзка-галіцкім Юрыем Дзьмітрыевічам Міхаіл Андрэевіч падтрымаў спачатку Юрыя Дзьмітрыевіча, свайго дзядзьку, але потым перайшоў на бок Васіля II, які даводзіўся яму стрыечным братам. Разам з Васілём ІІ хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда ды трапілі ў палон але пазьней былі вызваленыя. У 1471 г. разам з Іванам III хадзіў на Ноўгарад Вялікі. У 1484 г., калі ягоны сын Васіль Удалы зь сям’ёю ўцёк у ВКЛ (дзе ў 1484 г. Казімер ІV Ягелончык перадаў Удалому ўладаньне Любеч на Дняпры, Койданаў, Вусу, Старынкі, Іслач, Валожын ды Радашковічы), Іван III прымусіў яго падпісаць некалькі пагадненьняў, паводле якіх апошні абавязаўся не падтрымліваць з сынам сувязь, не прымаць яго ў свае ўладаньні, у тастамэнце адпісаць свой удзел вялікаму князю маскоўскаму. Пасьля сьмерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства было далучанае да Маскоўскага вялікага княства. Таксама меў сына Івана, які памёр да 1485 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Грыцкевіч А. П. Вярэйскія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Мінск. Т. 2. 1994. С. 442—443.
- Грыцкевіч А. П. Вярэйскія. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 399.
- Валахановіч В. І. Князі Вярэйскія. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 78.