Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў
Краіна Беларусь
Места Менск
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVIII ст.

Касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Менску. Знаходзіўся ў Ракаўскім прадмесьці на Ракаўскай вуліцы. Твор архітэктуры барока.

Комплекс складаўся з мураваных касьцёла і кляштарнага корпуса. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл (паводле адной з вэрсіяў, на ягоным месцы цяпер стаіць Япархіяльная ўправа Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату[1]), да нашых дзён захавалася адна з кляштарных пабудоваў (вуліца Ракаўская, 14)[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1703 року стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоні Ваньковіч (паводле іншых зьвестак, у 1677 або каля 1733 року Цеханавецкія[3]) заснаваў у Менску кляштар кармэлітаў. Ён ахвяраваў ордэну пляц на вуліцы Юраўскай (Ракаўскай) і запісаў 9 тыс. злотых на маёнтку Глушынцаў (або Іслачы). У 1735 року Я. Турчыновіч-Сушыцкі ахвяраваў рэзыдэнцыі некалькі пляцаў з будынкамі. У 1738 року віленскі біскуп Міхал Зянковіч заснаваў пры кляштары брацтва Найсьвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай[4].

У 1750 року староста шатроўскі Т. Ваньковіч падараваў манахам 2 пляцы на вуліцы Юраўскай і фальварак Доўгую Ніву (або Кальварыю) з цагельнямі, які меў 10 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарачых пабудоваў. Побач з фальваркам знаходзіліся кляштарныя могілкі з 36 капліцамі, якія ў 1795 року пераўтварыліся ў мескія парафіяльныя. У 1754 року ксёндз Т. Стацэвіч ахвяраваў 4 тыс. злотых на будаваньне Кальварыйскага касьцёла, пры якім з 1755 року пачало дзейнасьць брацтва Панскай Мукі[4]. Апроч таго, кляштару належалі некалькі пляцаў у месьце з камяніцамі і крамы на Рынку.

У 1763 року староста менскі Міхал Валадковіч вымураваў у стылі барока касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены і кляштар.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На 1796 рок у рэзыдэнцыі было 5 манахаў, аднак праз два рокі біскуп Якуб Дадэрка ліквідаваў кляштар і перавёў сюды францішканаў.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў расейскія ўлады канфіскавалі будынкі і высялілі зь іх манахаў. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад, а ў 2-я палове XIX ст. яго зруйнавалі. Падарожнік і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля ў сярэдзіне XIX ст. пісаў[1]:

« Там быў пабудаваны прыгожы касьцёл, які хоць і стаіць цяпер парожні, аднак годна ўзносіць над старым местам свае чорна-цагляныя вежы »

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны 3-нэфавы касьцёл паводле памераў не саступаў касьцёлу Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары бэрнардынак[1]. Цэнтральны нэф пераходзіў ў невялікі прэзьбітэрыюм з паўкруглай алтарнай апсыдай. Галоўны бязьвежавы фасад выходзіў на вуліцу Ракаўскую[4].

Інтэр’ер касьцёла перакрываўся крыжовымі скляпеньнямі, яго ўпрыгожвалі 6 разных драўляных і мураваных алтароў. Галоўны мураваны шмат’ярусны алтар меў пышны ляпны дэкор, аптычныя росьпісы і фігурку ўкрыжаванага Хрыста. У ім знаходзіліся абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятога Яна і Марыі Магдалены. 4 бакавыя маляўнічыя аптычныя алтары мелі абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятых Юзэфа, Тэклі, прарока Ільлі. Пад касьцёлам разьмяшчалася невялікая мураваная крыпта[5].

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Побач з касьцёлам знаходзіўся Г-падобны ў пляне 1-павярховы кляштарны корпус, а таксама 2-павярховая мураваная камяніца і комплекс драўляных гаспадарчых пабудоваў[6].

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскія манахі-кармэліты ў сярэдзіне ХVІІІ ст. збудавалі Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыі (першы драўляным касьцёл замянілі на мураваны ў 1839 року). Яны ж стварылі з звычайных могілак, вядомых у гэтым менскім прадмесьці з ХVІІ ст., сапраўдную Кальварыю «з 36 капліцамі адной формы і вышыні»[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 38.
  2. ^ Гарбачоў Р. 10 найстарэйшых будынкаў Мінска паводле Уладзімера Дзянісава // «Салідарнасць», 17 красавіка 2009.
  3. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
  4. ^ а б в Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 294.
  5. ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 294—295.
  6. ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар кармелітаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 295.
  7. ^ Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разуменьня сучаснага Менску, «Беларускі калегіюм»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]