Гарадзец (Ровенская вобласьць)
| Гарадзец | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Украіна |
|---|---|
| Вобласьць | Ровенская |
| Раён | Уладзімерацкі |
| Вясковая рада | Гарадзецкая |
| Дата заснаваньня | 1540 |
| Геаграфія | |
| Плошча | 52,21 км² |
| Вышыня НУМ | 160 м |
| Часавы пас | UTC+2 |
| Каардынаты | 51°16′51″ пн. ш. 26°19′09″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 2675 чал. |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +380 3634 |
| Паштовы індэкс | 34381 |
| КААТСУ | 5620883001 |
| Нумарны знак | BK / 18 |
| Гарадзец на мапе Ўкраіны Гарадзец | |
Гарадзе́ц (па-ўкраінску: Городець) — вёска ва Ўладзімерацкім раёне Ровенскай вобласьці Ўкраіны. Цэнтар Гарадзецкай вясковай рады. Насельніцтва — 2100 асобаў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1492 кароль Аляксандар Ягелончык падарыў мясцовасьць Юрыю Гальшанскаму. Імаверна, у XVI стагодзьдзі маёнтак знаходзіўся ва ўласнасьці Астроскіх. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя перайшоў да Караля Шыдлавецкага, мечніка смаленскага. Пасьля маёнтак перайшоў ва ўласнасьць роду Ўрбаноўскіх гербу «Прус I».
За часамі Антонія і Эльжбэты Ўрбаноўскіх гарадзецкі двор перажываў росквіт. Ня маючы дзяцей, яны заняліся стварэньнем бібліятэкі. Ад 1834 у іх цягам некалькіх рокаў зь перапынкамі гасьцяваў Юзэф Ігнацы Крашэўскі, займаючыся каталёгізацыяй бібліятэчных збораў, якія былі яму патрэбныя для падрыхтоўкі матэрыялаў па гісторыі Вільні. Тут ён таксама пазнаёміўся з Соф’яй Вароніч, зь якой узяў шлюб у 1838 року. У кнізе «Wspomnienia Wołynia, Polesia i Litwy», прысьвечанай Антонію Ўрбаноўскаму, ён згадае багацьце гарадзецкай бібліятэкі.
Па сьмерці Антонія, а пасьля й Эльжбеты Ўрбаноўскай маёнтак перайшоў да далёкіх сваякоў графаў Скаржынскіх. Цягам дваццаці рокаў маёнтак стаяў апусьцелы, вялізная бібліятэка і мастацкія творы расьцерушыліся.
У 1870 року маёнтак набыў расеец Курлоў, каля 1880 ён перайшоў да сям’і Пурбо. Каля 1893 року маёнтак ад Аўгуста пераходзіць да ягонага сына Каміля Пурбо(pl), які заняўся ў маёнтку гаспадарчай дзейнасьцю і адбудовай двару.
За польскім часам маёнтак Гарадзец стаў адным з найвялікшых на Валыні і лічыўся ўзорным. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны Пурбо зьехалі адсюль, двор быў разрабаваны, а ўвесну 1940 року быў разабраны сам палац.
20 студзеня 1943 жаўнеры УПА падчас бою пад Гарадцом зьнішчылі нямецкі атрад, у склад якога ўваходзілі таксама ўласаўцы[1]. Па сканчэньні вайны была зьнішчаная капліца 1810 року, у якой браў шлюб Язэп Крашэўскі і былі пахаваныя прадстаўнікі роду дэ Пурбо.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Леанід Гардасевіч, сьвятар, вязень савецкіх лягероў
- Юзэф Ігнацы Крашэўскі, польскі пісьменьнік. Гасьцяваў у Гарадцы, у 1838 вянчаўся з Соф’яй Вароніч
- Аляксандар Моцык, амбасадар Украіны ў Польшчы. Нарадзіўся ў Гарадцы
- Тадэвуш Ежы Стэцкі, краязнавец, пісьменьнік. Нарадзіўся ў Гарадцы
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Олександр Денищук. Боротьба УПА проти німецьких окупантів. — 2008 Т. 1 «Волинь».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Ossolineum. — Т. V.
- dr Grzegorz Rąkowski. Przewodnik po Ukrainie Zachodniej. Część I. Wołyń. — Oficyna wydawnicza «Rewasz». — С. 132—133.
- Horodziec // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. — S. 151
- Horodec // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. — S. 578
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Мапы Гарадцу
- Надвор’е ў Гарадцы (укр.)