Чавусы
Чавусы | |||||
трансьліт. Čavusy | |||||
Воданапорная вежа каля чыгуначнай станцыі | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1581 | ||||
Магдэбурскае права: | 12 жніўня 1634 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Чавускі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 176 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 10 525 чал. (2017)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2242 | ||||
Паштовыя індэксы: | 213204, 213206 | ||||
СААТА: | 7254501000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°48′0″ пн. ш. 30°58′0″ у. д. / 53.8° пн. ш. 30.96667° у. д.Каардынаты: 53°48′0″ пн. ш. 30°58′0″ у. д. / 53.8° пн. ш. 30.96667° у. д. | ||||
± Чавусы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ча́вусы — места ў Беларусі, на рацэ Басі. Адміністрацыйны цэнтар Чавускага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 10 525 чалавек[1]. Знаходзяцца за 41 км на ўсход ад Магілёва, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Чавусы (лінія Магілёў — Крычаў). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Крычаў, Амсьціслаў, Чэрыкаў.
Чавусы — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася меская ратуша, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Чавусы» мае цюрскае паходжаньне: «чавус» — ніжэйшы военачальнік, часам проста дробнамаянтковы шляхціч[2]. Таксама існуе меркаваньне, што паселішча заснавалі цыганы: з цыганскай «чавус» — гэта «намёт»[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы[4] датуецца 1581 годам. З 1589 году яны ўваходзілі ў склад Магілёўскай эканоміі. У 1604 годзе паселішча атрымала статус места.
12 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі на белым кані Сьв. Марцін зь мечам у руцэ, на плячах чырвоны плашч»[5]. На 1648 год тут было 176 дымоў[4].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Чавусы апынуліся ў цэнтры ваенных дзеяньняў, маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі мясьціну. Зь вясны 1656 году тут разьмяшчалася рэзылэнцыя казацкага палкоўніка Івана Нячая. 24 сьнежня 1656 году «палкоўнік Яго Царскай Вялікасьці войска Запароскага» І. Нячай выдаў тут унівэрсал з забаронай рабаваць і крыўдзіць жыхароў Наваградзкага павету[6]. Увосень 1660 году войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Чавусы. На 1676 год тут было 109 будынкаў.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе Чавусы разрабавалі швэдзкія войскі. На 1737 год у месьце дзейнічалі 3 царквы, існаваў мытны пункт, дзясятую частку жыхароў складалі рамесьнікі. У 1770-я гады тут было больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чавусы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Магілёўскай, пазьней Беларускай губэрні. У 1778 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі плян забудовы места і надалі яму новы герб. З 1789 году пачала працаваць 2-клясная павятовая вучэльня. На 1803 год у Чавусах быў 461 будынак, дзейнічалі касьцёл пры кляштары кармэлітаў і 4 царква. На 1825 год — 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крамаў, штогод праводзіліся 2 кірмашы. На 1829 год — 584 дамы, дзейнічалі касьцёл, 4 царквы, 6 сынагогаў. У 1839 годзе працавала палатняная мануфактура. На 1840 год — 4 мураваныя і 808 драўляных дамоў, працавалі 26 крамаў і 23 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы.
У 1860 годзе ў Чавусах было 676 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 сынагогі і 7 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі лякарня, 2-кляснае павятовая і прыходзкая вучэльні, 73 крамы, аптэка. 12 жніўня 1881 году пачала працаваць тэлеграфная станцыя. У 1901 годзе адкрылася 3-клясная меская вучэльня, на 1904 год — працавала 41 прамысловае і 41 рамеснае прадпрыемствы, лякарня на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня, штогод праводзілася чатыры кірмашы.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чавусы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чавусы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
3 студзеня 2005 году мескія ўлады афіцыйна зацьвердзілі гербу Чавусаў[7]. Зь невядомых прычынаў яны абралі пазьнейшы расейскі, а не гістарычны герб часоў Вялікага Княства Літоўскага.
-
Рынак. Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1905 г.
-
Рынак. Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1905 г.
-
Рынак, 1933 г.
-
Зарэчча. Мікалаеўская царква-мураўёўка, 1905 г.
-
Вуліца Прабойная. Юр’еўская царква-мураўёўка, 1905 г.
-
Вуліца Прабойная. Юр’еўская царква-мураўёўка, 1943 г.
-
Вуліца Чырвоная. Інтэр’ер новага касьцёла, 1913 г.
-
Млын на рацэ Басі
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагодзьдзе: 1770-я гады — 2530 чал.[4]
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — 4 тыс. чал.[8]; 1840 год — 5150 тыс. чал.; 1860 год — 4579 тыс. чал.[9]; 1880 год — 4167 чал.[10]; 1884 год — 2579 чал. (2332 муж. і 2247 жан.), у тым ліку праваслаўных — 960 муж. і 940 жан., каталікоў — 8 муж. і 13 жан., юдэяў — 1364 муж. і 1294 жан.[11]; 1897 год — 4690 чал., зь іх 41,1% пісьменных
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 6,1 тыс. чал.; 1912 год — 6991 чал.; 1926 год — 5409 чал.[12]; 1939 год — 7,2 тыс. чал.; 1959 год — 7,8 тыс. чал.; 1991 год — 12,5 тыс.[13]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10,9 тыс. чал.[14]; 2004 год — 10,5 тыс. чал.; 2006 год — 10,5 тыс. чал.; 2008 год — 10,4 тыс. чал.[15]; 2016 год — 10 525 чал.[16]; 2017 год — 10 525 чал.[1]
Адукацыя
У Чавусах працуюць 2 сярэднія, спартовая базавая школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Забудова
Плян
У Чавусах налічваецца 94 вуліцы і 49 завулкаў. Рака і аўтамагістраль Магілёў — Чэрыкаў падзяляюць сучаснае места на 4 плянавальныя раёны. У забудове пераважаюць дамы сядзібнага тыпу, таксама ўтварыўся мікрараён з 2—5-павярховымі пабудовамі.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Азарава вуліца | Вакзальная вуліца | |
Болдзіна вуліца | Палявая вуліца | |
Карасёва вуліца | Рынкавая вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца | Ніжняя Прапойская вуліца | |
Ленінская вуліца | Прабойная вуліца Паштовы тракт |
|
Максіма Горкага вуліца | Салдацкая Слабада вуліца | |
Маневіча вуліца | Магазейная вуліца | Каапэратыўная вуліца |
Першамайская вуліца | Магілёўскі тракт | |
Фрунзэ вуліца | Пясковая вуліца[17] | |
Цэнтральная плошча | Рынак пляц | |
? | Верхнеялоўская вуліца[3] |
З урбананімічнай спадчыны Чавусаў да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Чырвоная.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будматэрыялаў, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Чавусаў |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзейнічае Чавускі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[18].
Славутасьці
Помнікам прыроды зьяўляецца мескі парк. Захаваліся стаянка эпохі нэаліту, 2 паселішчы, курганныя могільнікі.
- Забудова гістарычная (ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Могілкі юдэйскія
Страчаная спадчына
- Касьцёл і кляштар кармэлітаў (1653)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1905)
- Ратуша (1780)
- Сынагога
- Царква Сьвятога Юрыя (канец ХІХ ст.; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Мікалая (канец ХІХ ст.; мураўёўка)
Асобы
- Гершэль Даніловіч (1884, паводле іншых зьвестак, нарадзіўся ў Гомелі) — бацька Кірка Дугласа, дзед Майкла Дугласа. У 1908 годзе разам з маладой жонкай Брайнай перабраўся за акіян. У Штатах габрэйская сям’я зь Беларусі амэрыканізавала прозьвішча. Так Даніловічы ператварыліся ў Дэмскіх. Дуглас — сцэнічнае прозьвішча Кірка (Ісур Даніловіч), якое зрабілася родным для ягонага сына Майкла[19]
- Уладзімер Кудрэвіч (1884—1957) — маляр-пэйзажыст
- Юрка Лявонны (1908—1937) — беларускі паэт
- Леў Маневіч (1898—1945) — савецкі выведнік, Герой СССР
- Сьцяпан Маргунскі (1912—1978) — навуковец у галіне права
- Берта Сосіна-Ізраіцель (1903—1982) — навуковец ў галіне рэнтгеналёгіі
Крыніцы
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 399.
- ^ а б Зубовіч Я. Невядомыя Чавусы // «Туризм и отдых» № 34, 30 жніўня 2007.
- ^ а б в г ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 735.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 251.
- ^ Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т. 34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654—1667). — Вильна, 1909. С.95, 97, 235. [1]
- ^ Геральдика на Чаусский районный исполнительный комитет
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 237.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 238.
- ^ Sulimierski F. Czausy // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 776.
- ^ Опыт описания Могилевской губернии. В 3-х кн. Кн. 2. / Под ред. А. С. Дембовецкого. — Могилев на Днепре, 1884.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 239.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 203.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 235.
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Казакова И. Азбука истории города на chausy.info
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Лашкевіч К. Якіх сусьветных знакамітасьцяў варта запрасіць на гістарычную радзіму ў Беларусь // «TUT.BY», 15 траўня 2009.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Зубовіч Я. Чавусы — горад Святога Марціна: (нарысы па гісторыі ад заснавання да 1917 г.). — Магілеў: Магілёўская абласная тыпаграфія, 2008. — 254, [1] с.: іл., факсім. ISBN 978-985-6848-34-9
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
Чавусы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Чавусы на Radzima.org
- Чавусы — парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла на Catholic.by
- Здымкі на Globus.tut.by
- Сайт горада Чавусы і Чавускага раёна — навіны, гісторыя, фотаальбом, Форум, Чат
|