Гісторыя Чавусаў
Чавусы — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася меская ратуша, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы[1] датуецца 1581 годам. З 1589 году яны ўваходзілі ў склад Магілёўскай эканоміі. У 1604 годзе паселішча атрымала статус места.
12 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі на белым кані Сьв. Марцін зь мечам у руцэ, на плячах чырвоны плашч»[2]. На 1648 год тут было 176 дымоў[1].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Чавусы апынуліся ў цэнтры ваенных дзеяньняў, маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі мясьціну. Зь вясны 1656 году тут разьмяшчалася рэзылэнцыя казацкага палкоўніка Івана Нячая. 24 сьнежня 1656 году «палкоўнік Яго Царскай Вялікасьці войска Запароскага» І. Нячай выдаў тут унівэрсал з забаронай рабаваць і крыўдзіць жыхароў Наваградзкага павету[3]. Увосень 1660 году войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Чавусы. На 1676 год тут было 109 будынкаў.
Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Чавусаў і ваколіцаў: «Я, Иванъ Новичонокъ, извествую: отецъ мой родився в Петухове под Чаусами, в Литве»[4][5].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе Чавусы разрабавалі швэдзкія войскі. На 1737 год у месьце дзеялі 3 царквы, існаваў мытны пункт, дзясятую частку жыхароў складалі рамесьнікі. У 1770-я гады тут было больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чавусы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Магілёўскай, пазьней Беларускай губэрні. У 1778 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі плян забудовы места і надалі яму новы герб. З 1789 году пачала працаваць 2-клясная павятовая вучэльня. На 1803 год у Чавусах быў 461 будынак, дзеялі касьцёл пры кляштары кармэлітаў і 4 царква. На 1825 год — 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крамаў, штогод праводзіліся 2 кірмашы. На 1829 год — 584 дамы, дзеялі касьцёл, 4 царквы, 6 сынагогаў. У 1839 годзе працавала палатняная мануфактура. На 1840 год — 4 мураваныя і 808 драўляных дамоў, працавалі 26 крамаў і 23 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы.
У 1860 годзе ў Чавусах было 676 двароў, дзеялі 4 царквы, 2 сынагогі і 7 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі лякарня, расейскія 2-кляснае павятовая і прыходзкая вучэльні, 73 крамы, аптэка. 12 жніўня 1881 году пачала працаваць тэлеграфная станцыя. У 1901 годзе адкрылася 3-клясная меская вучэльня, на 1904 год — працавала 41 прамысловае і 41 рамеснае прадпрыемствы, лякарня на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня, штогод праводзілася чатыры кірмашы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чавусы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чавусы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
3 студзеня 2005 году мескія ўлады афіцыйна зацьвердзілі гербу Чавусаў[6]. Зь невядомых прычынаў яны абралі пазьнейшы расейскі, а не гістарычны герб часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рынак. Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1905 г.
-
Рынак. Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1905 г.
-
Рынак, 1933 г.
-
Зарэчча. Мікалаеўская царква-мураўёўка, 1905 г.
-
Вуліца Прабойная. Юр’еўская царква-мураўёўка, 1905 г.
-
Вуліца Прабойная. Юр’еўская царква-мураўёўка, 1943 г.
-
Вуліца Чырвоная. Інтэр’ер новага касьцёла, 1913 г.
-
Млын на рацэ Басі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 735.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 251.
- ^ Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т. 34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654—1667). — Вильна, 1909. С. 95, 97, 235. [1]
- ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 56.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
- ^ Геральдика(недаступная спасылка) на Чаусский районный исполнительный комитет
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Зубовіч Я. Чавусы — горад Святога Марціна: (нарысы па гісторыі ад заснавання да 1917 г.). — Магілеў: Магілёўская абласная тыпаграфія, 2008. — 254, [1] с.: іл., факсім. ISBN 978-985-6848-34-9
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.