Карл V (імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі)
Карл V (24 лютага 1500 — 21 верасьня 1558) — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, вядомы ў сваіх гішпанскіх уладаньнях, як Карл I. Карл быў сынам Філіпа Прыгожага, герцага Бургундзкага і Хуаны, каралевы Кастыліі. Ён даводзіўся ўнукам каталіцкім манархам Гішпаніі, Ізабэле, каралеве Кастыліі і Фэрдынанду, каралю Арагона, а таксама імпэратару Максыміліяну І.
Карл быў гаспадаром вялікай часткі эўрапейскага кантынэнту ад 1519 году да часу свайго адрачэньня ад трону ў 1556 годзе. У часы яго караляваньня па Эўропе хадзіў жарт, што над яго ўладаньнямі ніколі не заходзіла сонца, што мела рацыю, бо, ў той час калі ў Нямеччыне пачыналася ноч, над яго ўладаньнямі ў Амэрыцы ўзыходзіла сонца. У вялічэзныя абшары яго зямель уваходзілі Нямеччына, Аўстрыя, Нідэрлянды, Паўднёвая Італія, землі Арагона ды Кастыліі, а таксама кастыльскія калёніі ў Амэрыцы ды Філіпінах. Можна сказаць, што імпэрыя Карла V стала першай супэр-дзяржавай сьвету.
Карл V вызначыўся ў гісторыі сваім заўзятым супрацьстаяньнем рэлігійнай Рэфармацыі, якая пачалася 31 кастрычніка 1517 году з публікацыі «95 Тэзаў» Марціна Лютэра, канфліктам з Францыяй ды абаронай сваёй цёткі Катарыны Арагонскай у яе мэтрыманіяльным дыспуце з Генрыхам VIII, каралём Ангельшчыны.
Карл нарадзіўся ў 1500 годзе ў флямандзкім горадзе Гент. Культура і прыдворнае жыцьцё бургудзкіх Нідэрляндаў у шмат чым паўплывала на яго жыцьцё. Нарадзіўшыся спадкаемцам Бургундзкай дынастыі, нямецкіх Габсбургаў ды гішпанскім Трастамара, Карл добра размаўляў па-галяндзку, нямецку, гішпанску, француску ды італьянску. Яму прыпісваюць знакаміты выраз: «Я размаўляю па-гішпанску з Богам, па-італьянску з жанчынамі, па-француску з мужчынамі і па-нямецку з маім канём».
Пры гэтым трэба дадаць, што яго роднымі мовамі былі француская ды галяндзкая, на якіх ён размаўляў з маленства. Гішпанскую ён вывучыў у гады юнацтва, бо гэта была адна з умоваў, якія былі пастаўленыя перад ім гішпанскімі Картэсамі, для атрыманьня гішпанскае кароны. Нягледзячы на тое, што Гішпанія зь яе магутным флётам і войскам, яе багацьцямі заакіянскіх калёніяў, была галоўнай часткай яго ўладаньняў, ён так і ня стаў абсалютным гішпанцам і часта адчуваў сябе чужынцам.
10 сакавіка 1526 году Карл ажаніўся са сваёй кузынай Ізабэлай Партугальскай. Нягледзячы на тое, што іх шлюб быў дынастычны, Карл і Ізабэла падзялялі шчырую прыязнасьць адно да аднаго. Заўчасная сьмерць Ізабэлы 1 траўня 1539 году пакінула Карла эмацыйна зруйнаваным. Па яе сьмерці імпэратар не насіў іншых колераў акрамя чорнага ў знак жалобы.
У 1556 годзе Карл адрокся ад трону і сышоў у кляштар Сьвятога Юстына ў Экстрэмадуры. Нягледзячы на тое, што былы імпэратар не захаваў за сабой аніякай улады, ён, тым ня менш, вёў інтэнсіўную перапіску і трымаў сябе ў курсе справаў імпэрыі. Па сваім адрачэньні Карл пакінуў свайму сыну, Філіпу II Гішпанскаму сваю гішпанскую імпэрыю, якая ўключала ў сябе саму Гішпанію, Нідэрлянды, Нэапалітанскія землі і гішпанскія ўладаньні ў Амэрыцы. Брат імпэратара, Фэрдынанд атрымаў аўстрыйскія землі і тытул імпэратара.
Карл адыйшоў з гэтага сьвету 21 верасьня 1558 году ў выніку захворваньня на малярыю. Праз дваццаць шэсьць гадоў па сьмерці яго парэшткі былі перавезеныя ў каралеўскі пантэон у Сан Ларэнса дэ Эль Эскарыял.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Biographisches Lexikon zur Geschichte Südosteuropas (ням.) / Hrsg.: M. Bernath, K. Nehring, Leibniz-Institut für Ost- und Südosteuropaforschung — R. Oldenbourg Verlag, 1974.
- ^ а б в г д е RKDartists (нід.)
- ^ а б в г д е ё ж з і к л Diccionario biográfico español (гішп.) — Real Academia de la Historia, 2011.
- ^ а б в г д е BeWeB
- ^ а б в г д Kindred Britain
- ^ а б Lundy D. R. Karl V von Habsburg, Holy Roman Emperor // The Peerage (анг.)
Папярэднік Ізабэла I |
Кароль Кастыліі ды Ляона 1516—1556 |
Наступнік Філіп II |
Папярэднік Фэрдынанд II |
Кароль Арагону 1516—1556 |
Наступнік Філіп II |
Папярэднік Максыміліян І |
Імпэратар Сьвятой Рымскай Імпэрыі 1520—1556 |
Наступнік Фэрдынанд I |
|
|
|
|