Майстэрня-музэй Крашэўскага пры бібліятэцы Рачынскіх
Майстэрня-музэй Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага | |
Pracownia-Muzeum Józefa Ignacego Kraszewskiego | |
Камяніца па вул. Вранецкай, 14, дзе месьціцца музэй | |
Філія | бібліятэкі Рачынскіх |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Познань, Польшча |
Адрас | вул. Вранецкая, 14 |
Тэматыка калекцыі | жыцьцё і творчасьць Язэпа Крашэўскага |
Велічыня калекцыі | каля 3 тысячаў тамоў |
Створаны | 1986 г. |
Геаграфічныя каардынаты | 52°24′37.52″ пн. ш. 16°56′3.59″ у. д. / 52.4104222° пн. ш. 16.9343306° у. д.Каардынаты: 52°24′37.52″ пн. ш. 16°56′3.59″ у. д. / 52.4104222° пн. ш. 16.9343306° у. д. |
Майстэрня-музэй Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага | |
Афіцыйная бачына |
Майстэ́рня-музэ́й Ю́зэфа Ігна́цыя Крашэ́ўскага (па-польску: Pracownia-Muzeum Józefa Ignacego Kraszewskiego) — аддзел бібліятэкі Рачынскіх у Познані, дзе знаходзіцца створаны ў 1986 року біяграфічны музэй Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага.
Працоўня-музэй паўстала дзякуючы намаганьням аматара Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, калекцыянэра Мар’яна Вальчака (1926—1987). 3 траўня 1979 року, да 150-годзьдзя бібліятэкі Рачынскіх, Вальчак перадаў прэзыдэнту Познані свой збор, датычны асобы пісьменьніка і ягонае творчасьці, які складаўся цягам 30 рокаў. Дзеля выкананьня натарыяльнае дамовы, якая абвяшчала, што калекцыя мусіць застацца ў Познані, пры бібліятэцы Рачынскіх і быў створаны новы аддзел, які заняў адрамантаваны будынак па вул. Вранецкай, 14.
Перададзены Мар’янам Вальчакам збор складаўся з рукапісаў Крашэўскага, карцінаў, мэдалёў, рэзьбаў і надзвычай каштоўнае літаратуры. Цяпер музэйны кнігазбор мае каля 3 тысячаў тамоў, у тым ліку 220 першых выданьняў кніг Крашэўскага і амаль усе пазьнейшыя перавыданьні. Сярод экспанатаў таксама некалькі дзясяткаў рукапісаў пісьменьніка, лісты да выдаўцоў, землякоў, гравёраў, мастакоў, перакладнікаў, арыгінальныя фатаздымкі.
Асобная экспазыцыя пад назвай «Кабінэт Крашэўскага» адведзеная для падарункаў, падораных юбіляру ў дні сьвяткаваньня 50-годзьдзя ягонай літаратурнай дзейнасьці ў кастрычніку 1879 року ў Кракаве. Пісьменьнік тады атрымаў «257 падарункаў самых разнастайных відаў, 150 дыплёмаў і віншаваньняў, а агульная лічба прысланых на ягоную адрэсу тэлеграмаў склала 509». Усе падарункі Язэп Крашэўскі забраў у Дрэздэн, неўзабаве перадаўшы іх познанскаму Таварыству аматараў навук. Частка зь іх захоўваецца ў майстэрні музэі пры бібліятэцы Рачынскіх.