Перайсьці да зьместу

Купал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Купал

Купал (італ. cupola — купал, скляпеньне, ад лац. cupula — бочачка) — прасторавае перакрыцьцё будынкаў з рознымі плянамі, а таксама іхных частак.

У спалучэньні зь іншымі канструкцыйнымі элемэнтамі (ветразь і інш.) купал дазваляе перакрываць аб’ёмы круглай, квадратнай, шматкутнай і эліптычнай формаў[1]. У канструкцыі купала звычайна ўзьнікае гарызантальнае напружаньне, якое перадаецца на ніжняе нясучае кальцо самога купала.

Купал базылікі Сан-Лярэнца ў Мілане (Італія), 372 або 402 г.

Гісторыя купалоў распачалася яшчэ ў старажытныя часы, але тэхналягічна складаныя і вялікія купалы пачалі будаваць толькі ў Рымскай імпэрыі, дзе іх выкарыстоўвалі ў архітэктуры бажніцаў і буйных грамадзкіх будынкаў. У наш час найстаражытнейшы з існых купалоў знаходзіцца ў рымскім Пантэоне, збудаваным каля 128 году нашай эры. Апроч таго, рымляне выкарысталі купалы ў шэрагу пабудоваў (у тым ліку і хрысьціянскіх храмаў), датаваных IVI стагодзьдзямі.

Пазьней традыцыю будаваньня купалоў пераняла бізантыйская рэлігійная і сакральная архітэктура. Кульмінацыяй гэтага пэрыяду стала ўжываньне рэвалюцыйнай ветразнай тэхналёгіі пры ўзьвядзеньні Сафійскага сабору ў Канстантынопалі.

Па заваёве мусульманамі імпэрыі Сасанідаў і Бізантыйскага Блізкага Ўсходу, купал стаў таксама часткай мусульманскай архітэктуры.

У Заходняй Эўропе купалы зноў набылі папулярнасьць у эпоху Рэнэсансу, і дасягнулі росквіту ў пачатку XVIII ст. у архітэктуры барока.

На тэрыторыі Беларусі купалы зьявіліся ў ХІ стагодзьдзі і неўзабаве атрымалі пашырэньне ў розных тыпах пабудоваў і разнастайных стылявых кірунках.

Бізантыйскія купалы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сафійскі сабор у Кіеве, рэканструкцыя пачатковага выгляду

Бізантыйскія або ветразныя купалы ёсьць ветразем, асновы якога ня проста ўтвараюць аркі для падтрымкі купала над ім, а сыходзяцца ў цэнтры прасторы і такім чынам самі ўтвараюць купал. Завяршэньні падобнага кшталту маюць падабенства з квадратным ветразем, замацаваным зьнізу ў чатырох кутах і пададзьмутым зьнізу.

Гэтыя купалы належаць да тыпу найбольш простых канструкцыяў: для падтрыманьня формы, у адрозьненьне ад купалоў-шаломаў, не патрабуецца стварэньня драўлянага ці мэталёвага каркасу або запаўненьня нутранай прасторы цэглай.

Паводле найбольш пашыранага меркаваньня, бізантыйскі тып завяршэньня сакральных будынкаў панаваў на Русі (Кіеў, Чарнігаў, Смаленск і інш.) да мангольскай навалы.

Такім чынам, менавіта бізантыйскія (ветразныя) купалы выкарыстоўваліся пры будаваньні Кіеўскага і Полацкага Сафійскіх сабораў.

Літоўскі (беларускі) купал-баня з 4-канцовым сонцакрыжам і маскоўская (расейская) цыбуліна з 8-канцовым маскоўскім крыжам

Баняй або банькай называюць шмат’ярусны фігурны самкнуты купал грушападобнай формы з заломамі, пашыраны ў сакральнай архітэктуры барока[2] на тэрыторыі Рэчы Паспалітай[3]. Таксама банямі называюць купальнае пакрыцьцё паўкруглай формы або круглы купал у завяршэньні вежаў або вярхоў[4].

Адметнасьцю купалоў-баняў, уласьцівых сакральнаму дойлідзтву Вялікага Княства Літоўскага і традыцыйнай царкоўнай архітэктуры этнічнай тэрыторыі беларусаў, зьяўляецца складаны сылюэт і падзел на грані[5]. Характэрная гранёная форма купалоў-баняў узьнікла пад уплывам на мастацкі вобраз мураваных сьвятыняў прыёмаў драўлянага будаваньня[3].

Мячэт у Давамандзе (Іран), IX ст.

Купалы-цыбуліны маюць пукатую форму з плыўным завострываньнем у верхавіне і падобныя на цыбуліну. Лічацца сымбалем расейскай культавай архітэктуры[6], аднак пры гэтым традыцыйна ўжываюцца ня толькі ў Расеі, але і ў Турэччыне, Індыі і на Сярэднім Усходзе. Гэтыя купалы звычайна маюць большы дыямэтар, чым аснова, на якой яны стаяць, а іхная вышыня пераўзыходзіць шырыню. Асноўныя адрозьненьні купалоў-цыбулінаў ад традыцыйных для дойлідзтва Беларусі барокавых завяршэньняў сакральных збудаваньняў — баняў — адсутнасьць падзелу на грані, просты сылюэт[5].

Паводле найбольш пашыранага меркаваньня, выкладзенага ў шэрагу падручнікаў, даведнікаў, навуковых і папулярных працаў[7], купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца ў архітэктуры Маскоўскай дзяржавы ў 2-й палове XVI ст. Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што купалы падобнага кшталту, старэйшыя за мяжу XVIXVII стагодзьдзяў, да нашага часу не захаваліся[8].

Як мяркуецца, масавую папулярнасьць купалы-цыбуліны атрымалі толькі ў часе кіраваньня Івана IV Тырана. У 1555—1561 гадох ён па ўзяцьці татарскай Казані збудаваў на Краснай плошчы ў Маскве Пакроўскі сабор. На гэтым саборы ўпершыню ў маскоўскай архітэктуры зьявіліся купалы, падобныя сваёй формай да цыбуліны, да таго ж разнастайна і страката аздобленыя, што падкрэсьліла іх падабенства да ўсходніх галаўных убораў — цюрбанаў[3]. Неадпаведнасьць падобнага разьвязку эўрапейскай эстэтыцы зазначыў францускі дасьледнік архітэктуры Э. Віяле-ле-Дзюк, які назваў гэты храм «кошыкам пачварнай гародніны»[9]. Аднак у далейшым менавіта такая цыбулепадобная форма купалоў вызначыла ўстойлівы вобраз храма артадаксальнага «сапраўды маскоўскага» (рас. истинно русского) веравызнаньня[10].

Звычайна дасьледнікі разглядаюць гэты архітэктурны элемэнт як запазычаньне ў мусульманаў[11][12][13][14][15], існуюць і іншыя тлумачэньні[7][16]

Дзімітраўскі сабор ува Ўладзімеры (Расея); пачатковы купал-цыбуліну замянілі на шалом толькі па 1715 г.[7]

Паводле найбольш пашыранага азначэньня, купалы-шаломы маюць спэцыфічную форму з кілепаддобным верхам, блізкую да формы старажытнарускага шалома. У адрозьненьне ад купалоў-цыбулінаў, вышыня гэтых купальных завяршэньняў заўжды меншая за шырыню[7].

Расейскі мастацтвазнавец С. Заграеўскі пераканаўча давёў, што гэтая форма купалоў зьявілася толькі ў XVII ст. Менавіта ў гэты час улады Маскоўскай дзяржавы пачалі масава замяніць на шаломы старыя цыбулепадобныя завяршэньні з мэтай стылізацыі ўласных цэркваў «пад даўніну»[7]. У выніку падобнай фальсыфікацыі зьявілася тэорыя паступовай эвалюцыя купальных завяршэньняў, згодна зь якой на першым этапе запазычаныя зь Бізантыі купалы паступова «выцягваліся» ўгару (як і прапорцыі саміх храмаў) і ператварыліся ў купалы-шаломы. Потым, па тым як у XVI ст. зьявілася шатровае дойлідзтва, «вышыннасьць» шаломападобных частак стала недастатковай, і над купалам пачалі надбудоўваць канструкцыі ў форме цыбулінаў[17].

  1. ^ Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў / Уклад. Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2001.
  2. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 281.
  3. ^ а б в Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник ПГУ. №16, 2017. С. 6.
  4. ^ Якимович, Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. — Мн., 1991.
  5. ^ а б Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 132.
  6. ^ Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 245.
  7. ^ а б в г д Заграевский С. В. Формы глав (купольных покрытий) древнерусских храмов. — М., 2008.
  8. ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 58.
  9. ^ Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого ПГУ. №16, 2017. С. 6—7.
  10. ^ Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого ПГУ. №16, 2017. С. 7.
  11. ^ Слюнькова І. Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт // «Радыё Свабода», 9 лістапада 2015 г.
  12. ^ Бондаренко И. А. К вопросу о происхождении луковичной формы церковных глав // Народное зодчество. — Петрозаводск, 1998.
  13. ^ Смирнова Э. С. Московская икона XIV—XVII веков. — Л., 1988. С. 47.
  14. ^ Дашчынскі А. Чаму на беларускія храмы нацягваюць залатыя «цыбуліны»? // Радыё Свабода, 14 траўня 2018 г.
  15. ^ Харэўскі С. Мosquées à Moscou, альбо яшчэ раз пра «цыбуліны» // Наша Ніва, 19 лістапада 2010 г.
  16. ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 59.
  17. ^ Новицкий А. П. Луковичная форма глав русских церквей // Московское археологическое общество. Древности. Труды комиссии по сохранению древних памятников. Т. III. — М., 1909. С. 349—362.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F: Строительство. Прикладные науки. №16, 2017. С. 2—9.
  • Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.