Менскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°54′28″ пн. ш. 27°33′6″ у. д. / 53.90778° пн. ш. 27.55167° у. д. / 53.90778; 27.55167

Руіны на Менскім Замчышчы, малюнак Я. Драздовіча

Менскі замак — абарончае збудаваньне ў Менску, узьведзенае на правым беразе ракі Сьвіслач, ля месца ўпадзеньня ў яе Нямігі. Мясьціна, якую абкружалі замкавыя сьцены, атрымала назву Замчышча.

Апошнія ўмацаваньні Менскага замка зьнішчылі ў пач. XIX ст. А ў 1950-я рокі савецкія ўлады скапалі замкавую гару ды вывезьлі яе за межы места.[1] Да нашага часу захаваліся рэшткі культурнага пласта.[2]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскі ўмацаваны дзядзіцец быў узьведзены ў XI ст..[3] У XIIXIII стагодзьдзях замак налічваў 80—82 двары і каля 400—500 жыхароў[4][5].

Стары будынак гродзкага суду, здымак пач. XX ст.

Драўляныя ўмацаваньні неаднаразова гарэлі (1505, 1547, 1552, 1569 рокі і інш.), але зноў адбудоўваліся. Напрыканцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў замак меў значную колькасьць гарматаў і сталкоў з гэтага віду зброі.[6]

З 1581 року ў Менскім замку адзін раз на два рокі на працягу дваццаці тыдняў адбываліся пасяджэньні дзяржаўнага трыбуналу. Да сярэдзіны XVII ст. замак служыў рэзыдэнцыяй велікакняжацкаму намесьніку і быў па-ранейшаму адным з грамадзкіх месцаў места. На тэрыторыі цьвердзі (у адной зь вежаў) разьмяшчаліся вязьніца, таксама былі жылыя дамы, царква Нараджэньня Багародзіцы, склады, стайні, крамы і іншыя пабудовы.[7] У 1612 року ў будынку замкавага суду знаходзіўся мескі архіў.[8]

Руіны на Менскім Замчышчы, малюнак Я. Драздовіча

У дакумэнтах XVII—XVIII стагодзьдзяў Менскі замак згадваецца пераважна як месца правядзеньня шляхецкіх соймікаў, аднак яшчэ ў 1750 року ў ім стаяла замкавая залога.[9]

Апошні ўспамін пра існыя замкавыя ўмацаваньні датуецца 1793 рокам і зьмешчаны ў люстрацыі, складзенай па ўваходжаньні Менску ў склад Расейскай імпэрыі.[10] Пазьней замкавыя збудаваньні перайшлі ў прыватныя рукі.[8]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскі замак быў пабудаваны з дрэва, абгароджаны высокім земляным валам (шырынёй да 22 мэтраў, пазьней — да 30—32 мэтраў, вышынёй — каля 15 мэтраў[3]) і апаясаны глыбокім ровам, напоўненым вадой. У пляне ён меў форму, набліжаную да авала, плошчаю 3 га. Уезд у замак уяўляў сабою добра абаронены праход шырынёю 3,4 мэтры, які замыкаўся мінімум на тры брамы.[11]

З XVII ст. у замку існаваў мураваны будынак гродзкага (замкавага) суду, вядомы па малюнках Я. Драздовіча і старых фатаздымках 1-й паловы XX ст.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 14
  2. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 25
  3. ^ а б Фортификация средневекового Менска // Ткачев М. Замки Беларуси. — Менск, 2002. С. 47
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1. с. 8.
  5. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 9
  6. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 12
  7. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 26
  8. ^ а б Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 18
  9. ^ Фортификация средневекового Менска // Ткачев М. Замки Беларуси. — Менск, 2002. С. 53
  10. ^ Фортификация средневекового Менска // Ткачев М. Замки Беларуси. — Менск, 2002. С. 54
  11. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 8

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Менск: Беларусь, 2002. — 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.