Перайсьці да зьместу

Астан Віла Бірмінггэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Астан Віла Бірмінггэм
Поўная назва па-ангельску: Aston Villa Football Club
Заснаваны 21 лістапада 1874
Горад Бірмінггэм, Ангельшчына
Стадыён Віла Парк
Умяшчальнасьць: 42 788
Прэзыдэнт Насэф Савірыс[d]
КіраўнікЎэс Эдэнз[d] і Насэф Савірыс[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Прэм’ер-Ліга
 · 2024—2025 6 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
avfc.co.uk (анг.)

«А́стан Ві́ла» (па-ангельску: Aston Villa F.C.) — ангельскі футбольны клюб з гораду Бірмінггэму. Клюб разьмяшчаецца ў Астане — цэнтральным раёне гораду, ад імя якога й пайшоў назоў каманды. Клюб зьявіўся на сьвет у 1874 годзе. У 1888 годзе ён быў адным з заснавальнікаў Футбольнай Лігі, у 1897 годзе зьмяніў футбольную пляцоўку на «Віла Парк», а ў 1992 годзе клюб стаў адным з заснавальнікаў Прэм’ер-Лігі.

«Віла» — адзін з самых сталых і пасьпяховых клюбаў у Ангельшчыне, маючы на сваім рахунку 7 перамогаў у чэмпіянаце й столькі ж разоў становячыся ўладальнікамі кубка краіны. Таксама клюб зьяўляецца адным з чатырох ангельскіх калектываў, што змаглі заваяваць самы прэстыжны трафэй Старога Сьвету — Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў у сэзоне 1981—1982 гадоў.

«Віла» мае працяглае супрацьстаяньне са сваім сталым ворагам «Бірмінггэмам Сіці», якое яшчэ мае назоў «дэрбі другога гораду» й цягнецца з 1879 году. Традыцыйныя колеры экіпіроўкі — бардовыя кашулі з блакітнымі рукавамі, белыя трусы й блакітныя гэтры. Традыцыйны лягатып зьмяшчае залатога ільва на блакітным фоне. Апошнім разам лягатып быў мадыфікаваны ў 2016 годзе[2].

Гэры Гэмптан забівае адзін са сваіх двух галоў у фінале Кубка Ангельшчыны 1905 году.

Клюб быў заснаваны ў сакавіку 1874 году гульцамі ў крыкет для таго, каб зімой падтрымліваць фізычную форму. Да канца 1870-х гадоў «Астан Віла» стала адной з наймацнейшых камандаў у Мідлэндсе. У 1880 годзе клюб перамог у кубку Бірмінггэму, які стаўся першым трафэем у гісторыі клюбу, у тым жа сэзоне каманда пачала выступы ў Кубку Ангельшчыны, дзе дайшла да трэцяга раўнду. Таксама ў 1879 годзе быў згуляны першы матч са сваім гістарычным супернікам «Бірмінггэм Сіці», які зваўся тады «Смол Гіл». Матч скончыўся перамогай «Смол Гілу» зь лікам 1:0. Гэтая падзея паклала пачатак дэрбі другога гораду.

У 1878 годзе ў зборную Ангельшчыны ўпершыню быў выкліканы гулец «Астан Вілы» Артур Браўн. У першай палове 1880-х гадоў «Астан Віла» працягвала заставацца наймацнейшай камандай Мідлэндсу, выйграўшы Кубак Бірмінггэму 5 разоў у 6 розыгрышах, аднак у Кубку Ангельшчыны справы ішлі ня гэтак добра, найлепшым вынікам у Кубку была стадыя чвэрцьфіналу.

Першы вялікі посьпех прыйшоў да клюбу ў 1887 годзе, калі ўпершыню быў выйграны Кубак Ангельшчыны. Тады ў камандзе гулялі вядомыя гульцы свайго часу, як то Арчы Гантэр і Артур Браўн, а «Астан Віла» заваявала сабе рэпутацыю аднаго з найлепшых клюбаў краіны. У 1888 годзе з ініцыятывы мэнэджара «Астан Вілы» Ўільяма Макгрэгара была заснавана першая Футбольная ліга ў сьвеце. Макгрэгар зьвярнуўся з прапановай да 11 вядучых клюбаў краіны. Гэтак з 12 клюбаў утварылася ліга, і «Астан Віла» стала ініцыятарам ейнага заснаваньня. У першым сэзоне каманда заняла 2 месца. Аднак, затым наступіў спад, «Астан Віла» заняла ў двух наступных сэзонах 8 і 9 месца адпаведна. Затым справы пайшлі крыху лепей, і ў 1892 годзе клюб дабраўся да фіналу Кубка Ангельшчыны, дзе зь лікам 3:0 атрымаў паразу ад клюбу «Ўэст Бромўіч Альбіён». Аднак, да 1893 году «Астан Віла» заставалася серадняком чэмпіянату.

Каманда 1894—1895 гадоў з кубкам Ангельшчыны й прызам пераможцу чэмпіянату.

У 1894 годзе «Астан Віла» першы раз у сваёй гісторыі стала чэмпіёнам Ангельшчыны. Аднак, гэта быў толькі пачатак безумоўнага дамінаваньня клюбу ў краіне. За 7 сэзонаў «Астан Віла» перамагла ў чэмпіянаце 5 разоў (1894, 1896, 1897, 1899, 1900) і 2 разы стала ўладальнікам Кубка Ангельшчыны (1895, 1897). Таксама было занятае трэцяе месца ў 1895 годзе. У 1898 годзе клюб застаўся без трафэяў. У 1897 годзе каманда пераехала на стадыён «Віла Парк», на якім гуляе й па сёньняшні дзень. У 1897 годзе быў зроблены залаты дубль, гэта значыць перамога ў Кубку Ангельшчыны (у фінале быў абыграны «Эвэртан» зь лікам 3:2) і чэмпіянаце. У 1898 годзе, паслабіўшыся пасьля дублю, каманда заняла 6 месца — адзінае не прызавое за гэтыя гады. Дарэчы, залаты дубль ніхто ня здолеў паўтарыць да 1961 году. У наступныя два сэзоны «Астан Віла» станавілася чэмпіёнам. Да пачатку XX стагодзьдзя клюб падышоў самым тытулаваным у краіне. У гэты пэрыяд былі выйграныя ўсе матчы супраць «Бірмінггэму Сіці». Многія футбалісты тагачаснай «Астан Вілы» былі асноўнымі гульцамі зборнай Ангельшчыны, як то абаронцы Гаўард Спэнсэр, які быў капітанам зборнай Ангельшчыны й «Астан Вілы», і былы гулец «Бэрнлі» Джымі Кабтры, нападнікі Джон Дэйві, Фрэд Ўэлдэн, Білі Гараці, Джо Бэч і Джон Кэмпбэл. Да гэтага часу гэты пэрыяд застаецца лепшым у гісторыі клюбу. З пачаткам новага стагодзьдзя гегемонія ў Ангельшчыне прыйшла да заканчэньня.

Пасьля чэмпіёнства 1900 году пачаўся наймацнейшы спад, клюб заняў толькі 15 месца ў 1901 годзе, а пасьля гэтага восьмае. Нягледзячы на ​​тое, што ў 1905 годзе быў выйграны Кубак Ангельшчыны, дзе ў фінале быў абыграны «Ньюкасл Юнайтэд» да 1910 году каманда была серадняком чэмпіянату. У сэзоне 1909—1910 гадоў «Астан Віла» досыць нечакана стала чэмпіёнам Ангельшчыны. Пачаўся новы ўздым, які працягваўся да Першай сусьветнай вайны. З 1910 па 1914 гады «Астан Віла» яшчэ раз была чэмпіёнам, 3 разы срэбраным прызээрам і раз у 1913 годзе перамагла ў кубку краіны. Гэтыя посьпехі сталі магчымымі дзякуючы ўсё яшчэ выступалых за клюб гульцоў Джо Бэча й Білі Гараці, а таксама маладых гульцоў, як то Гэры Гэмптана й Клема Стэфэнсана, які славіўся сваімі дакладнымі перадачамі.

Павольны заняпад

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У студзені 1920 году Білі Ўокер двойчы правёў галы ў сваім дэбютным матчы за «Вілу» ў пераможнай сустрэчы 1/8 фіналу Кубка Ангельшчыны супраць сталічнага «Кўінз Парк Рэйнджарз» зь лікам 2:1. У тым сэзоне клюб у шосты раз здабыў Кубак Ангельшчыны, а Ўокер стаў галоўнай зоркай «Вілы» 1920-х гадоў, улучыўшы рэкордныя 244 галы ў 531 матчы, а таксама быў капітанам каманды й зборнай Ангельшчыны. Джордж Рэмзі сышоў на пэнсію ў 1926 годзе ў веку 71 году, а ягоны пераемнік Білі Сьміт ня здолеў працягнуць посьпех папярэдніка. Насамрэч, некалькі іншых футбольных клюбаў наблізіліся да «Астан Вілы», у першую чаргу «Арсэнал», якому клюб саступіў чэмпіёнства ў сэзонах 1930—1931 і 1932—1933 гадоў. Не зважаючы на тое, што клюбу бракавала тытулаў, гледачы на «Віла Парку» , між тым, атрымлівалі асалоду ад атакуючага футболу. 128 праведзеных галоў у сэзоне 1930—1931 гадоў застаюцца рэкордам найвышэйшай лігі за ўсю гісторыю. У 1934 годзе клюб прызначыў Джымі Макмалана галоўным трэнэрам, аднак гэты крок аказаўся катастрафічным і прывёў да першай у гісторыі «Вілы» страты месца ў элітным дывізіёне пасьля 48 гадоў у найвышэйшай лізе. У першую чаргу на гэта паўплывала жахлівая гульня ў абароне.

Білі Ўокер усю кар’еру бараніў колеры «Астан Вілы», стаўшы найлепшым бамбардзірам клюбу ўсіх часоў.

Па вылеце ў Другую лігу кіраўніцтва «Вілы» вярнула старога былога старшыню клюбу Фрэда Рындэра. Ён адкрыта крытыкаваў кіроўную раду за ейную «амаль цалкавітае занядбананьне дублёрскай камандай, у той жа час разьлічваючы на выплату вялікіх трансфэрных сумаў за падрыхтаваных гульцоў». Ён лічыў, што гэты пераход у палітыцы ад скаўтынгу й разьвіцьця маладых талентаў уласнай школы прывёў да заняпаду клюбнай культуры й стылю гульні, што разам з паблажлівасьцю да парушэньняў дысцыпліны з боку гульцоў і прывяло да вылету. Першым крокам Рындэра стала выправа ў Аўстрыю, каб запрасіць на пасаду трэнэра прагрэсіўнага трэнэра Джымі Гогана. Аднак Другая сусьветная вайна перакрэсьліла праект амбітнага трэнэра.

Як і ўсе ангельскія клюбы, «Віла» страціла сем сэзонаў праз трываньне Другой сусьветнай вайны[3]. Па вайне на «Віла Парку» фіксавалася вялікая колькасьць гледачоў. Гэтак матч чвэрцьфіналу Кубка Ангельшчыны паміж «Вілай» і «Дэрбі Каўнці» ў сакавіку 1946 году паведалі 76 588 чалавек, што ёсьць рэкорднай наведвальнасьцю стадыёну. Цягам апошняй часткі 1940-х гадоў каманда аднаўлялася пад кіраўніцтвам былога гульца Алекса Мэсі. Зоркамі той эпохі былі Гары Паркс, валійскі цэнтральны нападнік Трэвар Форд і ўінгер Джоні Дыксан, аднак як у 1940-х, гэтак і ўсьцяж 1950-х гадоў клюб меў пасярэднія паказьнікі, ніколі не займаючы ў чэмпіянаце месца вышэй за шостае. Акцыянэры й заўзятары крытыкавалі клюб за адсутнасьць разьвіцьця маладых талентаў, а таксама за мэтады скаўтынгу й трэнаваньняў. Першы трафэй «Астан Вілы» за 37 гадоў быў заваяваны ў сэзоне 1956—1957 гадоў, калі яшчэ адзін былы гулец клюбу Эрык Гаўтан у якасьці трэнэра прывёў каманду да перамогі ў фінале Кубка Ангельшчы, выгуляўшы выбітную каманду «Манчэстэр Юнайтэд» зь лікам 2:1[4]. Тым ня менш, каманда працягвала мець цяжкасьці з вынікамі ў чэмпіянаце, што прывяло да звальненьня Гаўтана ў сьнежні 1958 году. Ягоны пераемнік Джо Мэрсэр ня змог прадухіліць вылет клюбу з эліты ў сэзоне 1958—1959 гадоў. На шчасьце заўзятараў ужо 1960 годзе «Віла» вярнулася ў найвышэйшую лігу. Вымушаны сыход Мэрсэра ў ліпені 1964 году па інсульце, выкліканага стрэсам, быў часам глыбокіх узрушэньняў і заняпаду. Самы пасьпяховы клюб Ангельшчыны не даваў рады сучасным пераменам у футболе. Тры зь пяці сябраў кіроўнай рады былі старэйшыя за 70 гадоў, клюб занядбаў усласную скаўцкую сетку й трэнэрскую структуру, а фінансавы стан клюбу быў жахлівым. У кастрычніку 1966 году клюб быў вымушаны прадаць «Чэлсі» свайго галоўнага нападніка Тоні Гэйтлі, а ў ягоную адсутнасьць «Віла» ў 1967 годзе зноў вылецела з найвышэйшай лігі. Кіраўніцтва бірмінггэмцаў нават прадало трэнавальную базу пад будаўніцтва жыльля, пакінуўшы каманду без магчымасьці трэнавацца й вымусіўшы яе пазычаць палі мясцовых заводзкіх камандаў[5].

«Астан Віла» ў сэзоне 1896—1897 гадоў.
Актуальны на 17 верасьня 2025 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
2 Сьцяг Польшчы Аб Мэцьці Кэш Edit this on Wikidata 1997
3 Сьцяг Швэцыі Аб Віктар Ліндэлёф Edit this on Wikidata 1994
4 Сьцяг Ангельшчыны Аб Эзры Конса Edit this on Wikidata 1997
5 Сьцяг Ангельшчыны Аб Тайран Мінгс Edit this on Wikidata 1993
6 Сьцяг Ангельшчыны ПА Рос Барклі 1993
7 Сьцяг Шатляндыі ПА Джон Макгін (капітан) 1994
8 Сьцяг Бэльгіі ПА Юры Тылеманс 1997
9 Сьцяг Ангельшчыны ПА Гарві Эліят Edit this on Wikidata (ар. Лівэрпул) 2003
10 Сьцяг Аргентыны ПА Эміліяна Буэндыя Edit this on Wikidata 1996
11 Сьцяг Ангельшчыны Нап Олі Ўоткінз 1995
12 Сьцяг Францыі Аб Люка Дынь 1993
14 Сьцяг Гішпаніі Аб Паў Торэс Edit this on Wikidata 1997
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
16 Сьцяг Гішпаніі Аб Андрэс Гарсія Edit this on Wikidata 2003
17 Сьцяг Нідэрляндаў Нап Доніель Мален Edit this on Wikidata 1999
19 Сьцяг Ангельшчыны Нап Джэйдан Санча Edit this on Wikidata (ар. Ман. Юн.) 2000
22 Сьцяг Нідэрляндаў Аб Ян Маатсэн Edit this on Wikidata 2002
23 Сьцяг Аргентыны Бр Эміліяна Мартынэс 1992
24 Сьцяг Бэльгіі ПА Амаду Анана Edit this on Wikidata 2001
26 Сьцяг Нідэрляндаў Аб Лямарэ Багардэ Edit this on Wikidata 2004
27 Сьцяг Ангельшчыны ПА Морган Роджэрз 2002
29 Сьцяг Кот д’Івуару Нап Эван Гесан Edit this on Wikidata 2001
40 Сьцяг Нідэрляндаў Бр Марка Бізот Edit this on Wikidata 1991
44 Сьцяг Францыі ПА Бубакар Камара Edit this on Wikidata 1999
Мэнэджар Пэрыяд
Джордж Рэмзі 08.1884—05.1926
Ў. Дж. Сьміт 08.1926—05.1934
Джымі Макмалан 06.1934—10.1935
Джымі Гоган 11.1936—09.1939
Алекс Мэсі 08.1945—08.1950
Джордж Мартын 12.1950—08.1953
Эрык Гаўтан 09.1953—11.1958
Джо Мэрсэр 12.1958—07.1964
Дык Тэйлар 07.1964—05.1967
 
Мэнэджар Пэрыяд
Томі Камінгс 07.1967—11.1968
Томі Доэрці 12.1968—01.1970
Вік Кроў 01.1970—05.1974
Рон Сандэрз 06.1974—02.1982
Тоні Бартан 02.1982—06.1984
Грэм Тэрнэр 07.1984—09.1986
Білі Макніл 09.1986—05.1987
Грэм Тэйлар 05.1987—07.1990
Ёзэф Вэнглаш 07.1990—05.1991
 
Мэнэджар Пэрыяд
Рон Аткінсан 07.1991—11.1994
Браян Літл 11.1994—02.1998
Джон Грэгары 02.1998—01.2002
Грэм Тэйлар 02.2002—05.2003
Дэйвід О’Ліры 05.2003—07.2006
Мартын О’Ніл 08.2006—08.2010
Жэрар Улье 08.2010—06.2011
Алекс Макліш 06.2011—05.2012
Пол Ламбэрт 06.2012—02.2015
 
Мэнэджар Пэрыяд
Тым Шэрўуд 02.2015—10.2015
Рэмі Гард 11.2015—03.2016
Рабэрта Дзі Матэо 06.2016—10.2016
Стыў Брус 10.2016—10.2018
Дын Сьміт 10.2018—11.2021
Стывэн Джэрард 11.2021—10.2022
Унаі Эмэры з 11.2022
  1. ^ https://www.transfermarkt.us/-/mitarbeiterhistorie/verein/405
  2. ^ Club Crest (анг.). AVFC. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
  3. ^ Ward & Griffin 2002. С. 75.
  4. ^ Ward & Griffin 2002. С. 86—87.
  5. ^ James, Gary Joe Mercer Football with a Smile. — James Ward. — ISBN 978-0-9558127-4-3

Ward, Adam; Griffin, Jeremy The essential history of Aston Villa. — Headline book publishing, 2002. — ISBN 0-7553-1140-X

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]