Кабыльнік
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Кабыльнікі (неадназначнасьць), Нарач (неадназначнасьць).
Кабыльнік лац. Kabylnik | |
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала | |
Першыя згадкі: | 15 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Мядзельскі |
Сельсавет: | Кабыльніцкі |
Вышыня: | 196 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 2581 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1797 |
Паштовы індэкс: | 222395 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°56′4.99″ пн. ш. 26°41′10.00″ у. д. / 54.9347194° пн. ш. 26.6861111° у. д.Каардынаты: 54°56′4.99″ пн. ш. 26°41′10.00″ у. д. / 54.9347194° пн. ш. 26.6861111° у. д. |
± Кабыльнік | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Кабы́льнік (з 1964 году — На́рач[1]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы, за 4 км ад возера Нарачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2581 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 км на паўночны захад ад курортнага мястэчка Нарачы.
Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захавалася драўляная касьцельная званіца ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XIX ст., спалены савецкімі партызанамі ў Другую сусьветную вайну.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Кабыльнік, магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога, 12 сьнежня 1522 году набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары, у Людвіка Сьвірскага — «зямлю пустаўскую на імя Трухаўшчыну» (Труханкі) і ў Пятра Сьвірскага «зямлю пустаўскую на імя Якубоўшчыну на Едупе» (Рэдупля)[2]. У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва Кабыльнішкі[3] — вёска за 36 км на захад ад Паставаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтупаў. Назва паходзіць, відаць, ад славянскай асновы кобь — 'чары, чараўніцтва'. Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні 'чараўнік, калдун'. Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае 'конскае шчаўе'.
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Кабельнікі[4], Кабыльнікі.
У 1964 годзе савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з аднайменных курортным мястэчкам або самім возерам Нараччу. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік[5] і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле некаторых зьвестак[7], упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor, польск. Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Аднак у наш час не атрымалася знайсьці дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму. Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа[8]. Дасьледнік сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакштаў разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Сьвірскага (сярэдзіна XV ст.).
У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касьцёл[9] (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам»[10]. У 1579 «имением Кабыльникъ и дварцом Жары у Ошмянским павете» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае их «июля 19» у вечнае уладанне «малжонку миламу, Кнежати Стефану Карибутовичу Збаражскому, воеводе Троцкому, Державцэ Смилишскому, Жослинскому, Дорсунишскому»[11]. Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.)[12]. Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданьне Антонія Сьвентажэцкага.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555—1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіка Левэнгаўпта[13] ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня[14]). Па друім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе стаў цэнтрам памежнай парафіі Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.
У час паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завялейскага палку паўстанцаў (генэрал-маёр Ксавэры Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завялейскага палку ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак па начной атацы войскам генэрала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішак[15].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году ў мястэчка 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.
На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у красавіку 1863 году каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня зь Сьвянцянаў паводле маршруту Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі[16].
У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльніку і двух аднайменных фальварках налічвалася 33 дамоў. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзеялі касьцёл, царква і сынагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. У 1892 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку[17].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Кабыльнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі[18], нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генэрала Аскара фон Гуцьера(ru), у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лынтупамі, Паставамі і Мядзельскім возерам. Каля мястэчка дзеяў нямецкі вайсковы аэрадром.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[19].
У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 году мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 году Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. На 1931 год у мястэчку дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузьні, 2—3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліцаў[12].
У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.
У Другую сусьветную вайну ў чэрвені 1941 году Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга Райху. У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф. Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі[20][21]. У час нападу спалілі палац Сьвентажэцкіх[22]. Савецкія партызаны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 годзе забілі тутэйшага ксяндза Паўловіча.
У 1947 годзе ў Кабыльніку зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Перамога». У гэты час у вёсцы працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня. З 20 студзеня 1961 году Кабыльнік знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 году савецкія ўлады перайменавалі паселішча ў Нарач.
На 1997 год у Кабыльніку было 1009 двароў, на 1999 год — 800. У 2000-я гады Кабыльнік атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Вуліца
-
Званіца
-
Каплічка
-
Брама
-
Рынак
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За 2 км на поўдзень і паўднёвы захад ад Кабыльніку разьмяшчаецца радовішча пяскова-жвіровага матэрыялу.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1641 год — 122 чал.[23]
- XIX стагодзьдзе: 1847 год — 148 чал.; 1860 год — 344 чал.; 1866 год — 370 чал., у тым ліку 190 каталікоў, 164 юдэяў, 7 праваслаўных, 6 магамэтанаў, 4 стараверы[24]; 1885 год — 483 чал.; 1897 год — 1054 чал.
- XX стагодзьдзе: 1903 год — 903 чал.; 1931 год — 900 чал.; 1960 год — 1116 чал.; 1997 год — 2584 чал.; 1998 год — 2,7 тыс. чал.; 1999 год — 2,7 тыс. чал.[25]
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 2,5 тыс. чал.; 2010 год — 2581 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Кабыльніку працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя і музычная школы, лякарня, пункт хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, бібліятэка, дом культуры, пошта, банку, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, сталоўка, крамы. Таксама ў вёсцы разьмяшчаюцца адміністрацыя сельсавету і ўправа сельскагаспадарчана прадпрыемства.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Заводзкая вуліца | Мельніцкая вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Партызанская вуліца | Купская вуліца | |
Першамайская вуліца | Віленская вуліца (частка) Кусеўская вуліца (частка) Мядзельская вуліца (частка) |
3 траўня вуліца |
Піянэрская вуліца | Шэметаўская вуліца | Францішка Жвіркі і Станіслава Вігуры вуліца |
Савецкая вуліца | Канцылярская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Кабыльніку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Пастаўская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гаспадарчы двор з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, жывёлагадоўчая фэрма, Нарачанскі масласырзавод, Нарачанскі завод напояў, мясакамбінат, будаўніча-вытворчая ўправа «Нарач-прафбуд», склады курортнага каапэратыву, лінейны ўчастак.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Кабыльніку працуе аўтастанцыя.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала. Розьмяшчаецца на паўночнай ускраіне мястэчка. Твор архітэктуры нэаготыкі, збудаваны ў 1901—1904 гадох. Каля касьцёла месьціцца драўляная званіца ў стылі барока (XVIII ст.), насупраць — парафіяльны дом і кляштар кармэлітаў босых.
- Сядзіба Сьвентажэцкіх: бровар (1845), сьвіран (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Ільлі. Разьмяшчаецца на заходнім баку колішняга Рынку. Мураўёўка, збудаваная ў 1875—1880 гадох.
У 1969 годзе ў Кабыльніку паставілі помнік 20 землякам, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны, таксама тут знаходзіцца магіла 80 ахвяраў нацысцкіх захопнікаў. На паўночнай ускраіне сучаснай вёскі — пахаваньні 4 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баёх ліпеня 1920 году.
Непадалёк ад вуліцы Пастаўскай знаходзіцца кіркут — жыдоўскія могілкі з памятнай дошкай ахвярам вайны. Далей на правым баку вуліцы Пастаўскай стаіць безыменны абэліск, які мясцовыя называюць магілай польскіх уланаў, што загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. На каталіцкіх магілках знаходзіцца вялікі помнік з узыходзячым арлом, прысьвечаны нямецкім жаўнерам, якія загінулі ў часы І Сусьветнай вайны, а побач стаяць крыжы іх магілаў.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца-пахавальня Шышкаў (1836)
- Палац Сьвентажэцкіх. Разьмяшчаўся на тэрасе ракі Малінаўкі. Помнік архітэктуры клясыцызму, закладзены каля 1840 году.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Інтэр’ер касьцёла
-
Інтэр’ер царквы
-
Крамы на Рынку
-
Камяніца пры Рынку
-
Будынак на вул. Пастаўскай
-
Фурманка на вул. Пастаўскай
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ізраіль Данюшэўскі (1890—1950) — пэдагог
- Часлаў Кудаба (1932—1993) — географ і краязнаўца
- Ян Цывінскі (1772—1846) — біскуп-суфраган троцкі, доктар тэалёгіі і царкоўнага права
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 339
- ^ Будзька Ч. Кніжка аб Івашку Гарнастаю. — Т. 1. — Нью-Ёрк, 1955.
- ^ Кабыльнішкі
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 348.
- ^ Кляшчук А. Колькі Нарачаў на Нарачы?(недаступная спасылка) // Зьвязда. № 226 (26834), 18 лістапада 2010.
- ^ Кулік В. Беларускія вёскі вяртаюць гістарычныя назвы, Радыё Свабода, 20 жніўня 2006 г.
- ^ Żamejć J. Świr i kościół Świrski: krótka historja na pamiątkę konsekracji kościoła, dokonanej przez jego Ekscelencję Księdza Arcybiskupa Romualda Jałbrzykowskiego, metropolitę Wileńskiego, dnia 17 i 18 czerwca 1928 r.
- ^ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895 (reprint Warszawa, 1994).
- ^ Нарач (да 1964 г. Кабыльнік) — парафія Св. Андрэя, апостала, Catholic.by
- ^ Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. — Менск, 1993.
- ^ Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. — Санкт-Петербург : Археографическая комиссия, 1846—1853. Т. 3. 1544—1587. С. 247.
- ^ а б Lwow B. Zza zakrętu historii. Tragedia Ziemi Naroczańskiej. Wspomnienia własne i zapożyczone. — Wroclaw, 2000.
- ^ Праўрацкі В. Паўночная вайна і Мядзельшчына // Нарачанская зара. — № 89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
- ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
- ^ Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Менск: Пейто, 2002.
- ^ Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — Паставы: «Сумежжа», 2013.
- ^ Голуб М. Кабыльнікі, Віл. губэрні Сьвенцянск. пав. // Наша Ніва. — № 14. — 7 красавіка (апрыля) 1911 году.
- ^ Чарняўскі М. Першая імперыялістычная (Да падзей на Мядзельшчыне) // Нарачанская зара. — №№124—130. — Кастрычнік. — 1989 г.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Dziergacz J. Walka w zwerciadle. Uważam, że nadszedl czas powiedzieć prawdę // Glos znad Niemna. — 21 czerwca 2002.
- ^ Дзяргач Я. «Я гэта помню інакш…» Яшчэ адзін успамін пра вайну // «KRESY». — №8—9 (24), ліпень — жнівень 2003 г. C. 14—15.
- ^ Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: «Сумежжа», 2008. С.41—46.
- ^ Князева В. Нарач // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 278.
- ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 219.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 148.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Зямчонак Ю. Нарачанскі край — радзіма Марыі Качыньскай // Нарачанская зара. — 31 ліпеня 2014 г. [1]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
- Адамушко В. И., Иванова Н. В. «Помилуйте…» Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. — Молодечно, 1992.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кабыльнік (Нарач), Radzima.org
- Зьміцер Бартосік, Кабыльнік: «Бяз нас тут нічога ня зробіцца», Радыё Свабода, 1 верасьня 2008 г.
- [ СТВ: Новыя падарожжы дылетанта — вёска Нарач](недаступная спасылка) (11.09.2013)
- Zeitung der X Armee. Wilna
- Гален А. Жертвы геноцида — жители деревни Нарочь (Кобыльник) Мядельского района (реферат)
|