Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′5.57″ пн. ш. 27°33′16.14″ у. д. / 53.9015472° пн. ш. 27.5544833° у. д. / 53.9015472; 27.5544833Каардынаты: 53°54′5.57″ пн. ш. 27°33′16.14″ у. д. / 53.9015472° пн. ш. 27.5544833° у. д. / 53.9015472; 27.5544833
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1964
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак

Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіўся на паўднёва-заходнім баку Высокага Рынку, на Зборавай вуліцы[a]. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры віленскага барока.

Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпусу з прыбудоваю, капліцы, капэляніі, 2 флігеляў, бровару, сьвірану, стайні і інш. пабудоваў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштару атачаў высокі мур, які меў некалькі брамаў. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі часткова зруйнавалі касьцёл, у 1960-я рокі савецкія ўлады дашчэнту зьнішчылі помнік. Да нашага часу захаваліся падмуркі касьцёла[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар бэнэдыктынак у Менску заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у месьце два дамы зь іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны фундуш ад 4 траўня 1633 року 14 ліпеня таго ж року пацьвердзілі кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза і віленскі біскуп С. Война[3]. Першыя сёстры-бэнэдыктынкі перасяліліся сюды зь нясьвіскага бэнэдыктынскага кляштару.

Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 1647—1649 роках намаганьнямі ваяводы віленскага Крыштапа Хадкевіча і ягонай жонкі Соф’і, уроджанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узьвёў мураваны касьцёл пад тытулам Сьвятога Войцеха, біскупа і мучаніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Сьвірскай[3]. Мэцэнатамі кляштару былі Марцыбэла Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.

Рысунак кляштару з атлясу, 1800

У вайну з Масковіяй 1654—1667 рокаў усходнія захопнікі спалілі ўсе драўляныя кляштарныя пабудовы, значна пашкодзілі і разрабавалі мураваную сьвятыню. Кляштар адбудавалі ў 1670-я рокі, касьцёл асьвяціў біскуп Мікалай Слупскі.

У 1682 року ўвесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзьвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я рокі комплекс кляштару зноў рэканструявалі паводле праекту архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаваньне вежаў-званіцаў завяршылася толькі ў 1803 року.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў у валоданьні кляштару знаходзіліся 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валок зямлі. У 1799 року ў ім жылі 22 бэнэдыктынкі. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой паводле Яна Ходзькі, навучалася 18 дзяўчат (толькі 6 зь іх плацілі на навучаньне[3]).

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1871 року ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі кляштар бэнэдыктынак, гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў і перадалі іх Маскоўскаму патрыярхату пад жаночы манастыр. У 1872 року пачалася перабудова барокавага комплексу ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1920-х рокаў савецкія ўлады ліквідавалі манастыр. Некаторы час царква ў будынку былога касьцёла працягвала дзейнічаць, але ў 1930-я рокі яе прыстасавалі пад клюб.

У сярэдзіне 1960-х рокаў помнік архітэктуры ўзарвалі. Пазьней зь левага боку ад падмуркаў касьцёла збудавалі будынак мескай пракуратуры з чырвонай цэглы.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян колішняга кляштару

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — прастакутны ў пляне 1-нэфавы аб’ём з 5-граннай апсыдай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Будынак меў 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзьбітэрыюмам. Галоўны фасад, зьвернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Над ім узвышаліся 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэньнямі. Фасад меў вытанчаную архітэктурную плястыку: тонкапрафіляваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку[4].

Інтэр’ер пад цыліндрычнымі скляпеньнямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Сьвятога Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Сьвятой Сям’і, сьвятых патрыярхаў Бэнэдыкта і Схалястыкі, Беззаганага Зачацьця Найсьвяцешйай Панны Марыі. У галоўным драўляным алтары захоўваўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У другім ярусе быў абраз Сьвятога Войцеха, увенчвала кампазыцыю разьбянае Ўкрыжаваньне. Падлогу ў прэзьбітэрыюме касьцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыюме яна была цаглянаю. Закрысьція была адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сьцяны існавала адмысловая галерэя, дзе ў час сьвятаў выступалі музыкі[5].

Пры перабудове касьцёла на царкву Маскоўскага патрыярхату верхнія ярусы вежаў і франтон зруйнавалі, замест іх паставілі 5 глухіх купалоў-цыбулінаў над асноўным аб’ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасаду[3].

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштарны корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, які далучаўся да заходняга фасаду касьцёла. Дах вальмавы. Насуперак архітэктуры касьцёла ён меў сьціплы плястычны разьвязак, фасады рытмічна падзяляліся прастакутнымі аконнымі праёмамі[4].

Цікавай была сыстэма ацяпленьня будынка — ад печак у тоўшчы сьценаў і пад падлогаю праходзілі своеасаблівыя керамічныя калярыфэры, якія давалі дадатковае цяпло. Корпус бэнэдыктынак разьлічваўся на 15 кельляў, тым ня менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законьніцаў, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і службоўцамі насельніцтва асяродку дасягала 90 чалавек.

У комплекс кляштару таксама ўваходзіў сад, які паводле інвэнтару 1804 року налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар бэнэдыктынак быў апошнім, які ўлады Расейскай імпэрыі зьліквідавалі ў Менску. Па здушэньні паўстаньня 1863—1864 рокаў ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў перасьлед. У пачатку 1871 року з кляштару выслалі бэнэдыктынак, якія знайшлі тут прытулак па ліквідацыі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх скіравалі ў Кімбараўскі кляштар, што знаходзіўся каля Мазыра[6].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ касьцёл стаяў побач з кінатэатрам «Перамога», кляштар — на месцы кінатэатру (вуліца Інтэрнацыянальная, 20)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шыбека З., Гілеп У., Дзянісаў У. Што аднаўляць найперш? // «Наша Ніва», №46, 2004. С. 7 [1]
  2. ^ Аквапарк на кляштарных могілках // «Наша Ніва», 27 верасьня 2006 г.
  3. ^ а б в г Дзянісаў У. Менскі кляштар бенедыкцінак // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 292
  4. ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
  5. ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 313.
  6. ^ Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разуменьня сучаснага Менску, «Беларускі калегіюм», лекцыі

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]