Tygodnik Petersburski
Tygodnik Petersburski | |
Тып | штотыднёвік |
---|---|
Галоўны рэдактар | Францішак Геранім Малеўскі (1830—1835) Юзаф Эмануэль Працлаўскі |
Рэдактар | Францішак Геранім Малеўскі і Юзаф Эмануэль Працлаўскі |
Заснаваная | 1830 |
Закрытая | 1858 |
Мова | польская |
Штаб-кватэра | Санкт-Пецярбург |
«Tygodnik Petersburski» (па-беларуску: Штотыднёвік Пецярбурскі) — палітычна-літаратурнае выданьне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830—1858 роках пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і Францішка Малеўскага.
Дазвол на выданьне газэты атрымаў Мікалай Маліноўскі, аднак сам выдаваць газэту ня здолеў і перадаў справу Юзафу Працлаўскаму. На старонках газэты асуджалася Лістападаўскае паўстаньне, і ў выніку ўжо ў 1832 «Tygodnik Petersburski» стаў афіцыйнай урадавай газэтай Царства Польскага і пачаў выходзіць двойчы на тыдзень (у серады і пятніцы)[1].
Ад 1841 — орган г. зв. «пецярбурскай катэрыі»(pl) — прымірэнчай, праца́рскай, кансэрватыўнай і артадаксальна каталіцкай групы пісьменьнікаў (Казімер Буйніцкі, Ігнацы Галавінскі, Міхал Грабоўскі, Генрык Жавускі, Аляксандар Пшазьдзецкі, Юзаф Працлаўскі, Станіслаў Халанеўскі, Людвік Штырмер). Пэўны час супрацоўнікам «Тыднёвіка Пецярбурскага» зьяўляўся і Юзаф Крашэўскі. Уплыў катэрыі быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадзкае жыцьцё выказваўся толькі ў непадцэнзурных выданьнях. Аднак пасьля выхаду двухтомніка «Mieszaniny obyczajowe» Генрыка Жавускага ўзьнялася вялікая хваля крытыкі, якую падтрымаў нават Юзаф Крашэўскі. Неўзабаве, аднак, і ён трапіў пад агонь крытыкі маладых літаратараў, якія заснавалі ў Кіеве альманах «Gwiazda», і гэта вярнула яго ў стан «Тыднёвіка Пецярбурскага».
Выданьне змагалася з прагрэсіўнымі плынямі філязофскай думкі, выступала супраць дэмакратычных рамантычных тэндэнцыяў у сучаснай польскай літаратуры. Яго мэтаю была прапаганда польскай нацыянальнай літаратуры, асабліва гістарычных раманаў ўолтэрскотаўскага тыпу[2], апалягетных адносна шляхецкага мінулага. Згадкі пра культуру, мову мясцовага люду калі і траплялі ў артыкулы, дык толькі ў кантэксьце выкарыстаньня на карысьць польскай літаратуры ці культуры[1]. Пасьля падзеяў 1848 року «Tygodnik» страціў папулярнасьць.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Мікола Хаўстовіч. Беларуская літаратура 30-40-х гг. XIX ст.. Катэдра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржунівэрсытэта. Праверана 3 сакавіка 2012 г.
- ^ «Tygodnik Petersburski» (пол.). Interia.PL Sp. z o.o.. Праверана 27 лютага 2012 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нумары газэты ў электронным фармаце(недаступная спасылка) на бачыне Фэдэрацыі лічбавых бібліятэк
- Вольная энцыкляпэдыя WIEM (пол.)