Перайсьці да зьместу

Юзэф Ігнацы Крашэўскі

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ю. Крашэўскі»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Крашэўскі.
Юзэф Ігнацы Крашэўскі
Józef Ignacy Kraszewski
Юзэф Крашэўскі
Юзэф Крашэўскі
Герб «Ястрабец»
Герб «Ястрабец»
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы
  • Bogdan Bolesławita
  • Kaniowa
  • Dr Omega
  • Kleofas Fakund Pasternak
  • JIK
  • B.B.
Нарадзіўся 28 ліпеня 1812(1812-07-28)[1][2]
Памёр 19 сакавіка 1887(1887-03-19)[1][5][6][…] (74 гады)
Пахаваны
Род Крашэўскія
Бацькі Ян Крашэўскі
Соф’я з Мальскіх
Жонка Соф’я з Варонічаў
Дзеці
  • Канстанцыя (1839)
  • Ян Альбін (1841)
  • Францішак (1843)
  • Аўгуста Марыя (1849)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, гісторык, выдавец, калекцыянэр
Гады творчасьці 1830—1875
Жанр раманы, аповесьці
Мова польская
Подпіс Выява аўтографу
Творы ў Вікікрыніцах
Пераклады на беларускую ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com
www.ignacy.kraszewski.pl

Ю́зэф Ігна́цы Крашэ́ўскі[a] (па-польску: Józef Ignacy Kraszewski; 28 ліпеня 1812, Варшава — 19 сакавіка 1887, Жэнэва) — польскі пісьменьнік, публіцыст, гісторык, выдавец, філёзаф, калекцыянэр, музыка. Псэўданімы — Bogdan Bolesławita, Kaniowa, Dr Omega, Kleofas Fakund Pasternak, JIK, B.B.

Юзэф Крашэўскі — аўтар найбольшай колькасьці выдадзеных кнігаў у гісторыі польскае літаратуры: літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў раманаў і аповесьцяў, паэтычных і драматычных твораў, а таксама працаў па гісторыі, этнаграфіі, фальклярыстыцы, падарожных замалёвак, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. За гэтае дасягненьне пісьменьнік занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як «чэмпіён эпохі гусінага пяра».

Дзяцінства і юнацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сядзіба Мальскіх у Раманаве

Зь беларускага[8] шляхецкага роду Крашэўскіх гербу «Ястрабец». Бацька Ян (1788—1864) — харунжы Пружанскага павету, маці — Соф’я з Мальскіх (1791—1859), жылі ў маёнтку Доўгае каля Пружаны. Увесну 1812 року, аднак, Соф’я Крашэўская пераехала ў бацькоўскі маёнтак у Раманаве каля Владавы (Герцагства Варшаўскае), ратуючыся ад немінучай вайны Напалеона з Расеяй. Як высьветлілася пазьней, асьцярогі Крашэўскіх былі небеспадстаўныя, бо Пружаншчына стала тэатрам актыўных баявых дзеяньняў, а Доўгае падпала пад рабункі марадэраў, рэквізыцыі і да т. п. Пазьней бацькі сталі прататыпамі літаратурных герояў пісьменьніка.

Пасьля, не ўважаючы і Раманаў дастаткова спакойным месцам, бо знаходзіўся ён недалёка ад граніцы, Соф’я Мальская разам з маці Ганнай з Навамейскіх выехалі ў Варшаву і замешкалі ў гатэлі на вуліцы Александрыя (цяпер Капэрніка). Тут 28 ліпеня і нарадзіўся будучы славуты пісьменьнік, які 6 жніўня быў ахрышчаны ў касьцёле Сьв. Крыжа і атрымаў імя Ігнацы Юзэф. Аднак ужо з маленства ягонае імя ўжывалася ў адваротным парадку, і ўласныя мяніны ён сьвяткаваў 19 сакавіка, на дзень сьв. Язэпа[9]. Празь некалькі тыдняў пасьля нараджэньня сына, калі вайна пайшла далей на ўсход, Крашэўскія вярнуліся ў Раманаў[10]. Аднак зьвесткі пра паразу Напалеона ізноў выклікалі непакой пра ўласны лёс, і да траўня 1813 ўся сям’я Мальскіх перабывала ў Стапніцкім павеце(pl).

Язэп Ігнацы быў найстарэйшым зь пяці дзяцей. Адзін зь ягоных братоў, Каэтан, таксама зрабіўся пісьменьнікам; другі, Люцыян — мастаком і фатографам. Родавым гняздом Язэпа Ігнацыя быў бацькоўскі маёнтак Доўгае каля Пружаны[11], адкуль упершыню пачалося захапленьне культураю і літаратураю. Пастаўлены па вайне драўляны палацык быў сьціплым, зь невялічкім садам. Адразу за домам пачыналася багна і дрыгва, дзе тапілася быдла, а незаўважная з-за балота мяжа з суседзямі была пастаянным прадметам раздораў у часе сенакосу[10].

Будынак у Любліне па вул. Гродзкай, 93, дзе Ю. Крашэўскі жыў падчас вучобы ў 1826—27 рр.

З кароткімі перапынкамі выхаваньне Язэпа да 12-рочнага ўзросту працягвалася ў Раманаве пад апекай бабулі Соф’і Мальскай і прабабулі Канстанцыі Навамейскай (польск. Konstancja Nowomiejska). Вучыўся ў школах у Бялай (1822—1826), Любліне (1826—1827), скончыў Сьвіслацкую гімназію (1828—1829).

У верасьні 1829 року пачаў навучаньне на мэдыцынскім аддзяленьні Віленскага ўнівэрсытэту, неўзабаве перайшоў на літаратурнае. Браў актыўны ўдзел у студэнцкім жыцьці, захапіўся ідэямі нацыянальнай барацьбы. У лістападзе 1830 увайшоў у навастворанае таварыства мнезэраў (ад грэц. «памятаць, нагадваць»). З пачаткам паўстаньня ў Варшаве мнезэраўцы заняліся нарыхтоўкай зброі, распаўсюдам антыўрадавых вершаў, рыхтавалі замах на апекуна Віленскага ўнівэрсытэту Мікалая Навасільцава[12]. Аднак неўзабаве змова была выкрытая, і 3 сьнежня 1830 Язэп Крашэўскі быў арыштаваны разам зь іншай моладзю.

Царскі вырак пра высылку на Каўказ у войска дзякуючы заступніцтву цёткі перад генэрал-губэрнатарам Мікалаем Даўгарукавым быў заменены на пазбаўленьне волі[13]. Сядзеў у віленскай турме, пасьля ў турэмнай лякарні. У сакавіку 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі. Знаходзячыся пад забаронай пакідаць Вільню, ладзіў гістарычныя дасьледаваньні, якія пасьля сфармаваліся ў чатырохтомавую працу па гісторыі «Wilno od początków jego do roku 1750» (1840—1842), а таксама ў некалькі аповесьцей. Адначасна ініцыяваў выданьне мэмуараў і дзёньнікаў.

Фальварак Крашэўскіх у Доўгім. 1880

У ліпені 1833 року вызвалены з-пад паліцыйнага нагляду і выехаў у фамільны маёнтак у Доўгім, дзе займаўся гаспадаркай. У панскай хаце, дзе падрасталі ягоныя браты і сёстры, месца не хапіла, і Язэп жыў у пакойчыку флігеля, куды перавёз і сваю бібліятэку зь Вільні. Тут упершыню зьявіліся творы, падпісаныя ягоным уласным імем, а не псэўданімам[14]. З 1837 року супрацоўнічаў з «Тыднёвікам Пецярбурскім».

Даведаўшыся пра знакамітага бібліяфіла Валыні Антоні Ўрбаноўскага, у 1834 Язэп Крашэўскі выпраўляецца ў Гарадзец Сарненскага павету, каб убачыць ягоны кнігазбор і польскія старадрукі. Крашэўскі хутка пасябраваў зь сям’ёй Урбаноўскіх, пераняўшы ад Антонія захапленьне таксама жывапісам і музыкай. Пазьней пісьменьнік прысьвеціць яму два выпускі «Ўспамінаў пра Палесьсе, Валынь і Літву»[15].

Антоні і Эльжбета ня мелі ўласных дзяцей, таму ўзялі на выхаваньне трох пляменьніц зь сям’і Варонічаў. Такім чынам у 1835 року Язэп Крашэўскі пазнаёміўся з адной зь іхніх апякунак — Соф’яй, дачкой маршалка шляхты Войцеха Вароніча, і 9 траўня паведамляе бацькам пра сваё рашэньне ўзяць дзяўчыну ў жонкі. І хоць бацька быў супраць шлюбу да тае пары, пакуль сын ня будзе здольны самастойна забясьпечваць сям’ю, на баку апошняга сталі Ўрбаноўскія[15]. Дзякуючы іхняму заступніцтву 22 чэрвеня [ст. ст. 10 чэрвеня] 1838 року Язэп Ігнацы ажаніўся з Соф’яй Вароніч (польск. Zofią Woroniczówną) і пераехаў на Валынь.

Вокладка часопісу «Athenaeum»

Першую зіму маладыя пражылі ў Урбаноўскіх, пасьля — у вёсцы Амэльна (Луцкі павет). На пачатку красавіка 1839 року Соф’я нарадзіла дачку Канстанцыю.

У 1840 року Крашэўскія набылі вёску Гарадок каля Луцку. Тут у Крашэўскіх нарадзіліся двое сыноў: Ян (1 сакавіка 1841) і Францішак (11 красавіка 1843). Цікавы той факт, што дзяцей Соф’я Крашэўскага езьдзіла нараджаць да Эльжбеты Ўрбаноўскай у Гарадзец[16].

Дзьвюхмоўная памятная таблічка пра перабываньне Ю. Крашэўскага ў Жытоміры

10 рокаў Язэп Ігнацы рэдагаваў віленскі часопіс «Атэнэўм» (1841—1851), з 1851 супрацоўнічаў з «Gazetaj Warszawskaj». Зьдейсьніў некалькі вандровак у Кіеў ды Адэсу, пазьней апісаныя ў «Wspomnienia Odessy, Jedyssanu i Budżaku» (1845—1846). Намагаўся ўзначаліць катэдру польскай літаратуры ў Кіеўскім унівэрсытэце. Напісаная ім на конкурс праца была прызнаная лепшай зь сямі дасланых, аднак царскі ўрад ня даў дазволу на стварэньне катэдры.

Літаграфія Альфонса-Леана Нояля паводле малюнку Яна Ксаверыя Канеўскага. 1850-я

У 1848 Крашэўскі прадаў Гарадок і чарговы раз пераехаў, набыўшы за 165 000 злотых вёску Губін у Луцкім павеце[17]. У 1853 року праз праблемы з гаспадаркай, а таксама дзеля неабходнасьці навучаньня чатырох дзяцей (Канстанцыя, Ян, Францішак, Аўгуста) пераехаў у Жытомір. Вельмі дапамагала перажыць першыя месяцы адзіноты пасьля пераезду пані Эльжбета Ўрбаноўская, якая, прадаўшы Гарадзец, дзеля іх вырашыла правесьці зіму ў Жытоміры. Аднак у студзені 1854 року Эльжбета памірае, пакідаючы Крашэўскім вёску Кісялі над Гарыньню[15].

Крашэўскі працаваў куратарам губэрнскай гімназіі, дырэктарам шляхецкага клюбу, старшынём Таварыства дабрачыннасьці. Быў дзейсным сябрам Віленскай археалягічнай камісіі.

У 1856 року стаў дырэктарам жытомірскага тэатру. Дбаў пра тое, каб на ягонай сцэне зьдзяйсьняліся пастаноўкі драмаў польскаю моваю, бо добра разумеў, што польскае мастацтва цалкам сыдзе са сцэны безь фінансавай падтрымкі польскай шляхты. Язэп займаўся ў тэатры амаль усім: справамі арганізацыйнага характару, гардэробам для актораў, разьвязаньнем матэрыяльнага пытаньня. Ягонай мараю было вывесьці тэатар на заходні ўзровень.

Нягледзячы на прыналежнасьць да шляхецкага стану, Крашэўскі разумеў супольныя праблемы і выступаў супраць прыгоннага права ды паншчыны. Лічыў, што сялянам волю патрэбна даваць не адразу, каб не пазбавіць іх шляхецкае апекі. На ягоную думку, селянін не ацэніць уласнасьці, а таму яму варта даць толькі сядзібу; пажадана выкарыстоўваць прымусовы наём працаўнікоў і інш. Аднак валынская шляхта не падтрымала і такія сьціплыя прапановы.

З 1859 року рэдагаваў «Gazetu Codziennu» (у 1861 перайменаваная на «Gazeta Polska»).

Канчаткова перасварыўшыся зь мясцовай шляхтай, у 1860 року Язэп Ігнацы зьехаў у Варшаву. Зьдзейсьніў шэраг вандровак у Бэльгію, Францыю, Італію, Расею, дзе далучыўся да дзейнасьці палітычнай эміграцыі і аналізаваў мажлівасьць выбуху паўстаньня (апублікаваў у Парыжы брашуру «Sprawa polska», 1861). У 1862 адмовіўся ад расейскага падданства.

Згодна з набытымі яшчэ ў маладосьці поглядамі ня быў прыхільнікам паўстаньня, намагаючыся публікацыямі ў «Gazecie Polskiej» утаймаваць радыкальныя настроі ў грамадзтве. Аднак як зацяты крытык палітыкі ўраду ў 1863 мусіў на загад уладаў зьехаць.

Хата ў Дрэздэне, дзе жыў Я. Крашэўскі

Пераехаў у Дрэздэн, які на той час быў адным з галоўных асяродкаў польскай эміграцыі. Жыў у хаце па адрасе вул. Нордштрасэ, 27 (цяпер №28)[18]. Найперш заняўся дапамогай удзельнікам паўстаньня, якія шукалі прытулку за мяжой. Напісаў некалькі публіцыстычных твораў пра паўстаньне, што пазбавіла яго магчымасьці вярнуцца ў Польшчу.

У 1865 року ўзяўся рэдагаваць створаны ў Львове часопіс «Hasło». Аднак не атрымаў дазволу на пражываньне ў Львове і вымушаны быў працаваць здалёк, да таго ж ня маючы магчымасьці выказваць свае погляды. У рэшце рэшт часопіс «Hasło» праз паўроку быў зачынены.

Не зважаючы на няўдачу ў Львове, пісьменьнік плянаваў пасяліцца ў Галіцыі. У 1866 року пасяліўся ў Кракаве, пасьля пераехаў у Аўстрыю. Выдаваў публіцыстычны шторочнік «Rachunki» («Рахункі», 1866—1870), часопісы. Пасьля няўдалай спробы заняць катэдру літаратуры ў Ягелонскім унівэрсытэце і плянаў прыдбаць кракаўскую газэту «Czas» Крашэўскі заснаваў уласную друкарню ў Дрэздэне (1868). Аднак ужо ў 1871 року вымушаны быў прадаць яе зь вялізнымі фінансавымі стратамі. Браў удзел у стварэньні Нацыянальнага польскага музэю(pl) ў Рапэрсьвілі (Швайцарыя)[12]. З 1873 року прысьвяціў сябе літаратурнай справе, завязаў кантакт з францускай выведніцкай агенцыяй[13].

У 1879 року з ініцыятывы літаратараў і выдаўцоў адбываліся ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя літаратурнай працы Крашэўскага. Асноўныя мерапрыемствы ладзіліся 3-7 кастрычніка ў Кракаве[19]. Да сьвяткаваньня быў адліты юбілейны мэдаль з сылюэтамі Адама Міцкевіча і Юзэфа Крашэўскага, а скульптарка Гелена Скірмунт выканала мэдальён з партрэтам юбіляра[12].

У 1882 року Крашэўскі заснаваў у Львове асьветніцкае таварыства «Macierz Polska».

Арыштаваны ў Бэрліне ў чэрвені 1883 року за выведніцкую дзейнасьць на карысьць Францыі супраць Прусіі (набыцьцё для францускага ўраду плянаў цьвердзяў). У траўні 1884 прыгавораны да 3,5 рокаў турэмнага зьняволеньня. Правёўшы паўтара рокі ў турме ў Магдэбургу, у 1885 быў вызвалены пад заклад у сувязі з захворваньнем лёгкіх. Лекаваўся ў Жэнэве (Швайцарыя), пасьля ў Сан-Рэма (Італія). Пасьля землятрусаў 1887 року вярнуўся ў Швайцарыю, ужо цяжка хворы на запаленьне лёгкіх. Памёр 19 сакавіка 1887 року ў гатэлі ў Жэнэве. Пахавалі славутага пісьменьніка ў пантэоне заслужаных у Кракаве.

Літаратурная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліяграфія пісьменьніка складае больш за 600 тамоў твораў: 232 раманы, 150 меншых празаічных твораў (аповесьцяў, навэляў, абразкоў); 25 драматычных твораў (у тым ліку камэдыяў зь дзеяньнем у Нясьвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867)); больш за 20 тамоў навуковых працаў па гісторыі Літвы і Польшчы, гісторыі літаратуры і культуры, мовазнаўства і этнаграфіі; каля 20 паэтычных томікаў, у тым ліку 3 аб’ёмныя тамы эпасу «Анафеляс» па гісторыі Літвы; 21 перакладная адзінка з 5 моваў (ангельскае, францускае, лацінскае, нямецкае, італьянскае); 42 рэдактарскія і рэдакцыйныя працы, сярод якіх «Атэнэўм» (1841—1851, 66 тамоў), «Gazeta Codzienna» (1859—1863, ад 1862 пад назвай «Gazeta Polska»), дрэздэнскі «Tydzień» (1870—1871)[20]; каля 30 тысячаў лістоў. Толькі ягоная бібліяграфія, выдадзеная ў 1966 року, складае кнігу ў 277 старонак[12].

Карыкатура на Язэпа Крашэўскага. Літаграфія Ўладыслава Валькевіча

За гэтыя дасягненьні Крашэўскі адзначаны ў «Кнізе рэкордаў Гінэса» сярод самых пладавітых аўтараў як «чэмпіён эпохі гусінага пяра»[21]. Ніхто ня здолеў пераўзысьці гэтае ягонае дасягненьне ажно да часоў Барбары Картлэнд[22], якая, аднак, карысталася ўжо больш сучаснымі прыладамі працы.

Першыя спробы пяра адбыліся яшчэ падчас вучобы ў пачатковай школе ў Белай (1822—1826) са складаньня вершаў і паэмаў. Хлопчык захапляўся чытаньнем, з задавальненьнем маляваў пяром, граў на клявікордах, займаўся францускай мовай.

Першыя творы надрукаваў у часе вучобы ў Віленскім унівэрсытэце: «Biografia sokalskiego organisty», урывак з аповесьці «Przygody peruki», аповесьць «Pan Wallery». У 1833—34 надрукаваў дзьве гістарычныя аповесьці: «Koscioł Š-to Michalski» і «Ostatni rok panowania Zygmunta III», а таксама нарысы: «Pan Karol», «Cztery wespla», «Improwizacye dla moih przyjaciół». Гэтыя творы сустрэлі суворую крытыку на старонках газэты «Tygodnik Petersburski», якая так паўплывала на Крашэўскага, што ён вырашыў скончыць свае літаратурныя спробы і заняцца выключна гісторыяй. Першы том ягонай гісторыі Вільні быў надрукаваны ў 1836 і спаткаў такі самы суворы разбор, як і папярэднія творы.

У 1838 упершыню дабіваецца бліскучае літаратурнае перамогі аповесьцю «Poeta i Swiat» і зборнікам «Паэзія» (т. 1—2, 1838). Пад уплывам заняткаў нямецкай філязофіяй, асабліва Гегелем, прыходзіць да перакананьня, што каталіцтва не выключае магчымасьці прагрэсу, і парывае з клерыкальна-кансэрватыўным гуртком Грабоўскага, Галавінскага, Жавускага. Першыя сьляды ўплыву філязофіі Гегеля можна прасачыць у фантазіі «Pod włoskiem niebem», а пасьля ў выдатнай аповесьці «Ostap Bondarczuk», у якой думкі пра цяжкі стан сялянаў спалучаныя з ідэямі пра высокую значнасьць чалавечае асобы і стварылі тып напалову рэальны, напалову фантастычны. Прымірэнчага напрамку між лібэральна-дэмакратычнай апазыцыяй і клерыкальна-кансэрватыўным кірункам «Tygodnika Petersburskiego» прытрымліваецца і пасьля разрыву («Pan i Szewc», «Ostrożnie z ogniem»; «Dziwadła», «Jaryna», «Tomko Prawdzic»).

У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палесьсе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцьця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнаграфічным нарысе «Адзеньне мяшчанаў і сялянаў з ваколіц Берасьця, Кобрыня і Пружанаў» (1859) маляваў тыпы беларускіх сялянаў, вясковыя збудаваньні, пэйзажы, апісваў жыцьцё беларускага і ўкраінскага сялянства[23].

Зьяўляўся аўтарам тэарэтычных працаў па літаратуры — «Літаратурныя штудыі» (1842), «Новыя літаратурныя штудыі» (1843), «Гутаркі пра літаратуру і мастацтва».

У 1851—1854 напісаў шэраг твораў немалое мастацкае вартасьці, напрыклад «Хата за вёскай», «Kordecki stary sługa», «Interesa familijne», «Ladowa piechara», «Д’ябал», «Ostatni z Siekierzyńskcih». Тут заўважны спажытачны ўплыў Гогаля, Дыкенза і Бальзака, якімі ў той час Крашэўскі зачытваўся.

Падчас жыцьця ў Варшаве піша аповесьці: «Dola i niedola», «Jasplka», «Kopcinszek», этнаграфічныя дасьледаваньні «Dziś i lat temu trzysta», засноўвае і рэдагуе літаратурна-навуковы часопіс «Przegląd Europejski». Падзеі паўстаньня 1863—64 адлюстраваныя ў раманах «Дзіця старога гораду» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш.

У 1873—1874 вырашыў пакінуць палітыку, цалкам заняўшыся літаратурнай дзейнасьцю. У 1873—1882 адных раманаў і аповесьцяў зьявілася больш за 90, ня лічачы шматлікіх працаў небелетрысцкага характару, выданьня чужых твораў (напр. Казімера Брадзінскага, лістоў Яна Сьнядэцкага) і да т. п. У 1876—1887 роках напісаў 29 раманаў у 76 тамох, што склалі нізку «Dzieje Polski», у якой у мастацкай форме апісаў гісторыю Польшчы ды Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы з старажытных часоў. Ягоную першую паэтычную трылёгію пра мінуўшчыну Літвы часоў Міндаўга і Вітаўта «Анафеляс» (1840—45) рэцэнзаваў вядомы беларускі паэт і фальклярыст Ян Чачот.

Аўтар навуковых працаў па гісторыі «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1-4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песьні» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1-3, 1873—75) і інш.

Не спыняў працу нават падчас увязьненьня ў Магдэбургу. «Psiawiara», «Od kolebki do kolebki», «Awantura», «Justka», «Nad Przepascią», «Król w Niesweżu» і іншыя былі напісаныя Юзэфам у гэты цяжкі час.

Перакладаў Плютарха і Пляўта[22]. Вядомыя перакладзеныя ім фрагмэнты «Боскай камэдыі» Дантэ[24].

Перапісваўся з А. Плугам, А. Ельскім, А. Кіркорам, В. Дунінам-Марцінкевічам. Шмат чытаў, часам па дзьве-тры кніжкі ў дзень, пачынаючы ад драмаў і сканчаючы бульварнымі раманамі. Выпісваў розныя газэты: польскія, расейскія, францускія, нямецкія. Ведаў і цаніў Тургенева і Стэндаля, дзякуючы чаму зь імі пазнаёміліся і ягоныя родныя[22]. Паўплываў на творчасьць Элізы Ажэшкі, Балеслава Пруса, Генрыка Сянкевіча, Янкі Купалы.

Пазьней ахвяраваў свой кнігазбор эмігранцкім бібліятэкам у Парыжы, а калекцыю гравюр прадаў бібліятэцы Браніцкіх[12]. Збор твораў Юзэфа Крашэўскага з 52 адзінак захоўваецца ў музэі-сядзібе «Пружанскі палацык».

Пераклады на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Партрэт Р. Яткевіча

Упершыню Юзэфа Крашэўскага (вершы «Дзед і баба» і «Ці ты знаеш старонку») пераклаў на беларускую мову Янка Купала. Пасьля яго вершаваныя творы перакладалі Ўладзімер Мархель (свая вэрсія вершу «Дзед і баба», 1998), а пераклад паэмы «Вёска» ўпершыню зьдзейсьніў Мікола Папека ў 2012 року[25]. Некаторыя вершы пераклаў Васіль Сёмуха[26].

Празаічная творчасьць Язэпа Крашэўскага існуе ў перакладах Пятра Бітэля (аповесьць «Хата за вёскай», 1989[27]), Васіля Сёмухі (аповесьць «Апошнія хвіліны князя ваяводы Пане Каханку», апублікаваная ў часопісе «Крыніца» №3, 1998[28]), Міхаіла КенькіАпошняя са слуцкіх князёў», «Кароль у Нясьвіжы», «Лісты Глінкі», «Маці каралёў», «Паперы Глінкі», 2007 і 2009[29][30]), Льва Казлова («Кароль у Нясьвіжы», 2009)[31], Міколы Папекі («Чэрча Магіла», 2021[32]).

Крашэўскі запачаткаваў польскі раман, стаў яго стваральнікам і папулярызатарам. "Як галінкі ад дрэва, так і мы бярэм ад яго свой пачатак. Мы ўсе вучыліся чытаць і думаць па ягоных кнігах, " — так вызначыла ролю Юзэфа Крашэўскага ў станаўленьні польскай літаратуры Эліза Ажэшка. Яшчэ пры жыцьці Крашэўскага параўноўвалі з Анарэ дэ Бальзакам і Альфонсам Дадэ, паколькі ён стварыў панараму жыцьця тагачаснага польскага грамадзтва[33]. Да яго польскі чытач задавальняўся перакладнымі раманамі.

Гістарычныя аповесьці Юзэфа Крашэўскага грунтуюцца на дакумэнтальных асновах, у іх выкарыстаныя факты з жыцьця. Юзэф Крашэўскі добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы зь летапісамі, хронікамі, паданьнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясьціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Як сьведчаць сучасьнікі, гэтыя творы мелі вялікае выхаваўчае і патрыятычнае значэньне[34].

Разам з тым, як заўважае беларускі літаратуразнаўца Міхась Кенька, Крашэўскі не заўсёды пільнаваўся гістарычнае праўды, часам залішне давяраўся храністам, якія былі іншым разам суб’ектыўныя ў апісаньні і ацэньваньні падзеяў, трапляў пад уплыў польскае гістарыяграфіі, выказваў сымпатыі да адных гістарычных асобаў і непрыхільнасьць да іншых.

Рэдактар і выдавец

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1841—1851 рэдагаваў віленскі літаратурны альманах «Athenaeum». Падчас жыцьця ў Варшаве рэдагаваў газэту «Gazeta Codzienna (Polska)» (1859—1862), штомесячнік «Przegląd Europejski naukowy, literacki i artystyczny» («Эўрапейскі агляд навуковы, літаратурны і мастацкі», 1862—1863). Быў таксама рэдактарам львоўскага «Hasło» (1865), познанскага «Omnibus» (1869), дрэздэнскага «Tydzień» (1870), а таксама «Rachunki» (1867—1870).

Выдаў лісты Казімера Брадзінскага (1874, 8 т.), Зыгмунта Красінскага (1882—1883), польскія пераклады працаў Шэксьпіра (1876)[24].

Ю. І. Крашэўскі. «Усходні партрэт» (1846)

Падчас навучаньня ў Віленскім унівэрсытэце Крашэўскі вывучаў малюнак і жівапіс у Яна Рустэма і, верагодна, у Вінцэнта Смакоўскага. Седзячы ў віленскай турме, выканаў 25 ілюстрацыяў да кнігі Адама Міцкевіча «Дзяды»[35].

У Варшаве ў 1838 годзе браў урокі жывапісу ў Банавэнтуры Дамброўскага. Сваімі малюнкамі імкнуўся распаўсюджваць веды пра нацыянальную культуру і мінуўшчыну, таму маляваў старажытнасьці, відарысы, гістарычных дзеячоў, рабіў копіі старадаўніх хронік. Гэтымі малюнкамі аздабляў уласныя кнігі, кнігі Ўладзіслава Сыракомлі і Канстантына Тышкевіча. Намаляваў сэрыю тыпаў беларускіх сялянаў, краявіды Беларусі[35]. Сваёй найлепшай карцінай лічыў «Уезд Міхала Казімера Радзівіла ў Рым у 1680 року»[36].

Напісаў грунтоўную працу па іканапісе. Па ім засталося каля 1800 малюнкаў і акварэляў, якія захоўваюцца ў Нацыянальных музэях у Кракаве, Варшаве і Познані, музэі імя Эмэрыка Гутэн-Чапскага (Кракаў), музэі-майстэрні Крашэўскага ў Познані.

Пісаў творы для фартэпіяна і сам выконваў, выказваўся з глыбокім веданьнем справы на музычную тэматыку[19], зьбіраў і публікаваў народныя сьпевы[12].

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Мар’яна Крашэўская
 
 
Юзэф Крашэўскі
 
 
Мар’яна Крашэўская
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Піюс Крашэўскі
(сьвятар)
 
 
Ганна Тарлецкая
 
 
Ігнацы Крашэўскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Анджэй Крашэўскі
(алтарнік данішаўскі)
 
 
Анджэй Крашэўскі
(сьвятар у Бліхове)
 
 
Антоні Тадэвуш Каятан Крашэўскі
 
 
Леан Крашэўскі
 
 
Юзэф Ігнацы Крашэўскі
 
Канстанцыя Крашэўская
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Ян Крашэўскі
 
 
Томаш Крашэўскі
 
 
Багуслаў Крашэўскі
 
 
Багуслаў Крашэўскі
 
 
Ганна Крашэўская
 
 
Ян Альбін Крашэўскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Марцін Крашэўскі
 
 
Шыман Крашэўскі
(уласьнік Шажыну)
 
 
Эльжбета Няборская
 
Цэцылія Шаўлоўская
 
 
дачка (па мужы
Закрэўская)
 
 
Антоні Крашэўскі
 
 
Ядвіга Крашэўская
 
 
Францішак Крашэўскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Ганна Марыя Сакальніцкая
 
Кунягунда Збражкуўна
 
 
Матэвуш Крашэўскі
 
 
Кунягунда Крашэўская
 
 
 
 
 
 
Юзэф Крашэўскі
 
 
Люцыян Крашэўскі
 
 
Аўгуста Магдалена Крашэўская
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Яана Гутоўская
 
 
Фабіян Крашэўскі
 
 
Каятан Крашэўскі
 
 
Ян Крашэўскі
 
 
Каятан Крашэўскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Катажына Раманоўская
 
Эльжбета Міхалоўская
 
Соф’я Мальская
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Сэбастыян Крашэўскі
 
 
 
 
 
 
 
 

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’екты, названыя ў гонар Крашэўскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • скала на Валыні, дзе Крашэўскі жыў у сярэдзіне XIX стагодзьдзя[37]

Навучальныя ўстановы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Лава Крашэўскага ў Белай

Экранізацыі твораў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2012 року ладзіліся ўрачыстасьці з нагоды 200-годзьдзя Крашэўскага.

  1. ^ Іншыя формы імя: Язэп Крашэўскі, Юзэф Ігнат Крашэўскі, Юзэф Ігнаці Крашэўскі.
  1. ^ а б в г R. G. Kraszewski, Joseph Ignatius (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 15. — P. 924.
  2. ^ http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/kraszewski-jozef-ignacy/
  3. ^ а б Крашевский Юзеф Игнацы // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  4. ^ http://www.angelfire.com/scifi2/rsolecki/jozef_kraszewski.html
  5. ^ Krzyzanowski J. R. Jozef Ignacy Kraszewski // Encyclopædia Britannica (анг.)
  6. ^ Józef Ignacy Kraszewski // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  7. ^ Арабажин К. Крашевский, Иосиф-Игнатий (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XVIа. — С. 600—601.
  8. ^ 144. Якія выдатныя польскія дзеячы з паходжання беларусы? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  9. ^ Wincenty Danek. Józef Ignacy Kraszewski (пол.) Chomik Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
  10. ^ а б Warzenica Ewa. Józef Ignacy Kraszewski (пол.) Chomik Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
  11. ^ Адам Мальдзіс. Крашэўскі Юзэф Ігнацы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 356.
  12. ^ а б в г д е Натальля Пракаповіч. Крашэўскія: уладальнікі маёнтку Доўгае Артыкулы. Рэха Берасьцейшчыны. Праверана 15 ліпеня 2012 г.
  13. ^ а б O Józefie Ignacym Kraszewskim (пол.). Muzeum im. Józefa Ignacego Kraszeskiego w Romanowie. Праверана 21 лютага 2012 г.
  14. ^ Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 28 красавіка 2012. — № 34 (9480). — С. 3.
  15. ^ а б в Валентин Грабовський. (30 жовтня 2002) «Пам’ятник любові і доброті Урбановьскі в долі І. Я. Крашевського» (укр.) ПРОЖитомир № 25. Polskie Towarzystwo Naukowe w Żytomierzu. Праверана 12 траўня 2012 г.
  16. ^ Пащук І.Г. (21 траўня 2008) Село Городець над Горинню на Рівненщині у житті і творчості Ю. І. Крашевського (укр.) Читальний зал. Історична Волинь. Праверана 13 траўня 2012 г.
  17. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. — S. 197
  18. ^ Elżbieta Szymańska. Muzeum J.I. Kraszewskiego w Dreźnie (пол.) Culture.pl. Instytut Adama Mickiewicza. Праверана 26 лютага 2012 г.
  19. ^ а б Muzeum Józefa Ignacego Kraszewskiego (пол.). Starostwo Powiatowe w Białej Podlaskiej. Праверана 21 лютага 2012 г.
  20. ^ Elżbieta Szymańska. Józef Ignacy Kraszewski (пол.) Culture.pl. Instytut Adama Mickiewicza. Праверана 26 лютага 2012 г.
  21. ^ Е. В. Бусаров. О книгах в книге рекордов Гиннесса (рас.) О книгах и о писателях…. Зональная научная библиотека Тверского государственного технического университета. Праверана 17 траўня 2012 г.
  22. ^ а б в Manula Kalicka. (22 лютага 2012) Józef Ignacy Kraszewski - szpieg i literat. Umysłowe zajęcia (пол.) Polityka.Pl. S.P. Polityka. Праверана 26 лютага 2012 г.
  23. ^ Адам Мальдзіс. Крашэўскі Юзэф Ігнацы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 356—357.
  24. ^ а б Kraszewski (пол.) Encyklopedia Gutenbergaonline Праверана 29 лютага 2012 г.
  25. ^ Renessaince. (13 траўня 2012) «Вёска»-сялянка Культура. Партал гораду Пружаны. Праверана 15 траўня 2012 г.
  26. ^ Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»
  27. ^ Здановіч І. Крашэўскі Юзаф Ігнацы // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 163. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
  28. ^ Библиотека. Radziwill.by. Праверана 16 лістапада 2011 г.
  29. ^ Кацярына Пашкевіч. Вядомы і невядомы Крашэўскі // Раённыя будні. — 3 лістапада 2012. — № 85 (9531). — С. 3.
  30. ^ Маці каралёў; Паперы Глінкі: гістарычныя аповесці / Юзаф Крашэўскі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. — 429, [2] c. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  31. ^ Кніжная выстаўка «Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі» Літаратура. Польскі інстытут у Менску. Праверана 15 траўня 2012 г.
  32. ^ Чэрча Магіла: аповесць / Ю. І. Крашэўскі. — Брэст : Альтернатива, 2021. — 109 с.
  33. ^ Марат Гаравы. (16 траўня 2012) Адкрылася выстава «Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі». Новы часПраверана 10 ліпеня 2012 г.
  34. ^ Крашэўскі, Ю. «Як галінкі ад дрэва…» // Кароль у Нясвіжы. 1784; Апошняя са слуцкіх князёў: гіст. аповесці / Юзаф Ігнацы Крашэўскі; пер. з пол. мовы, прадм. і камент. М. Кенькі. — Менск: Маст. літ.. — С. 7. — (Скарбы сусветнай літаратуры). — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1147-7
  35. ^ а б Барыс Крэпак. Эцюд вандроўніка на Белым возеры // Культура. — 10-17 сьнежня 2011. — № 50 (1021).
  36. ^ M. J. Poczet plastyków wileńskich (XV w. — 1945). 18 // Znad Wilii : Kwartalnik. — Wilno: 2008. — № 2 (34). — С. 58—59. — ISBN 1392-9712.
  37. ^ Сплав по р.Гнилопять (Бердычев Шумск Житомир) авг 2009 фотоотчет (рас.) Блоги. i.ua (30 жніўня 2009). Праверана 19 лютага 2012 г.
  38. ^ I Liceum Ogólnokształcące im. J. I. Kraszewskiego w Białej Podlaskiej (пол.) Праверана 21 лютага 2012 г.
  39. ^ Pracownia-Muzeum Józefa Ignacego Kraszewskiego (пол.). Biblioteka Raczyńskich w Poznaniu. Праверана 21 лютага 2012 г.
  40. ^ Кацярына Пашкевіч. Крашэўскі знакаміты і невядомы // Раённыя будні. — 4 лютага 2012. — № 10 (9456). — С. 4.
  41. ^ Bolesław Śmiały (пол.) Film fabularny 1945-. filmpolski.pl. Праверана 15 траўня 2012 г.
  42. ^ Dziad i Baba (2011) (анг.) IMDb Праверана 13 сьнежня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]