Навіны грозные а жалостлівые…
Навіны грозные а жалостлівые… | |
Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562 | |
Аблога Полацка ў 1563 годзе, гравюра з Аўгсбургскага «лёткага лістка». | |
Тып | газэта |
---|---|
Выдавец | Нясьвіская друкарня |
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Заснаваная | 1563 |
Закрытая | 1563 |
Мова | старабеларуская |
Штаб-кватэра | Нясьвіж |
Наклад | невядома |
«Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562» ― першая беларуская газэта, першая газэта Вялікага Княства Літоўскага; прысьвечаная трагічным падзеям у Полацку у 1563 годзе.
Перадгісторыя выданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ходзе Лівонскай вайны маскоўскія войскі Івана IV 15 лютага 1563 пасьля аблогі захапілі горад Вялікага Княства Літоўскага Полацак. Купецкія дамы былі разрабаваныя; як паведамляюць Пскоўскі летапіс і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, полацкім юдэям пад страхам сьмерці было загадана хрысьціцца, хто працівіўся ― тапілі ў Заходняй Дзвіне.
Некаторыя крыніцы кажуць аб забойстве татарамі з маскоўскага войска полацкіх каталіцкіх манахаў. Частку каталікоў прадалі ў рабства мусульманам. Некаторыя гістарычныя крыніцы, зрэшты, гэтыя зьвесткі лічаць несапраўднымі. Нямецкіх наймітаў расейцы не кранулі, некаторыя зь іх нават уступілі ў расейскае войска.
Весткі аб падзеях у Полацку прыйшлі ў Нясьвіж, дзе ў 1562 годзе пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо дзейнічалі кіраваныя Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім друкарня і паперня, якія выпусьцілі за 1562—1571 гады шэраг выдатных кніг: «Нясьвіскі песеньнік» з 40 псальмамі і 110 песьнямі, «Катэхізіс» і «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» на старабеларускай мове, тут Астафей Валовіч выдаў на старабеларускай мове частку Эвангельля, Сымон Будны ― для кальвінісцкіх супольняў Біблію і Новы Запавет з рэлігійна-філязофскімі камэнтарамі. У нясьвіскай друкарні пачаў выдавецкую працу Васіль Цяпінскі, ён пераклаў Эвангельле на старабеларускую мову.
Невядома, у каго ў Нясьвіжы ўзьнікла ідэя аб выпуску навін з Полацку. Магчыма, гэта быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ― ва ўсякім выпадку, безь ягонай згоды гэта наўрад ці адбылося бы.
Першая газэта Вялікага Княства Літоўскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У энцыкляпэдыях першай беларускай газэтай звычайна называецца «Gazeta Grodzieńska (1776)» («Горадзенская газэта», 1776—1783), але гэта няправільна[1][2].
Нават калі вызначаць газэту як першае пэрыядычнае беларускае выданьне, то ім ёсьць «Нясьвіская газэта» (1707)[3].
У Вялікім Княстве Літоўскім часам пачынаюць выходзіць газэты-аднадзёнкі, прысьвечаныя якім-небудзь значным грамадзкім падзеям: «Новіна іста а правдіва…» (1571), «Эдыкт з замку Полацкага» (1597), «Новіны аб узятыі Смаленска …» (1610), «Новіны аб шчаслівом поступаньні на царства Маскоўскае Найясьнейшаго Владыслава, Караля Польскага, 1617».
Першай аднаразовай газэтай стала нясьвіская ― «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562». Газэта была знойдзеная ў архівах Оксфардскага ўніверсытэта. Згадваючы пра яе ў гісторыі беларускай журналістыкі, гісторыкі спасылаюцца ў асноўным на публікацыю Рыгора Максімовіча (Вітаўта Тумаша) у Мюнхену (1966), якую пазьней перадрукавалі ў Менску (1994).
Іншыя беларускія дасьледнікі гэтай газэты ня бачылі.
Газэта распавядае пра «поражцы месцы Полацка», памылкова называючы дату ― 1562. Захоп Полацка расейскімі войскамі быў 13 лютага 1563 году. Імаверна, гэта памылка друку ― або ў газэце ці ў Р. Максімовіча.
Выдадзена на старабеларускай мове, уяўляе сабой старонку памерам у разварот сучаснага школьнага сшытка. Наклад невядомы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Being. Першыя Беларускіе Часопісі. // Беларускі сьцяг : часопіс. — 1922. — № 2—3. — С. 55.
- Р. Максімовіч. «Навіны грозныя» 1563 года. Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў. // «Запісы» : часопіс. — 1966. — № 4. — С. 247—250.
- Р. Максімовіч. «Навіны грозныя» 1563 года. Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў. // Спадчына : часопіс. — 1994. — № 3.