Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар францішканаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар францішканаў
Шпіль касьцёла францішканаў. Б. Лявэрнь, 1840
Шпіль касьцёла францішканаў. Б. Лявэрнь, 1840
Краіна Беларусь
Места Менск
Дата заснаваньня XVII ст.

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар францішканаў  — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіўся на паўднёвым баку Высокага Рынку, на рагу вуліцаў Францішканскай і Юраўскай[a]. Твор архітэктуры клясыцызму.

Комплекс складаўся касьцёла, кляштарных карпусоў і гаспадарчых пабудоваў, аточаных мурам зь некалькімі брамамі. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл, у канцы 1940-х рокаў савецкія ўлады дашчэнту зьнішчылі кляштарныя пабудовы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд кляштару, XIX ст.

19 кастрычніка 1680 року падкаморы менскі Тэадор Караль Горскі ахвяраваў манахам-францішканам пляц пад будаваньне касьцёла і кляштару. У 1681 року стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоні Ваньковіч падараваў кляштару пляц на Татарскай вуліцы і запісаў 2 тыс. злотых. У 1689 року Юры Кастравіцкі ахвяраваў францішканам пляц на Лошыцкай вуліцы, а Станіслаў Заблоцкі — пляц на вуліцы Няміскай.

У XVIII ст. мэцэнатамі кляштару былі Антоні Прушынскі, Самуіл і Клара Камоцкія, Юры Сьвіты-Іліч.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар францішканаў па перабудове пад мескую ўправу

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У канцы XVIII ст. у рэзыдэнцыі было 5 манахаў. У 1798 року кляштар францішканаў перавялі ў будынкі былога кляштару кармэлітаў. У 1801 року на месцы старога драўлянага касьцёла заклалі новы мураваны.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 року расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. Па пераводзе францішканаў у кляштарных будынках разьмясьцілася каталіцкая духоўная сэмінарыя. У 1843 року сэмінарыю перавялі ў будынкі зачыненага дамініканскага кляштару, а ў колішніх францішканскіх мурах разьмясьцілі каталіцкую кансысторыю. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў расейскія ўлады канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перабудавалі іх пад мескую ўправу.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак колішняга кляштару (мескай управы), 1920-я

За часамі Другой Сусьветнай вайны кляштарныя будынкі атрымалі пашкоджаньні, а ў канцы 1940-х рокаў іх разбурылі пры рэканструкцыі гістарычнай Францішканскай вуліцы[1].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны касьцёл — крыжападобны ў пляне 2-вежавы аб'ём, арыентаваны галоўны фасадам на Францішканскую вуліцу. У паўночна-заходняй вежы знаходзілася 3 званы.

Інтэр’ер касьцёла ўпрыгожвалі 4 драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 мэталічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Сьвятога Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Сьвятога Францішка, Сьвятога Яна і Найсьвяцейшай Панны Марыі. Падлога ў касьцёле была цаглянай.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны кляштарны корпус — будынак, які стаяў паміж драўляным касьцёлам і вуліцай Юраўскай.

Мураваны кляштарны корпус — Г-падобны ў пляне 2-павярховы будынак пад двухсхільным дахам (матэрыял пакрыцьця — дахоўка), які аддзяляўся ад сьцяны магутным прафіляваным гмызам. У паўднёва-заходняй частцы тарэц даху закрываўся трыкутным франтонам, аздобленым скульптурамі двух анёлаў і рэльефнай выявай сонца з праменямі ў тымпане. Рытм фасадаў стваралі прастакутныя аконныя праёмы бязь ліштваў. Плян калідорны[2].

На тэрыторыі кляштарнага комплексу знаходзіўся гарод, а таксама фруктовы дэкаратыўны сад[1].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяпер на гэтым месцы жылы дом пад адрасам вуліца Леніна, 5

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Дзянісаў У. Менскі кляштар францысканцаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 295.
  2. ^ Дзянісаў У. Кляштар францысканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 328.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]