Ігнацы Галавінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Галавінскі.

Ігнацы Галавінскі (па-польску: Ignacy Hołowiński; псэўданімы — Żegota Kostrowiec, Ignacy Kefaliński; 5 кастрычніка 1807, Оўруч — 19 кастрычніка 1855, Санкт-Пецярбург) — рымска-каталіцкі дзяяч, арцыбіскуп магілёўскі, польскі пісьменьнік і перакладчык.

Дзяцінства й навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын Пятра й Дамінікі з Лэнскіх. Скончыў школу піяраў у Мэнджырачы Карэцкім, духоўную сэмінарыю ў Луцку (1825—1826). У 1826 пераведзены навучацца на тэалягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1830 са ступеньню майстра тэалёгіі. Высьвечаны на сьвятара 25 верасьня 1830 у Луцку.

Душпастырская дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкладаў рэлігію ў шляхецкай школе ў Жытоміры. Дэкан катэдральнага сабору гораду, ад 1835 жытомірскі катэдральны канонік, ад 1837 прафэсар рэлігіі й капэлан у Кіеўскім унівэрсытэце. У 1842—1855 рэктар Духоўнае акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1843—1844 выкладаў дагматыку, а ў 1843—1855 патралёгію й гамілетыку. 3 ліпеня 1848 прызначаны тытулярным біскупам карыстускім і дапаможным біскупам магілёўскае архідыяцэзіі, кансакраваны 12 сьнежня 1848. Ад 11 студзеня 1851 арцыбіскуп магілёўскі (палій атрымаў 12 кастрычніка 1851). Абараняў правы Касьцёлу, атрыманыя паводле канкардату 1847. Зьменшыў уціск грэка-каталікоў. Пахаваны ў склепе Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі на Выбарскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар шматлікіх тэалягічных публікацыяў. Цікавіўся праблемамі з памежжа філязофіі й фундамэнтальнага багаслоўя. У сваіх творах дасьледаваў праблематыку стасунку філязофіі й веры й ролі розуму ў тэалёгіі, робячы ўнёсак у разьвіцьцё апалягетычнае думкі. Выступаў у абарону схалястыкі, указываў на небясьпеку для хрысьціянства з боку гегельянства, крытыкаваў погляды Браніслава Трантоўскага на каталіцтва. Аўтар падручніку «Homiletyka» (Кракаў, 1859). Пачаў прапаведніцкую праз зварот біблейскіх і айчынных крыніцаў. Цікавіўся гісторыяй. Рэдактар і выдавец напаўафіцыйнага выданьня крыніцаў па гісторыі Каталіцкага Касьцёлу ў Расеі «Акты и грамоты о устройстве Римско-католической Церкви в Империи Росийской и Царстве Польском» (Санкт-Пецярбург, 1849). Аўтар грунтоўнае працы, прысьвечанай Сьвятой Зямлі.

Перакладчыцкая й пісьменьніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклаў на польскую мову санэты Пэтраркі, першым пераклаў Ўільяма Шэксьпіра (1839—1841), але, як адзначаў Юліюш Славацкі, у іх немагчыма было пабачыць Шэксьпіра. У 1843 выдаў зборнік «Легенды», які пасьля пераклалі на ангельскую, чэскую й расейскую мовы. У 1844 выдаў зборнік сваіх рэлігійна-філязофскіх і літаратурных працаў «Teka rozmaitości», куды ўваходзіла й аповесьць пра ягоную маці. Пасьля выйшлі вершаваныя творы «Дзіцятка Езус» (1846) і «Рахэль» (1847) — першы ў польскай літаратуры рэлігійны раман. Іншыя яго літаратурныя творы былі надрукаваныя ў зборніку «Лісты Жаготы Кастраўца» (1848). Апрч таго выдаў зборнік казаньняў біскупа Юзафа Вышынскага — «Казаньні Юзафа Вышынскага, біскупа кіеўскага» (1854). Сябраваў з украінскім пісьменьнікам Панцеляймонам Кулішам.

Папярэднік
Юзаф Ёахім Гольдман
Карыстускія біскупы
1848—1851
Наступнік
Джузэпэ Кардоні
Папярэднік
Казімер Дмахоўскі
Магілёўскія арцыбіскупы
1851—1855
Наступнік
Вацлаў Жылінскі

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніца: Тацяна Шышова, «Католическая энциклопедия»
  • Marian Banaszak, «Hołowiński Ignacy…», [w:] ["Słownik Polskich Teologów Katolickich", pod red. Hieronima E. Wyczawskiego OFM, t. 2, Warszawa 1982, s. 57-59 (tamże obszerna bibliografia).
  • Ks. Piotr Nitecki, «Biskupi Kościoła w Polsce w latach 965—1999. Słownik biograficzny», Warszawa 2000, szp. 152.
  • Ks. Mieczysław Żywczyński, «Hołowiński Ignacy», [w:] «Polski Słownik Biograficzny» t. IX, Wrocław-Warszawa-Kraków 1960—1961, s. 597—598.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]