Перайсьці да зьместу

Анафеляс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анафеляс
Anafielas
Жанр: паэма
Аўтар: Юзэф Ігнацы Крашэўскі
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1840—1845
Выдавецтва: Друкарня Юзэфа Завадзкага

«Анафе́ляс» (па-польску: Anafielas) — паэма Язэпа Ігнацыя Крашэўскага ў 3-х тамох па гісторыі летапіснай Літвы часоў Вітаўта і Міндоўга. Трылёгія атрымала назву паводле гары вечнасьці ў летувіскай міталёгіі.

Напісаная пісьменьнікам у 1840—1845 роках пад уплывам свайго настаўніка Тэадора Нарбута[1]. Успрымалася дзеячамі летувіскага нацыянальнага адраджэньня апошняе чвэрці XIX стагодзьдзя як нацыянальны эпас. Прапагандзе ліцьвінскае ідэалёгіі прысьвечаныя таксама і некаторыя наступныя творы Крашэўскага, напрыклад раман «Кунігас»[2].

Першая кніга трылёгіі — «Віталараўда» — перакладзеная берасьцейскай журналісткай Русланай Гусевай на расейскую мову і ўвайшла ў выдадзеную 2011 року кнігу «Песнь о Витоле», прысьвечаную Язэпу Крашэўскаму[3]. Трэцюю частку паэмы рэцэнзаваў вядомы беларускі паэт і фальклярыст Ян Чачот. Сьпярша ягоная рэцэнзія пад псэўданімам Ф. Кол была надрукаваная ў газэце «Tygodnik Petersburski», дзе рэцэнзію перакруцілі і дадалі кпінаў, высьмейваючы «стылёвую манеру, граматычныя памылкі, моўнае ўбоства, брак яснасьці і псыхалягічную ненатуральнасьць»[4] твору Крашэўскага. У выніку Ян Чачот быў вымушаны выдаць сваю рэцэнзію з апраўданьнямі асобнай брашурай «Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песьні „Анафеляс“, зь „Вітаўтавых баёў“ Ю. Крашэўскага» (Вільня, 1846)[5].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Хаўстовіч М. В. Беларускі літаратурна-грамадскі рух // Гісторыя беларускай літаратуры 30-40-х гг. XIX ст.: Дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш. навуч. устаноў. — Мн.: БДУ, 2001. — С. 28. — ISBN 985—445——548—3
  2. ^ Мікола Хаўстовіч. Новы «Конрад Валенрод» // XIX стагоддзе. Навукова-літаратурны альманах. — Менск: БДУ, 1999.
  3. ^ Яўхім Рупайла. Канспекты паводле Крашэўскага // Культура. — 18-25 лютага 2012. — № 7 (1030).
  4. ^ Сяргей Паўлоўскі. Магіла Крышталевіча // Наша Ніва. — 2001.
  5. ^ Ян Антоні Чачот Гісторыя Беларусі. Асобы Праверана 26 сакавіка 2012 г.